Несвіжане назаўсёды: ганаровыя грамадзяне горада

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

(Працяг. Пачатак у № 1, 3, 7)

Кажуць, таленавітых лю-дзей пры нараджэнні цалуе Бог. Можа быць. Але разам з гэтым дружалюбным жэстам Творца, мабыць, укладвае ў сэрца свайго выбранніка і здольнасць любіць, быць міласэрным, спачуваць, адчуваць час, гісторыю, Радзіму, космас. У творах наступных людзей, што ў розныя часы сталі ганаровымі грамадзянамі Нясвіжа, усё гэта, безумоўна, ёсць.

Калі прыйшла чарга распавесці пра ганаровых несвіжан творчых прафесій, доўга думала, з каго ж пачаць. Усё, як гэта часта бывае, вырашыла Яго Вялікасць Наканаванне. 19 студзеня гэтага года на Вадохрышча трапіла на святочнае набажэнства ў сталічны Свята-Духаў кафедральны сабор — якраз служыў Мітрапаліт Павел. Людзі  так шчыльна стаялі ў храме, што нават павярнуць галаву было праблематычна, каб нікому не замінаць пры гэтым. А калі ўсё ж удалося крыху агле-дзецца, то раптам заўважыла, што побач са мною стаіць не хто іншы як Анатоль Іванавіч Бутэвіч. Шанец сустрэцца ў такі дзень і ў такім месцы ў нас з ім быў самы мінімальны, але гэта быў Знак. Таму я ўжо не здзівілася, калі вечарам таго ж дня на вочы мне трапіў нумар “раёнкі”, дзе менавіта Анатоль Іванавіч віншаваў сваю настаўніцу А.А. Скрындзіеўскую з юбілеем.

Дыпламат, пісьменнік, пера-кладчык, публіцыст, крытык, дзяржаўны дзеяч — творчых і не толькі іпастасяў у нашага земляка (нарадзіўся Анатоль Іванавіч на хутары Язавец, пазней сям’я пераехала ў Баяры)  шмат. У свой час быў ён дырэктарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”, міністрам інфармацыі, міністрам культуры і друку Беларусі, Генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у Гданьску, Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Беларусі ў Румыніі. Анатоль Іванавіч — кадыдат навук у сферы інфармацыйных тэхналогій, узнагаро-джаны медалём “За асваенне цалінных зямель”, Ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларусі і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Анатоль Бутэвіч — таленавіты пісьменнік, ён — член Саюза журналістаў і Саюза беларускіх пісьменнікаў. Шмат твораў ім напісана пра дзяцей і для дзяцей. Маленькія несвіжане пра яго добра ведаюць, бо ён часта наведвае нашу бібліятэку, умее займальна і даступна гаварыць з дзеткамі. Шмат твораў ён напісаў на гістарычныя тэмы, у тым ліку і пра мінулае Нясвіжчыны. Прачытаўшы яго “Каралева не здраджвала каралю”, нават далёкі ад гісторыі чалавек захоча яшчэ што-небудзь даведацца пра мінулае, настолькі цікавы і займальны гэты твор. Яшчэ Анатоль Іванавіч — не менш таленавіты перакладчык. Менавіта Бутэвіч пераклаў на беларускую мову “Салярыс” Станіслава Лема, “Бывай, зброя!” Эрнэста Хэмінгуэя, творы Шалома-Алейхема і Дж. Олдрыджа, а яшчэ — як жа без іх! — казкі Г.Х. Андэрсэна і братоў Грым. І шмат іншых твораў — зараз, напрыклад, Анатоль Іванавіч перакладае з польскай Элізу Ажэшка.

У чэрвені бягучага года Анатоль Іванавіч адзначыць сямі-дзесяцігадовы юбілей. Ён па-ранейшаму вядзе актыўную грамадскую і асветніцкую дзейнасць, шырока прапагандуе беларускую культуру і гісторыю, піша, перакладае.

Званне ганаровага грамадзяніна Нясвіжа А.І.Бутэвічу было прысвоена рашэннем Нясвіж-скага раённага Савета дэпутатаў ад 27 лютага 2015 года № 51 на падставе рашэння Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта ад 16 лютага 2015 года.

У 2006 годзе ганаровым несвіжанінам стаў Міхаіл Якаўлевіч Фінберг, прафесар, народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, галоўны дырыжор, дырэктар — мастацкі кіраўнік дзяржаўнай установы “Заслужаны калектыў Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь”, кавалер ордэна Францыска Скарыны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі Ле-нінскага камсамола Беларусі, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на працягу двух скліканняў, ганаровы грамадзянін Мазыра — горада, дзе 21 лютага 1947 года нарадзіўся, і з 2012 года — ганаровы грамадзянін Мінскай воб-ласці. Творчая праца Маэстра адзначана Падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.             Лукашэнкі, Ганаровымі граматамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Міністэрства культуры Беларусі, іншых міністэрстваў і ведамстваў, творчых саюзаў. Міхаіл Фінберг — член Савета па культуры Міністэрства культуры краіны, Камітэта па дзяржаўных прэміях Беларусі, член праўлення Беларускага саюза музычных дзеячаў.

Чалавек унікальнага слыху і неверагоднай працаздольнасці, ён прайшоў шлях ад выхаванца ваеннага аркестра штаба Беларускай ваеннай акругі, артыста аркестра Беларускага радыё і тэлебачання, галоўнага дырыжора аркестра Мінскага дзяржаўнага цырка да кіраўніка аднаго з лепшых у Еўропе музычных калектываў. Фінберг — ідэйны натхняльнік і арганізатар традыцыйнага ўжо фестывалю “Музы Нясвіжа”, без якога месяц май у горадзе мы ўжо не ўяўляем. Канцэрты ў Ратушы і ў замку Радзівілаў, у касцёле і бібліятэцы карыстаюцца ў несвіжан нязменным поспехам. Менавіта дзякуючы Фінбергу зараз многія гараджане ведаюць пра тое, што, аказваецца, сярод Радзівілаў былі знакамітыя музыканты і кампазітары, што Нясвіж мае глыбокія музычныя традыцыі, што па многіх пазіцыях мы і ў гэтым культурным накірунку былі першымі ў Еўропе. Міхаіл Якаўлевіч шмат разоў ужо мог з’ехаць за мяжу, атрымліваць вялікія грошы і не думаць, дзе ўзяць фінансаванне на свой аркестр, на новыя праграмы. Але ж ён працягвае жыць і працаваць у Беларусі, заставацца верным сваёй краіне, быць удзячным ёй, размаўляць на беларускай мове і несці музыку ў самыя аддаленыя куточкі Беларусі — у тыя ж Хойнікі, Чачэрск і Мсціслаў. І рабіць гэта не час ад часу, а сістэмна, мэтанакіравана і якасна.

Праз год пасля М.Я. Фінберга — у 2007-м — званне ганаровага жыхара Нясвіжа было прысвоена таленавітаму мастаку Яўгену Іванавічу Ждану, ураджэнцу вёскі Тарэйкі Нясвіжскага раёна, заслужанаму дзеячу культуры Беларусі, лаўрэату прэміі “За духоўнае адраджэнне”, якую ён атрымаў у 1998 годзе, тым самым нібы адчыніўшы дзверы для такой высокай узнагароды прадстаўнікам Нясвіжчыны. Пасля яго спецыяльную прэмію Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва атрымлівалі “Аношкаўскія музыкі” і Сяргей Егарэйчанка. Будзем спадзявацца, што спіс гэты папоўніцца яшчэ не аднойчы.

Яўген Іванавіч Ждан маляваў усё сваё жыццё. Аднолькава таленавіта ён займаўся і стварэннем тэатральных дэкарацый і эскізаў касцюмаў, доўгі час  працуючы галоўным мастаком Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі, і пейзажаў і нацюрмортаў падчас адпачынку, які ён штогод праводзіў на Нясвіжчыне, і карцін на гістарычныя і рэлігійныя тэмы, і нават ікон. Яго “Тарэйкаўскую мадонну”  і “Тарэйкаўскую Божую Маці” першы раз я пабачыла ў 2002 годзе падчас працы ў музеі-запаведніку “Нясвіж”, дзе ў той год якраз ла-дзілася выстава Яўгена Ждана. Тады мы і пазнаёміліся. Вельмі ўразілі яго партрэты, прысвечаныя маці, а яшчэ цэлая серыя выяў беларускіх святых і асвет-нікаў. Свае творы Яўген Іванавіч, вядома, любіў, але не шкадаваў іх. Шмат дарыў. У сваёй кватэры ў Снове Яўген Іванавіч стварыў карцінную галерэю і перадаў яе ў дар сельскагаспадарчаму вытворчаму кааператыву “Агракамбінат Сноў”, і гаспадарка з удзячнасцю прыняла гэты дар. Дарэчы, учынак гэты — перадача разам з карціннай галерэяй і кватэры — першы і адзіны пакуль што ў нашай краіне. Ёсць карціны Яўгена Іванавіча і ў Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеі, і ў музеі Сноўскай сярэдняй школы. Іконы “Вобраз Божай Маці” і “Запрастольны крыж” былі ім некалі падараваны Лысіцкай царкве, Нясвіжская ж атрымала серыю ікон “Сабор беларускіх святых”, не засталася без падарункаў і Сноўская, дзе і сёння бласлаўляе прыха-джан яго “Іаан Хрысціцель”. У скарбонцы ўзнагарод Яўгена Іванавіча — медалі Францыска Скарыны і Саюза мастакоў Беларусі “За асобыя заслугі ў галіне мастацтва”. Яго карціны радуюць вока ў Расіі і Германіі, Францыі і Ізраілі, Польшчы, ЗША і Японіі. На жаль, яго васьмідзесяцігоддзе з дня нараджэння ў снежні мінулага года мы адзначалі ўжо без Яўгена Іванавіча, але ён застанецца несвіжанінам на ўсе часы. Як і наступны яго калега па творчым цэху, што таксама мае самае непасрэднае дачыненне да тэатра.

Валерый Пятровіч Мароз стаў ганаровым несвіжанінам у 2009 годзе. Таленавіты рэжысёр, тэатральны дзеяч, ён быў не менш таленавітым акцёрам. І хоць ролі яго былі найбольш эпізадычнымі, але эпізоды гэтыя, як і ў Ліі Ахе-джакавай, былі вельмі запамінальнымі і яскравымі. Асабіста мне вельмі падабаюцца яго ролі ў фільме “Анастасія Слуцкая” і ў расійскім серыяле “Тэрарыстка Іванова”, дзе ён іграў разам з Марыяй Шукшыной. А яшчэ “Вольф Месінг”, “Пракляты ўтульны дом”, “Гаданне пры свечках” — дваццаць тры работы ў кіно і не менш у Рускім тэатры імя Горкага, дзе Валерый Пятровіч служыў да апошніх сваіх дзён.

Несвіжане валам ішлі на пастаноўкі Нясвіжскага тэатра імя Францішкі Уршулі Радзівіл. Валерый Пятровіч узначаліў трупу нашага тэатра ў далёкім 1975 годзе, і на працягу трыццаці гадоў быў верны гэтаму калектыву, прыязджаючы з Мінска на рэпетыцыі, прэм’еры. Менавіта пры Марозу ў 1989 годзе за пастаноўку спектакля па п’есе М.Чарота “Мікітаў лапаць” наш тэатр атрымаў ганаровае званне “Заслужаны”. Але спектакль, які нязменна збіраў аншлагі ў Нясвіжы, і з якім тэатр шмат гастраляваў, — “Чорная панна Нясвіжа” паводле п’есы Аляксея Дударава. Сам Дудараў неаднойчы казаў у сваіх інтэрв’ю, што марозаў-ская “Панна…” — самая лепшая пастаноўка яго п’есы з усіх, што ён бачыў.

Ганаровым грамадзянінам горада можа быць і іншаземец, калі ён зрабіў важкі ўнёсак у гісторыю горада, яго культуру. Пяць год таму ганаровай несвіжанкай стала ўра-джэнка Нясвіжа, а зараз грама-дзянка Польшчы Станіслава Вятр-Партыка, паэтэса, актыўны літаратурны дзеяч і асветніца, педагог, што шырока прапагандавала за мяжой беларускую культуру, гісторыю і самабытнасць Нясвіжчыны, яе архітэктурна-культурную спадчыну. Спадарыні Станіславе сёння восем-дзесят восем гадоў, нарадзілася яна ў Нясвіжы “за польскім часам”, у 1930-м. Раней яна часта прыязджала ў Нясвіж, зараз жа з-за стану здароўя не можа гэтага рабіць. У мінулым годзе мае калегі наведалі пані Станіславу ў Тарнаве — горадзе-пабраціме Нясвіжа, дзе яна жыве з 1946 года. Колькі шыкоўных падарункаў (з гістарычнага і культурнага пункту гледжання) перадала спадарыня Станіслава нясвіжскай бібліятэцы, Нясвіжу!

Жыццё гэтай жанчыны было няпростым. Калі пачалася вайна, забілі бацьку, а іх з маці як неблаганадзейных элементаў у “цяплушках” адправілі на Усход. У стэпах паўночнага Казахстана, у калгасе яны з маці працавалі доўгіх, халодных і галодных шэсць год. Маці часта расказвала дачцэ пра Нясвіж, і гэтыя моманты ў літаральным сэнсе дапамагалі ім выжываць, назаўсёды застаўшыся ў сэрцы і ў памяці, каб потым працягваць жыццё не толькі ва ўспамінах, але і ў вершах. У 1946 годзе жанчыны прыехалі ў Польшчу і сталі жыць у Тарнаве — родным горадзе бацькі. Педагагічная дзейнасць Станіславы Вятр-Партыкі, выступленні на радыё і тэлебачанні, у клубах, школах, паэзія, публіцыстыка, грамадская дзейнасць (яна — актыўны член “Таварыства несвіжан і сяброў 27-га палка ўланаў імя караля Стэфана Баторыя”) —  усё гэта ў Польшчы было адзначана шматлікімі дзяржаўнымі ўзнагародамі: медалём Дзяржаўнага Камітэта Польшчы па адукацыі, Залатым Крыжам Заслуг (памятаеце, такі меў і несвіжанін І.С. Мурын), медалём “Захавальнікі месцаў народнай памяці”, Крыжам сасланых у Сібір (існуе і такая ўзнагарода). У Станіславы Вятр-Партыкі шмат эсэ, вершаў, прысвечаных Нясвіжу. Ёсць нават зборнік “Нясвіж у сэрцы і ў снах” на абедзвюх мовах. У маёй хатняй бібліятэцы гэта кніга таксама ёсць, і вершы там сапраўды вельмі пранікнёныя, кранальныя, пяшчотныя, напоўненыя любоўю і тугой па родным горадзе. Яе кнігі ўжо даўно ёсць у бібліятэцы Польскага Дома ў Нясвіжы, школьнікі дэкламуюць яе вершы на конкурсах, а мясцовыя паэты вельмі дакладна пераклалі яе вершы на беларускую і рускую мовы, як кажуць, “без купюр”, не імкнучыся апусціць “нязручныя” моманты. Наш нясвіжскі паэт Уладзімір Жылка пераклаў самы галоўны верш Станіславы Вятр-Партыкі “Бацькам”. Фрагмент гэтага верша, дарэчы, змешчаны над магільнай плітой яе бацькоў.

Навіну пра сваё “ганаровае грамадзянства” пані Станіслава ўспрыняла з радасцю, але і са здзіўленнем, бо, як сама прызнавалася, “калі Нясвіж і хацеў ад-значыць кагосьці, хто там нарадзіў-ся і зараз далёка за мяжой, то выбар у яго быў вялікі”. У ліпені 2013 года ў прысутнасці шматлікай тарнаўскай дэлегацыі на чале са старастам Раманам Луцашам і главою самакіравання Тарнаўскага павета Збігневам Карпінскім стужку і пасведчанне ганаровай несвіжанкі пані Станіславе на Ратушнай плошчы ўрачыста ўручыў старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Іванавіч Крупко, а ў сябе дома  яна атрымала яшчэ і самую важную ўзнагароду горада Тарнава — “Gross Ziemski Tarnowski”. Але званне ганаровай несвіжанкі Вятр-Партыка носіць з асаблівай годнасцю — як блаславенне Ра-дзімы і яе ўдзячнасць.

“Сон кончается. Как и всё.

И как удивительно:

Далеко остались

мой родной город…

Мое счастье и радость…

и свежая рана…

 

Я здесь. Как далеко…

как  близко к Несвижу…

Прошу уже об одном —

услышь шепот молящего,

И когда нас не станет,

не покидай Несвижа”.

 

Гэта — ад пані Станіславы.

Ірына ЦІХОНКА,

начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы

Нясвіжскага райвыканкама.

(Працяг будзе).


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.