Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 13 °C

Справаздача ўрада аб сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 сакавіка заслухаў справаздачу ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб выніках работы эканомікі краіны за 2017 год і задачах па забеспячэнні ўстойлівага эканамічнага росту. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці краіны ў мінулым годзе, былі ўнесены прапановы адносна дадатковых мер для забеспячэння ўстойлівага эканамічнага росту і выхаду на заданні пяцігодкі.



Асаблівая ўвага была ўдзелена мерам, што прымаюцца па забеспячэнні занятасці, павышэнні аплаты працы і пенсій, тэме зніжэння інфляцыі, абмеркаваны перспектывы нарошчвання ў 2018 годзе золатавалютных рэзерваў Беларусі і скарачэння валавога знешняга доўгу, удзел банкаўскай сістэмы ў развіцці эканомікі краіны.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, старшыні аблвыканкамаў, гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, кіраўніцтва вядучых прадпрыемстваў і сістэмаўтваральных банкаў.

«Каб своечасова скаардынаваць дзеянні» — Лукашэнка абмяркоўвае з урадам эканамічнае развіццё Беларусі

«З моманту нашай мінулай сустрэчы ў такім фармаце прайшло пяць гадоў ужо. Як і мінулы раз, яна праходзіць у сярэдзіне пяцігодкі, каб своечасова скаардынаваць дзеянні, а магчыма, дзесьці і скарэкціраваць задачы», — сказаў кіраўнік дзяржавы, адкрываючы мерапрыемства.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што статыстыка вынікаў 2017 года вядома і кожны з удзельнікаў мерапрыемства, напэўна, гатовы бойка далажыць аб поспехах у сваёй сферы. «Ва ўрадзе шмат размоў аб пазітыўных зрухах. Аднак галоўная мэта цяперашняга мерапрыемства не ў тым, каб задавольвацца дасягнутымі паказчыкамі. Сёння мы павінны разабрацца з тым, што хаваецца за сярэднімі лічбамі, і даць ацэнку якаснаму боку гэтых поспехаў», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як выконваюцца яго даручэнні па рэальным павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва, якія перспектывы і што ёсць у арсенале ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама для забеспячэння ўстойлівага эканамічнага росту Беларусі з тэмпамі абавязкова вышэйшымі за сярэднесусветныя.

«Хачу зразумець: з’яўляюцца дасягнутыя вынікі пачаткам станоўчых тэндэнцый або гэта часовы ўсплёск? Што стаіць за вынікамі — цыклічнае ажыўленне, спрыяльныя знешнія ўмовы або мы выйшлі на якасна новы рост?» — спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што, на думку некаторых службовых асоб, цуда пакуль не адбылося — на паляпшэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне паўплывалі павялічаныя цэны на нафту і ажыўленне попыту ў Расіі.

«Сёння я менш за ўсё хацеў бы ўнікаць у розныя лічбы. Інфармацыя, якая мне паступае, сведчыць аб тым, што людзі паляпшэнняў пакуль не адчуваюць. Палавіна жыхароў краіны лічыць, што ў 2017 годзе сацыяльна-эканамічная сітуацыя прадоўжыла пагаршацца, каля 40 працэнтаў — змяненняў не заўважылі. Зразумела, што гэта сацыялагічнае апытанне, зразумела, што гэта залежыць ад настрояў, але сацыялагічныя апытанні супастаўныя, і мы параўноўваем іх. Пры гэтым члены ўрада, мясцовыя органы ўлады захапіліся іншым — паказчыкамі і іх дасягненнем. Лічба стала важнейшай за сутнасць. Такія падыходы — гэта рашэнні аднаго дня, і людзям ад гэтага лепш не стане», — адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што азнаёміўся са справаздачай урада аб выніках года і выкананні яго ключавых даручэнняў. Тэксту ў ім на некалькі пачак паперы, а ў канцы вывад — «прапануем зняць 85 даручэнняў з кантролю як выкананыя».

«Якое тут «зняць»? Андрэй Уладзіміравіч, вы вышэйшая службовая асоба, і праблемы хаваць не трэба, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да прэм’ер-міністра. — Мы сабраліся ў гэтым асяроддзі, каб гэтыя праблемы раскрыць для таго, каб вырашаць задачы, якія пастаўлены перад краінай. Калі ўрад праблем не бачыць, то паспрабуем іх вычленіць і канкрэтызаваць».

Лукашэнка занепакоены нераўнамерным развіццём рэгіёнаў Беларусі

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што за сем гадоў сусветны ВУП вырас на 25 працэнтаў, у той жа час рост ВУП Беларусі не дацягнуў нават да 6 працэнтаў. Пры гэтым Прэзідэнт перакананы, што прычыны, якімі ўрад тлумачыць такую сітуацыю — фінансавы крызіс, кан’юнктура, з’яўляюцца проста адгаворкамі.

«Калі мы расцём павольней, чым іншыя, значыць, мы адстаём. Адстаём ад свету ў развіцці, тэхналогіях і, вядома, узроўні жыцця людзей. Але як Прэзідэнта мяне хвалюе не толькі гэта. Нельга ігнараваць тыя працэсы ўнутры краіны, якія ўжо сталі ўстойлівымі. Я кажу пра міжрэгіянальнае расслаенне», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па даручэнні кіраўніка дзяржавы сацыяльна-эканамічная сітуацыя на месцах была дасканала вывучана. Вынікі, якія далажылі Прэзідэнту, упэўнілі яго ў неадкладным правядзенні сённяшняга мерапрыемства.

«Краіна, рэгіёны развіваюцца нераўнамерна. А дакладней, развіццё ёсць толькі ў Мінскай і з вялікай нацяжкай у Гродзенскай абласцей. Валавы рэгіянальны прадукт гэтых рэгіёнаў за мінулую пяцігодку і два гады бягучай вырас у Мінскай на 28 працэнтаў і ў Гродзенскай на 13 працэнтаў. Астатнія рэгіёны стагніруюць: за 7 гадоў Брэсцкая вобласць прыбавіла ўсяго каля 5 працэнтаў, Гомель — 3 працэнты, Віцебская — 2 працэнты, а валавы рэгіянальны прадукт Магілёўскай вобласці за 7 гадоў нават скараціўся», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што любая сур’ёзная дыферэнцыяцыя заўсёды прыводзіць да кропак расколу ў грамадстве і маштабных праблем у краіне.

«Таму ўраду і аблвыканкамам пастаўлена задача: жыццё нашых людзей павінна быць аднолькава камфортным у любым горадзе і раёне. Жаданне нармальна жыць і гадаваць дзяцей, магчымасць працаваць, з цікавасцю і з карысцю патраціць заробленае павінны быць у любым кутку нашай краіны», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аснова гэтага — перш за ўсё стварэнне новых прадпрыемстваў, — сказаў Прэзідэнт. «У гэтых мэтах наша небагатая дзяржава па крупінках збірае грошы і накіроўвае іх у інвестыцыйныя праекты. Таму прэм’ер-міністр сёння даложыць аб іх рэалізацыі, якія перспектывы і як яны паўплываюць на развіццё рэгіёнаў», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка крытыкуе ўрад за недастатковую работу па стварэнні высокапрадукцыйных рабочых месцаў

«Вельмі насцярожвае, што выкананне рашэнняў кіраўніка дзяржавы скажона. Маё патрабаванне заключаецца ў тым, каб ствараць высокапрадукцыйныя рабочыя месцы. Яны і ёсць аснова росту, на іх можна зарабляць добрыя грошы, а не проста выплачваць зарплату, як гэта было ў снежні, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Я не ўнікаў, як урад арганізаваў выкананне майго даручэння, але вынікі нікуды не вартыя».

Прэзідэнт канстатаваў, што высокапрадукцыйных рабочых месцаў — прыкладна 5 працэнтаў ад створаных. «А на ўзроўні райвыканкамаў, адміністрацый гарадоў, як мне далажылі, словы «высокапрадукцыйныя рабочыя месцы» нават і не чулі. Там бачаць задачу «галоўнае — трымаць і не звальняць». Не звальняць, гэта таксама важна, чалавек павінен мець месца работы», — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў канцы мінулага года правялі вялікі форум па бізнесу, прыняты пакет рашэнняў, у тым ліку стымулюючых занятасць. «Але ўжо праз два месяцы нейкія разумнікі ва ўрадзе пачынаюць дадумваць. Яны самі вырашылі, што калі чалавек у сябе займаецца нейкай прасцейшай формай самазанятасці, то паслугі ЖКГ яму трэба прад’яўляць по поўным кошце. Як вы разумееце, пайшлі скаргі наконт гэтага, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта наўмысны сабатаж рашэнняў Прэзідэнта або недастатковае разуменне?»

На думку кіраўніка дзяржавы, усё гэта не лепшым чынам характарызуе эфектыўнасць работы ўрада па эканамічнай праблематыцы.

Лукашэнка папярэдзіў урад аб недапушчальнасці перакладвання на бюджэт крэдытаў рэальнага сектара эканомікі

«На пэўныя станоўчыя вынікі, якія дасягнуты ў 2017 годзе, я гляджу, мякка кажучы, стрымана, таму што бачу іх рэальную цану, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — ВУП вырас, але не кампенсавана падзенне нават аднаго 2016 года. Яшчэ трэба карабкацца ўверх на 4 працэнты, каб выйсці хаця б на значэнні 2014 года».

Пры гэтым Прэзідэнт канстатаваў, што дзяржаўны доўг расце хутчэй, чым эканоміка. «Пагасілі $2,3 млрд, а ўзялі амаль $3,5 млрд», — заўважыў ён.

«Закрэдытаванасць рэальнага сектара расце. Барані вас бог нават думаць аб тым, каб перакласці гэта на бюджэт. А то я часта стаў чуць размовы аб «фіскальных рызыках». Калі гэта вы мяне плаўна рыхтуеце да таго, каб за кошт урачоў і настаўнікаў аплаціць безгаспадарчасць прадпрыемстваў, то лепш цяпер адкрыта скажыце аб гэтым і ідзіце дамоў адпачываць. Прадпрыемствы самі павінны зарабляць грошы і плаціць падаткі ў бюджэт», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: прадпрыемствы павінны забяспечваць чысты продаж валюты, а не выцягваць яе з краіны

Кіраўнік дзяржавы закрануў тэму інструментаў фінансавай і грашова-крэдытнай палітыкі. «Нацыянальны банк — гэта заканадаўца работы банкаўскай сістэмы. Больш таго, пры назначэнні кіраўніка Нацбанка Паўла Калаура былі дадзены надзвычайныя паўнамоцтвы. Дзейнічайце. Вы павінны ствараць такія ўмовы, якія спачатку вырашалі б праблемы эканамічнага росту і толькі потым рабілі банкаўскі бізнес прывабным. А пакуль у нас больш выгадна гандляваць грашыма, чым вырабляць прадукцыю. Гэта няправільна», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Вы бачыце, што не націскаю на вас па стаўках. Як толькі адчуеце, што можна апусціцца ніжэй за яе, дзейнічайце. Але галоўнае — перад гэтым вы павінны пераканаць усіх у тым, што падтрыманне нізкай інфляцыі з’яўляецца прыярытэтам эканамічнай палітыкі ў бягучым перыядзе і такім застанецца і ў будучым», — прадоўжыў Прэзідэнт.

Пры гэтым, як лічыць Аляксандр Лукашэнка, важна дабіцца гэтага не толькі на паперы, але і ў жыцці: «Ваша задача — каб рост цэн для насельніцтва перастаў быць праблемай нумар адзін. Пакуль інфляцыйныя чаканні насельніцтва высокія. Амаль 90 працэнтаў упэўнены, што тавары і паслугі будуць расці. Гэта ненармальна».

«Мне вельмі не падабаецца, што вы па-свойму інтэрпрэтавалі задачу па золатавалютных рэзервах, абмежаваўшыся шасцю мільярдамі долараў да канца 2018 года. Гэта не так. Магчыма, трэба і больш», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што рост золатавалютных рэзерваў — важная задача, забяспечыць вырашэнне якой трэба, але толькі не за кошт даўгавых грошай.

Лукашэнка запатрабаваў на працягу года перасягнуць узровень сярэдняй зарплаты ў памеры Br1 тыс.

«Я ведаю, што стаіць за гістарычна нізкім узроўнем інфляцыі і амаль тысячай рублёў у снежні. Вы ж літаральна выціснулі з прадпрыемстваў гэту сярэднюю тысячу ў канцы года. Але тры чвэрці насельніцтва практычна гэтай зарплаты не бачылі. У палавіны — ніжэйшая за шэсцьсот пяцьдзясят рублёў. А 10 працэнтаў насельніцтва краіны змаглі зарабіць не больш за трыста рублёў. Гэта жыхары ў раёнах, дзе альтэрнатывы ў плане працаўладкавання няма», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што пакуль не бачыў графіка росту зарплаты на 2018 год. «Паводле маёй інфармацыі, дасягненне і ўтрыманне ў 2018 годзе заработнай платы на ўзроўні тысячы рублёў не пацвярджае ніводная з абласцей. Гэта таксама сведчыць аб тым, што вы пакуль не здольны яе забяспечыць», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Ён заявіў губернатарам і прэм’ер-міністру, што неабходна быць бліжэй да праблем людзей. Патрабаванне Прэзідэнта ў плане павышэння зарплаты застаецца нязменным.

«Я папярэдзіў ужо. Разумею, што ў снежні выйшлі прыкладна на тысячу рублёў. У студзені зарплата ўпала, зразумела, прагулялі паўмесяца практычна, адпачывалі, Новы год святкавалі. Люты — кароткі месяц. Але да канца першага квартала ваша задача — аднавіць тысячу рублёў, а на працягу года — перасягнуць гэты паказчык», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, павялічыць гэты паказчык трэба за кошт павышэння для катэгорыі работнікаў з нізкай зарплатай. Размова ідзе, у прыватнасці, аб настаўніках, урачах, работніках дзіцячых садоў, а таксама сацыяльнай сферы і галіне культуры.

Лукашэнка назваў рост цэн праблемай нумар адзін для насельніцтва

«Людзям усё роўна, якая ў нас у краіне сярэдняя інфляцыя. Яны робяць вывады па цэнах на тавары, якія купляюць кожны дзень. А там рост як мінімум на 8-10 працэнтаў за год. А калі паслугі сюды дабавіць, то і большы, а не 4,5 працэнта або 6 працэнтаў. Таму рост цэн для насельніцтва па-ранейшаму з’яўляецца праблемай нумар адзін. Маё патрабаванне да кіраўніка Нацбанка, як і 4 месяцы таму, — скарачэнне інфляцыйных чаканняў», — сказаў Прэзідэнт.

Лукашэнка даручыў разабрацца з прычынамі росту цэн на малочную прадукцыю

Аляксандр Лукашэнка ў час справаздачы пацікавіўся, чаму рост цэн на малочную прадукцыю ў 2017 годзе вышэйшы за тэмпы інфляцыі. Прэзідэнт адзначыў, што ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ёсць паўнамоцтвы разам з Камітэтам дзяржкантролю маніторыць сітуацыю для навядзення парадку ў цэнаўтварэнні. Фактаў неабгрунтаванага павышэння цэн быць не павінна, запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч растлумачыў, што сёння вытворцы — перапрацоўшчыкі малака ўключаны ў рэестр дамінантаў, і на гэты год будзе ўстаноўлены ўзровень росту цэн для перапрацоўшчыкаў на малако і малочную прадукцыю на ўзроўні інфляцыі. «Мы гэтыя пагадненні падрыхтавалі, рашэнні на калегіі прыняты», — дадаў ён.

Прэзідэнт: неабходна ўрэгуляваць сітуацыю з працаўладкаваннем будаўнікоў

Аляксандр Лукашэнка ў час справаздачы асобна спыніўся на сітуацыі ў будаўнічай галіне. У прыватнасці кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як забяспечаны персаналам буйнейшыя будоўлі краіны, у тым ліку Беларуская атамная электрастанцыя, што робіцца, каб беларускія будаўнікі былі задзейнічаны на аб’ектах унутры краіны, а не за мяжой.

«Чаму мы, маючы велізарныя будоўлі ў краіне, не будуем самі? Гэта ж добра. Сёння рабочых месцаў дастаткова», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў растлумачыў, што аб’ёмы будаўніцтва растуць, у гэтым годзе яны павінны перасягнуць мінулагодні ўзровень. Што датычыцца Беларускай АЭС, то ўсе пытанні з колькасцю персаналу ўрэгуляваны. «Зацверджаны адпаведныя пасутачныя і месячныя графікі, даводзяцца абгрунтаваныя задачы на кожны месяц, прадугледжаны стымулюючыя меры», — растлумачыў Андрэй Кабякоў. Цяпер усе пытанні арганізацыйнага, фінансавага і распарадчага характару вырашаны, каб аб’ект быў уведзены ў тэрмін.

Лукашэнка паставіў задачу дасягнуць у наступнай пяцігодцы ВУП $100 млрд

«У наступнай пяцігодцы нам кроў з носа трэба дасягнуць планкі ВУП $100 млрд. Толькі гэта дасць магчымасць мець зарплату $1 тыс. і не скаціцца ў пастку беднасці. Таму сённяшнія настроі «хоць бы дажыць да 2025 года» — недапушчальныя», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пакуль з актываў ва ўрада — ВУП $54 млрд, хоць у мінулай пяцігодцы было $67 млрд, нагадаў Прэзідэнт. Экспарт — $36 млрд, а сярэднегадавы ў мінулай пяцігодцы — амаль $45 млрд.

Кіраўнік дзяржавы перакананы, што асновай росту валавога ўнутранага прадукту Беларусі ў 2017 годзе былі не ўнутраныя фактары. «Гэта трэба прызнаць», — сказаў ён. У той жа час, дадаў Аляксандр Лукашэнка, добра, што ўрад змог скарыстацца і спрыяльнымі знешнімі ўмовамі.

Развітыя краіны ў 2017 годзе раслі на 2,3 працэнта, краіны, якія сталі на шлях развіцця, — на 4,5 працэнта. «Мы ж пакуль проста вяла паўзём услед. У іх што, не было крызісу? Быў. У нас хоць хто-небудзь укараніў дзе-небудзь інавацыйныя тэхналогіі? Сталі масава выпускаць прадукцыю з больш высокай дабаўленай вартасцю? Прадукцыйнасць працы наблізілася да еўрапейскай? Аб гэтым сёння нават ніхто не згадваў, таму што мы маем бледны выгляд у гэтым», — канстатаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што рэальнага павышэння канкурэнтаздольнасці айчынных тавараў пакуль не адбываецца. Аб прарыўных тэхналогіях, новых вытворчасцях, інавацыйным шляху развіцця гавораць трэцюю пяцігодку. «Але пры гэтым ідзём у Еўропу з таварамі, якія былі вынайдзены яшчэ ў Савецкім Саюзе. Ну, можа, крыху палепшылі іх па якасці, пафарбавалі іншай фарбай. Высокіх тэхналогій няма. Нават у сярэднетэхналагічным сектары працуюць толькі 15 працэнтаў занятых, і толькі 600 тыс. чалавек могуць зарабіць Br1 тыс. і больш», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка запатрабаваў ад урада скараціць знешні доўг

«Сёння нам трэба максімальна пазбавіцца ад знешніх даўгоў. Яны скоўваюць нашы магчымасці, асабліва сацыяльныя, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Аддаваць каля 10 працэнтаў ВУП толькі на абслугоўванне дзярждоўгу — недазвольная раскоша».

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, бюджэт — гэта асаблівае пытанне. «У канцы мінулага года было шмат шуму наконт яго скарачэння на 10 працэнтаў. І што ж атрымліваецца (гэта пытанне Амарыну), зрэзалі расходы на 10 працэнтаў, рэзервовы фонд не расходавалі, стаўкі падаткаў павысілі толькі з лютага, а ў першым месяцы атрымалі прафіцыт. Гэта вы яго плануеце так бесталкова?» — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт запатрабаваў, каб у 2018 годзе работу па бюджэтным працэсе пачалі па-новаму. «Не ад дасягнутага, а «з нуля». Кожны атрымальнік сродкаў павінен пераканаўча даказаць неабходнасць кожнага бюджэтнага рубля, на які ён прэтэндуе. Гэта датычыцца як рэспубліканскага, так і мясцовага бюджэту», — заявіў ён.

Што датычыцца дзяржаўнага доўгу, то патрабаванне Прэзідэнта простае і зразумелае — скарачэнне доўгу. «Гэта павінна быць выканана», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка патрабуе выключыць валакіту і бюракратызм у рабоце з інвестарамі

На думку Прэзідэнта, зніжэнне прытоку замежных інвестыцый з 2013 года стала трывожнай тэндэнцыяй. Ён запатрабаваў разабрацца ў прычынах, галоўнай з якіх лічыць непаваротлівасць урада. «Толькі адзін інвестыцыйны дэкрэт нумар 10 вы карэкціруеце больш як год, і прапаноў у мяне да гэтага часу няма. Работа ідзе вельмі марудна. Казахстан, напрыклад, у аб’ёмах прыцягнення капіталу абганяе нас мінімум у пяць разоў», — звярнуў увагу ён.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што працэс інвесціравання павінен быць пастаянным, каб як мінімум захоўваць канкурэнтаздольнасць. «Уся краіна ў нейкіх ільготах. Вы хоць самі ў іх разбіраецеся? Можа, прычына не ў ільготах, а ў тым, як вы працуеце з інвестарам на практыцы, калі ён пачынае сваю дзейнасць?», — пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.

Ён перакананы, што сёння трэба ў ручным рэжыме ўзаемадзейнічаць з кожным патэнцыяльным інвестарам.

«Узровень дыялогу і хуткасць вырашэння пытанняў павінны быць такімі, якія патрэбны дзелавому чалавеку. Ніякай валакіты і бюракратызму», — запатрабаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на той факт, што за 2017 год аб’ём прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове скараціўся на $60 млн, або амаль на 5 працэнтаў, і склаў $1,2 млрд. З іх 44 працэнты — рэінвесціраванне. Але і яно зменшылася на $110 млн, або на 17 працэнтаў. «Гэта сведчыць аб тым, што інвестары выводзяць атрыманыя даходы, не бачаць перспектыў або проста нам не давяраюць», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

«Падатковыя работнікі, пажарныя, санстанцыя, энергетыкі, кантралёры і іншыя — яны і не чулі аб тым, што інвестыцыі — адзін з пяці прыярытэтаў у пяцігодцы, — сказаў Прэзідэнт. — Вынікам такой раз’яднанасці сталі накопленыя за тры пяцігоддзі даўгі. Вы лічыце, што на мэты развіцця эканомікі больш выгадна пазычаць? Каму мы даём у такім выпадку зарабіць?»

Паводле яго слоў, ёсць рабочыя групы, планы, нейкія нарады, а рашэнняў і інвестараў — няма. «Я думаю, Васіль Станіслававіч, вашы кампетэнцыі ў гэтай сферы павінны праявіцца, яны вельмі запатрабаваны», — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да першага віцэ-прэм’ера Васіля Мацюшэўскага. Негатыўная тэндэнцыя сведчыць аб сістэмных недапрацоўках у гэтай галіне, рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка запатрабаваў выпрацаваць новыя падыходы па прыцягненні інвестыцый

«Даручаю ўзмацніць падрыхтоўку бізнес-планаў інвестыцыйных праектаў: менш сцен — больш на абсталяванне, якое дае прырост дабаўленай вартасці, з выхадам на аб’ёмы продажаў. Мінэканомікі павінна распрацаваць новыя — простыя, але строгія — патрабаванні да інвестпраектаў з бюджэтным удзелам або гарантыяй дзяржавы», — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта, усе інвестыцыйныя праекты, за якія бярэцца ўрад, працуюць вельмі дрэнна. «Сем дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, МАЗ, «БЕЛДЖЫ», стратнасць НПЗ пры рабоце па сусветных цэнах, Светлагорскі ЦКК, Добруш, Завод газетнай паперы… Можна яшчэ прадаўжаць. Стала правілам наабяцаць цэлы мех, а затым прасіць аб прадаўжэнні тэрміну на год, а то і на гады. А за гэтым — дзяржаўныя грошы», — звярнуў увагу беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў праблематыку будаўніцтва атамнай станцыі. «Прапануеце думаць яшчэ год, а потым за шэсць месяцаў да яе запуску пачаць нешта лічыць, планаваць, куды дзець энергію. Гэта палітыка не паддаецца нават асэнсаванню», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка даручыў сфарміраваць рэгіянальны партфель інвестпраектаў і прапаноў

«Калі план індустрыялізацыі рэгіёнаў з’яўляецца шляхам вырашэння гэтай праблемы, то яго трэба распрацаваць. Хоць аб стратэгіі размяшчэння прадукцыйных сіл мы гаворым пастаянна, — адзначыў Прэзідэнт. — Сфарміруйце рэгіянальны партфель інвестыцыйных праектаў і прапаноў. Але толькі такіх, якія забяспечаць рост рэгіянальнай эканомікі і павышэнне дабрабыту насельніцтва. Няхай гэты механізм стане празрыстай перспектывай укладання інвестыцый для бізнесу. Будзе разуменне ўмоў і планаў з прывязкай да тэрыторыі».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў дакладна вызначыцца, хто, як і дзе будзе гэты план рэалізоўваць.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што ў абавязковым парадку трэба ўлічыць канструктыўныя прапановы, якія прагучалі сёння ў дакладах, аб задзейнічанні дадатковых крыніц росту. «Калі патрабуецца прыняцце рашэнняў на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, то ўносьце са спасылкай на сённяшняе мерапрыемства. Адміністрацыя Прэзідэнта на працягу пяці дзён падасць мне іх на разгляд. Часу на разварушванне ў нас няма. Чакаю ад усіх сканцэнтраванай і ініцыятыўнай работы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: неабходна асучасніць падатковую сістэму і зрабіць яе дружалюбнай для суб’ектаў гаспадарання

«За бягучы год урад і парламент павінны асучасніць падатковую сістэму, выключыўшы ўсё лішняе, што нарасло за гады практыкі», — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што «падатковая сістэма павінна быць простай, зразумелай і стаць, калі можна так сказаць, дружалюбнай да суб’ектаў гаспадарання».

«Цяпер сакавік, а практычнай работы няма, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Амаль два месяцы групы нейкія стваралі. Падатковы кодэкс — персанальнае заданне першаму віцэ-прэм’еру».

Лукашэнка даручыў распрацаваць дзейсныя меры па зніжэнні залежнасці ад кан’юнктуры рынку вуглевадародаў

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што размова ідзе не толькі аб альтэрнатыўных крыніцах пастаўкі. «Ну, знойдзеце вы іншую нафту — усё роўна потым плач і стогны: цана вырасла, цана ўпала, таму няма росту, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — У Казахстане, які залежаў ад нафты мацней, чым мы, дзе энергетыка заўсёды была асновай эканомікі, доля малога і сярэдняга бізнесу ў ВУП ужо на 10-15 працэнтаў вышэйшая, чым у нас. Я не гавару пра Германію, дзе малы і сярэдні бізнес фарміруе 90 працэнтаў ВУП».

Прэзідэнт лічыць, што ў мінулым годзе зроблена нямала, але патрэбна больш тонкая работа па наладжванні эканомікі. «У ёй яшчэ шмат бар’ераў або нават проста недакладных фармулёвак, якія скажаюць практыку, ствараюць няроўныя ўмовы. У выніку некаторыя суб’екты гаспадарання, асабліва дзяржаўныя, не хочуць варушыцца і паснулі», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пры гэтым пакутуюць людзі. Напрыклад, у Хоцімскім раёне акрамя Белкаапсаюза і некалькіх прыватнікаў нармальнага гандлю няма. «Цэны на некаторыя тавары так узнялі, што ў людзей забіраюць апошнія капейкі», — дадаў Прэзідэнт.

Лукашэнка запатрабаваў ва ўрада задзейнічаць у эканамічнай сферы ўвесь патэнцыял Беларусі

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што час, калі пачынаў работу цяперашні ўрад, быў цяжкі, але яму ўдалося дабіцца пэўных вынікаў. «Гаварыць аб тым, што гэты ўрад нікуды не варты і яго трэба замяніць, было б няправільна», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт папярэдзіў, што чакае ўбачыць дынаміку праз паўгода. У ліку нявырашаных праблем Аляксандр Лукашэнка назваў увод у эксплуатацыю новых прадпрыемстваў, на будаўніцтва якіх прыцягваліся крэдыты.

«Яны павінны акупляцца, крэдыты вяртаць, а мы да гэтага часу не можам увесці іх у строй», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Ён даручыў ураду заняцца гэтымі пытаннямі. Сістэмнай работы ў гэтым напрамку Прэзідэнт чакае і ад сваёй Адміністрацыі, а таксама памочніка, якому даручана інспектаваць і кантраляваць гэтыя працэсы.

Беларусь павінна цвёрда адстойваць свае інтарэсы ў ЕАЭС — Лукашэнка

«Гэта ўжо становіцца смешным. Сродкі масавай інфармацыі ў нас яхіднічаюць — што гэта ў вас за «таежны» саюз такі, што адносіны да краін-членаў больш строгія, чым да іншых? Я не гавару пра малако, якое стала нахабным палітычным інструментам зусім нядаўна. Нават наш цэмент не можам свабодна прадаваць. Вось гэта эканамічны саюз!» — раскрытыкаваў дзейнасць ЕАЭС Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама выказаў нездавальненне работай беларускіх прадстаўнікоў у Савеце ЕЭК. «Навошта імітаваць дзейнасць, калі вырашаюцца пытанні толькі іншых краін? Ні адна з нашых праблем не знята. Таму вы павінны выбіраць адно-два сур’ёзныя пытанні на 2018 год і настойліва «дзяўбці» іх, пакуль яны не будуць вырашаны», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Закранаючы ў цэлым нарошчванне экспарту, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што да гэтага часу не вырашана праблема таварнай і геаграфічнай дыверсіфікацыі. Сёння гэта пытанне бяспекі.

«Чаго вы чакаеце? У 2017 годзе ў пяць краін быў пастаўлены 71 працэнт ад агульнага аб’ёму экспарту, хоць год таму — 69 працэнтаў. Урад гаворыць — знізілі долю Расіі. Але гэта ж матэматыка. Вядома, доля ўпадзе, калі падаражэлі нафтапрадукты, што прадаюцца ў Еўропу», — сказаў Прэзідэнт.

Ураду пастаўлена задача вызначыцца ў найкарацейшыя тэрміны, чым будзе падтрымлівацца экспарт. «Калі слабым рублём і нізкімі зарплатамі — я катэгарычна супраць. Хочаце, каб Беларусь скацілася да ўзроўню краін трэцяга свету? На фінансавы бок не наракайце. Нацыянальны банк мне далажыў, што банкі пракрэдытавалі машынабудаванне ў паўтара раза больш, чым тыя прыраслі па экспарце», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Хоць экспартная дзейнасць і вызначана адным з прыярытэтаў развіцця краіны, новых падыходаў і рэкамендацый пакуль не выпрацавана, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. «Вы лічыце, што нас нехта чакае? — спытаў ён. — Калі патрэбны новыя інструменты — уносьце прапановы. Я не адмовіў ні адной экспартнай ініцыятыве».

Вяртаючыся да тэмы дыверсіфікацыі экспарту, Прэзідэнт нагадаў, што ніколі не ставіў задачу выходзіць з расійскага рынку. «Але трымацца толькі за гэты рынак, калі нас выцясняюць канкурэнты, прытым неканкурэнтнымі спосабамі, не варта. Асабліва калі гэта выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах. Ніякі прыбытак не варты незалежнасці», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

«Калі можна гандляваць гэтак жа або няхай крыху менш эфектыўна, але на іншых рынках, то прыкладзіце намаганні на барацьбу з эканамічнымі канкурэнтамі, а не на нейкую барацьбу з «данквертамі», — паставіў задачу беларускі лідар.

Лукашэнка ўраду: для простага чалавека важны вынікі, а не пастаянныя дыскусіі аб шляхах развіцця

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што бягучы год — гэта цэнтральны год пяцігодкі. «Людзі павінны адчуць рэальнае паляпшэнне сітуацыі ў эканоміцы, убачыць, што могуць зарабляць больш і на гэтай аснове забяспечыць сабе дастойную якасць жыцця», — заявіў ён.

Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што і Расія, і Казахстан сур’ёзна ўзяліся за нацыянальныя планы па развіцці ўнутранай канкурэнцыі. «Яны ведаюць, як гэта аздараўляе эканоміку. Таму нашым ураду, Нацыянальнаму банку трэба падрыхтаваць, калі гэта неабходна, пакет рашэнняў, як у 2018 годзе будуць удасканальвацца ўмовы гаспадарання. І прававыя акты павінны пачаць працаваць ужо ў гэтым годзе», — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, ён звярнуў увагу на неабходнасць выканання рашэнняў пятага Усебеларускага народнага сходу.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што свет за год робіць такія крокі, на якія раней ішлі дзесяцігоддзі. Таму сёння не прыняць рашэнне горш, чым прыняць і памыліцца.

Кіраўнік дзяржавы асаблівую ўвагу ўдзяліў тэме моладзі. Кожны трэці беспрацоўны — ва ўзросце да 30 гадоў. На 40 працэнтаў павялічыўся адток насельніцтва для работы за мяжой. Нават паводле афіцыйных даных колькасць знешніх працоўных мігрантаў дасягнула самага высокага значэння за апошнія 5 гадоў.

«За мінулыя 17 гадоў, калі мы больш-менш цвёрда сталі на ногі і пачалі развівацца, зарплаты выраслі ў 5 разоў, а прадукцыйнасць працы — прыкладна ў 2,5 раза. Значыць, у эканоміцы, у грамадстве з’яўляецца шмат дыспрапорцый, якія трэба ўстараняць», — адзначыў Прэзідэнт.

 

Справаздача ўрада і меркаванні ўдзельнікаў нарады

У Беларусі захоўваецца стабільнасць на валютным і фінансавым рынках — Кабякоў

У Беларусі захоўваецца стабільнасць на валютным і фінансавым рынках, паведаміў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў у час справаздачы ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб выніках работы эканомікі за 2017 год і задачах па забеспячэнні ўстойлівага эканамічнага росту.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што ў 2017 годзе кампенсавана адставанне 2016 года. «Увайшлі ў прагнозны калідор пяцігадовай праграмы па 11 асноўных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны з 13. Не выконваюцца два — па тэмпах росту рэальных даходаў насельніцтва (адставанне на 0,6 працэнтнага пункта) і аб’ёме будаўніча-мантажных работ (на 1,1 працэнтнага пункта)», — растлумачыў прэм’ер-міністр.

Такім чынам, эканоміка развіваецца ў цэлым у адпаведнасці з асноўнымі параметрамі праграмы на 2016-2020 гады. Пры гэтым захоўваецца стабільнасць на валютным, крэдытна-дэпазітным і фінансавым рынках.

«У поўным аб’ёме і ва ўстаноўлены тэрмін разлічыліся па валютных абавязацельствах. Бюджэт у 2017 годзе выкананы з прафіцытам (Br2,8 млрд), які накіраваны на пагашэнне часткі знешняга доўгу», — сказаў Андрэй Кабякоў.

«Усе сацыяльныя абавязацельствы выкананы пры захаванні рэжыму строгай эканомікі. Галоўны вывад- мы жывём па сродках», — рэзюмаваў кіраўнік беларускага урада.

Што датычыцца задач на 2018 год, то ўсе прагнозныя паказчыкі даведзены да выканаўцаў — ад членаў урада да кіраўнікоў выканкамаў усіх узроўняў і прадпрыемстваў. Для міжрэгіянальнай і міжгаліновай увязкі прагнозу па задачах і рэсурсах у Мінэканомікі праведзена абарона планаў развіцця галін і рэгіёнаў.

Сярод задач, што вырашаюцца, — рост ВУП на 3,5 працэнта. Заданні разгорнуты праз 53 галіновыя таварныя балансы (ахопліваюць больш за 60 працэнтаў аб’ёмаў прамысловай і сельгаспрадукцыі). Пастаўлена задача па прыросце экспарту тавараў і паслуг на $2 млрд (105,7 працэнта да 2017 года). Ключавыя прадпрыемствы ў рамках абароны бізнес-планаў пацвердзілі больш як 70-працэнтную напаўняльнасць збытавых стратэгій 2018 года, у тым ліку забяспечанасць знешнегандлёвымі кантрактамі.

Запланавана прыцягненне Br23 млрд інвестыцый з усіх крыніц (тэмп — 105 працэнтаў да 2017 года). Асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца рэалізацыі 50 буйнейшых праектаў з аб’ёмам інвестыцый Br7,6 млрд. Таксама ў цэнтры ўвагі задача па сярэдняй зарплаце і стварэнне новых рабочых месцаў. «Патрабаванне па росце зарплаты ва ўвязцы з ростам прадукцыйнасці працы застаецца нязменным», — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Вектар на зніжэнне працэнтных ставак у эканоміцы захаваецца — Нацбанк

Аб гэтым паведаміў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Павел Калаур у час справаздачы ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб выніках работы эканомікі за 2017 год і задачах па забеспячэнні ўстойлівага эканамічнага росту.

«Вектар на зніжэнне працэнтных ставак у эканоміцы захаваецца. Рухацца будзем у рамках параметраў, прадугледжаных асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год», — адзначыў Павел Калаур.

Паралельна ва ўзаемадзеянні з урадам будзе прадоўжана работа па ўмацаванні даверу да нацыянальнай валюты і дэдаларызацыі эканомікі. «Нягледзячы на дадатную дынаміку, ступень даларызацыі эканомікі па-ранейшаму застаецца высокай. Невысокая скорасць яе зніжэння абумоўлена станам плацежнага балансу і ўзроўнем золатавалютных рэзерваў», — растлумачыў старшыня праўлення Нацбанка.

Дадаткова працэс дэдаларызацыі эканомікі тармозіцца сталай практыкай і нежаданнем адмаўляцца ад прывязкі да замежнай валюты і яе выкарыстання пры правядзенні разлікаў на тэрыторыі Беларусі. «Лічу, што хеджыраванне рызык за дзяржаўны кошт недапушчальна. Лакальныя задачы не павінны вырашацца ва ўрон прынятай стратэгіі. Выключэнняў быць не павінна», — заўважыў Павел Калаур.

Фокус палітыкі Нацбанка будзе накіраваны на ўтрыманне інфляцыі паблізу мэтавага значэння. Да канца бягучай пяцігодкі гэта 5 працэнтаў (плюс-мінус адзін працэнтны пункт). Золатавалютныя рэзервы за 2017 год павялічыліся на $2,4 млрд, часткова яны ўключаюць сродкі, прыцягнутыя для выплат па валютных абавязацельствах у бягучым годзе. Палепшылася структура міжнародных рэзервовых актываў, чаму садзейнічала чыстая купля Нацыянальным банкам валюты на ўнутраным валютным рынку.

Банкаўскія крэдыты прадоўжаць выступаць крыніцай фінансавай падтрымкі эканомікі. Фінансаванне вялікіх праектаў будзе ажыццяўляцца галоўным чынам на база Банка развіцця, у тым ліку ў супрацоўніцтве з камерцыйнымі банкамі.

Паводле слоў Паўла Калаура, устойлівая работа банкаўскага сектара забяспечана.

«Сітуацыя на грашовых рынках блізкая да дынамічнай раўнавагі. Паказчыкі фінансавай стабільнасці знаходзяцца ў прымальным дыяпазоне», — адзначыў ён.

Разам з тым захоўваецца высокі ўзровень крэдытнай рызыкі і яго патэнцыялу. Індыкатарам яго рэалізацыі з’яўляецца доля праблемных актываў. «Праблемныя даўгі нясуць рызыкі не толькі для работы банкаўскага сектара, але і абмяжоўваюць магчымасці развіцця і росту эканомікі. У сувязі з гэтым важна максімальна хутка прыняць меры па расчыстцы балансаў прадпрыемстваў, іх фінансавым аздараўленні», — падкрэсліў Павел Калаур.

«Меры грашова-крэдытнай палітыкі здольны стварыць умовы, стабілізаваць тэмпы росту эканомікі паблізу раўнаважнага значэння. Выхад жа на больш высокі патэнцыяльны ўзровень залежыць ад комплекснасці мер эканамічнай палітыкі», — рэзюмаваў старшыня праўлення Нацбанка.

Мясніковіч: спажывецкім крэдытаваннем мэтазгодна падтрымліваць айчыннага вытворцу

Такое меркаванне выказаў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч у час справаздачы ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб выніках работы эканомікі за 2017 год і задачах па забеспячэнні ўстойлівага эканамічнага росту.

Міхаіл Мясніковіч закрануў таксама выкананне задач па імпартазамяшчэнні. Адной з асноўных прычын росту імпарту, на яго думку, з’яўляецца нарошчванне аб’ёмаў спажывецкіх крэдытаў, якія выкарыстоўваюцца на набыццё замежных тавараў.

У сувязі з гэтым спікер лічыць, што «спажывецкім крэдытаваннем мэтазгодна падтрымліваць айчыннага таваравытворцу». Прадпрыемствы ж у сваю чаргу неабходна арыентаваць на павелічэнне вытворчасці якасных тавараў народнага спажывання, адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

Мясніковіч: мадэрнізаваць прадпрыемствы трэба за ПЗІ і даходы ад публічнага размяшчэння акцый

Такое меркаванне выказаў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч у час справаздачы ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб выніках работы эканомікі за 2017 год і задачах па забеспячэнні ўстойлівага эканамічнага росту

У цяперашніх умовах, лічыць Міхаіл Мясніковіч, «асноўнымі крыніцамі тэхнічнага пераўзбраення і мадэрнізацыі з’яўляюцца прамыя замежныя інвестыцыі і даходы ад публічнага размяшчэння акцый айчынных кампаній».

Прамым замежным інвестыцыям, на думку спікера, неабходна аддаваць перавагу, перад звязанымі крэдытамі пад гарантыі ўрада.

Старшыня Савета Рэспублікі лічыць, што прадпрыемствы пакуль недастаткова займаюцца самастойным прыцягненнем фінансавых рэсурсаў, у тым ліку праз фондавы рынак. «Трэба актывізаваць гэтыя працэсы», — сказаў ён.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!