«У шчаслівага настаўніка — шчаслівыя вучні» — менавіта так лічаць маладыя педагогі Нясвіжчыны

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

 

Школа — гэта не толькі агульнаадукацыйная ўстанова, але і дарога ў вялікае жыццё, неаглядны свет ведаў. У школе мы вучымся ўменню жыць у калектыве, быць праўдзівымі, спагадлівымі, мэтанакіраванымі і шмат чаму іншаму. А дапамагаюць нам у гэтым настаўнікі, якія дадуць мудрую параду, падставяць сваё плячо, падкажуць правільнае выйсце з той ці іншай сітуацыі, навучаць пераадольваць жыццёвыя цяжкасці і рухацца наперад. Менавіта такія настаўнікі былі ў маім жыцці і, я ўпэнена, такімі стануць сучасныя педагогі — маладыя, адукаваныя, харызматычныя, з высокім пачуццём адказнасці, поўныя творчай энергіі, якія выхоўваюць такіх жа цікавых, камунікабельных, здольных разважаць людзей. І сённяшні аповед пра іх.

Я.А. Залескі (на сцэне са сваімі вучнямі) мае ступень магістра, лаўрэат конкурсаў «Сузор’е талентаў» і міжнароднага конкурсу настаўнікаў геаграфіі Расіі і Беларусі «Я люблю геаграфію». Мэта яго педагагічнай дзейнасці — выхаваць граматную асобу, навучыць вучыцца, здабываць інфармацыю, супастаўляць факты, любіць сябе, сваіх блізкіх і сваю радзіму. Расказваючы дзецям пра вялікіх географаў-першаадкрывальнікаў
і даследчыкаў, ён заўсёды прыводзіць прыклад, як цяжка яны жылі, якія выпрабаванні прайшлі. «Чалавек, які вырашыў стаць
настаўнікам, адказны за ўсё, што ведае і ўмее.
Якімі будуць вынікі педагагічнай працы сёння, такім будзе
наша грамадства заўтра», — упэўнены Яўген Аляксандравіч

23 сакавіка СШ № 4 г. Нясвіжа вітала фіналістаў конкурсу прафесійнага майстэрства «Педагагічны дэбют», які праходзіў у раёне ў чацвёрты раз. Ён праводзіцца з мэтай раскрыцця творчага патэнцыялу маладых педагогаў, умацавання матывацыі да педагагічнай дзейнасці, прафесійнай і асобаснай самарэалізацыі, павышэння значнасці і прэстыжу прафесіі педагога.

Як расказала намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама Святлана Шатрун, гэтаму папярэднічала вялікая работа. Конкурс пачаўся ў кастрычніку мінулага года і праходзіў у два этапы. Першы — школьны (заключаўся ў наведванні і ацэньванні школьнымі камісіямі адкрытых урокаў, якія давалі маладыя настаўнікі), другі — раённы. Ён падзяляўся на тры туры. Удзельнікі першага тура павінны былі прадставіць творчую работу (эсэ) «Прафесія, якую я выбраў» і прайсці псіхолага-педагагічнае тэсціраванне. Па выніках гэтага тура вызначыліся дванаццаць паўфіналістаў. Яны праводзілі адкрытыя ўрокі ў чужым класе іншай установы адукацыі, напярэдадні атрымаўшы тэму, а таксама прэзентавалі свой педагагічны вопыт. І па выніках гэтых двух тураў другога этапу вылучыліся шэсць фіналістаў, якія і прынялі ўдзел у трэцім — заключным. Гэта настаўнікі англійскай мовы Нясвіжскай гімназіі А. А. Пархомчык, англійскай мовы СШ № 2 г.п. Гарадзея І.І. Галтвяніцкі, беларускай мовы і літаратуры Ланскага НПК дз/с-СШ Н.І. Чарніцкая і настаўнік біялогіі гэтай установы А.Г. Атліванчык, кіраўнік фізічнага выхавання дзіцячага сада № 4 г. Нясвіжа «Караблік дзяцінства» Я.А. Цвяткоў і настаўнік гісторыі і геаграфіі Аношкаўскага НПК дз/с-СШ Я.А. Залескі.

І.І. Галтвяніцкага з трэцяга класа цікавіў свет дзяцінства, ён любіў адпачываць у піянерскім лагеры, а пасля восьмага класа свядома
вырашыў, што зможа быць настаўнікам, бо валодае
патэнцыялам, які трэба толькі раскрыць. У гэтым маладому чалавеку дапамог Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. Жаданне вучыць замежную мову ён прывівае праз сістэму ролявых гульняў, дзе дзеці раскрываюцца, зусім па-іншаму ўспрымаюць настаўніка. «Мая задача — даць інструмент для самастойнага даследавання свету, бо калі я буду навязваць сваю парадыгму думак, то навошта мне копіі самога сябе», — упэўнены Іван
Ігаравіч. Ён патрабавальны ў першую чаргу да сябе, лічыць, што кожны ўрок павінен быць адкрытым, таму пастаянна павышае свой прафесійны ўзровень, вывучае шмат дадатковай літаратуры.
Настаўніка цікавяць і іншыя сферы: мастацтва, псіхалогія, фатаграфія, ён іграе на гітары і спявае. Бо чалавек павінен быць развітым усебакова, валодаць міждысцыплінарнымі
сувязямі. Гэта патрэбна яму, патрэбна яго вучням

 

А.Г. Атліванчык прытрымліваецца пазіцыі, што на занятках па батаніцы неабходна выкарыстоўваць жывы
наглядны матэрыял прадстаўнікоў расліннага свету. На іх пошукі трэба патраціць значную колькасць часу, але пры пэўным узроўні матывацыі ў работу ўключаюцца і дзеці, і бацькі. «Трэба арганізоўваць прагулкі ў лес, тэматычныя заняткі на свежым паветры, а інтэрактыўныя мадэлі
выкарыстоўваць толькі ў тым выпадку, калі няма жывога прыкладу», — лічыць Анастасія Генадзьеўна. Каб прывіць
клапатлівыя адносіны да прыроды, настаўніца
праводзіць з вучнямі дадатковыя заняткі. Яна — натура творчая: з дзяцінства спявае ў хоры, цікавіцца кулінарыяй, стварэннем кампазіцый з паперы, любіць чытаць і рыбачыць

 

Святлана Анатольеўна прыві-тала фіналістаў і гасцей свята, адзначыўшы, што маладыя спецыялісты, якія прыходзяць у наш раён — самыя лепшыя. Яны жадаюць працаваць, ісці ў клас, у групу дзіцячага садка, жадаюць даваць веды сваім вучням, выхаванцам, яны любяць дзяцей і атрымліваюць любоў у адказ.

І вось, прайшоўшы жараб’ёўку, удзельнікі зрабілі крок насустрач сваёй маленькай перамозе.

Заключны этап конкурсу уключаў творчую самапрэзентацыю “Мае першыя крокі ў прафесіі”, дзе маладыя спецыялісты выкарысталі самыя розныя дапаможныя сродкі: вершаваную форму падачы, песню і музычны акампанемент, дапамогу сваіх падапечных на сцэне і ў відэасюжэце, урыўкі з фільмаў; відэаролік “Педагог, якога чакаюць…”, у якім паказалі сябе як педагога, які за кароткі адрэзак часу ўжо паспеў наладзіць добрыя ўзаемаадносіны з дзецьмі. Заключнай часткай стала рашэнне педагагічных сітуацый. Адны не былі цяжкімі для вырашэння маладымі настаўнікамі, а некаторыя нават у вопытных педагогаў выклікалі пытанне: «А як бы я павяла сябе ў гэтым выпадку?» Напрыклад: 1. Рома (8 гадоў) адмаўляецца мыць рукі перад ужываннем ежы. Якімі будуць вашы дзеянні? 2. Каця (7 гадоў) і Барыс    (8 гадоў). Деці канфліктуюць па прычыне месца за партай. Як паступіце вы? 3. Вучань незадаволены сваёй адзнакай і ў якасці пратэсту залазіць на вучнёўскі стол. У класе раздаецца звонкі смех, што цягне за сабой зрыў рабочай абстаноўкі. Урок немагчыма працягваць. Што будзеце рабіць?

А.А. Пархомчык (злева) лічыць, што урокі, конкурсы,
алімпіяды, канферэнцыі — гэта добры падмурак для раскрыцця
магчымасцей вучня. Сярод задач, якія ставіць перад сабой педагог,
— вялікая адказнасць і любоў да дзяцей, а без яе наўрад ці можна стаць сапраўдным настаўнікам. Яна ўпэўнена, што добры педагог павінен ісці ў нагу з часам і сваімі
падапечнымі, бо грамадства не стаіць на месцы.
Алена Аляксандраўна лічыць, што быць паспяховым настаўнікам цяжка, але магчыма. Галоўнае — вучыцца быць шчаслівым. У такога настаўніка і вучні становяцца шчаслівымі,
яны дзейнічаюць, раскрываюць свае здольнасці, адчуваюць, што іх любяць і жадаюць ім дабра.
Н.І. Чарніцкая (справа) адносіць сябе да катэгорыі аптымістаў. Галоўным багаццем нашага народа лічыць дзяцей. Яна стараецца раскрыць талент кожнага, убачыць самы маленькі поспех. У сваёй працы выкарыстоўвае такую форму работы як буктрэйлер (відэаанонс кнігі) — з мэтай прывіцця дзецям
цікавасці і любові да чытання. Немалаважнай у педпрацэсе з’яўляецца дапамога з боку бацькоў, з якімі маладая
настаўніца цесна супрацоўнічае, бо сям’я і школа — гэта тандэм. Наталля Ігараўна ўпэўнена, што зрабіла
правільны выбар паміж прафесіямі юрыста і педагога

 

Калі Я. А. Цвяткову прапанавалі работу кіраўніка фізічнага выхавання ў дзіцячым садзе,
ён згадзіўся не раздумваючы. Наведаўшы сайт «Карабліка дзяцінства», малады спецыяліст убачыў, што жыццё тут кіпіць: інавацыйныя праекты,
валанцёрскі атрад «Сардэчка», розныя ранішнікі, спартландыі, сустрэчы з замежнымі гасцямі… Ён зразумеў, што гэта — яго мара: «Я акунуўся ў гэты дзіўны і цудоўны свет дзяцінства,
зразумеў, што менавіта ад мяне залежыць фізічнае развіццё дашкалят. На мае яшчэ ўчора бесклапотныя студэнцкія плечы лягло самае дарагое — здароўе маленькіх жыхароў планеты Зямля». І ён выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі,
працуючы не толькі з дзецьмі, але і з бацькамі,
работа яму вельмі па душы. З убачанага і пачутага з упэўненасцю магу сказаць: гэты малады чалавек на сваім месцы.
І, як бы не склаўся яго далейшы прафесійны шлях,
праца з дашкольнікамі, практычныя навыкі менавіта
ў гэтым калектыве стануць добрым багажом ведаў
як у прафесійным, так і асабістым жыцці

Выступленні маладых спецыялістаў, нягледзячы на іх невялікі педагагічны вопыт, прыцягвалі сваім высокім прафесійным падыходам да справы, інтэлектуальнай напоўненасцю, культурай маўлення, аратарскім майстэрствам, артыстызмам, уменнем знаходзіць выйсце з той ці іншай сітуацыі. Конкурс быў настолькі цікавым, пранікнёным і, у той жа час, вельмі складаным не толькі для ўдзельнікаў, але і для членаў журы, якія ў некаторыя моманты, як стала вядома пазней, хваляваліся больш чым самі канкурсанты. Ацэньванне выступоўцаў патрабавала ад журы пільнай увагі, напружанай працы. Пасля самапрэзентацыі журы папрасіла дадатковы музычны нумар, каб паспець падвесці вынікі. Як адзначыла член журы, старшыня раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Крупец, судзіць было нялёгка і самым складаным, на яе думку, была творчая самапрэзентацыя.

— Некаторых педагогаў члены журы бачылі першы раз, і скласці сваё ўражанне пра канкурсанта толькі па тым, як ён паказвае сябе на сцэне, вельмі няпроста. Але ўсе дастойна вытрымалі гэта выпрабаванне, а мы стараліся быць справядлівымі і аб’ектыўнымі, — сказала Людміла Уладзіміраўна.

Напрыканцы мерапрыемства словы віншавання і падзякі за ўдзел канкурсантам, а балель-шчыкам за падтрымку выказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама А.У. Клішэвіч. Алена Уладзіміраўна пажадала на будучае, каб конкурс праходзіў у вялікай зале, каб было болей педагогаў, дзяцей.

— Сёння хацелася, каб сваіх настаўнікаў убачылі і падтрымалі вучні, маленькія дашкаляты, — сказала Алена Уладзіміраўна і дадала: — А відэаролікі мы абавязкова пакажам настаўнікам раёна на педагагічнай канферэнцыі, бо падзяліцца сапраўды ёсць чым.

Хоць конкурс і прадугледжваў саперніцтва і быў арганізаваны, каб вызначыць лепшага, усе этапы прайшлі ў сяброўскай і добразычлівай атмасферы, дзе ўдзельнікі падтрымлівалі адзін аднаго. Але, як і ў кожным конкурсе, тут вызначыліся пераможцы. З невялікім адрывам па колькасці балаў прыступкі п’едэстала гонару занялі Іван Ігаравіч Галтвяніцкі, Яўген Аляксандравіч Залескі і Анастасія Генадзьеўна Атліванчык, заняўшы адпаведна першае, другое і трэцяе месцы. Яны атрымалі дыпломы I, II, III ступені, Ганаровыя граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама і грашовыя сертыфікаты ад раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. А Яўген Залескі атрымаў яшчэ і прыз глядацкіх сімпатый па выніках анлайн-галасавання, якое праходзіла напярэдадні, набраўшы 500 галасоў. Астатнія фіналісты — Наталлля Ігараўна Чарніцкая, Алена Аляксандраўна Пархомчык і Яўген Алегавіч Цвяткоў — атрымалі дыпломы ўдзельнікаў і Ганаровыя граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Мяне настолькі ўразіў гэты конкурс, што, вярнуўшыся на работу, я папрасіла дазволу ў кіраўніцтва прысутнічаць на наступным, а калі пазней даведалася, што ён праходзіць раз у тры гады, то крышачку засмуцілася. Настолькі моцнымі, змястоўнымі, былі выступленні маладых дараванняў. Перапаўняла пачуццё гонару за тое, што ў сістэму адукацыі прыходзяць такія таленавітыя, разумныя  спецыялісты, а гэта значыць, што ў яе ёсць будучыня. Вельмі хочацца, каб і надалей у вачах гэтых людзей гарэлі іскрынкі радасці, дабрыні і любові да сваіх вучняў, каб ніколі не перасыхала тая крынічка, з якой яны чэрпаюць натхненне, энтузіязм, жаданне працаваць, імкненне спасцігаць новае. І, што самае галоўнае, каб гэтыя імкненні, жаданні ўбачылі і пад-трымалі, бо яны паўнапраўна заслугоўваюць увагі, павагі і падтрымкі, у тым ліку і матэрыяльнай, што сёння немалаважна для маладых спецыялістаў. Яны невыпадковыя людзі ў гэтай прафесіі. Сеяць разумнае, добрае, вечнае — гэта іх прызванне. І я вельмі рада за тых дзяцей, бацькоў, якім пашчасціла мець такіх педагогаў. Гэта не толькі мая асабістая думка, але і тых, з кім я мела магчымасць пагутарыць: членаў журы, кіраўніцтва аддзела адукацыі, якія казалі толькі добрыя словы — пра ўсіх разам і кожнага маладога педагога па-асобку. Яны дастойныя прадстаўнікі сваёй прафесіі, якіх любяць дзеці, паважаюць калегі, якімі ганарацца бацькі.

Вольга КАНДРУКЕВІЧ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.