Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 15 °C

Сустрэча Прэзідэнта Беларусі з прадстаўнікамі буйнейшых дзяржаўных СМІ

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 красавіка правёў сустрэчу з кіраўнікамі і калектывамі буйнейшых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. У тэлестудыі прысутнічалі больш за 130 журналістаў, якія прадстаўляюць Белтэлерадыёкампанію, Другі нацыянальны канал, Сталічнае тэлебачанне, інфармагенцтва БЕЛТА, рэдакцыю газеты «Советская Белоруссия», выдавецкі дом «Звязда» і нацыянальны філіял міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «МІР».



Лукашэнка аб ролі СМІ: не факт, што ядзерная зброя больш магутная

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка высока ацэньвае ролю СМІ ў сучасным свеце, дзе на першы план выходзяць не ўзброеныя сутыкненні, а інфармацыйныя войны. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з кіраўнікамі і калектывамі буйнейшых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі.

«Сродкі масавай інфармацыі адным ударам могуць падмяць так, што становіцца страшна», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Менавіта інфармацыйныя войны сталі адметнай рысай XXI стагоддзя. Сродкі масавай інфармацыі ператварылі ў зброю. І, ведаеце, гэта зброя больш магутная, чым ядзерная. Таму што малы зарад у выглядзе нейкай навіны імгненна ахоплівае ўсю планету. І па сіле знішчальнага ўздзеяння, не факт, што ядзерная зброя больш магутная», — адзначыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, у гэтых умовах галоўная задача, якую ставіць час, — гэта барацьба за розумы і душы людзей. «Калі мы не авалодаем розумамі і душамі беларусаў, мы суверэнную і незалежную краіну ў такім класічным выглядзе ніколі не пабудуем», — падкрэсліў ён.

Прэзідэнт адзначыў, наколькі насычана інфармацыйная прастора. «Прэса, тэлебачанне, інтэрнэт паглынаюць наш час і запаўняюць свядомасць. Любая інфармацыя распаўсюджваецца са скорасцю гуку. І пазітыўная, і негатыўная. І ўсё гэта ператварылася сёння ў інфармацыйную вайну. І мы гэта бачым паўсюдна», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь — выключна мірная краіна.

«Ніякая агрэсія ніколі не будзе зыходзіць з нашай зямлі. Але і ў крыўду мы сябе не павінны даваць як у ваенных, так і ў інфармацыйных адносінах. Гарачай вайны быць не можа сёння. Усё пачынаецца з вас. На пярэдні план выходзіце вы — журналісты. Ваша задача — фарміраваць канструктыўнае грамадскае меркаванне праз своечасовую і аб’ектыўную падачу матэрыялу, шчыры і ўдумлівы дыялог з аўдыторыяй», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Лукашэнка арыентуе беларускія СМІ на сучасныя формы работы

«Не ведаю, як у вас, але ў мяне моцная настальгія. Даўно я ў вас не быў. У былыя часы я вельмі часта бываў тут. Напэўна, гэта добрае пачуццё. Таму давайце дамовімся, што я не на прэс-канферэнцыю прыйшоў, а ў нас тут адбудзецца сумленная і шчырая размова, — сказаў Прэзідэнт. — Мы ўсе робім адну справу. Таму для мяне вельмі важна, каб адбылася шчырая размова. Вы ж не толькі журналісты, вы — грамадзяне. Свядомыя, адукаваныя, інфармаваныя грамадзяне Беларусі».

«Мэта адна — каб была карысць ад гэтай размовы. Каб я пайшоў з нечым адсюль, і каб вы, пакінуўшы гэту студыю, зрабілі вывады і, магчыма, узялі для сябе нешта на ўзбраенне зыходзячы з гэтай размовы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Неабходнасць гэтай шчырай размовы наспела даўно. Падставай для сённяшняга мерапрыемства стаў пачатак новага этапу ў вашай дзейнасці. Далей працаваць па-старому нельга. Я не хачу сказаць, што там усё было дрэнна. Без таго дрэннага і добрага не было б новага этапу», — падкрэсліў беларускі лідар.

Тое, што мабілізуе, з’ядноўвае нас, робіць краіну яшчэ больш незалежнай, спакойнай, накіраванай у будучыню, неабходна вынесці ў народ, перакананы Прэзідэнт.

Пры гэтым ён звярнуў увагу, што з’яўляецца прыхільнікам эвалюцыйнага працэсу. «Рэвалюцыі вельмі дарагія, затратныя і з цяжкімі наступствамі. Мы ўжо вычарпалі рэсурс рэвалюцый. Нам яны ўжо не патрэбны. Трэба эвалюцыяніраваць. Але тым не менш, як гаварыў класік, мы павінны стаяць на плячах мінулых пакаленняў і ўзяць адтуль усё лепшае», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: задача новага закона аб СМІ — абараніць людзей ад дэструктыўнай інфармацыі

Гаворачы аб задачах, якія сёння стаяць перад сродкамі масавай інфармацыі, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што частка з іх адлюстравана ў новым законе аб СМІ. У прыватнасці, размова ідзе аб развіцці айчыннага кантэнту на тэлебачанні. Пры гэтым сам закон, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, прызначаны «абараніць нашых людзей ад патоку неправеранай, непраўдзівай, дэструктыўнай інфармацыі».

Паводле слоў Прэзідэнта, сёння ўсё больш запатрабаванай становіцца якасная журналістыка з аўтарскай пазіцыяй, дакладнымі фактамі, глыбокай аналітыкай.

«Абудзіць цікавасць, утрымаць чытачоў, гледачоў — гэта ваша задача. Разумна расстаўце прыярытэты і падумайце аб тэматычнай, жанравай разнастайнасці тэлеканалаў, газет, каб прыцягнуць людзей розных узростаў і настрояў», — арыентуе СМІ кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, дастаць моладзь з тэлефонаў і камп’ютараў і прымусіць чытаць газету ўжо наўрад ці атрымаецца. «Але ў такім выпадку ў інтэрнэце мы павінны прапанаваць ім нешта цікавае, правільнае і аб’ектыўнае», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што адобрыў, каб у парламенце абмяркоўвалася пытанне змяненняў у закон аб сродках масавай інфармацыі з удзелам прадстаўнікоў СМІ. «Вы павінны для сябе зрабіць гэты закон. Калі ён да мяне паступіць, я хачу, каб вы былі задаволены гэтым законам. А калі і яны, якія мне задаюць гэта пытанне, — гэта для мяне шчасце. Няважна, што яны за мяне не галасавалі, але я Прэзідэнт усяго беларускага народа, і я гатовы ўлічваць усе інтарэсы», — сказаў беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што плануемыя змяненні неабходна абмяркоўваць. «Але галоўнае, каб усе працавалі ў роўных умовах, каб канкурыравалі. Нехта з вас выходзіць на экран і гаворыць адкрыта, сумленна. Усе бачаць, камусьці падабаецца, камусьці не… А чаму хтосьці хаваецца за нейкі кручок. Чаму ён у інтэрнэце адкрыта недзе не напіша і не паставіць свой подпіс. Чаго ты баішся?» — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заклікаў усіх адкрыта выказваць сваю пазіцыю і абмяркоўваць праект змяненняў у закон. Але разам з гэтым будзе захоўвацца кантроль за тым, каб не распаўсюджвалася інфармацыя тэрарыстычнага плана і заклікі або папулярызацыя іншых негатыўных працэсаў.

Лукашэнка заклікаў СМІ не адступаць ад маральных прынцыпаў, дзейнічаць шчыра і сумленна

Удзельнікі сустрэчы закранулі тэму адказнасці СМІ ў цяперашніх няпростых умовах, калі фэйкавыя навіны здольны сур’ёзна паўплываць на грамадскае меркаванне.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што з’яўляецца прыхільнікам шчырай і сумленнай палітыкі, і параіў медыя дзейнічаць такім жа чынам.

«Можна адступіць ад прынцыпаў, але пройдзе час, і ён усё расставіць на месцы», — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што СМІ, як бы гэта цяжка і складана ні было, трэба захоўваць аб’ектыўнасць. Беларусы прадаўжаюць будаўніцтва сваёй дзяржавы, і на гэтым шляху важна захоўваць маральныя прынцыпы.

Лукашэнка падкрэслівае важнасць актыўнай ролі дзяржавы ў медыясферы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што дзяржава абавязкова павінна ўдзяляць увагу сродкам масавай інфармацыі, падтрымліваць іх.

«СМІ — гэта святое. І калі дзяржава можа трымаць у руках гэтыя СМІ — фінансуючы, падтрымліваючы і іншае, асабліва электронныя, — дзяржава гэта павінна рабіць. Гэта вельмі дзяржаўная справа. А калі прыватныя, то мы павінны так дамовіцца з прыватнікам, каб ён абавязкова выконваў сваю дамоўленасць», — заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што СМІ могуць як стварыць і падняць дзяржаву, так і ў міг яе разбурыць. «А калі мы дзяржаўнікі, мы павінны берагчы нашу дзяржаву. Іншага ў нас не будзе. І каштоўнасць наша будзе, нашага пакалення, калі мы ўмацуем сваю дзяржаву і дзецям перададзім», — адзначыў беларускі лідар.

Звяртаючыся да прадстаўнікоў тэлеканалаў, кіраўнік дзяржавы заклікаў і далей удасканальваць работу ў гэтым напрамку. Пры гэтым Прэзідэнт расказаў, што глядзіць на гэту работу ў тым ліку прафесійным поглядам, грунтуючыся на асабістым вопыце. «Я гляджу шмат каналаў, параўноўваю гэта ўсё. Некалі я гаварыў, што ў студэнцкія гады захапляўся фатаграфіяй і быў нават загадчыкам фоталабараторыі ў студэнцкія часы», — сказаў Прэзідэнт.

«Якасць ужо лепшая. Журналісты ў нас добрыя, шчырыя. Гэта дакладна, — адзначыў беларускі лідар. — Рабіце добрае тэлебачанне. У нас ёсць аснова для гэтага. І рабіце так, каб вас людзі бачылі, цанілі і паважалі. А для гэтага ў вас адна якасць павінна быць — сумленнасць і справядлівасць. Тэлебачанне павінна быць сумленным, каб яно адлюстроўвала жыццё», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: кіраўнікі ведамстваў павінны публічна агучваць свае пазіцыі і каменціраваць важныя падзеі

Журналісты расказалі, што пасля рэзанансных здарэнняў падчас не могуць атрымаць своечасовыя каментарыі ад кіраўнікоў адпаведных ведамстваў. Некаторыя адказваюць — «без каментарыяў», збягаюць ад камер. Але ж атрымліваецца, што адразу пасля якога-небудзь здарэння яно пачынае абрастаць у сацыяльных сетках здагадкамі, якія часам не маюць нічога агульнага з рэчаіснасцю.

Аляксандр Лукашэнка згадзіўся, што такая сітуацыя не з’яўляецца нармальнай. «Гэта ненармальна, калі Прэзідэнт гаворыць больш за міністра па яго тэме», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, каб грамадскасць атрымлівала аб’ектыўную і своечасовую інфармацыю, неабходна, каб сваю пазіцыю выказвалі кіраўнікі адпаведных ведамстваў.

У ходзе размовы з Прэзідэнтам адзначалася і роля прэс-службаў, якія таксама павінны хутка даводзіць да грамадскасці актуальную і важную інфармацыю.

Лукашэнка: чыноўніка, які не размаўляе з журналістам, мы заменім

«Я не ведаю, як гэта вы будзеце рабіць, але калі я пачую або ў інтэрнэце прачытаю, што чыноўнік не размаўляе з журналістам і не прадастаўляе тую інфармацыю, якую павінен, і перш за ўсё асноўным нашым журналістам і сродкам масавай інфармацыі, уносьце неадкладна прапановы аб яго замене. Таму што другі раз будзе вельмі балюча для яго», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка Адміністрацыю Прэзідэнта і Міністэрства інфармацыі.

Прэзідэнт адзначыў, што часам з-за няўмення чыноўнікаў пракаменціраваць нейкую праблемную сітуацыю гэта даводзіцца рабіць кіраўніку дзяржавы, каб «расхлёбваць гэты бруд».

«Калі ты прыйшоў міністрам, намеснікам, кіраўніком прадпрыемства, будзь ласкавы размаўляць з журналістамі, як ні было б цяжка і складана», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым, паводле яго слоў, і самі журналісты павінны быць больш настойлівымі, дабіваючыся каментарыяў у чыноўнікаў.

Пытанне аб узаемадзеянні з афіцыйнымі асобамі і іх адмовах часам пракаменціраваць тую ці іншую праблему ўзняла на сустрэчы з кіраўніком дзяржавы гендырэктар БЕЛТА Ірына Акуловіч. Паводле яе слоў, кіраўнікі ўсіх рангаў і ўзроўняў павінны разумець, што, калі ў іх ёсць інфармацыя, ёю трэба дзяліцца, пакуль праблема не набыла разбуральных маштабаў.

«Зрабіце тэлебачанне лепшым» — Лукашэнка заявіў аб жаданні глядзець толькі беларускія каналы

«Вельмі прашу вас і строга патрабую: зрабіце тэлебачанне лепшым. Каб карцінка была і падача матэрыялу. Каб журналіст сказаў два сказы, але трапна. Я хачу глядзець толькі свае каналы. Я вельмі нацыяналістычны ў гэтым плане», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама асабліва адзначыў, што беларускія журналісты ў няпростыя гады змаглі захаваць унутраны стрыжань. «Я лічу, што ў свеце вы лепшыя. І не страцьце гэта, — адзначыў ён. — Вы маглі, разам са мной, вядома, пасеяць поўны хаос і бардак у краіне. Але вы прытрымліваліся нейкага стрыжня. Так заўсёды ў жыцці павінна быць. Старэйшыя журналісты гэта дакладна разумеюць. Вы ад яго не адышлі, не залгаліся. Я вас не падвёў да таго, каб вы прадаваліся за капейку».

Лукашэнка: беларускія каналы павінны вяшчаць на ўласнай платформе

«Платформы гэтыя павінны быць беларускімі. Гэта не значыць, што мы дрэнна ставімся да Эрнста (генеральны дырэктар расійскага «Першага канала» Канстанцін Эрнст. — Заўвага БЕЛТА), не. Ён нармальны, творчы добры чалавек, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але гэта павінна быць наша».

У прыклад кіраўнік дзяржавы прывёў расійскія серыялы. Паводле яго слоў, многія з іх не вельмі добрай якасці, а круцяцца на беларускіх каналах. Прэзідэнт упэўнены, што тэлеканалы і рэжысёры ў Беларусі ў сілах самі здымаць добрыя тэлесерыялы і ставіць іх у эфір замест расійскіх.

Паводле слоў кіраўніка ЗАТ «Другі нацыянальны канал» Марата Маркава, АНТ у сваім эфіры выкарыстоўвае 46 працэнтаў айчыннага кантэнту, астатняя частка — расійская. «На сённяшні дзень павелічэнне ўласнага кантэнту ўсяго толькі на 1 працэнт на працягу года запатрабуе ад канала прыкладна $130 тыс. дадатковых сродкаў», — канстатаваў ён.

Марат Маркаў адзначыў, што імгненна нарасціць рэсурсы, каб поўнасцю забяспечыць эфір сваім кантэнтам, не атрымаецца. Выхад ён бачыць у падтрымцы тэлеканалаў спонсарамі ў пераходны перыяд. «Мы зможам на гэтыя грошы развіць гэту базу, якая на сённяшні дзень недастатковая — і чалавечая, і тэхнічная. Такая практыка існуе», — дадаў кіраўнік канала.

Прэзідэнт паабяцаў, што ў гэтым плане беларускім каналам акажуць падтрымку. «Я гатовы там, дзе трэба, падтрымаць сродкі масавай інфармацыі», — сказаў ён.

На базе расійскіх тэлеканалаў «Першы канал. Сусветная сетка» і «РэнТБ» у Беларусі былі створаны адпаведна АНТ і СТБ. Акцыянерамі ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» сталі Міністэрства інфармацыі, Беларусбанк, Фабрыка інфармацыйных тэхналогій. Акцыянерамі ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» — Міністэрства інфармацыі, Мінскі гарвыканкам, кампанія «Космас ТБ», Мінскі аблвыканкам.

Акрамя канала СТБ ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» з’яўляецца заснавальнікам тэлепраграмы «Расія-Беларусь», якую можна ўбачыць на платформе «РТР-Планета».

У Беларусі з’явіцца медыяцэнтр для асноўных тэлеканалаў

Прапанову пабудаваць такі медыяцэнтр агучыў дырэктар прадстаўніцтва Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» у Беларусі Уладзімір Пярцоў. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ведае гэту тэму. «Мы гэта зробім, — сказаў ён. — Зробім аптымальны і разумны праект».

Прэзідэнт удакладніў, што медыяцэнтр не з’явіцца ў бліжэйшы час. Цяпер у Беларусі ідзе падрыхтоўка да Еўрапейскіх гульняў. Плануецца таксама пабудаваць нацыянальны футбольны стадыён, басейн, у якім можна было б праводзіць спаборніцтвы сусветнага ўзроўню. У рэалізацыі гэтых праектаў Беларусь разлічвае на падтрымку кітайскага боку. Неабходна таксама дабудаваць нямала сацыяльных аб’ектаў.

Падобны медыяцэнтр функцыянуе, напрыклад, у Астане. Ён уяўляе сабой адзіную тэхналагічную пляцоўку для забеспячэння якаснага вяшчання ўсіх нацыянальных медыя, якая створана ў мэтах аптымізацыі і мадэрнізацыі тэлерадыёвытворчасці. У гэтым цэнтры размясціліся восем галоўных тэлеканалаў Казахстана, у тым ліку ТРК «Мір», і тры радыёстанцыі.

Лукашэнка аб падрыхтоўцы журналістаў: трэба падбіраць людзей, якія пасля вучобы будуць запатрабаваны

Праблема забеспячэння кадрамі сродкаў масавай інфармацыі была закранута ў час сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі і калектывамі буйнейшых дзяржаўных СМІ краіны.

У прыватнасці, журналісты Белтэлерадыёкампаніі расказалі аб трывожнай, на іх думку, тэндэнцыі дэфіцыту журналісцкіх кадраў для тэлебачання, хоць падрыхтоўка гэтых спецыялістаў вядзецца ў краіне.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба падбіраць тых людзей, якія пасля вучобы будуць запатрабаваны ў прафесіі.

Пры гэтым ён выказаў меркаванне, што прафесія журналіста — асаблівая. І вельмі важна, каб на журфак ішлі менавіта тыя, хто захоплены журналістыкай і пасля вучобы будзе працаваць у СМІ. «Калі адвучыўся, то павінен працаваць па спецыяльнасці», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт паставіў задачу вырашыць праблему забеспячэння кадрамі сродкаў масавай інфармацыі. Ён таксама падтрымаў выказаную тэлежурналістамі ідэю аб папярэдняй рабоце на ўзроўні школ з тымі дзецьмі, якія хочуць звязаць сваё будучае з журналістыкай. Кіраўнік дзяржавы правёў паралель з ІТ-сектарам, дзе таксама сталі ўдзяляць вялікую ўвагу падрыхтоўцы будучых кадраў для сваёй галіны. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтым працэсе папярэдняга адбору важна не ўпусціць з поля зроку і таленавітую моладзь з сельскай мясцовасці.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава расказала, што цяпер прыкладна 1200 студэнтаў атрымліваюць прафесію журналіста ў 4 ВНУ. Яна лічыць, што закранутая праблема вельмі важная. Пры гэтым Наталля Качанава звярнула ўвагу, што студэнтаў не заўсёды хочуць браць на практыку. Разам з гэтым яна падкрэсліла, што ў краіне ёсць нямала магчымасцей для творчага развіцця як студэнтаў, так і журналістаў, прывёўшы ў прыклад творчыя конкурсы. Кіраўнік Адміністрацыі запэўніла, што ўзнятым у час сустрэчы пытанням падрыхтоўкі журналістаў будзе ўдзелена належная ўвага.

У сваю чаргу генеральны дырэктар БЕЛТА Ірына Акуловіч закранула не менш важную тэму забеспячэння кадрамі рэгіянальных СМІ. Яна прывяла прыклад з вопыту работы ў тэлерадыёкампаніі «Магілёў», якую раней узначальвала. Калі ў студэнтаў-практыкантаў пыталіся, хочуць яны атрымаць адзнаку за практыку або чамусьці навучыцца, то большасць з іх адказвалі, што хочуць менавіта навучыцца. «Мне вельмі хацелася б, каб, калі гавораць пра журналістаў, не забывалі і пра рэгіянальныя СМІ. Усюды трэба аднолькава працаваць, у Магілёве, у Брэсце, у Мінску — у нас адны і тыя ж тэхналогіі, адны і тыя ж задачы. Развівацца і творча працаваць трэба ўсюды», — падкрэсліла генеральны дырэктар БЕЛТА.

Лукашэнка аб прыватнай уласнасці: сваё заўсёды больш эфектыўнае, чым калгаснае

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што прыватная ўласнасць, як правіла, больш эфектыўная за калектыўную, аднак да гэтага пытання неабходна падыходзіць эвалюцыйна.

Прэзідэнт адзначыў, што часта можна чуць пытанні або разважанні аб нейкіх сістэмных змяненнях. «У нас няма вось гэтай эйфарыі наконт прыватнай уласнасці. Вы хочаце, каб за адну ноч была прыватная ўласнасць замест дзяржаўнай? Гэта сістэмныя змяненні. Але нідзе не напісалі канкрэтна, што за сістэмныя змяненні. Таму што гэта будзе прадугледжваць тое, што народ ніколі не падтрымае. Да гэтага трэба ісці спакойна», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Калісьці мяне папракалі, што я не рыначнік і не прыхільнік прыватнай уласнасці. Бог з вамі. Я ўвесь час у матэрыяльнай вытворчасці працаваў і жыў сярод сялян. Я ведаў, што такое сваё. Сваё заўсёды больш эфектыўнае, чым калгаснае, і гэтак далей», — заявіў Прэзідэнт.

«Мне гавораць: тое змяніць, гэта… Я публічна сказаў — пытанне не ўва мне. Калі вы хочаце, я прыму рашэнне за дзень. А вы гэтага хочаце? Добра, хочаце. А вы да гэтага гатовы, вы гэта можаце ажыццявіць, вы гэта вытрымаеце ці не?», — паставіў пытанне беларускі лідар.

«Жыццё паказала, што і да прыватнай уласнасці, да змянення нашай сістэмы мадэрнізацыі трэба падыходзіць эвалюцыйна. Ніякіх рэвалюцый. Таму што гэта балюча і не факт, што мы трапім у кропку», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: без працы ніякі рынак не выратуе

Без працы не будзе ніякага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і ніякія рыначныя механізмы не выратуюць. Такое меркаванне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў на сустрэчы з кіраўнікамі і калектывамі буйнейшых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў правільнасць таго, што ў свой час Беларусь не пайшла па шляху шокавых рэформ і пераўтварэнняў. «Мне ўжо вас не трэба пераконваць у гэтым. А тады мне даводзілася гэта рабіць. Усім расказваць, што не спяшайцеся, у нас свае асаблівасці, сваё жыццё. Мы будуем сваю краіну. Не трэба бегчы за Расіяй у тым ліку па гайдараўскіх рэформах. Калі б мы па гэтай шокавай тэрапіі прайшлі, краіны сёння не было б. Без працы нічога не будзе. Ніякі рынак не выратуе», — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў значнасць таго, што многія ў Беларусі сапраўды ганарацца сваёй краінай. «І мы не балбатнёй стварылі незалежную Беларусь, а рэальна. З намі лічацца!» — сказаў Прэзідэнт.

Лукашэнка не выключае перадачы часткі функцый ад Прэзідэнта іншым галінам улады

Аляксандр Лукашэнка, каменціруючы перспектывы ўнясення змяненняў у Канстытуцыю, адзначыў, што, з яго пункту гледжання, частка функцый павінна перайсці ад Прэзідэнта іншым галінам улады. «Лічу, што некаторыя функцыі ад Прэзідэнта павінны перайсці да іншых галін улады», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Асабліва, на яго думку, трэба ўзмацніць ролю выканаўчай улады.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка лічыць, што момант для змянення Канстытуцыі яшчэ не настаў. «Ведаю дакладна, што гэты момант яшчэ не настаў», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: беларусам яшчэ трэба будзе зразумець ролю БНР

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што як гісторык па адукацыі звяртаўся да гэтай тэмы, вывучаў існуючыя меркаванні. Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да высновы, што ў Беларусі пакуль не разумеюць, што такое БНР і якую ролю яна адыграла.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, у гэтай частцы беларускай гісторыі не ўсё відавочна. З аднаго боку, стваральнікі БНР хацелі адзінства для краіны, з іншага — звярталіся па дапамогу да нямецкага кайзера. Адказваючы на пытанне, якое паступіла ад інтэрнэт-карыстальнікаў, кіраўнік дзяржавы сказаў, што размовы аб тым, каб зрабіць 25 сакавіка дзяржаўным святам, дачасныя. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пакуль ён знаходзіцца на пасадзе Прэзідэнта, гэтага не будзе. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Беларусі ўжо ёсць Дзень Незалежнасці. «У нас ёсць Дзень Незалежнасці, і калі б мы тады не перамаглі, то сапраўды ніякай незалежнасці не было б», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Дзень Незалежнасці ў Беларусі адзначаецца 3 ліпеня. У гэты дзень у 1944 годзе Мінск быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Лукашэнка даручыў прывесці ў парадак урочышча ў Курапатах

Пытанне аб Курапатах у адрас кіраўніка дзяржавы паступіла ад грамадзян напярэдадні мерапрыемства. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што год ці паўтара таму даручыў сваёй Адміністрацыі разабрацца з гэтым пытаннем.

«Пара заканчваць гэту валтузню на касцях. Вы зацягнулі прадстаўленне Прэзідэнту макета гэтага ўрочышча. Пакладзіце мне на стол дакументы, каб я мог зацвердзіць і мы стварылі там месца для душы. Трэба аператыўней  скончыць гэта, прывесці ў парадак гэты лес, урочышча, паставіць самы просты помнік, або капліцу, або яшчэ нешта — мы прымем рашэнне. Каб чалавек, які спачувае сем’ям і пакутуе, што загінулі людзі, прыйшоў туды, прынёс кветкі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«І мы гэта абавязкова зробім», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Прэзідэнт заўважыў, што пытанне аб Курапатах было палітызавана з самага пачатку свайго з’яўлення, такім засталося і цяпер. «Мяне гэта не задавольвала і цяпер не задавольвае, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Там загінулі людзі».

Ён канстатаваў, што ёсць некалькі версій аб трагічных падзеях, што здарыліся ў гэтым месцы. Паводле адной з іх, у Курапатах савецкія ўлады расстрэльвалі рэпрэсіраваных беларусаў, паводле іншай — там учынялі расправы над грамадзянамі немцы ў час Вялікай Айчыннай вайны. І сёння, паводле слоў Прэзідэнта, ужо не так важна, хто быў віноўнікам той трагедыі, паколькі вынік адзін — загінулі людзі. «Людзі, якія там, хочуць спакою. Ім не патрэбны гэтыя скокі на касцях», — упэўнены Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што кожны дзень і не раз праязджае міма Курапат.

У сакавіку 2017 года, наведваючы з рабочай паездкай Лідскі раён, Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Я даручыў стварыць акуратны, не гіганцкі (не Брэсцкую крэпасць) мемарыял. Цяпер ідзе конкурс. Мы зробім гэты мемарыял, можа, нешта накшталт невялікай капліцы».

Разам з тым кіраўнік дзяржавы тады падкрэсліў, што недапушчальна выкарыстоўваць гэту тэму ў палітычных мэтах. «Чаго топчамся па касцях і робім на гэтым палітыку?» — сказаў ён.

Лукашэнка нагадвае аб строгай адказнасці за парушэнні ў забеспячэнні бяспекі ў масавых месцах

Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да нядаўняга выпадку ў Салігорску, калі з-за ўзгарання ў падвале бальніцы эвакуіравалі 299 чалавек. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, хуткая рэакцыя на ЧП звязана ў тым ліку з нядаўняй трагедыяй у ГЦ «Зімняя вішня» ў Кемераве. «Кемерава нас узварушыла, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Трыста чалавек эвакуіравалі за імгненне».

Пры гэтым Прэзідэнт нагадаў аб строгай адказнасці за парушэнні ў забеспячэнні бяспекі ў масавых месцах. Ён запатрабаваў разабрацца ў прычынах здарэння ў Салігорскай бальніцы.

Як паведамлялася, на шостым паверсе корпуса бальніцы праводзіўся касметычны рамонт памяшканняў. На момант здарэння былі часткова дэманціраваны элементы вентыляцыі. Загаранне смецця (папера, рыззё, пыл) адбылося ў падвале і было аператыўна ліквідавана ратавальнікамі. Прычына ЧП высвятляецца, хутчэй за ўсё, нехта курыў у памяшканні венткамеры і выкінуў акурак у шахту, на дне якой знаходзілася гаручае будаўнічае смецце. Своечасовае выяўленне ўзгарання, аператыўнае прыбыццё ратавальнікаў і арганізаваная эвакуацыя дазволілі не дапусціць узнікнення пажару.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!