Справаздачнымі канцэртамі завяршылі 2017-ы і пачалі 2018-ы год установы культуры раёна. Лепшыя нумары мастацкай самадзейнасці прысвяцілі артысты роднай Нясвіжчыне, яе людзям — працавітым, адказным і апантаным сваёй любімай справай. Не забыліся павіншаваць юбіляраў, паказаць новыя стрункі творчасці народных умельцаў. У многіх установах, напрыклад, у Ланскім сельскім доме культуры, па традыцыі аб’ядналі маладыя сем’і, якія з задавальненнем прынялі ўдзел у конкурснай праграме.
Парадавала тое, што мерапрыемствы такога кшталту падтрымліваюць родныя, знаёмыя, а таксама кіраўніцтва і прафсаюзы сельгаспрадпрыемстваў, сельскія выканаўчыя камітэты.
На кожным такім справаздачным мерапрыемстве ў раёне пабывалі прадстаўнікі раённага цэнтра культуры, прафсаюзныя лідары. Была праведзена вялікая работа. Акрэслены новыя планы. Лепшыя набыткі занеслі ў сцэнарый VІІ раённага фестывалю аматарскай творчасці “Дзверы талентаў шчыра адчыняем”. А ў нядзелю Нясвіжскі раённы цэнтр культуры звінеў гарачымі апладысментамі гля-дзельнай залы, узрываўся яркімі феерверкамі вакальных і харэаграфічных нумароў.
Сваё майстэрства дэманстравалі людзі самых розных прафесій і самыя маленькія артысты, для якіх дэбют запомніцца добразычлівай публікай і асляпляльнымі сафітамі сцэны.
У гэты дзень па традыцыі ўзнагародамі рознага ўзроўню былі адзначаны лепшыя з лепшых.
Спонсарамі свята выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Нясвіжскага райвыканкама, райкамы прафсаюзаў работнікаў АПК і работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, а таксама Нясвіжскае раённае аб’яднанне арганізацый прафсаюзаў.
(Больш фота — у друкаваным нумары «НН»).
Іна ВАСІЛЕВІЧ.