“Буквару” — 400 гадоў. Гісторыя і сучаснасць

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Мне пашчасціла наведаць у Мінску ўнікальную выставу “Беларускі буквар: 400 гадоў гісторыі” да юбілею першага ў свеце выдання пад назвай “Буквар” у Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі. Ён быў створаны чатырыста год назад менавіта беларусамі. Так што мы можам ганарыцца — у буквара беларускія карані.

Я быццам зноў апынуўся у маленстве. Проста вочы разбягаліся ад безлічы прадстаўленых на выставе выданняў: знакамітых буквароў і азбук XVI—ХХІ стст. — розных па складзе, графіцы, мастацкім аздабленні, педагагічных прыёмах навучання чытанню і пісьму. Прадстаўлены нават буквары беларускай дыяспары. На выставе можна было прасачыць усе чатыры стагоддзі існавання буквара.

“Буквар”, канешне, не быў самай першай кнігай для навучання пісьму і чытанню. Такія падручнікі існавалі і раней — нашы далёкія продкі вучыліся па кнігах Францішка Скарыны, Івана Фёдарава, Лаўрэнція Зізанія. Але выданняў пад назвай “Буквар” дагэтуль сапраўды не было. І “Буквар” здолеў сістэматызаваць увесь назапашаны вопыт у навучанні грамаце і на той час быў самым дасканалым, разлічаны не толькі на дзіцячую, юнацкую, але і на дарослую аўдыторыю.

Спачатку вучні вывучалі літары славянскага алфавіта, затым складалі іх у простыя склады і словы. Потым чыталі словазлучэнні і сказы. Кожны занятак абавязкова пачынаўся з малітваў, якія складалі значную частку кнігі. Ёсць тут і мудрыя выказванні, пералік наказаў для маладых людзей — “не крадзі”, “шануй бацьку свайго і маці”, пералік смяротных грахоў — “празмерны гонар”, “абжорства”, “зайздрасць”, “сквапнасць”, “гнеў” і іншых.

Дарэчы, калі б не падтрымка беларускага магната Багдана Агінскага, кнігі магло б і не быць. Ён падтрымаў тагачасны цэнтр праваслаўнай культуры — Віленскі Свята-Духавы манастыр, выдавецкая дзейнасць якога была забаронена з-за публікацыі “Трэнаса” Мялеція Сматрыцкага. Радзімай першага “Буквара” стала не Вільня, а мястэчка Еўе Троцкага ваяводства (прыблізна 40 кіламетраў ад сучаснай літоўскай сталіцы). Там знаходзіўся маёнтак Агінскага. І герб спонсара можна ўбачыць на першай старонцы кнігі.

“Буквар” быў выдадзены 24 ліпеня 1618 г. у друкарні Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва, якое было адным з самых старадаўніх беларускіх выдавецтваў у Вялікім Княстве Літоўскім. Дарэчы, яшчэ да нядаўняга часу лічылася, што першы ў свеце буквар з’явіўся на тэрыторыі Беларусі ў 1631 г.: выйшаў ён у Куцеінскай друкарні ўраджэнца Магілёва Спірыдона Собаля. Заснаваная ім у 1630 г. Куцеінская друкарня стала цэнтрам беларускага кірылічнага кнігадрукавання. У Оршы захаваліся разваліны некалі знакамітай друкарні.

Да нашага часу зберагліся два асобнікі падручніка, па якім вучыліся нашы далёкія продкі. Няпоўны — у Каралеўскай бібліятэцы Даніі, поўны — у Вялікабрытаніі, у бібліятэцы “Мідл Тэмпл”. Туды кніга патрапіла ў XVII стагоддзі, дзякуючы калекцыянеру навучальных выданняў Роберту Эшлі. Потым асобнік апынуўся ў кнігазборы лонданскіх барыстараў — членаў карпарацыі адвакатаў.

Як цудоўна, што ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі з’явілася лічбавая копія першага “Буквара” з Каралеўскай бібліятэкі Даніі. Цяпер дакрануцца да выдатнага гістарычнага помніка ў анлайн-рэжыме зможа любы жадаючы на сайце галоўнай бібліятэкі Бацькаўшчыны. Беларусь заўсёды сур’ёзна ставілася да стварэння буквароў. Ужо ў пачатку ХХ стагоддзя пачалі з’яўляцца падручнікі для навучання чытанню: лемантары і чытанкі Каруся Каганца, Цёткі (Алаізы Пашкевіч), Якуба Коласа, Вацлава Ластоўскага, Янкі Станкевіча, Леанілы Гарэцкай. Многія пакаленні маленькіх беларусаў у савецкі і сённяшні час вучыліся і працягваюць вучыцца па “Буквары” Анатоля Клышкі. Дарэчы, ён упершыню быў выдадзены ў 1969 г. і перавыдаваўся 23 разы на беларускай, рускай і польскай мовах. Атрымаў залаты медаль Міжнароднай Лейпцыгскай кніжнай выставы ў 1977 г., а ў 2004 г. быў прызнаны лепшым падручнікам года на выставе ў Франкфурце-на-Майне.

Сёлетні год праходзіць пад знакам 400-годдзя “Буквара”. Гэта своеасаблівы працяг святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

г. Віцебск.

 

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.