Меню
Курс $  3.26 | €  3.55 | ₽100  3.53 |
Погода 3 °C

Гісторыя горада — гісторыя жыцця

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 1 1

Дык працуй і жыві,

дабраслаўны з краёў,

Родны горад, свабодны навечна.

Ты прымаеш з павагай

сваіх жыхароў

І гасцей сустракаеш сардэчна.

З верша Вольгі Васільевай, сябра раённага літаратурна-музычнага аб’яднання

“Валошкі”.

Свой першы прыезд у Нясвіж я памятаю цьмяна,  бо была яшчэ дзіцем. З маёй вёскі Панюцічы мама прывозіла мяне ў райцэнтр у бальніцу. Дарога са Снова тады была брукаваная, абсаджаная высокімі таполямі. Памятаю стары будынак бальніцы, якая размяшчалася на месцы сённяшняга ўніверсама. А яшчэ — аўтастанцыю на плошчы, што мяне чамусьці здзівіла…



Прайшло шмат гадоў, перш чым я трапіла сюды зноў, ужо будучы дарослай, калі прыязджала з Лысіцкай СШ на камсамольскія канферэнцыі і семінары. Упершыню пабачыла замак (тады там размяшчаўся санаторый) з яго высокімі валамі вакол будынкаў. Мы з сяброўкай лёгка ўзбіраліся наверх, там стаялі чатыры альтанкі, з кожнага боку па адной. Зайсці ўнутр давялося крыху пазней. Палюбаваліся шырокімі лесвіцамі, танцавальнай залай, вялікім зялёным більярдным сталом, пабачылі кабінеты ўрачоў. Як гэта ўсё было цікава і таямніча, асабліва, калі пачула замкавыя легенды! Здавалася, вось зараз аднекуль выйдуць князі ці князёўны ў шыкоўных уборах…

Аўтар (злева) — на полі саўгаса
“Гарадзейскі” з карэспандэнтам
“раёнкі” Ірынай Чырко. 1982 г.

Захаплялася касцёлам з яго маляўнічымі фрэскамі,  і калі прачытала, што ўсё хараство створана італьянскімі майстрамі,  было адчуванне гонару: гэта ёсць у нас. Мне так хацелася жыць і працаваць у Нясвіжы, што я часцяком ездзіла ў рэдакцыю райгазеты, куды дасылала свае заметкі, з мэтай туды ўладкавацца. Такая нагода здарылася, і вось я — несвіжанка.

Памятаю, каля будынка нашай друкарні здымалі кадры фільма “Чырвоны веласіпед”,  мы назіралі, як усё адбывалася. Праз гады — у 1982 г.  — ля яе адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка Сымону Буднаму, які надрукаваў у Нясвіжы свой “Катэхізіс” (у 1562 г. — першую на Беларусі кнігу  на беларускай мове). Гэта падзея з’явілася для горада знакавай,  а ў мяне захаваўся і здымак з мерапрыемства.

Цікавым і важным было адкрыццё ў 1995 годзе раённага гісторыка-краязнаўчага музея, на якое прыязджаў адзін з нашчадкаў Радзівілаў, Антоній. Яму спадабаліся экспазіцыі, а сам князь аказаўся ветлівым і сціплым чалавекам. Дарэчы, ён завяшчаў пахаваць сябе ў крыпце свайго роду, што знаходзіцца пад касцёлам. І праз колькі гадоў мне давялося пабываць на тым жалобным адпяванні.

Калі закрыўся санаторый, пачалася рэстаўрацыя замка Радзівілаў,  на што спатрэбілася шмат гадоў і сродкаў. Прыязджала дачка апошняга ардыната, князёўна Альжбета. Яна давала слушныя заўвагі і пажаданні ў перыяд аднаўлення радавога гнязда. На ўрачыстым адкрыцці палаца сабралася шмат людзей, усе захапляліся яго прыгажосцю  і велічнасцю. І сёння шматлікія турысты наведваюць Нясвіж, каб паглядзець прыгажосць, створаную плёнам многіх людзей, каб дакрануцца да гісторыі старажытнага горада і знакамітага роду Радзівілаў.

На маіх вачах праходзіла і будаўніцтва раённай бібліятэкі, якая стала цэнтрам духоўнай асветы, нацыянальнага адра-джэння. Шырокі выбар мастацкай і навуковай літаратуры, прыгожае афармленне, сучаснае абсталяванне… Як не ганарыцца такой установай у райцэнтры?!

2007 г. Падчас прэм’еры спектакля
“Графіня Эльвіра”

Адноўленая ратуша таксама вабіць вока не толькі жыхароў горада, але і яго наведвальнікаў.  Яна з’яўляецца структурным падраздзяленнем Нацыя-нальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, раскрывае старонкі жыцця нашых продкаў. Гэты старажытны будынак, як і іншыя, прыцягвае ўвагу прадстаўнікоў кінаіндустрыі. Тут здымаліся некаторыя эпізоды кінафільма “Каменская”, і мы са знаёмай узялі ў актрысы Алены Якаўлевай аўтограф. Маляўнічыя віды парка з яго стогадовымі (і больш) дрэвамі,  сажалкамі вакол замка запатрабаваны  кінематаграфістамі Расіі і “Беларусьфільма”. Дзякуючы гэтаму, мы маглі наяве пабачыць кіназорак: Алега Гарбуза, Алега Барысава, Андрэя Сакалова, Алену Корыкаву ды іншых вядомых артыстаў. Шмат знаёмых мясцін можна ўбачыць у фільмах “Сляды апосталаў”,  “Слуга”.

А колькі жылых дамоў вырасла ў Нясвіжы за апошнія трыццаць — сорак гадоў! Маладзёжныя кааператывы, новыя вуліцы з сучаснымі пабудовамі… І назвы іх таксама характэрныя: Шышыгінай, Пранузы, Косача, Радзівілаўская…

Калі мой малодшы сын вучыўся ў БДУ, да нас прыехаў яго аднакурснік з Брэсцкай вобласці. Паглядзеўшы гарадскія славутасці, ён сказаў: “Ты жывеш у такім цудоўным горадзе,  што можна пазайздросціць”. Падобныя думкі выказваюць многія, хто наведвае наш старажытны Нясвіж. Да мяне неяк прыяз-джала знаёмая з Віцебска, яна таксама была ўражана горадам, зрабіла шмат здымкаў.

Незабыўным для несвіжан стала свята беларускага пісьменства і друку (1997 г.), на якім нам, журналістам, давялося многа папрацаваць, каб шырока асвятліць яго. Але гэта было прыемна і ганарова. А якой цікавай  і грандыёзнай падзеяй былі ў 1998 годзе рэспубліканскія дажынкі!

У пачатку 90-х адбылася рэканструкцыя сажалкі Замкавай, і мы, супрацоўнікі рэдакцыі, разам з усімі прымалі ўдзел у гэтай вялікай справе. Мужчыны адсыпалі схілы набярэжнай, жанчыны сеялі газонную траву. На ва-дзе ціха пагойдваліся белыя гарлачыкі, якія ўпрыгожвалі люстраную гладзь. На жаль, цяпер іх няма:  ці падводная глеба змяні-лася, ці ўсё-такі знаходзіліся вандалы, якія вырывалі з карэннем гэты цуд прыроды.

У нашым слаўным горадзе адбывалася маё знаёмства з цікавымі людзьмі, якія сваёй працай унеслі значны ўклад у яго гісторыю. Асабліва края-знаўца, педагог К.Я. Шышыгіна, якая напісала шэраг кніг пра Нясвіж. Аўтарам гістарычных аповедаў быў і старшыня раённага камітэта народнага кантролю А.П. Аляшкевіч, які стварыў свое-асаблівы летапіс гераічнага мінулага нашага краю. Многае далі мне ў прафесіянальнай дзейнасці заслужаны дзеяч культуры, рэдактар райгазеты І.П.Тартоўскі, адказны сакратар Т.П. Ярмоленка. Тамара Пятроўна шмат гадоў была артысткай народнага тэатра імя Уршулі Радзівіл раённага цэнтра культуры. Дарэчы, у свой час я таксама ўдзельнічала ў некаторых пастаноўках знакамітага калектыву, за што ўдзячна выдатнаму рэжысёру В.П. Марозу, які стаў ганаровым грамадзянінам горада Нясвіжа. На жаль, названыя людзі даўно пайшлі з жыцця, але пакінулі ў маёй душы незабыўны след.

Шмат гадоў назад я пазнаёмілася з цудоўнай жанчынай, Г.А. Галабурдай. Яе  нялёгкі жыццёвы лёс і стойкасць выліліся ў нарыс. Галіна Антонаўна шмат гадоў узначальвае раённае таварыства інвалідаў, доўга спявала ў хоры ветэранаў вайны і працы. Дзякуючы яе арганізатарскім здольнасцям мы не раз выязджалі адпачываць на возера Свіцязь, выступалі ў Гродна на фестывалі нацыянальных культур, пабывалі ў розных іншых мясцінах Беларусі, у тым ліку ў Віцебску на “Славянскім базары”.

Сёння наш горад расце і маладзее, нягледзячы на сталы ўзрост. Тут шмат працавітых і добрых людзей. Шмат маладых. Нараджаюцца дзеці. Надзея на будучае — наша маладая змена, якая  будзе дастойна несці добрыя традыцыі бацькоў, славіць Нясвіж і берагчы яго. Каб і ў 800, і ў 900 гадоў ён заставаўся маладым і яркім,  квітнеючым і слаўным,  як яго гісторыя.

Раіса ХВІР, 

несвіжанка з 1976-га года.

 

1 Comment

1 Comment

  1. Зоя:

    Гэта Цудоуная жанчына ,прыгожая и таленавитая ,шмат гадоу на роднай беларускай мове зачароувала Нясвижчыну разумными павучальными гисторыями . И сення ,у юбилейны год ,пажадаем ей здароуя ,доугага жыцця, паваги и творчых поспехау!

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!