Меню
Курс $  3.26 | €  3.55 | ₽100  3.53 |
Погода 6 °C

Гісторыка-краязнаўчы дыліжанс “Нясвіж. Кола гісторыі” прывёз несвіжан у прыфрантавы Нясвіж часоў Першай сусветнай вайны

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у цэнтральнай раённай бібліятэцы ўзяў старт гісторыка-краязнаўчы дыліжанс “Нясвіж. Кола гісторыі”, “пасажырамі” якога сталі не толькі самі несвіжане — аматары гісторыі, — але і нашы сябры з Польшчы, удзельнікі грамадскага аб’яднання “Несвіжане” ў Рэспубліцы Польшча Вікторыя Жукевіч-Дзівота, Марыся Слізень, Юзэфа Лучак і Лукаш Лучак.



Мерапрыемства адбылося ў асаблівы час — у гэтым гэтым годзе, аб’яўленым Прэзідэнтам нашай краіны Годам малой Радзімы, адзначаюцца даты, важныя і для несвіжан, і для палякаў: 20-годдзе Дома польскага «Рэдута» ў Нясвіжы, 25-годдзе аб’яднання “Несвіжане” і 100-годдзе Незалежнасці Польшчы.

 

Ад імя раённай улады прысутных прывітаў старшыня Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта Генадзь Салавей. У сваёй прамове ён адзначыў, што Нясвіж заўсёды вызначаўся цеснай сувяззю гісторыі і сучаснасці і выказаў удзячнасць польскім сябрам за ўшанаванне памяці аб сваіх гістарычных каранях, за ўклад у пашырэнне ведаў аб мінулым Нясвіжа і яго ваколіц.

І сапраўды, гісторыка-краязнаўчы дыліжанс “Нясвіж. Калясо гісторыі” перанёс прысутных у тыя часы і падзеі, якія, напэўна, былі яшчэ невядомыя многім з іх. Так, у яскравым аповедзе супрацоўніка Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Андрэя Блінца паўстала карціна падзей, якія адбываліся ў прыфрантавым Нясвіжы ў 1915 — 1918 гадах. Ён расказаў аб першых паветраных баях у ваколіцах Нясвіжа, аб дэпартацыі жыхароў Нясвіжа — падданых Аўстрыі і Германіі — у глыб Расійскай імперыі, аб стварэнні ваеннага лазарэта ў радзівілаўскім палацы, да якога спрычынілася ўся тагачасная нясвіжкая грамадскасць, і многім іншым, што дапамагло прысутным лепш уявіць сабе жыццё несвіжан у гады Першай сусветнай вайны. Пані Вікторыя Жукевіч-Дзівота, сябра ГА «Несвіжане» ў Рэспубліцы Польшча, пры дапамозе перакладчыцы, супрацоўніцы цэнтральнай раённай бібліятэкі Зоі Сілковай, паведаміла шмат цікавага аб першым кіраўніку адноўленай польскай дзяржавы Юзафе Пілсудскім і яго знаходжанні ў Нясвіжы. У гэтым аповедзе, некаторую інфармацыю з якога асабіста пані Вікторыі дала сакратар Пілсудскага, паэтэса Казіміра Ілакувічуўна, маршал Пілсудскі паўстаў як рэальны чалавек з усімі ўласцівымі чалавеку асаблівасцямі і слабасцямі. Так, напэўна, мала хто ведае, што Пілсудскі стаў бацькам толькі ў 50 гадоў і з асаблівай мудрасцю сталага ўзросту трапятліва любіў сваіх дваіх дачок, а да сваёй маці ставіўся з такой надзвычайнай пашанай і ўдзячнасцю за тое, якім яна яго выхавала, што нават запавядаў пасля сваёй смерці пахаваць яго сэрца побач з маці. Гэта і было зроблена 12 мая 1936 года на вільнюскіх могілках.

Пані Вікторыя таксама паднесла ў дар цэнтральнай раённай бібліятэцы ў асобе яе дырэктара Людмілы Вітко кнігу “Ніхто не нарадзіўся без Радзімы”, а Людміла Іванаўна, у сваю чаргу, уручыла польскім сябрам збор матэрыялаў, выдадзеных па выніках навукова-практычнай канферэнцыі “Лёсам з Нясвіжчынай. 1-я палова ХХ стагоддзя”, якая адбылася ў мінулым годзе.

У рамках знаходжання ў Нясвіжы прадстаўнікоў ГА «Несвіжане» ў Рэспубліцы Польшча адбылася таксама іх асабістая сустрэча са старшынёй Нясвіжскага райвыканкама Генадзем Салаўём і паэтычная вечарына “Паэт — паэту”, дзе чыталі свае вершы Вікторыя Жукевіч-Дзівота і несвіжанін Уладзімір Жылко, які, дарэчы, зрабіў некалькі выдатных перакладаў вершаў гэтай аўтаркі на беларускую і рускую мовы, за што яна была яму вельмі ўдзячна.

Завяршылася знаходжанне гасцей з Польшчы цёплай нефармальнай сустрэчай у Доме польскім “Рэдута”, дзе госці і прадстаўнікі нясвіжскай грамадскасці, у асноўным, удзельнікі раённай арганізацыі ГА “Саюз палякаў на Беларусі”, пагутарылі і абмеркавалі планы далейшага супрацоўніцтва. У рамках гэтай сустрэчы прайшло таксама тэсціраванне на веданне польскай мовы. У ім змаглі паўдзельнічаць юныя несвіжане, якім, у перспектыве, і належыць працягваць традыцыі сяброўства з краінай-суседкай.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фота Дзмітрыя Яшчанкі і аўтара тэксту.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!