Рэгіянальны форум нацыянальных каардынатараў па дасягненні Мэт устойлівага развіцця

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

21-22 лютага ў Беларусі прайшоў Рэгіянальны форум нацыянальных каардынатараў па дасягненні глабальных Мэт устойлівага развіцця. У ім прынялі ўдзел 54 высокія прадстаўнікі міжнародных арганізацый і розных агенцтваў, органаў і ўстаноў ААН (ЮНІДА, ФАО, ЮНКТАД, ЮНЭЙДС), кіраўніцтва Сусветнага банка, ЕБРР, а таксама Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Для ўдзелу ў форуме ў Мінск прыбыла першы намеснік Генеральнага сакратара ААН Аміна Махамед. У праграме візіту ганаровай госці былі афіцыйныя сустрэчы і іншыя мерапрыемствы. Аміна Махамед сустрэлася з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Таксама адбыліся сустрэчы са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаілам Мясніковічам і яго намеснікам, нацыянальным каардынатарам па дасягненні МУР Мар’янай Шчоткінай, прэм’ер-міністрам Беларусі Андрэем Кабяковым і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем.

Форум сабраў у Мінску дэлегацыі з больш як 50 краін. Удзельнікі абмяняліся вопытам па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, абмеркавалі праблемныя пытанні на шляху да выканання Парадку дня-2030. Галоўная мэта сустрэчы — стварэнне рэгіянальнай сеткі нацыянальных каардынатараў па МУР.

Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года дзяржавы — члены ААН прынялі 25 верасня 2015 года. Ён уключае спіс з 17 мэт, накіраваных на ліквідацыю беднасці, барацьбу з няроўнасцю і несправядлівасцю, а таксама на вырашэнне праблем, звязаных са змяненнем клімату.

Беларусь заўсёды будзе надзейнай апорай для ААН — Лукашэнка

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 21 лютага на сустрэчы з першым намеснікам Генеральнага сакратара ААН Амінай Махамед.

«Мы будзем для вас, для ўсіх нас — Арганізацыі Аб’яднаных Нацый — надзейнай апорай. У гэтым вы павінны быць упэўнены. Не толькі таму што я асабіста вельмі паважаю цяперашняга Генсакратара, не толькі таму што Арганізацыя Аб’яднаных Нацый — гэта тая пляцоўка, дзе мы можам адкрыта гаварыць аб нашых праблемах. Але яшчэ і таму, што вы, мы ўсе нацэлены на ліквідацыю нераўнамернага развіцця, на ліквідацыю беднасці, стварэнне сапраўднага шматпалярнага свету», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што калі-небудзь гэты шматпалярны свет будзе прадстаўлены не трыма-пяццю дзяржавамі, а ўсімі краінамі свету.

«Кожны чалавек на планеце мае права быць у цэнтры гэтага шматпалярнага свету, — перакананы Прэзідэнт. — У вырашэнні гэтых складаных праблем сучаснасці Еўропа абавязана адыграць сваю ключавую ролю».

Аляксандр Лукашэнка вітаў правядзенне ў Мінску Рэгіянальнага форуму нацыянальных каардынатараў па Мэтах устойлівага развіцця. Паводле яго слоў, гэта дасць магчымасць абмеркаваць асноўны напрамак дзейнасці ўсіх краін Арганізацыі Аб’яднаных Нацый на бліжэйшую перспектыву — пытанні выканання Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года. «Менавіта гэта найважнейшы напрамак нашай дзейнасці, і вы разумееце гэта больш, чым хто-небудзь», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

«Я не стану гаварыць аб тым, што мы зрабілі ў Беларусі для таго, каб заслужыць гэту сустрэчу, каб даказаць нашу прыхільнасць да Мэт устойлівага развіцця. Вы гэта ўжо, напэўна, добра ведаеце, ды і нашы калегі вам аб гэтым раскажуць. Мы цвёрда адданыя гэтай ідэі, як і вы, таму што ўпэўнены ў тым, што прычынай усіх непарадкаў, у тым ліку самай вялікай праблемы — тэрарызму, з’яўляецца менавіта нераўнамернае развіццё дзяржаў, што параджае перш за ўсё беднасць. Мы прытрымліваемся той формулы, што дай чалавеку работу — ён ніколі не возьме вінтоўку ў рукі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Форум па МУР у Мінску прызначаны актывізаваць калектыўную работу ў рэгіёне ў імя міру і працвітання — Лукашэнка

Аб гэтым гаворыцца ў прывітанні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам форуму.

Прывітанне агучыў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў. «Беларусь пры падтрымцы ААН ініцыіравала гэты форум, каб актывізаваць калектыўную работу ў рэгіёне ў імя міру, працвітання, узаемавыгаднага супрацоўніцтва і роўнасці магчымасцей для ўсіх на здаровай планеце», — падкрэсліваецца ў прывітанні.

Аляксандр Лукашэнка перакананы: рэалізацыя прынятай сусветнымі лідарамі на саміце ААН Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года патрабуе сумесных шырокамаштабных дзеянняў, інвестыцый, настойлівасці для забеспячэння эканамічнага росту, здаровай экалогіі, дастойнага жыцця кожнага чалавека і ўкаранення інавацый.

Прэзідэнт адзначыў, што сёння на форуме зроблены першы сімвалічны крок да аб’яднання намаганняў людзей і інстытутаў, уключаных у штодзённую практычную дзейнасць па вырашэнні глабальных задач.

«Удзел у форуме кіраўніцтва ААН, яе агенцтваў і рэгіянальных утварэнняў пацвярджае нашу рашучасць змяніць да лепшага жыццё на планеце», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў удзельнікам форуму плённай працы, устанаўлення партнёрскіх кантактаў і поспехаў у дасягненні агульных мэт — Мэт устойлівага развіцця.

Лідарства Беларусі на пляцоўцы ААН запатрабавана як ніколі — Махамед

Аб гэтым на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам заявіла першы намеснік Генеральнага сакратара ААН Аміна Махамед.

«Ваша лідарства цяпер запатрабавана як ніколі. Лідарства і той голас за шматпалярнасць, за шматбаковае вырашэнне праблемных пытанняў, якія падымае Беларусь на міжнароднай арэне», — сказала Аміна Махамед.

Яна падкрэсліла, што ў сучасным свеце вельмі многа канфліктаў, і яны зусім розныя — у залежнасці ад таго рэгіёна, дзе яны адбываюцца. «Нам катэгарычна не хапае талерантнага стаўлення да самых розных сітуацый і праяўленняў», — адзначыла першы намеснік Генеральнага сакратара ААН.

Першы намеснік Генсакратара ААН высока ацэньвае пачатак рэалізацыі Беларуссю МУР

Першы намеснік Генеральнага сакратара ААН Аміна Махамед на сустрэчы з журналістамі высока ацаніла пачатак рэалізацыі Беларуссю Мэт устойлівага развіцця.

«Беларусь пачала з добрага ўзроўню — вы рэалізавалі Мэты развіцця тысячагоддзя. Ініцыятыва, што прымаецца ўрадам краіны, — гэта тое лідарства, якое нас радуе», — сказала Аміна Махамед.

Яна лічыць важным, каб пры рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця ўдалося дайсці літаральна да кожнага грамадзяніна. На яе думку, у аснове ўсіх пытанняў, у тым ліку развіцця аховы здароўя, выкаранення беднасці, ляжыць эканоміка. «Мы хочам стварыць свет, які будзе лепшым. А гэта таксама немагчыма без вырашэння пытанняў аховы навакольнага асяроддзя», — заўважыла Аміна Махамед. Першы намеснік Генеральнага сакратара ААН звярнула ўвагу на той факт, што для ажыццяўлення работы ў названых напрамках неабходны доўгатэрміновыя інвестыцыі. «Мы пачуем многія ідэі, якія датычацца вырашэння гэтых пытанняў», — упэўнена яна.

Як лічыць Аміна Махамед, у сучасных умовах для ўсіх краін свету вельмі важным з’яўляецца пазбегнуць канфліктаў і забяспечваць дастойныя ўмовы жыцця людзей. «Трэба больш увагі звяртаць на слабаабароненыя слаі насельніцтва», — упэўнена яна.

Першы намеснік Генсакратара ААН падкрэсліла, што ў Беларусі яна ўбачыла шмат добрых ініцыятыў. На яе думку, рэспубліка натхняе сваімі ідэямі і іншыя краіны на вырашэнне пытанняў, звязаных з рэалізацыяй МУР.

Віктарын адзначыла высокую матывацыю Беларусі ў дасягненні МУР

Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын адзначыла высокую матывацыю Беларусі ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Аб гэтым яна заявіла журналістам перад адкрыццём Рэгіянальнага форуму нацыянальных каардынатараў па дасягненні МУР у Мінску.

«Кожная краіна набыла пэўны вопыт, якім можна і трэба дзяліцца, — сказала Андрэа Віктарын. — Такія мерапрыемствы, як гэты форум, служаць цудоўнай платформай для абмену ведамі і напрацоўкамі. Беларусь актыўна ўдзельнічае ў гэтай рабоце, і хачу адзначыць вялікую матывацыю ў вашай краіне, вялікую зацікаўленасць».

Андрэа Віктарын таксама адзначыла, што ў Беларусі рэалізуецца нямала праектаў пры падтрымцы ЕС, якія таксама накіраваны на дасягненне многіх з 17 глабальных мэт на рэгіянальным і нацыянальным узроўнях.

Эканамічныя паказчыкі Беларусі выклікаюць аптымізм — Валавая

Такое меркаванне выказала член Калегіі (міністр) па інтэграцыі і макраэканоміцы Еўразійскай эканамічнай камісіі Таццяна Валавая.

Па выніках 2017 года ўсе дзяржавы ЕАЭС паказалі пазітыўны эканамічны рост. «Выклікаюць аптымізм і эканамічныя паказчыкі Беларусі», — сказала Таццяна Валавая. ЕЭК прагназуе, што ў бліжэйшыя гады гэта тэндэнцыя захаваецца, як і прамысловы ўздым у краінах саюза.

Міністр звярнула ўвагу, што ў 2017 годзе ва ўсіх дзяржавах ЕАЭС выконваліся параметры макраэканамічнай устойлівасці, у тым ліку па паказчыку інфляцыі. Таццяна Валавая назвала гэта гістарычным дасягненнем, падкрэсліўшы, што макраэканамічная ўстойлівасць важна для развіцця рэгіёна ў цэлым.

Яна дадала, што Беларусь заўсёды выступае актыўным ініцыятарам інтэграцыйнага развіцця.

«Па тых сферах, дзе мы актыўна ўзаемадзейнічаем у ЕАЭС, у нас адначасова ідзе рух наперад па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Тым самым наша інтэграцыя выступае своеасаблівым драйверам эканамічнага росту, набліжае нас да МУР», — пераканана Таццяна Валавая.

Беларусь у ліпені 2017 года прадставіла ў ААН на палітычным форуме высокага ўзроўню нацыянальны даклад па ўстойлівым развіцці. Адначасова беларускі бок выступіў з ініцыятывай аб падрыхтоўцы аналагічнага даклада па рэгіёне ЕАЭС у цэлым. Дакумент падрыхтавала ЕЭК і прадставіла яго ў штаб-кватэры ААН. «У выніку ЕАЭС стаў першым у свеце інтэграцыйным аб’яднаннем, якое прадставіла такі даклад», — адзначыла Таццяна Валавая.

Форум у Мінску па МУР прызначаны садзейнічаць умацаванню рэгіянальнай і сусветнай стабільнасці — Макей

Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, выступаючы на Рэгіянальным форуме нацыянальных каардынатараў па МУР краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі.

Кіраўнік МЗС падкрэсліў, што беларуская ідэя правесці сустрэчу высокіх прадстаўнікоў краін рэгіёна, якія арганізуюць работу ў сферы ўстойлівага развіцця, стала вынікам асэнсавання неабходнасці стварэння міжнароднага механізма, які дае магчымасць эфектыўна каардынаваць дзеянні дзяржаў на гэтым напрамку.

Як падкрэсліў міністр, Беларусь ніколі не была толькі наглядальнікам міжнародных намаганняў у галіне развіцця. У свой час беларускі бок сумесна з партнёрамі распрацоўваў канцэпцыю ўстойлівага развіцця, напаўняў ідэямі і зместам Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года.

У Беларусі першарадная ўвага ўдзяляецца сацыяльна-эканамічным пытанням, якія знаходзяцца ў Парадку дня-2030. У прыватнасці, урадам прынята каля 20 дзяржаўных праграм. У ліку прыярытэтаў — занятасць насельніцтва, будаўніцтва жылля ў рэгіёнах, падтрымка найбольш слабаабароненых слаёў насельніцтва, ахова навакольнага асяроддзя. Дасягнуты поспехі ў выкараненні беднасці і вырашэнні праблем малазабяспечанасці. Беларусь таксама адной з першых у рэгіёне далучылася да Парыжскага кліматычнага пагаднення. Беларусь мае намер актыўна развіваць электрычны транспарт, што дасць магчымасць істотна палепшыць якасць паветра ў гарадах.

Міністр замежных спраў выказаў перакананасць, што ў перспектыве Беларусь будзе актывізаваць работу па ўсіх напрамках устойлівага развіцця.

Макей: для рэалізацыі Парадку дня-2030 трэба з’яднаць краіны на сумесную работу для пераадолення глабальных выклікаў

Для рэалізацыі Парадку дня-2030 нам патрэбна ААН, якая здольна з’яднаць краіны на сумесную работу для пераадолення глабальных выклікаў і пагроз. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у час Рэгіянальнага форуму па МУР.

Як адзначыў кіраўнік МЗС, самі па сабе пытанні ўстойлівага развіцця маюць безумоўную каштоўнасць, але іх найважнейшае прызначэнне — садзейнічанне грамадскай, рэгіянальнай і глабальнай стабільнасці, умацаванню эканамічнага і палітычнага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі.

Рэгіянальны форум па МУР адкрывае серыю шырокіх дыскусій, прысвечаных стабільнасці і бяспецы ў рэгіёне. Уладзімір Макей паведаміў, што ў маі беларускі бок правядзе вялікую экспертную канферэнцыю па пытаннях бяспекі ва Усходняй Еўропе. «Гэта размова будзе прадоўжана на сустрэчы асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі, якая збярэцца ў сталіцы Беларусі восенню. У кастрычніку пад эгідай АБСЕ ў Мінску пройдзе канферэнцыя па пытаннях контртэрарыстычнай тэматыкі», — адзначыў міністр.

Ён лічыць, што праз прызму гэтай перспектывы бачыцца ўнікальнае значэнне сённяшняга форуму.

Уладзімір Макей выказаў упэўненасць, што выпрацаваныя рэкамендацыі будуць садзейнічаць развіццю прагматычнага і ўзаемавыгаднага ўзаемадзеяння ў рэгіёне Вялікай Еўропы, умацаванню духу партнёрства і даверу паміж краінамі.

«Для рэалізацыі Парадку дня-2030 нам патрэбна ААН, якая структурна і стратэгічна аб’ядноўвае свае праграмы ў галіне міру і бяспекі, устойлівага развіцця, а не пакідае іх інстытуцыянальна разрозненымі, як у мінулым, — падкрэсліў Уладзімір Макей. — Нам патрэбна ААН, якая дапамагае наводзіць масты паміж дзяржавамі ў час напружанасці, што зараджаецца паміж імі. Нам патрэбна ААН, якая здольна з’яднаць краіны на сумесную работу для пераадолення выклікаў і пагроз для ўсяго чалавецтва. І, нарэшце, нам патрэбна «камандная» ААН на месцах, якая зможа эфектыўна і рацыянальна падтрымліваць дзяржавы на шляху да ўстойлівага развіцця».

Шчоткіна: кантакты, салідарнасць і давер паміж народамі — аснова дасягнення МУР

Кантакты, сувязі, салідарнасць і давер паміж народамі — аснова дасягнення МУР, заявіла журналістам нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Мар’яна Шчоткіна на прэс-канферэнцыі Рэгіянальнага форуму нацыянальных каардынатараў па дасягненні МУР.

«Усе 17 Мэт устойлівага развіцця ўніверсальныя, але дасягнуць іх нельга паасобку. Важна, каб кожны з нас мог удзельнічаць у гэтай рабоце. Таму неабходна партнёрства паміж дзяржавамі, галінамі ўлады, грамадзянскай супольнасцю, бізнесам, добрасуседскія адносіны на ўмовах узаемаразумення, павагі і падтрымкі», — падкрэсліла Мар’яна Шчоткіна.

Беларусь, якая ўжо выпрацавала нацыянальную архітэктуру работы па дасягненні МУР, асаблівую ўвагу ўдзяляе парламенцкаму складніку і ролі грамадзянскай супольнасці, адзначыла яна. «Але падкрэслю: недастаткова работы ў асобна ўзятай краіне. Вядома, мы ўсе беражом свой дом. Але ёсць і агульны дом — планета Зямля. І захаванасць гэтага дома залежыць ад кожнай з дзяржаў. Таму кантакты, сувязі, партнёрства, салідарнасць, давер паміж народамі з’яўляюцца асновай для дасягнення пастаўленых мэт», — дадала Мар’яна Шчоткіна.

Таксама яна падзякавала першаму намесніку Генеральнага сакратара ААН Аміне Махамед, якая прыляцела ў Беларусь для ўдзелу ў форуме. «Гэта важна, таму што мы можам з першых вуснаў пачуць пункт гледжання ААН. Менавіта ёй належыць роля аб’яднальнага цэнтра, каардынатара дзейнасці дзяржаў», — падкрэсліла Мар’яна Шчоткіна.

Асноўныя прыярытэты развіцця Беларусі адпавядаюць мэтам Парадку дня-2030 — Шчоткіна

Асноўныя прыярытэты развіцця Беларусі — інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя і моладзь і ў цэлым павышэнне якасці і ўзроўню жыцця насельніцтва — адпавядаюць мэтам Парадку дня-2030. Аб гэтым заявіла нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Мар’яна Шчоткіна на сесіі Рэгіянальнага форуму нацыянальных каардынатараў.

«Відавочна, што стартавыя ўмовы для выканання МУР ва ўсіх дзяржаў розныя. Але мэты ва ўсіх краін агульныя — забеспячэнне развіцця і працвітання ва ўмовах неабходнасці захавання планеты», — адзначыла Мар’яна Шчоткіна.

Гаворачы аб сінхранізацыі курсу развіцця рэспублікі з глабальнымі мэтамі, яна адзначыла адпаведнасць многіх прыярытэтаў Беларусі агульнасусветным. «Беларусь — індустрыяльная краіна: 20 працэнтаў эканомікі фарміруецца апрацоўчай прамысловасцю. У многім гэта абумовіла асноўныя прыярытэты развіцця, вызначаныя ў нашай краіне на сярэднетэрміновы перыяд. І яны адпавядаюць мэтам Парадку дня-2030. Гэта інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя і моладзь. А галоўная мэта — павышэнне якасці і ўзроўню жыцця насельніцтва», — сказала Мар’яна Шчоткіна.

Прыярытэты рэалізуюцца праз праграмныя дакументы. А менавіта — распрацаваны Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2030 года і Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады. Сфарміравана нацыянальная архітэктура па дасягненні МУР. Ключавую ролю ў гэтым працэсе адыгрывае Савет па ўстойлівым развіцці пад кіраўніцтвам нацыянальнага каардынатара. У склад Савета ўваходзяць намеснікі кіраўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, уключаючы прадстаўнікоў рэгіёнаў. За дзейнасцю па дасягненні кожнай з 17 МУР замацаваны адказныя члены Савета. Для сістэматызацыі работы па асобных напрамках Парадку дня-2030 у складзе Савета арганізаваны сектаральныя групы. Для збалансаванага развіцця асобна ўзятых тэрыторый сфарміраваны рэгіянальныя групы. Акрамя таго, парламенцкая група займаецца ацэнкай наступстваў або рэгулятарнага ўздзеяння законаў на працэсы ўстойлівага развіцця. А канструктыўнае ўзаемадзеянне дзяржавы, грамадзянскай супольнасці, дзелавых колаў і міжнародных арганізацый забяспечвае партнёрская група. За распрацоўку нацыянальных паказчыкаў і індыкатараў і іх імплементацыю ў дзяржаўныя, галіновыя і рэгіянальныя праграмы адказвае Нацыянальны статыстычны камітэт.

Ключавыя прапановы і ідэі, агучаныя на Рэгіянальным форуме нацыянальных каардынатараў, будуць адлюстраваны ў рэзюмэ старшыні на заключнай сесіі канферэнцыі. Гэтыя вынікі плануецца прадставіць на Рэгіянальным форуме па ўстойлівым развіцці для рэгіёна ЕЭК ААН, які пройдзе ў Жэневе 1-2 сакавіка.

Вынікі мінскага рэгіянальнага форуму па МУР будуць прадстаўлены ЕЭК ААН 1 сакавіка

Рэзюмэ мінскага рэгіянальнага форуму нацыянальных каардынатараў па Мэтах устойлівага развіцця будзе прадстаўлена Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН. Аб гэтым паведаміла Нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Мар’яна Шчоткіна.

У Жэневе 1 сакавіка пройдзе рэгіянальны форум ЕЭК ААН, на якім будуць прадстаўлены вынікі сумеснай работы нацыянальных каардынатараў па МУР у Мінску, расказала Мар’яна Шчоткіна.

У рэзюмэ, якое было аднагалосна адобрана ўсімі ўдзельнікамі форуму, пералічаны інавацыйныя падыходы краін да дасягнення МУР. Гэты вопыт будзе вывучацца ў іншых дзяржавах. Нацыянальныя каардынатары падтрымалі прапанову Беларусі аб стварэнні глабальнай базы даных аб лепшых практыках арганізацыі работы па дасягненні МУР, адзначыла Мар’яна Шчоткіна. Яны прапанавалі ЕЭК ААН і ПРААН садзейнічаць фарміраванню такога інфармацыйнага рэсурсу ў рэгіёне. Акрамя таго, дзяржавы і міжнародныя арганізацыі, якія ўдзельнічалі ў мінскім форуме, падтрымалі ініцыятыву па стварэнні сеткі нацыянальных каардынатараў па МУР для абмену ведамі і вопытам работы па дасягненні Мэт.

Падводзячы вынікі мінскага форуму, Мар’яна Шчоткіна падкрэсліла, што яго вынікі пераўзышлі ўсе чаканні. «Адбылася канструктыўная размова. Была ўзнята вялікая колькасць пытанняў, некаторыя з іх удалося вырашыць непасрэдна ў час форуму», — адзначыла нацыянальны каардынатар.

«Удалося не толькі абмеркаваць праблемы, выпрацаваць агульныя напрамкі работы, але і ўстанавіць двухбаковыя кантакты. Асаблівую ўвагу ўдзельнікі форуму ўдзялілі неабходнасці ўмацавання міжпарламенцкіх сувязей», — дадала намеснік старшыні Савета Рэспублікі. У Нацыянальным сходзе створана рабочая група па дасягненні МУР. Эксперты ў Мінску дамовіліся садзейнічаць больш цесным кантактам аналагічных груп, створаных у парламентах іншых краін.

У рэзюмэ ў сувязі з гэтым адзначаецца, што ўключэнне парламентаў у работу па МУР — гэта важны інструмент дасягнення ўстойлівасці на нацыянальным узроўні. Удзельнікі форуму сышліся на думцы, што фарміраванне міжпарламенцкага супрацоўніцтва па пытаннях дасягнення МУР будзе садзейнічаць абмену вопытам, гарманізацыі нацыянальных заканадаўстваў краін рэгіёна, распрацоўцы агульных стандартаў і нарматываў, пашырэнню сумесных ініцыятыў.

Удзельнікі форуму выказаліся ў падтрымку намаганняў Генеральнага сакратара ААН па правядзенні комплекснай рэформы сістэмы развіцця Арганізацыі. Нацыянальныя каардынатары перакананы, што вынікі рэформы павінны забяспечыць ААН лідарства, эфектыўнасць, падсправаздачнасць і будуць садзейнічаць больш скаардынаванай і зладжанай рабоце агенцтваў на месцах па дасягненні МУР з улікам нацыянальных прыярытэтаў.

Каардынатары па МУР сышліся на думцы, што рэгіянальны форум у Мінску стаў пляцоўкай для абмену вопытам і практычным укладам у стварэнне глабальнага партнёрства па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Плануецца, што наступны пройдзе ў Азербайджане.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.