Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 14 °C

Несвіжане назаўсёды: ганаровыя грамадзяне горада

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

(Працяг.  Пачатак у № 1,3,7,9,10)

У 2013 годзе званне ганаровага грамадзяніна Нясвіжа было прысвоена ўдзельніку Вялікай Айчыннай вайны, былому намесніку начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў капітану міліцыі Мікалаю Аляксандравічу Шымко, які трагічна загінуў на Нясвіжчыне пяцьдзясят пяць гадоў таму — 21 чэрвеня 1963 года — пры затрыманні асабліва небяспечнага злачынцы, што ўварваўся ў магазін вёскі Студзёнкі, узброены двумя пісталетамі, забраў усю выручку і хацеў як мага хутчэй знікнуць. Аб здарэнні стала вядома ў райаддзеле, і намеснік начальніка М.А. Шымко выехаў на чале аператыўнай групы ў Студзёнкі. У працэсе затрымання, недалёка ад Гарадзеі, злачынца з засады застрэліў Мікалая Аляксандравіча, параніў другога ўдзельніка затрымання і быў спынены толькі выстралам яшчэ аднаго супрацоўніка міліцыі, які добра разумеў, што ў пасёлак цукравараў злачынцу са зброяй і з, як потым аказалася, пяццюдзесяццю патронамі пусціць нельга, бо там многа людзей, дзеці.



 

 

За мужнасць і адвагу, праяўленыя пры затрыманні злачынцы, М.А. Шымко Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 28 снежня 1963 года быў пасмяротна ўзнагароджаны Ордэнам Чырвонай Зоркі.  Аб прысваенні Мікалаю Аляксандравічу Шымко звання ганаровага несвіжаніна перад Нясвіжскім раённым выканаўчым камітэтам у 2013 го-дзе хадатайнічаў раённы аддзел унутраных спраў, у спіс асабовага саставу якога капітан Шымко быў занесены навечна 29 снежня 1963 года згодна з загадам Міністра аховы грамадскага парадку БССР — так у той час называлася Міністэрства ўнутраных спраў.

Праз год — у 2014 годзе — ганаровым жыхаром Нясвіжа стаў яшчэ адзін удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, кавалер Ордэна Айчыннай вайны першай ступені, Георгій Афанасьевіч Халецкі. Георгій Афанасьевіч у 1943 годзе, калі немцы пачалі прымусова адпраўляць моладзь з беларускіх тэрыторый у Германію, разам з бацькамі трапіў у партызаны. У 1944 годзе быў прызваны ў армію, ваяваў у складзе мінамётнай роты 215 гвардзейскай Смаленскай дывізіі 707 Нёманскага палка Трэцяга Беларускага фронту да заканчэння вайны. За мужнасць і адвагу быў узнагароджаны медалямі “За адвагу”, “За ўзяцце Кенігсберга”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.”.

Пасля ўзяцця Кенігсберга Трэці Беларускі фронт быў расфарміраваны, і ў маі 1945 года полк, у якім служыў Георгій Афанасьевіч, быў накіраваны на Далёкі Усход — наперадзе была вайна з Японіяй у складзе Першага Дальне-ўсходняга фронту і яшчэ адна ўзнагарода — медаль “За перамогу над Японіяй”. Толькі ў лютым 1950 года Георгій Афанасьевіч трапіў дадому пасля дэмабілізацыі.

Пасля заканчэння педагагічнага інстытута і на працягу больш трыццаці гадоў  Георгій Афанасьевіч Халецкі працаваў настаўнікам матэматыкі ў школах Нясвіжа, шмат займаўся патрыятычным выхаваннем падрастаючага пакалення, да апошніх сваіх дзён ніколі не адмаўляўся ад запрашэнняў на сустрэчы з моладдзю ў школах, каледжы, ваенкамаце, бібліятэцы, бо лічыў — і па праве — гэтыя сустрэчы вельмі важнымі. Вельмі ўзрушаны быў, калі бачыў па тэлевізары, што некаторыя з сучасных юнакоў і дзяўчат не ведаюць ні агульнай гісторыі сваей краіны, ні яе ваеннай гісторыі, нягле-дзячы на тое, што ў Беларусі амаль у кожнай сям’і былі тыя, хто загінуў на вайне.

На працягу амаль дваццаці гадоў, з самага першага дня яго заснавання, Георгій Афанасьевіч спяваў у хоры ветэранаў, звыш дзесяці гадоў быў народным засядацелем у судзе, сакратаром раённага таварыства інвалідаў, членам раённага Савета ветэранаў вайны. З’яўляўся Георгій Афанасьевіч дэлегатам сёмага з’езда настаўні-каў Беларусі і Першага Усебеларускага народнага сходу.

Георгій Афанасьевіч быў таксама нязменным назіральнікам ад раённага Савета ветэранаў на выбарах рознага ўзроўню ў раённай выбарчай камісіі. Да сваіх абавязкаў назіральніка адносіўся вельмі сур’ёзна і адказна, дзяжурыць у камісіі дапамагаў нам ад пачатку і да завяршэння, і, між іншых, адной з галоўных сваіх місій лічыў — не даваць нам, членам камісіі, засумаваць. Шмат цікавых гісторый са свайго жыцця, з жыцця сваіх родных і знаёмых расказваў Георгій Афанасьевіч падчас тых дзяжурстваў.  А колькі ваенных анекдотаў наслухаліся мы! Заўсёды здзіўляліся, як толькі ён  іх столькі мог памятаць. Сёння вельмі шкадую, што не занатоўвала тыя анекдоты, бо з пункту гледжання ваеннага фальклору, як зараз добра разумею, гэта была б проста найкаштоўнейшая скарбонка.

(Заканчэнне будзе).

Ірына ЦІХОНКА,

начальнік аддзела

арганізацыйна-кадравай работы Нясвіжскага

райвыканкама.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!