Меню
Курс $  3.26 | €  3.55 | ₽100  3.53 |
Погода 3 °C

Вікторыя Жукевіч-Дзівота: «З задавальненнем чытаю nesvizh-news.by і нібыта дакранаюся да сваёй малой Радзімы»

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Хуткае развіццё сучасных тэхналогій ужо даўно зрабіла паняцце адлегласці вельмі ўмоўным. Так, пры дапамозе інтэрнэту можна ў лічаныя хвіліны даведацца аб тым, што адбываецца ў любой кропцы свету. Асабліва гэта радуе тых, хто, як, напрыклад, сябры таварыства “Несвіжане” ў Рэспубліцы Польшча, не жадае траціць сувязь са сваёй гістарычнай радзімай. Як расказала актыўная ўдзельніца таварыства пані Вікторыя Жукевіч-Дзівота, неацэнную дапамогу ў гэтай справе ёй аказвае сайт нашай газеты:



— Аб вашай газеце я магу гаварыць цэлы дзень, — сказала ў нашай гутарцы пані Вікторыя. — Я ўстаю ў 6 гадзін раніцы і іду ўніз, у сваю бібліятэку, дзе стаіць мой камп’ютар. Мне ніхто не замінае, я раблю сабе чай і адкрываю “Нясвіжскія навіны”. Спярша праглядаю бягучую стужку, затым прыношу сабе сняданак і гляджу далей — тэксты, фотаздымкі, і чытаю, чытаю… Захапілася гэтым дзесьці гадоў пяць таму і прачытваю кожны нумар ад кропкі да кропкі.

Навіны ў вас самыя розныя, нават тое, што адбываецца ў свеце, але больш за ўсё гляджу на прозвішчы — хто піша. Першымі націскаю на знаёмыя, і вельмі кранае, калі адкрываюцца матэрыялы аб святах вёсак. Прачытала і пра Ганусаўшчыну, дзе вучылася мая мама, і пра Іванава. А артыкул аб Іванаве мяне так узрушыў, што я проста расплакалася. А яшчэ Алена Жук з Лані прыслала мне “Зорачкі” — адну з любімых песень пані Марыі Калоша, якая разам з маёй мамай была вывезена ў Сібір, і любіла яе спяваць разам з іншымі ланскімі жанчынамі. Гэта было вельмі хвалююча. Я зрабіла копію артыкула пра Іванава і паслала Станіславе Вятр-Партыка, папярэдзіўшы яе па тэлефоне, каб яна села, калі стаіць, і ад-крыла камп’ютар. І нездарма: яна расчулілася, як і я, і плакала разам са мной.

Усё, што мне цікава, я пасылаю таксама іншым членам нашага таварыства, і мала таго, і за мяжу — маім знаёмым, якія ведаюць, што ў мяне “пункцік” на тэме Нясвіжа, што гэта мой любімы горад, маё хобі. Муж не перашкаджае мне, таму што бачыць, што я душой — у Нясвіжы. І так я працую з камп’ютарам да 8-й гадзіны, і вечарам часта за-глядваю.

Нядаўна сайт газеты змяніўся, і я прывыкаю да яго новага выгляду, апошнім часам сталі хутка мяняцца навіны, гэта вельмі цікава. Прызнаюся, што не чытаю польскіх газет, чытаю толькі вашу (усміхаецца — Аўт.). І фільмы, якія ёсць на вашым сайце, абавязкова гляджу. Атрымліваецца, што я кожны дзень — у Нясвіжы. І хоць я нарадзілася не ў Нясвіжы, а ў Сібіры, але мама перадала мне любоў да яго са сваім малаком. Тата не вельмі любіў узгадваць пра даваеннае жыццё, але мама, калі яго не стала, расказвала мне аб ім ледзь не кожны дзень.

Я нават арганізавала віртуальную прагулку “На санях  — па Нясвіжы” па сваіх знаёмых. Напрыклад, мая знаёмая Эва Гадыцка-Цвірка жыла перад вайной каля Міцькавіч у фальварку Юзафінэк. І вось мы “ехалі і заязджалі” то да Гадыцкіх, то да Жукевічаў у Лані, то да Рымашэўскіх у Пукелеўшчыне, і адзін другому перадавалі, што ў каго на стале стаіць. Я жыву гэтым. Я люблю Нясвіж. І хоць я — не несвіжанка, я — дачка Нясвіжа.

Пані Вікторыя Жукевіч-Дзівота таксама выказала шчырую ўдзячнасць цэнтральнай раённай бібліятэцы за ўвагу і дапамогу, якую гэта ўстанова аказвае ў правя-дзенні сумесных з таварыствам “Несвіжане” мерапрыемстваў і дадала, што, акрамя нашага, заўсёды чытае і сайт бібліятэкі, знахо-дзячы і там для сябе нешта цікавае.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!