Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.47 |
Погода 8 °C

«Ці будзе вечнай вечнасць?..» Палёт неабсяжнасці Козела Андрэя

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 4

Пост опубликован: 07.03.2018

Сакавік. Трымціць рака. Адліга.

Зайчык сонечны скача

з крыгі на крыгу.

 

***

Чаму ты плачаш

так, бярозка?

Няўжо не бачыш,

што — вясна?!

 

***

Пад першай

красавіцкай залевай —



дзяўчына без парасона…

Неба здзіўляецца

тваёй смеласці;

усе глядзяць

табе ўслед;

а дождж — шле

свае апладысменты.

 

***

Кожны дзень

любіць жыццё,

кожны дзень ісці, змагацца —

можа быць, здабыць усё,

можа быць,

ні з чым застацца.

 

***

Прыйшоў у лес,

дзе доўга не быў:

лагодна ківаюць

верхавіны дрэў.

 

***

Іду зімой,

марозным ранкам, —

рыпіць аб нечым снег.

 

***

Які няўдалы дзень!

Стаю падпёршы плот:

са мною побач цень —

нябёсаў закалот.

 

***

Стаіць святар і лечыць

прамовамі імшы

замглёны горам плечы,

разваліны душы.

 

***

Сустрэў сяброў старых

дзяцінства:

і ледзь не захлынуўся

ад успамінаў.

 

***

З адлігаю ранняю

самотна

стаяў разгублена і  слухаў

цвірчанне-спевы раўчукоў.

 

***

Час ідзе. Не будзе спыну.

Ты прыпынку не чакай:

сёння — люты,  заўтра — май

будзе гнаць і біць у спіну.

 

***

Ішоў я слатою,

пакідаючы след,

ды чамусьці думка мяне

ўсё даймала,

пра тое, наколькі

вялікі наш свет

і яшчэ пра тое,

як месца ў ім мала.

 

***

Снегапад.

Зіма разбег свой пачынае.

Вочы хат

пазасціланыя адчаем.

Сумны лад:

ніхто нічога не чакае…

Неяк так:

за кавай — ты,

а я — за чаем.

 

***

Так, вось гэтак менавіта:

яблык з’еўшы сакавіты,

крочу сцежкаю забытай

і лічу несамавіта

у нябёсах зоры-міты.

 

***

Бывае, ад болю

так сцягне нутро,

што вельмі карціць

пачуць мне адказ:

няўжо сапраўды гэта Час

выбраў нас?

Ці гэта мы самі

абралі яго?

***

Зімовы ранак:

снег блішчыць,

рукі ліжа мароз.

***

Наваколле.

Навальніца дзе-нідзе.

На ялінах ад дажджу

навіслі кроплі,

як на носе у дзяцінстве,

часам, соплі.

Неўзначай

вясна з вясёлкаю брыдзе.

 

***

Цябе чакаюць міражы,

чароўных мрой

наканаванне,

ля невядомае мяжы

доўгачаканае спатканне.

***

Хтось паклікаў мяне?

Вочы ў неба — 

дождж.

***

Забыцца на радасць

хапіла хвіліны.

Каб гора забыць —

не хопіць жыцця.

 

***

Хацеў разбіцца,

бы аскепак:

ды адчуваю —

не адзін. 

 

***

Віруе лісце

на асфальце:

танцуе восень

карагод.

 

***

Хоча дзяліцца

сваім хараством

першая маланка

вясною.

 

***

Я ехаў сярод людзей,

глядзеў у акно;

марыў, усміхаўся:

прыгадваў былое…             

Слёзы цяклі з маіх вачэй.

 

***

Не хочацца быць

адным з нейкіх многіх —          

хоць кімсьці для многіх

хацелася б стаць!                             

 

***

Рыжае сонца

цягне цень:

дае дарогу ночы.

 

***

Дым, падобны да туману,      

сцелецца над вёскай — 

кастрычнік.

 

***

Лімузін пад’ехаў

да рэстарана;

хлопец-жабрак

за рогам лічыць дробязь.

 

***

Прагна хапаю

кавалкі пачатку:

можа, будзе што                   

глынуць у канцы?

 

***

Як быццам

хоча надыхацца

апошнім паветрам 

у адзіноце дзед

на зэдліку

познім адвячоркам.

 

***

Два клёны пры полі

шэпчуць лістотай:

абдумваюць, што бачылі

за жыццё?

 

***

Амаль зраўняўся ходнік

з асфальтам:

няўжо настолькі стаў стары?

 

***

Вышэйшае за агароджу

стала дрэва:

таксама хоча

бачыць свет.

 

***

Няма куды дзецца:

шукае прытулку

апалы восеньскі ліст.

 

***

Як найлепшы гмах,             

узнеслася царква:

вышэй за ўсіх

і назаўсёды.

***

«Не хвалюйся,

усё атрымаецца», — 

подхопліваю дачку,

якая вучыцца хадзіць.                        

***

Жнівень. На пероне

вецер дзьме,

як быццам у полі.

Людзі, пэўна,

дзьмухаўцы.

 

***

Калі з іншага боку

глядзець на праблему —

часам ты бачыш —

праблемы няма.

 

***

Чалавек і хацеў бы

быць чалавекам.

Але свет наш — натоўп.

Што ёсць натоўп —

сам разумееш…

 

***

Вецер капошыцца ў лістоце;

сабака рыецца ў зямлі;

вясна праворвае палеткі;

паэт капаецца ў душы…

 

***

Раней маўчалі,

хто павінен гаварыць;

зараз змоўклі —

хто павінен крычаць.

 

***

Стаю задуменна

ў альтанцы,

знянацку заспеты

першай залевай траўня,

па даху азбукай Морзэ

расказвае нешта дождж.

 

***

Іду з грыбоў

шчаслівы і мокры.

З-за хмаркі

смяецца вясёлка.

 

***

Цяжкім, хворым,

неспакойным сном

правальваюся ў прадонне.

 

***

Перайначвае ўбранне,

моду — кілімы сцеле восень:

лістапад.

 

***

Хапаю ў абдоймы

ўспаміны,

тулю да сябе і сціскаю:

набраклымі кроплямі часу

мінулага думкі сцякаюць.

 

***

Іду па дарозе

без грошай у кішэні:

і неяк лёгка,

спакойна ў душы.

 

***

Летні вечаровы вецер

амаль не чутны:

уздыхае —

што не паспеў за дзень…

 

***

Нішто не вечна:

каханне, рэчы, людзі,

час, жыццё…

Ці будзе вечнай

вечнасць?

***

Разбітай кропляю дажджу,

аб асфальт ці аб жалеза,

адзін даўно ў траве ляжу,

лаўлю чароўны водар бэзу.

 

***

Абрабавала восень клёны,

што падняліся на гару.

І толькі вецер як шалёны,

абдымае галізну.

 

***

Не маючы большасці —

можна мець Большае;

не маючы Большага,

мушу мець Лепшае.

 

***

Ні дня не праходзіць

без адкрыцця.

Здзіўляцца ўсяму,

як тое дзіця.

Хваляю біцца аб рыфы жыцця

да забыцця…

                     забыцця…

                                  забыцця…

 

***

Тут запрыкмеціў

я на днях —

прайшоўшы зноў той самы шлях

па супярэчлівых слядах —

няпраўды колькі на вушах!

Жах! Жах! Жах!

 

***

Днём хацелася заснуць.    

Лёг. Задумаўся пра жыццё —  

знік сон:                         

жыццё цікавей?

 

***

Сябра ў войску:

ў самоце

іду па праспекце.

 

***

«І адкуль ты тут узяўся?!» —

З цікаўнасцю слухае сабака

першы клёкат бусла-суседа

на заімшалым дрэве.

 

***

Зняволены стары сабака

не брэша

толькі на таго,

хто яго зняволіў.

 

***

Кожны жарт

мае частку праўды.

Можа, праўда —

частка хлусні?..

 

***

Чалавек пайшоў

сваёй дарогай.

З ім мы скончылі размову.

Ці ўсё яму я змог сказаць?

Ці даскажу яшчэ?

Паспею?

 

***

На месцы луга

з’явілася дарога:

у адчаі трава

расце праз асфальт.

 

***

Ніхто не ведае,

дзе гэты выхад.

А можа, не хочуць ведаць

зусім?

Заплюшчваю вочы —

іду, як усе.

***

Сказаў добрыя словы

свайму суразмоўцу —

і неяк самому

стала святлей.

 

***

Гляджу ў вочы

колішніх сяброў:

рэжуць успаміны

бесклапотнага

дзяцінства.

 

***

Снег. Сакавік.

Маразы. Завірухі.

Нехта Галоўны

згубіў каляндар.

 

***

Сярод старых

маленства рэчаў

адшукаў стары

свой ровар.

Ён здаецца нейкім іншым?

А можа, я

ужо другі?..  

 

***

На дарозе,дзе калісьці

крочыў на ручай з сябрамі,

жыта буйна каласіцца!

Знікла сцежка

ў дзяцінства.                           

 

***

Павярнуўшыся спінаю,

падаю ніцма

на першы зімовы пласт…

Ці вытрымаеш, снег?

 

***

Пра што ты думаеш,

калі падаеш у бездань,

кропля дажджу?

 

***

«Добра. Я зноў

з табой сябрую!» —

Як жа проста ўсё

ў дзяцей!

 

***

Спрабую хлебны

водар лёгкі:

камбайн зжынае каласкі.

 

***

Месяц-лунатык

месячнай ноччу

лунае месячнай  хадой

з кута ў кут.

 

***

І сонца ззяе

ззяннем здані.

трымціць касец

касою ўранні.

 

***

Будаўніцтва:

выкарчоўваюць дрэвы;

над гнёздамі — птушкі;

плача дождж…

 

***

Верабей спрабуе

дужацца з варонай:

у кожнага свая вайна.

 

***

Там усё ж такі лепш?

Вераб’і з дрэва

зляцелі на дах.

***

Стаю на другім

канцы дарогі.

Падміргнуў зялёны:

«Ідзі!»

 

***

…Але выжыў той,

хто спадзяваўся на сябе

і верыў у заўтра.

 

***

Як жа лёгка запомніць

памылкі чужыя,

так жа цяжка

ўзгадаць пра свае.

 

***

Ранак.

Аўтобус мінае дамы:

з акна у акно

скача сонца.

 

***

Нагрувашчаны

цяжарам думак,

іду невядомай дарогай,

дзе забуду сябе.

 

***

Цісну лічбы

твайго тэлефона.

Гудкі —

час прыдумаць прычыну

свайго званка.

 

***

Ён пакажа,

каму я вінен:

час.

 

***

Летні дзень.

Іду дадому.

Малююць

воблакі карціны.

 

***

О мясціны,

так сумна дарагія,

дзе  калісь мінаў

спіраль жыцця, кругі!

Раскажыце, чаму вы

ўжо другія?!

Падкажыце мне,

на колькі я другі?

 

***

Нібы рэгуліроўшчык:

мінак падказвае

дарогу мінаку.

 

***

Дайграў усё,

што было за дзень.

Засталася

адзіная нота —

адзі-

            нота.

 

***

На досвітку прачнуўся.

Рана.

І разумею: рана бегчы,

смяяцца, плакаць,

жыць…

Глядзець у столь —

таксама рана.

Расплюшчыў вочы —

лічу дажджынкі крана.

 

***

Нарэшце прахалода.

Дзеці рукі далонямі

скіравалі ў неба:

раздае пазыкі дождж.

 

***

Было дрэва.

Застаўся пень.

А грыбы ўсё роўна

растуць ля яго:

верныя сябры.

 

***

Доўга цісну руку

знаёмаму,

якога даўно не бачыў,

не ведаючы,

што сказаць, —

няўмольны час.

 

***

Святло маленькай

перамогі —

дае надзею

на жыццё.

 

***

Сапраўдны кошт

таго, што ёсць,

відаць здалёк:

калі ўжо гэта страціў.

 

Андрэй КОЗЕЛ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!