Лукашэнка правёў сустрэчу з творчай моладдзю

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры правёў сустрэчу з творчай моладдзю.

У сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам прынялі ўдзел амаль 270 чалавек. У іх ліку студэнты рэспубліканскіх і рэгіянальных устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, прадстаўнікі вядучых творчых калектываў і маладыя творчыя работнікі. Сярод удзельнікаў мерапрыемства – лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, пераможцы абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў, удзельнікі творчых праектаў, рэспубліканскіх маладзёжных акцый.

На сустрэчу з кіраўніком дзяржавы таксама запрошаны педагогі, якія дабіліся выдатных вынікаў у рабоце з моладдзю.

У тэатры разгарнулася выстаўка-прэзентацыя работ і дасягненняў таленавітай моладзі. Выстаўка была прадстаўлена на трох інфармацыйных стэндах (“Падрыхтоўка кадраў у сферы культуры”, “Дзейнасць спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі”, “Дзейнасць фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва”) і ў чатырох тэматычных павільёнах. Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў дасягненні творчай моладзі, з якімі азнаёміўся на выстаўцы-прэзентацыі.

Лукашэнка адзначае высокую і адказную ролю прадстаўнікоў творчых прафесій у жыцці краіны

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з творчай моладдзю.

“Усё, што звязана з мастацтвам, заўсёды суб’ектыўна, а творчыя людзі чуллівыя і ранімыя. Таму часцей назіраю за вамі збоку і не спяшаюся даваць ацэнку. Але гэта не значыць, што не чакаю ад прадстаўнікоў творчых прафесій высокіх вынікаў. Ваша роля ў жыцці краіны высокая і адказная. Можа, нават больш, чым вы самі гэта ўсведамляеце”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта, сённяшняе мерапрыемства – унікальная падзея, паколькі з маладымі творчымі людзьмі, асабліва ў фармаце адкрытай размовы, яму ўдаецца бачыцца нячаста. “І з боку можа паказацца, што культуры, у сувязі з гэтым і мастацтву дзяржава ўдзяляе менш увагі, чым іншым сферам дзейнасці. Адразу скажу, гэта не так. Зроблена для вас многае, а што датычыцца таго, каб чалавек мог тварыць, – для вас зроблена ўсё”, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў моладзі ёсць, дзе праявіць сябе і прадэманстраваць свае здольнасці, створаны прэзідэнцкія фонды для падтрымкі самых адораных і таленавітых. “Астатняе – у вашых руках”, – заўважыў ён.

“Сустрэчы з моладдзю для мяне вельмі каштоўныя. Яны даюць магчымасць убачыць будучае нашай дзяржавы. Вам яго ствараць, удасканальваць і ахоўваць. Вашымі памкненнямі, марамі і, упэўнены, добрымі справамі Беларусь будзе жыць заўтра, – заявіў Прэзідэнт. – Дзе б вы ні праявілі сябе – у літаратуры, акадэмічным мастацтве, кіно, на тэлебачанні, эстрадзе, у танцы – вы будзеце дарыць людзям настрой, эмацыянальна ўзбагачаць іх і, галоўнае, фарміраваць духоўны каркас нацыі”.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што гэта дастойны і адказны шлях – весці свет за сабой, узвышаючы душы і выхоўваючы ў людзях пачуццё прыгожага. “Важна не звярнуць на дарогу лёгкай славы і бяздумнага пераймання”, – перасцярог Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка моладзі: поспех – гэта не толькі лаўры і авацыі, але і вялікая сацыяльная адказнасць

Такое меркаванне выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з творчай моладдзю.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, ствараючы новую дзяржаву, у Беларусі стараліся захаваць лепшую культурную спадчыну эпохі, каб дзяцей выхаваць на прыгожых прыкладах сапраўднага мастацтва. “Каб, выбіраючы творчую прафесію, яны разумелі: поспех – гэта не толькі лаўры, авацыі, папулярнасць, але і вялікая сацыяльная адказнасць. А сёння менавіта ад таго, як складзецца ваш творчы лёс, залежыць будучае краіны”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка патрабуе ад дзяржструктур не заставацца ўбаку ад раскруткі маладых талентаў

Такое патрабаванне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка агучыў на сустрэчы з творчай моладдзю.

“Разумею, што ў мастацтве і шоу-бізнесе настаў час менеджараў і прадзюсараў, якія запальваюць зоркі. Але дзяржаўныя структуры таксама не павінны заставацца ўбаку. Міністэрствам культуры, інфармацыі і адукацыі, а таксама тэлебачанню, радыё, друкаваным выданням трэба яшчэ актыўней далучацца да пошуку і раскруткі маладых талентаў”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прывёў у прыклад песенны конкурс “Еўрабачанне”, пра які ў Беларусі шмат гавораць. “Гэта, вядома, папулярнае, прыгожае тэлешоу, і прадставіць Беларусь дастойна на ім важна. У нас жа ператварылі яго ў падзею стагоддзя, а тым часам нашы артысты оперы і балета, музыканты-віртуозы, народныя калектывы выступаюць на лепшых сусветных сцэнах. Замежная публіка іх ведае і цэніць. Але якія імёны шырока вядомы ў нашай краіне? І што мы зрабілі для гэтага?” – спытаў кіраўнік дзяржавы.

А ў Беларусі ж любяць класічнае мастацтва, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Праводзімыя ў краіне міжнародныя тэатральныя форумы, фестывалі зорак сусветнай оперы, балета, джазавыя канцэрты праходзяць з аншлагамі.

Асабліва важна, лічыць Прэзідэнт, пераламаць сітуацыю, звязаную з раскруткай маладых беларускіх талентаў, у Год малой радзімы.

“Адораныя людзі павінны быць вядомы і запатрабаваны перш за ўсё на сваёй зямлі.

І калі самі пра сябе не паклапоцімся, ніхто іншы гэтага не зробіць. Жадаючых пакрытыкаваць нас дастаткова і за межамі краіны. Пакінем ім гэту забаву. Сябе пачнём больш паважаць, сваіх – цаніць”, – заклікаў кіраўнік дзяржавы.

Прыкладам павінны стаць культура і мастацтва. Тым больш беларусам ёсць чым ганарыцца, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. “І дня не хопіць, калі станем успамінаць усіх геніяльных людзей, якіх падарыла свету Беларусь. Славу многіх з іх дзеляць з намі еўрапейскія і заакіянскія краіны. Але галоўнае, што вытокі майстэрства гэтых вялікіх асоб тут. Гэта яна – наша родная зямля – натхняе і дае сілы”, – заявіў Прэзідэнт.

“Так, нашы ззяюць за мяжой, і мы, быццам бы, не ўсіх іх ведаем. Але трэба разумець, што, калі б яны не загарэліся тут, яны там не заззялі б і не ззялі. Таму не трэба забываць вось гэту сувязь, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. – Не дрэнна, што яны там ззяюць, дрэнна, што мы пра іх даведваемся адтуль, а не тут спачатку”.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускія артысты павінны быць вядомы і за мяжой. “Гэта твар нашай краіны, нашай Радзімы, нашай Беларусі. Ён павінен быць прыгожым. А прыгожым яго можаце зрабіць толькі вы”, – сказаў ён.

Лукашэнка патрабуе ўдасканаліць сістэму выяўлення маладых талентаў у Беларусі

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што дзяржава здольна прадаставіць адораным маладым людзям, напрыклад, дарагія музычныя інструменты.

“Важна вызначыць здольных, таленавітых людзей, якім трэба дапамагчы”, – падкрэсліў Прэзідэнт.

Такая сістэма адбору ў мастацтве, спорце – самае складанае, дадаў ён. Прэзідэнт прызнаўся, што балее гэтай тэмай і запатрабаваў прымаць усе меры, каб не выпускаць з-пад увагі таленавітых маладых людзей і забяспечваць усім неабходным. “Гэта галоўнае”, – перакананы ён. Такі першапачатковы штуршок патрэбны, каб чалавек паверыў у сябе і змог далей ісці па жыцці, рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі ёсць усе інструменты для падтрымкі, у тым ліку фонды, куды дзяржава не шкадуе грошай.

Лукашэнка: дзякуючы моладзі Беларусь павінна перастаць быць у сучаснай культуры terra incognita

“Я веру, што дзякуючы вашым пошукам і поспехам Беларусь перастане быць у сучаснай культуры terra incognita. Для гэтага трэба імкнуцца дарыць сваё мастацтва ўсяму свету, бо яно існуе па-за геаграфічнымі і палітычнымі межамі, яно інтэрнацыянальнае”, – сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што перад маладымі талентамі адкрываецца шмат магчымасцей, і ў краіне толькі рады, калі прадстаўнікі беларускай творчай эліты знаходзяць прызнанне ў тым ліку і за мяжой. “Але вельмі сумна, калі разумееш, што нашым сучаснікам, каб праславіцца на Радзіме, трэба спачатку заявіць аб сваім поспеху за яе межамі. Чаму ж мы не ацэньваем па заслугах іх майстэрства да таго, як гэта зробіць замежная публіка? Гэта наша вялікая праблема. Карані яе, зноў падкрэслю, у набытым у 90-я гады памылковым пачуцці ўласнай непаўнацэннасці. Ёсць такая рыса ў нашага народа”, – канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, менавіта такая пазіцыя кіруе тымі, хто да гэтага часу спрабуе сцвярджаць, што ўсё лепшае дзесьці там, за межамі нашых граніц. А побач яго не хочуць бачыць.

“У Беларусі ж створаны ўмовы для старту таленавітай моладзі. Захаваны школы прафесійнага майстэрства, у якіх паспяхова выкладаюць знакамітыя педагогі. Праводзяцца конкурсы і фестывалі.

Штосьці, магчыма, і ўпусцілі. Хочацца зразумець, у чым мы з дзяржаўнай пазіцыі не дапрацавалі. Ці ўсё ж нешта не так з нашым самаўспрыманнем, паважаннем сябе як нацыі?” – задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што беларусы часта становяцца пераможцамі міжнародных фестываляў, у краіне праводзіцца і шмат нацыянальных конкурсаў, у іх ліку тэлепраекты “Я спяваю”, “Акадэмія талентаў”, “Талент краіны”.

“Але як толькі тэлевізар выключылі, дзе гэтыя таленты? Чаму іх не відаць цяпер? Чаму яны не гараць, як зоркі? Яны, калі і зоркі, толькі ў сваім успрыманні: самі сябе называюць зоркамі і ўсё, – лічыць кіраўнік дзяржавы. – Толькі адзінкі далей атрымліваюць развіццё. У чым справа?”

Лукашэнка: трэба ўзняць статус гарадоў і вёсак, дзе нарадзіліся вядомыя дзеячы мастацтва Беларусі

“Трэба ўзнімаць нацыянальны здабытак, успамінаць тыя вялікія імёны. Галоўнае – успомніць аб сваім здабытку не толькі на словах, але і на справе”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што важна ўзняць статус гарадоў і вёсак, дзе нарадзіліся вядомыя беларусы, прыцягнуць туды замежных паклоннікаў высокага мастацтва, паказаць ім вытокі вялікіх твораў, якія сталі сусветнымі, і падарыць людзям свята.

“Ад міністэрстваў культуры, інфармацыі, адукацыі, а таксама сродкаў масавай інфармацыі я чакаю канкрэтных праграм дзеянняў, якія паставяць кропку ў гэтай тэме, і больш не трэба будзе тлумачыць, як гэта важна для нас жа саміх – любіць свой народ і сваю краіну. Як гаворыцца, шчаслівы той, хто знайшоў скарбы ў сабе”, – рэзюмаваў Прэзідэнт.

Лукашэнка расказаў, як праводзіць свой водпуск

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў яго не бывае выхадных, часткова і таму, што не мае намесніка. “Я нават калі і адлучаюся на тыдзень, максімум на дзесяць дзён у так званы водпуск, на водпуск цэлая праграма. Дваццаць мерапрыемстваў, і ты думаеш: гэта водпуск або не. А гэтыя пытанні я павінен вырашыць і магу вырашыць толькі ў гэты перыяд”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прывёў у прыклад сваю паездку ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. “Я не люблю гарачае надвор’е, гэта не маё. Паўтара дня – і ўсё, потым мяне дадому цягне, – прызнаўся кіраўнік дзяржавы. – Таму ў мяне там пэўныя сустрэчы, звязаныя перш за ўсё з эканомікай, размяшчэннем нейкіх заказаў, знаёмствам з людзьмі, якія потым прыедуць, нешта адкрыюць”.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, з прадстаўнікамі кампаніі Stadler, якая некалькі гадоў таму пачала вырабляць у Беларусі вагоны для чыгуначнага транспарту, ён пазнаёміўся ў час рабочага візіту ў Швейцарыю, які быў сумешчаны з кароткатэрміновым адпачынкам. “Раз пагаварылі, другі. Яны прыехалі і адкрылі вытворчасць. Яны ўжо гатовы інвесціраваць у новую вытворчасць”, – звярнуў увагу Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што аддушынай для яго стаў спорт. “Я вам раю: займайцеся спортам. І вы будзеце нармальна выглядаць. Гэта немалаважна для любога чалавека, а для маладога тым больш”, – падкрэсліў ён.

Лукашэнка расказаў аб сваіх любімых відах мастацтва

Паводле слоў Прэзідэнта, з вялікай колькасці відаў мастацтваў яму бліжэй за ўсё кіно і музыка. “Больш за ўсё люблю кіно”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, ён адзначыў, што ў студэнцкія гады займаўся фатаграфіяй. “Суткамі праседжваў у фоталабараторыі. Таму крыху ў гэтым разумею”, – расказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка не выключае стварэння ў Беларусі міністэрства лічбавай эканомікі

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што прапановы аб стварэнні міністэрства лічбавай эканомікі яму паступаюць. “Хутчэй за ўсё, я такое рашэнне падтрымаю”, – адзначыў ён.

Распрацоўку дэкрэта аб лічбавай эканоміцы Прэзідэнт назваў прыкладам творчага падыходу ў сваёй рабоце. Беларусь стала першай краінай, якая рызыкнула і прыняла сур’ёзнае рашэнне па развіцці ІТ-тэхналогій, лічбавай эканомікі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што праз кароткі час становіцца зразумела – трапілі ў кропку, за гэтым будучае.

“Такі элемент творчай рызыкі ў палітыка павінен прысутнічаць заўсёды”, – лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: нагрузка ў школах не павінна быць роўная студэнцкай

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на праблеме празмернай нагрузкі школьнікаў. “Не трэба перагружаць дзяцей, не трэба іх рабіць у школе студэнтамі”, – сказаў ён. На думку кіраўніка дзяржавы, у школах трэба выкладаць тое, што застанецца ў галаве пасля ўступлення ў дарослае самастойнае жыццё.

Вучні старшых класаў праводзяць у школе па 6-7 гадзін, некалькі гадзін ідзе на падрыхтоўку дамашняга задання. На спорт і хобі ў сучасных дзяцей часта не застаецца часу, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Праблемы ёсць і ў ВНУ, дзе цяпер скарачаюцца тэрміны падрыхтоўкі па шэрагу спецыяльнасцей. На думку Аляксандра Лукашэнкі, якасць вузаўскай адукацыі неабходна павышаць. “ВНУ павінна быць прыступкай да практычнай дзейнасці”, – падкрэсліў Прэзідэнт.

Лукашэнка: спакойна стаўлюся да таго, што Беларусь на “Еўрабачанні” будзе прадстаўляць украінец

“Я ў гэтым ніякага страху не бачу, асабліва калі гэта рускі чалавек ці ўкраінец, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Гэта ж не забаронена? Не. За Беларусь можа выступаць украінец, рускі чалавек, і мы за кагосьці можам выступаць. Такое практыкуецца ў іншых краінах”.

“Ведаеце, я інтэрнацыяналіст і патрыёт не меншы, чым вы, маладыя людзі. Тое, што Беларусь будзе прадстаўляць украінец, нават бачу ў гэтым некаторую выгаду для нашай дзяржавы, асабліва для вас, вашага “цэха” – вось ён прыйшоў і ўсіх вас здзівіў, – прадоўжыў ён. – Давайце згодзімся, што гэта таленавіты хлопец, ён аб’ектыўна перамог. Фармат “Еўрабачання”? Абсалютна. Яшчэ плюс – ён раскручаны, як гэта модна гаварыць, ён вядомы ў Расіі, у той жа Украіне. Я вельмі спадзяюся, што гэтыя краіны нам могуць даць па 12 балаў. Што ў гэтым дрэннага? Нічога дрэннага не бачу”.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: яго больш за ўсё ўсхвалявала, што некаторыя вельмі актыўна запрацівіліся кандыдатуры гэтага прэтэндэнта. У сувязі з гэтым Прэзідэнт заўважыў, што гэта спаборніцтва, гэта канкурэнцыя. “Калі б былі нашы на такім жа ўзроўні – мы былі б рады”, – дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што шмат гадоў таму падтрымаў ідэю прадстаўляць Беларусь на “Еўрабачанні”. “Я тады сказаў: трэба ездзіць, можа, мы не заваюем там месца, але трэба, каб свет нас убачыў. Еўрапейцы, увесь свет глядзіць. І калі там беларусы, Беларусь, то гэта таксама маленькае зярнятка на нашу карысць”, – адзначыў Прэзідэнт.

Ён лічыць, што нават калі артыст не займае прызавое месца, то гэта для яго добрая магчымасць заявіць аб сабе. “Дарэчы, гэты хлопец і грошай не прасіў, але, дзе трэба, мы плячо падставім, ён жа едзе ад нас выступаць”, – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Разам з гэтым важна, каб прадстаўнік ад Беларусі, хто б гэта ні быў, не проста выступіў на “Еўрабачанні”, а ўсё ж прывёз конкурс у краіну, выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка лічыць пачуццё справядлівасці ўніверсальнай якасцю паспяховага чалавека

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, каб дабіцца поспеху ў сваёй справе, неабходна пакласці ў аснову высакародную мэту. Ён успомніў, што, калі быў выбраны на прэзідэнцкую пасаду, вельмі хацеў змяніць сітуацыю, у якой знаходзілася краіна. “Мая першая прэзідэнцкая праграма заключалася ў тым, каб адвесці народ ад прорвы, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Мне хацелася змяніць жыццё і пабудаваць яго на прынцыпах справядлівасці”.

“Для мяне галоўны прынцып у жыцці – гэта справядлівасць”, – дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка назваў і іншыя якасці, якія трэба мець паспяховаму чалавеку. Гэта талент, які, на думку кіраўніка дзяржавы, з’яўляецца важнейшым крытэрыем. А яшчэ гатоўнасць шмат працаваць для таго, каб рэалізаваць свае здольнасці.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.