Несвіжане чыталі класіку і свае вершы на літаратурнай вечарыне “Колькі закаханых жыве на свеце?»

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Напярэдадні вясны, якая для многіх пачынаецца з Міжнароднага жаночага дня, кветак і прызнанняў у каханні, у гарадскім маладзёжным цэнтры прайшла літаратурная вечарына пад сімвалічнай назвай “Колькі закаханых жыве на свеце?”

Прыемна адзначыць, што з кожным разам колькасць  удзельнікаў паэтычных сустрэч тут павялічваецца, да моладзі далучаецца ўсё больш несвіжан з немалым жыццёвым стажам, і гэта яскрава сведчыць аб тым, што сапраўднае, вялікае мастацтва заўсёды будзе захапляць і аб’ядноўваць людзей незалежна ад прафесій і ўзростаў.

І сапраўды, каханне, як слушна адзначыла вядучая паэтычнай імпрэзы Алёна Вінаград, — гэта пачуццё, якое прыводзіць у рух усе сілы чалавека, натхняе яго на лепшыя ўчынкі, выклікае самыя лепшыя памкненні. Цудоўным узорам твораў, народжаных пад уплывам гэтага светлага пачуцця, сталі вершы, якія гучалі ў відэазапісах вядомых акцёраў. Затаіўшы дыханне,   удзельнікі сустрэчы слухалі “Любовь готова всё прощать” Эльдара Разанава ў выкананні Сяргея Бязрукава, “Ты рядом” Юліі Друнінай, якое прадставіла Ірына Бякава, “Снова не мы” ў аўтарскім выкананні Веры Палазковой, урывак з паэмы “Облако в штанах” Уладзіміра Маякоўскага ў падачы Аляксандра Пятрова, лермантаўскае “Я не унижусь пред тобой”, якое чытала Ганна Егаян.

Фото 1

Пад уплывам добрага прыкладу прафесійных артыстаў і нашы аматары паэзіі пастараліся прадставіць свае і чужыя творы яскрава і кранальна, а слухачы горача апладзіравалі ўсім без выключэння выступоўцам. Так, свае вершы ўдзельнікам сустрэчы прадставілі навучэнка Нясвіжскай гімназіі Дар’я Трус, педагог-арганізатар Нясвіжскага каледжа імя Якуба Коласа Валянціна Штоп, вадзіцель аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Мікалай Літвінчук (фота 1), тэхработнік маладзёжнага цэнтра Людміла Гаціла. Яшчэ адна госця паэтычнай сустрэчы, намеснік галоўнага рэдактара газеты “Нясвіжскія навіны” Соф’я Любанец, акрамя сваіх, прачытала і вершы класікаў — Валерыя Брусава і Сяргея Ясеніна.

Вучні СШ №4 г. Нясвіжа Ангелі-на Корсак і Мікіта Квачэнка ўзгадалі славутыя ўрыўкі з бессмяротнага “Евгения Онегина” Пушкіна — “Письмо Татьяны к Онегину” і адпаведна “Письмо Онегина к Татьяне”, а іх таварыш Слава Герасімаў — не менш знакамітае “Я помню чудное мгновенье”. Навучэнцы Нясвіж-скага каледжа імя Якуба Коласа Ангеліна Узварава і Мікалай Ляўковіч (фота 2) звярнуліся да цудоўных вершаў аб каханні Роберта Раждзественскага.

Фото 2

Нязмушаная, сяброўская атмасфера, непадробная шчырасць, вялізны спектр пачуццяў — ад трагічных да гумарыстычных, — што асабліва праявіліся ў відэа-ўрыўках з праекта Івана Урганта “Позірк знізу”, у якім аб каханні разважалі дзеці, зрабілі гэту літаратурную вечарыну сапраўдным святам паэзіі, святам слова, якое лечыць, адухаўляе і аднаўляе душу.

Яшчэ раз нагадваем, што такія сустрэчы сталі ў маладзёжным цэнтры ўжо традыцыйнымі, і на іх будуць рады ўсім гасцям незалежна ад узросту!

Лілія ІВАНЕНКА.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.