Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 13 °C

Візіт Прэзідэнта Беларусі ў Таджыкістан

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15-16 мая знаходзіўся з афіцыйным візітам у Таджыкістане. У ходзе візіту адбыліся перагаворы з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам у фармаце сам-насам і ў пашыраным складзе. Прэзідэнты прынялі ўдзел у цырымоніі адкрыцця нацыянальнай выстаўкі Беларусі ў Таджыкістане і шэрагу іншых мерапрыемстваў.

У дні афіцыйнага візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ў Душанбэ таксама прайшоў таджыкска-беларускі бізнес-форум, у якім прынялі ўдзел і прадстаўнікі дзелавых колаў Афганістана, праведзена кантактна-кааперацыйная біржа паміж прадпрыемствамі і арганізацыямі трох краін. На форуме разгледжаны перспектыўныя напрамкі бізнес-узаемадзеяння з Таджыкістанам і Афганістанам.



Лукашэнка: Беларусь рада поспехам Таджыкістана і гатова развіваць супрацоўніцтва

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на перагаворах з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам.

«Дзякую вам за запрашэнне прыехаць у гэты цудоўны горад, у гэту працавітую краіну, да гэтага цудоўнага народа. Мы вельмі ўважліва сочым за развіццём Таджыкістана. Мяне асабліва радуюць тэмпы, з якімі развіваецца краіна. Я заўсёды з задавальненнем адзначаю, што па тэмпах развіцця вы пераўзыходзіце Кітайскую Народную Рэспубліку. Гэта здорава. Мы бачым простым вокам, як мяняецца сталіца. Нават прыляцеўшы ноччу, я гэта заўважыў. І сёння яшчэ раз пераканаўся ў тым, што вы на правільным шляху. І, паверце, мы за вас вельмі рады», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Я асабіста вельмі хачу, каб Таджыкістан стаў у шэраг самых развітых і перадавых краін, таму што гэты старажытны вялікі народ гэтага заслугоўвае. Вельмі шмат вы для гэтага зрабілі. А я тут для таго, каб умацаваць нашы сувязі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі таксама звярнуў увагу на паспяховую рэалізацыю задумы па правядзенні ў Душанбэ бізнес-форуму з удзелам не толькі дзелавых колаў Беларусі і Таджыкістана, але і прадстаўнікоў іншых краін рэгіёна. «Мы суседзяў падцягнем у Таджыкістан і пакажам нашы магчымасці. Разам з вамі будзем далей рухацца ў іншыя краіны, развіваючы гандлёва-эканамічныя адносіны», — заявіў ён.

У сваю чаргу Эмамалі Рахмон падкрэсліў, што Беларусь з’яўляецца адным з ключавых партнёраў Таджыкістана. «Мы надаём вялікае значэнне вашаму афіцыйнаму візіту. Упэўнены, што яго вынікі дадуць новы імпульс нашым адносінам цеснай дружбы і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва», — дадаў Прэзідэнт Таджыкістана.

Беларусь і Таджыкістан дамовіліся вывесці адносіны на ўзровень стратэгічнага партнёрства

Аб гэтым у Душанбэ заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на перагаворах у пашыраным складзе з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам.

«Нашы краіны звязваюць дружалюбныя, блізкія адносіны, падмацаваныя ўзаемным даверам і павагай. Сёння мы абмяркоўвалі праблему двухбаковых адносін і дамовіліся з Эмамалі Шарыпавічам — ён прапанаваў — выйсці на ўзровень стратэгічнага партнёрства паміж нашымі краінамі. Думаю, гэта будзе добрая аснова для развіцця нашых адносін па ўсіх напрамках, пачынаючы ад эканомікі і заканчваючы культурай», — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў цудоўную магчымасць дэталёва абмеркаваць напрамкі беларуска-таджыкскага супрацоўніцтва. Ён таксама звярнуў увагу на захаванне пазітыўных тэндэнцый па павелічэнні двухбаковага тавараабароту ў гэтым годзе.

Паспяхова развіваецца супрацоўніцтва ў галіне прамысловай кааперацыі. Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што на працягу рабочага тыдня ў Таджыкістане адбудзецца шэраг буйных мерапрыемстваў, прысвечаных Беларусі. Сярод іх — нацыянальная выстаўка і другі Міжнародны бізнес-форум «Беларусь — Таджыкістан — Афганістан».

«Мы гатовы сур’ёзна працаваць у Таджыкістане, ствараць з вамі сумесныя вытворчасці на ўвесь рэгіён. Мы яшчэ шмат знойдзем напрамкаў для нашага супрацоўніцтва. Галоўнае, што ў нас ёсць давер адзін да аднаго. І гэта тая аснова, на якой мы можам будаваць адносіны», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Рахмон: Таджыкістан высока цэніць дасягнуты ўзровень шматпланавага супрацоўніцтва з Беларуссю

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон на перагаворах у пашыраным складзе з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

«Рэгулярныя кантакты на вышэйшым узроўні з’яўляюцца важным фактарам фарміравання пазітыўнага вектара ў адносінах дзвюх краін. Мы вельмі высока цэнім дасягнуты ўзровень шматпланавага супрацоўніцтва з Беларуссю. Таджыкістан быў і застаецца паслядоўным прыхільнікам далейшага ўмацавання ўзаемаадносін з Беларуссю. Перакананы, што і нашы беларускія сябры прытрымліваюцца такой жа пазіцыі», — заявіў Прэзідэнт Таджыкістана.

Паводле яго слоў, такі сумесны падыход і высокая ступень узаемнага даверу ствараюць трывалую аснову для вываду двухбаковага партнёрства на новы ўзровень.

Беларусь і Таджыкістан падпісалі дарожную карту супрацоўніцтва на 2019-2020 гады

Беларусь і Таджыкістан падпісалі дарожную карту двухбаковага супрацоўніцтва на 2019-2020 гады.

Дакумент вызначае параметры беларуска-таджыкскага ўзаемадзеяння ў ключавых сферах на бліжэйшую перспектыву. Яго падпісалі сустаршыні міжурадавай камісіі міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц і міністр сельскай гаспадаркі Таджыкістана Ізатула Саторы.

Акрамя таго, у прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў у Душанбэ падпісаны план кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў на 2019-2020 гады.

Заключана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Камітэтам дзяржкантролю Беларусі і Падліковай палатай Таджыкістана.

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі падпісала пагадненне аб навуковым супрацоўніцтве з Акадэміяй навук Таджыкістана.

Пагадненні аб супрацоўніцтве ў судова-экспертнай дзейнасці заключаны Дзяржаўным камітэтам судовых экспертыз Беларусі з Міністэрствам унутраных спраў і Міністэрствам юстыцыі Таджыкістана. ДКСЭ таксама падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы судовай медыцыны з Міністэрствам аховы здароўя і сацыяльнай абароны насельніцтва Таджыкістана.

Прыняты комплексны план мерапрыемстваў на 2018-2020 гады па рэалізацыі пагаднення аб супрацоўніцтве паміж МНС Беларусі і Камітэтам па надзвычайных сітуацыях і грамадзянскай абароне пры ўрадзе Таджыкістана.

Заключана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам прамысловасці Беларусі і Міністэрствам прамысловасці і новых тэхналогій Таджыкістана.

Мінадукацыі Беларусі заключыла пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы дашкольнай адукацыі з Міністэрствам адукацыі і навукі Таджыкістана. Таксама падпісана пагадненне паміж Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам і Таджыкскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам аб акадэмічным і навуковым супрацоўніцтве.

Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісана паміж Міністэрствам аховы здароўя Беларусі і Міністэрствам аховы здароўя і сацыяльнай абароны насельніцтва Таджыкістана.

Заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве Дзяржаўны камітэт па маёмасці Беларусі і Дзяржаўны камітэт па зямельным кіраванні і геадэзіі Таджыкістана.

Прыняты план мерапрыемстваў па развіцці гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва паміж Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам і Выканаўчым органам дзяржаўнай улады горада Душанбэ.

Ад палітыкі і эканомікі да барацьбы з тэрарызмам — Лукашэнка і Рахмон прынялі сумесную заяву

Прэзідэнты Беларусі і Таджыкістана Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон па выніках афіцыйных перагавораў у Душанбэ прынялі сумесную заяву.

У дакуменце адзначаецца, што перагаворы прайшлі ў традыцыйна дружалюбнай, давернай і канструктыўнай атмасферы. Бакі пацвердзілі гатоўнасць да ўмацавання палітычнага дыялогу, намецілі шляхі далейшага развіцця беларуска-таджыкскіх адносін і ўзаемадзеяння па важнейшых пытаннях міжнароднага парадку дня.

Вялікая ўвага ў сумеснай заяве ўдзяляецца тэматыцы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Прэзідэнты падкрэслілі прыярытэтнае значэнне ўзаемадзеяння ў гэтай сферы і выказалі імкненне да яго пашырэння з улікам інтарэсаў бакоў.

Абазначана ўзаемная зацікаўленасць у павелічэнні аб’ёмаў двухбаковага гандлю, развіцці доўгатэрміновых форм эканамічнага супрацоўніцтва, паглыбленні інвестыцыйнага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Таджыкістанам.

Бакі таксама дамовіліся падтрымліваць інвестыцыйную дзейнасць па стварэнні сумесных вытворчасцей, прадаўжаць удасканальваць умовы для работы беларускіх і таджыкскіх інвестараў, прымаць практычныя меры па рэалізацыі праектаў у горна-металургічнай і будаўнічай галінах, у лёгкай і харчовай прамысловасці, у сферах сельскагаспадарчай кааперацыі і лагістыкі. Выказана ўзаемная зацікаўленасць у пашырэнні ўзаемадзеяння паміж рэгіёнамі як эфектыўнай формы ўмацавання ўзаемаадносін, у стварэнні неабходных умоў для развіцця прамых сувязей паміж суб’ектамі гаспадарання.

Пацверджана таксама зацікаўленасць у далейшым развіцці ўзаемадзеяння ў сферах адукацыі, навукі і тэхнікі, культуры і мастацтва, аховы здароўя, спорту і турызму.

У сумеснай заяве таксама гаворыцца аб узаемадзеянні на міжнародных пляцоўках, падкрэслена ўзаемнае імкненне да садзейнічання ўмацаванню міру, бяспекі і стабільнасці ў рэгіянальным і міжнародным маштабах. Адзначана рашучасць умацоўваць супрацоўніцтва ў сферы барацьбы з тэрарызмам, экстрэмізмам, наркатрафікам, незаконным гандлем зброяй.

Лукашэнка: Беларусь гатова да актыўнай работы з Таджыкістанам па ўсіх напрамках

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам.

«Мы гатовы да самай актыўнай работы па ўсіх без выключэння напрамках, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, на карысць нашых працавітых і дружалюбных народаў Беларусі і Таджыкістана», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Гэта сустрэча яшчэ раз пацвердзіла даўно замацаваны дружалюбны статус нашых адносін, заснаваных на прынцыпах павагі і даверу. Мы маем намер і ў далейшым падтрымліваць дыялог на самым высокім узроўні», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, на перагаворах былі дэталёва разгледжаны пытанні двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, адзначаны добрыя перспектывы для нарошчвання прамысловай кааперацыі і ўзаемадзеяння ў сельскай гаспадарцы.

Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу, што гандаль з Таджыкістанам дынамічна развіваецца. У мінулым годзе тавараабарот павялічыўся больш як у два разы і прадаўжае расці. У спісе беларускага экспарту — трактары, спецыялізаваная аўтамабільная тэхніка, прадукты харчавання. «Нашы гіганты — БелАЗ, МАЗ, «Гомсельмаш» — прадстаўлены ў вашай краіне сеткай таваравытворчых філіялаў. З мінулага года тут працуе першая зборачная вытворчасць беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі. Мяркую, што гэты праект стане зыходнай кропкай для выбудоўвання доўгатэрміновых кааперацыйных сувязей у розных сферах — прамысловасці, АПК, фармацэўтыцы і іншых. Менавіта сумесная вытворчасць якасных канкурэнтаздольных тавараў зробіць эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Таджыкістана эфектыўным і ўзаемавыгадным», — упэўнены Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Таджыкістан аб’ядноўвае імкненне знайсці надзейных дзелавых партнёраў і выбудаваць доўгатэрміновыя адносіны.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў таджыкскаму боку ў цэлым і асабіста Эмамалі Рахмону за арганізацыю другога Міжнароднага бізнес-форуму «Беларусь — Таджыкістан — Афганістан» і Нацыянальнай выстаўкі Беларусі. Ён таксама вітаў прадстаўнікоў бізнесу іншых краін рэгіёна, якія прыехалі на форум. «Вельмі хацелася б, каб гэты бізнес-форум паслужыў асновай стварэння трывалых гандлёва-эканамічных адносін не толькі з Таджыкістанам, але і з краінамі ўсяго рэгіёна», — адзначыў беларускі лідар.

Актыўна развіваецца двухбаковае ўзаемадзеянне і ў гуманітарнай сферы. Стартавалі Дні беларускай культуры і кіно ў Таджыкістане, а ў наступным годзе творчыя калектывы Таджыкістана наведаюць Беларусь.

Прэзідэнт адзначыў, што на працягу апошніх гадоў расце колькасць таджыкскіх грамадзян, якія навучаюцца ў Беларусі. Ужо створаны чатыры сумесныя факультэты на базе вядучых беларускіх ВНУ. Будзе таксама адкрыты цэнтр беларускай адукацыі, навукі і культуры на базе Таджыкскага тэхнічнага ўніверсітэта. «Трактары, аўтамабілі і іншае жалеза — гэта добра. Гэта гандлёвы абарот, гэта грошы. Але ёсць рэчы больш важныя. Гэта людзі, кадры. Калі не будзе падрыхтаваных спецыялістаў, ніякае жалеза нам не дапаможа. І жалеза гэтага не будзе», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Ён дадаў, што ў Беларусі навучаюцца многія грамадзяне Таджыкістана, але неабходна выкарыстоўваць і іншую форму — навучаць спецыялістаў непасрэдна на месцы. «Калі мы заўтра адкрываем, напрыклад, сумесную вытворчасць трактароў, то там трэба і навучаць спецыялістаў. Хутка яны стануць інжынерамі і будуць вучыць іншых у Таджыкістане», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт упэўнены, што далейшаму дынамічнаму развіццю адносін паслужыць падпісаная дарожная карта супрацоўніцтва Беларусі і Таджыкістана на 2019-2020 гады, у якой закладзены шырокі спектр напрамкаў узаемадзеяння.

«Эмамалі Шарыпавіч сёння ўнёс прапанову аб наданні нашым адносінам узроўню стратэгічнага партнёрства. Думаю, што гэта двухгадовая дарожная карта паслужыць добрым фундаментам для таго стратэгічнага партнёрства, якое намі будзе зацверджана. І ўрад у самы кароткі тэрмін падрыхтуе адпаведную прапанову», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Рахмон: Беларусь была і застаецца важным партнёрам для Таджыкістана

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

«Для Таджыкістана Беларусь была і застаецца важным партнёрам у сістэме міжнародных адносін. Адносіны дзвюх краін развіваюцца па нарастаючай», — сказаў Прэзідэнт Таджыкістана.

Паводле яго слоў, асаблівы акцэнт у ходзе перагавораў быў зроблены на пытаннях развіцця гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Размова ішла аб павелічэнні аб’ёмаў і дыверсіфікацыі структуры двухбаковага тавараабароту. «Тэндэнцыя яго росту за апошнія гады сведчыць аб вялікім патэнцыяле нашых краін», — адзначыў Эмамалі Рахмон.

«Мы дамовіліся ўсямерна падтрымліваць інвестыцыйную дзейнасць па стварэнні эфектыўных сумесных вытворчасцей, у тым ліку ў нашых свабодных эканамічных зонах, прадоўжыць работу па фарміраванні спрыяльных умоў для работы таджыкскіх і беларускіх інвестараў. Развіццё прамысловай кааперацыі паміж Таджыкістанам і Беларуссю адпавядае інтарэсам бакоў і з’яўляецца фактарам напаўнення нашых эканамічных адносін практычным зместам», — сказаў Прэзідэнт Таджыкістана.

Шырокія магчымасці для вытворчай кааперацыі ёсць у сферы АПК, лесапапяровай і нафтахімічнай прамысловасці, а таксама ў шэрагу іншых сфер. «У гэтым кантэксце АПК, галіны машынабудавання, вытворчасці лекавых прэпаратаў, лёгкай і харчовай прамысловасці былі вызначаны намі як перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва», — заявіў Эмамалі Рахмон.

Нацыянальная выстаўка Беларусі адкрылася ў сталіцы Таджыкістана Душанбэ

Чырвоную стужку на ўваходзе ў экспазіцыю ва ўрачыстай абстаноўцы перарэзалі прэзідэнты Беларусі і Таджыкістана Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон.

Выстаўка ў Таджыкістане — адна з самых вялікіх нацыянальных экспазіцый Беларусі за апошнія гады.

Першапачаткова меркавалася, што Нацыянальная выстаўка Беларусі ў Таджыкістане прадоўжыцца па 17 мая, аднак у самым пачатку агляду экспазіцыі Эмамалі Рахмон выказаў меркаванне, што тры дні — вельмі кароткі перыяд для таго, каб усе жадаючыя маглі паўнацэнна азнаёміцца з магчымасцямі супрацоўніцтва з Беларуссю і прапанаваным асартыментам прадукцыі. Кіраўнік беларускай дзяржавы пагадзіўся з гэтым. У выніку было дадзена даручэнне, каб замест першапачатковых трох дзён выстаўка працавала на працягу тыдня.

Прэзідэнты падрабязна азнаёміліся з экспазіцыяй, падоўгу затрымліваючыся каля некаторых стэндаў і абмяркоўваючы канкрэтныя напрамкі і магчымыя праекты па развіцці супрацоўніцтва ў тых ці іншых сферах. Вялікую цікавасць у Эмамалі Рахмона выклікала прадукцыя беларускіх прамысловых прадпрыемстваў. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі перспектывы далейшага прасоўвання на рынак Таджыкістана прадукцыі ААТ «БелАЗ». Пры гэтым у працэсе агляду экспазіцыі не раз узнікала тэма стварэння сумесных прадпрыемстваў. Напрыклад, Прэзідэнт Таджыкістана прапанаваў вывучыць пытанне аб адкрыцці зборачнай вытворчасці беларускага ліфтавага абсталявання, у сферы вытворчасці прадуктаў харчавання, лекавых сродкаў. Цікавасць таксама выклікала сучасная камунальная тэхніка.

Агульная плошча выстаўкі — 2 тыс. 233 кв.м, у тым ліку ў павільёне — 953 кв.м, на адкрытай пляцоўцы 1 тыс. 280 кв.м. Удзел у ёй прымаюць 147 арганізацый, уключаючы рэспубліканскія органы дзяржкіравання і іншыя арганізацыі, падпарадкаваныя ўраду.

На галіновых раздзелах выставачнай экспазіцыі прадстаўлены арганізацыі, што працуюць у сферах харчовай прамысловасці, машынабудавання, прамысловага і спецыялізаванага абсталявання, бытавога прыборабудавання, адукацыі, навукі і тэхналогіі, інавацыйнай дзейнасці, медыцыны і фармацэўтыкі, спорту і турызму, хіміі і нафтахіміі, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці, сувязі і інфарматызацыі, вытворчасці будматэрыялаў, кнігавыдання і паліграфіі.

На адкрытай пляцоўцы прадстаўлена некалькі дзясяткаў адзінак тэхнікі ААТ «Амкадор», ААТ «МТЗ», ААТ «МАЗ», ААТ «Гомсельмаш», ААТ «Бабруйскаграмаш», ААТ «Лідаграпраммаш».

Лукашэнка і Рахмон афіцыйна адкрылі зборачную вытворчасць беларускай сельгастэхнікі ў Таджыкістане

Прэзідэнты Беларусі і Таджыкістана Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон афіцыйна адкрылі зборачную вытворчасць беларускай сельгастэхнікі, якая размешчана ў горадзе Гісары.

Кіраўнікі дзяржаў з гэтай нагоды адкрылі памятны знак на тэрыторыі прадпрыемства, азнаёміліся з вытворчасцю, абмеркавалі перспектывы яе развіцця, сустрэліся з работнікамі.

«У верасні я буду тут (на верасень 2018 года ў Таджыкістане запланавана пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД. — Заўвага БЕЛТА), і я пагляджу ўжо, як вы гандлюеце. У верасні вы ўжо даложыце нам, на якія рынкі выйшлі. Мы ж хочам стварыць тут апорную пляцоўку, каб разам выходзіць на іншыя рынкі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніцтва ААТ «МТЗ» і прадпрыемства ў Гісары.

Гаворачы аб перспектывах развіцця вытворчасці і продажаў, Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон адзначыў наяўнасць вялікай колькасці праектаў з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі, якія дапамагаюць аграрнаму сектару ў краіне набываць тэхніку.

Кіраўнікам дзяржаў далажылі аб планах па лакалізацыі вытворчасці ў Гісары. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў работу ў гэтым напрамку, каб частка вузлоў для збіраемай тэхнікі выраблялася непасрэдна ў Таджыкістане.

Размова таксама ішла аб практычнай падрыхтоўцы таджыкскіх спецыялістаў на канвеернай вытворчасці ў Беларусі. «Гэта (вытворчасць. — Заўвага БЕЛТА) — пачатак. І адсюль павінны пайсці інжынеры для Таджыкістана», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Ён таксама адзначыў магчымасці выкарыстання тэхнікі МТЗ для патрэб камунальнай гарадской гаспадаркі і даручыў даставіць у Таджыкістан узоры адпаведнага навяснога абсталявання.

Як паведаміў журналістам дырэктар АТЗТ «Агратэхсэрвіс» Джалалідзін Нураліеў, беларуская сельгастэхніка запатрабавана ў Таджыкістане, паколькі яе парк вельмі зношаны. «Сёння ёсць няхватка амаль 10 тыс. толькі па трактарах. Таму мы вырашылі адкрываць зборку тут. Гэта таксама ў святле праграмы па стварэнні рабочых месц, ператварэнні рэспублікі з аграрнай у аграрна-індустрыяльную», — адзначыў ён.

Дырэктар кампаніі расказаў і аб тым, як арганізавана падрыхтоўка кадраў, якія вырабляюць, эксплуатуюць і абслугоўваюць тэхніку ў Таджыкістане. «Ёсць намер навучаць спецыялістаў сярэдняга тэхнічнага звяна, якія будуць працаваць непасрэдна ў гаспадарках. Будуць выкладчыкі з Беларусі. Нашы спецыялісты праходзілі ўжо навучанне, і ў нас у плане прысылаць іх у Беларусь, каб яны дадаткова праходзілі практычную падрыхтоўку, працуючы на канвеерах», — заявіў Джалалідзін Нураліеў.

Паводле яго слоў, ужо вядуцца перагаворы, каб сабраная ў Таджыкістане беларуская тэхніка пастаўлялася і на рынкі трэціх краін, у прыватнасці ў Афганістан.

ААТ «МТЗ» і ААТ «Бабруйскаграмаш» на базе дылера АТЗТ «Агратэхсэрвіс» рэалізуюць у горадзе Гісар праект па стварэнні зборачнай вытворчасці трактароў, навяснога і прычапнога абсталявання. Гэта вытворчасць уключана ўрадам Таджыкістана ў пералік асабліва важных аб’ектаў. Прапрацоўваецца пытанне адмены ПДВ (18 працэнтаў) на сумесна вырабленую ў Таджыкістане сельскагаспадарчую тэхніку. Вытворчы комплекс уключае ў сябе малы зборачны цэх (1,1 тыс. кв.м), склад гатовай прадукцыі, адкрытую выставачную пляцоўку для паказу сельскагаспадарчай тэхнікі і адміністрацыйна-вучэбны корпус. Пачата будаўніцтва зборачнага цэха агульнай плошчай звыш 1,6 тыс. кв.м, у якім плануецца размясціць тры лініі зборкі беларускай тэхнікі.

Цяпер на вытворчасці збіраюцца трактары маркі «Беларус-80.1» і «Беларус-82.1». Запланавана нарошчванне аб’ёмаў зборкі для рэалізацыі на рынках Таджыкістана і Афганістана. У 2018 годзе ў Гісары плануецца таксама наладзіць вытворчасць прычапной і навясной тэхнікі ААТ «Бабруйскаграмаш» і самаходных касілак ААТ «Гомсельмаш». У перспектыве плануецца пашырыць мадэльны рад выпускаемай тэхнікі.

На базе зборачнай вытворчасці пачата рэалізацыя праекта па стварэнні вучэбнага цэнтра па падрыхтоўцы тэхнічных спецыялістаў сярэдняга звяна па абслугоўванні і эксплуатацыі беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі. Вядуцца перагаворы па задзейнічанні ў адукацыйных праграмах вучэбнага цэнтра выкладчыкаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!