Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.47 |
Погода 6 °C

Старонкі гісторыі. 20 гадоў таму, 18-19 верасня 1998 года, у Нясвіжы прайшоў трэці рэспубліканскі фестываль-кірмаш “Дажынкі-98”

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Пост опубликован: 29.09.2018

“Будзе хлеб на стале — значыць, будзе дастатак у доме”.

Прэзідэнт Беларусі

Аляксандр ЛУКАШЭНКА

(з выступлення

на рэспубліканскім

 фестывалі-кірмашы

“Дажынкі-98”).

Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку сустракалі на “Дажынках-98” у Нясвіжы
з хлебам-соллю. Прыпаднеслі каравай перадавыя даяркі з калектыўнага прадпрыемства “агракамбінат “Сноў” Леаніда Буян і Людміла Русінава. 1998 г.



У 1996 годзе рэспубліканскія  дажынкі святкаваліся ў Століне. У 1997-м — у Мастах. 4 жніўня 1998 г. Прэзідэнт краіны  сваім распараджэннем  абазначыў  наступны адрас усенароднага  свята працаўнікоў вёскі — наш старажытны Нясвіж. Гэта была значная, хвалюючая і наогул — цудоўная падзея. З удзелам Кіраўніка дзяржавы, іншых дзяржаўных афіцыйных асоб. І сабраліся на свяце працаўнікі палёў з розных куточкаў сінявокай Беларусі.

Выступаючы перад прысутнымі, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што зерне ў засеках і хлеб на стале заўсёды былі і з,яўляюцца меркай нашай працы, сімвалам дастатку ў кожным беларускім доме, і як бы ні супраціўлялася стыхія, Беларусь усё ж бу-дзе з хлебам. А сабралі ў 1998-м больш за 5 мільёнаў тон збожжа — амаль па 23 ц/га. Пераможцам спаборніцтва Прэзідэнт уручыў  ключы ад легкавых аўтамашын.

З вялікай урачыстасцю, шанаваннем дажыначнага караваю, пераможцаў жніва і ўсіх хлебаробаў, з добрымі  песнямі і задорнай музыкай  праходзіла свята на гасціннай Няс-віжчыне. Ад Велічальнага круга  на Ратушнай плошчы да сцэнічнай  пляцоўкі ў парку — шырока, раздольна звінела свята. На яго прыехалі ансамблі “Песняры” і “Сябры”, “Крупіцкія музыкі” і “Бяседа”, “Купалінка” і “Жытніца”, “Ярыца” і “Мірскія музыкі”… Выставы народных рамёстваў… Шматлікія гандлёвыя рады… Было шумна, весела і радасна. Прытым, гасцей свята 18 верасня прымалі ўсе 15 сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Прэзідэнт краіны сардэчна прывітаў удзельнікаў “Дажынак-98”. 1998 г.

Нясвіжскі раён заслужыў такое права, дзякуючы добрым  дасягненням у сацыяльна-эканамічным развіцці. У 1998 г. ён другі раз запар выйшаў пераможцам рэспубліканскага  спаборніцтва на жніве. З кожнага  гектара было сабрана па 34,7 ц збожжавых і зернебабовых культур, валавы намалот склаў 72 тысячы тон. Гэта сёлета   з-за засухі вытворчасць збожжа  толькі крыху  перавысіла 100 тысяч тон, а дакладней — склала 100119 т. Былі ж і такія  ўраджайныя гады, як 2012-ы (172,4 тыс. тон), 2014-ы (173,1 тыс. тон). А тады, 20 гадоў таму, мы са сваімі  72 тысячамі сталі лідарамі. Як відавочна расце вытворчасць, як мяняюцца да лепшага тэхніка і тэхналогіі! Наш раён на фестывалі-кірмашы “Дажынкі-98” быў узнагароджаны Ганаровым дыпломам, грашовай прэміяй і легкавым аўтамабілем. Прымаў узнагароду старшыня райвыканкама Уладзімір Дражын.

Пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва на жніве сярод гаспадарак стаў агракамбінат “Сноў”, дзе старшынёй у той час працаваў Міхаіл Карчміт. Тут з аднаго гектара намалацілі 52,4 цэнтнера  збожжа, на 1 бала-гектар выйшла па 105 кг зерня. Сельгаспрадпрыемства атрымала Ганаровы дыплом і легкавы аўтамабіль.

Ад Слуцкай брамы да Ратушнай плошчы Аляксандр Лукашэнка ішоў з юнымі несвіжанамі — вучнямі 1 класа
Нясвіжскай СШ № 1
Ягорам Пусцюльгой і Насцяй Дрозд. 1998 г.

Немалаважны і той факт, што прызёру рэспубліканскага і пераможцу раённага спаборніцтва старшаму камбайнеру  Вячаславу Шарапу са “Снова” быў аказаны гонар уздымаць  сцяг фестывалю-кірмашу “Дажынкі-98”. Вячаслаў Васільевіч  на камбайне “Мега-218” убраў у той год 225 га, намалаціў 1111 тон збожжа. Завяршыўшы жніво ў сваёй гаспадарцы, хлебароб дапамагаў суседзям — ААТ “Новае жыццё”. На жаль, Вячаслаў Шарапа  заўчасна пайшоў з жыцця, і мы сёння не маем магчымасці прывесці яго ўспаміны пра тую хвалюючую падзею. Наогул жа, ён уваходзіў у склад дэлегацый на многіх раённых, абласных і рэспубліканскіх дажынках. У 2002 г. атрымаў Падзяку Прэзідэнта  краіны, імянны гадзіннік. У 2006 г. узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”. У 2013-м  — ордэнам Пашаны. Вячаслаў Васільевіч заўсёды ганарыўся высокімі  адзнакамі сваёй працы, падкрэсліваў увагу дзяржавы да хлебароба.

Сярод вадзіцеляў пераможцам раённага спаборніцтва на жніве-98 стаў Антон Главінскі з агракамбіната “Сноў”. Ён таксама быў  запрошаны на рэспуб-ліканскае свята, атрымаў тэлевізар. Далей былі іншыя гарады, дзе Антон Іосіфавіч прысутнічаў на такім мерапрыемстве, быў яшчэ адзін тэлевізар, іншыя памятныя падарункі.

— І святы гэтыя, што ладзіліся і ладзяцца для хлебаробаў, каб падзякаваць ім за добрасумленную працу, заўсёды за-стаюцца ў памяці, — кажа Антон Главінскі. Ён працягвае шчыраваць у сваёй гаспадарцы. Добры вадзіцель заўсёды запатрабаваны.

Дажынкі звінелі шырока, раздольна

А як старанна гаспадары  рыхтаваліся да свята! Людзі сярэдняга  і старэйшага ўзросту памятаюць, як Нясвіж ператварыўся ў суцэльную будаўнічую пляцоўку. Была зроблена рэканструкцыя Ратушнай плошчы і самой ратушы, абноўлены фасады шматлікіх адміністрацыйных і вытворчых будынкаў, жылых дамоў, школ, адрамантаваны  вуліцы і тратуары, добраўпарадкаваны парк і стадыён. Прыхарошваліся і сельскія населеныя    пункты. Што і казаць: агульнымі намаганнямі, за сродкі з розных крыніц і райцэнтр, і вёскі набылі новы выгляд.

Падчас “Дажынак” на Нясвіжчыне адбылася яшчэ адна  памятная падзея. 19 верасня Прэзідэнт пасля ўрачыстасцей на Велічальным крузе на Ратушнай плошчы паехаў у эксперыментальную базу “Ганусава”, каб уручыць там  ключы ад новага дома сядзібнага тыпу аднаму з лепшых камбайнераў гаспадаркі Юрыю Раманоўскаму. Сям’я Раманоўскіх і цяпер жыве ў гэтым доме.

У тыя дні паэт Паўлюк Прануза напісаў верш “Багаты каравай”, які мы сёння прыводзім на гэтых гістарычных старонках.

Багаты каравай

У нашых сэрцах — ні хмурынкі,

Хоць восень пачынае шлях:

Святкуе Беларусь дажынкі,

Дзень слаўны ў кветках,

 у вянках.

Яго ніколі не забыцца,

Не можам прыгадаць такіх.

Нясвіж — раённая сталіца —

Гасцей прымае дарагіх.

Ён стаў святлейшым,

прыгажэйшым.

Смех, песні, музыка гучаць,

Хачу яго я сціплым вершам

З такой нагоды прывітаць.

“Дзень добры!” — чуецца.  —

“Здарова!

Такая слаўная пара!” —

То хлебаробы з Магілёва,

З Палесся, з Міншчыны, з Міра…

Даяркі, аграномы, цеслі…

Гаспадары сваёй зямлі.

А колькі маладосці ў песнях!

Яны настрой наш узнялі.

Год умалотны, ураджайны:

Папрацавалі землякі.

Адпачываць пайшлі камбайны —

Нястомныя працаўнікі.

Табою, край мой, ганаруся.

Мужней і ў радасці спявай.

На стол любімай Беларусі

Кладзём багаты каравай.

А верш “Дажынкі” нарадзіўся ў мясцовага паэта Уладзіміра Богдана  пасля святкавання. Мы сёння яго таксама друкуем.

Несвіжанкі — мясцовая паэтка Аліна Маркевіч і самадзейны кампазітар  Марыя Чарніковіч — да свята “Дажынкі-98” выдалі ў Нясвіжскай друкарні невялікую кніжачку “Нясвіжчына — жамчужына стагоддзяў”. У ёй сабраны іх вершы і песні аб роднай  зямлі.

Удзельнік “Дажынак-98” вадзіцель агракамбіната “Сноў” Антон Главінскі

Золата важкага коласа, шурпатыя далоні нястомнага хлебароба, духмяны каравай, паважліва  пакладзены на вышыты  беларускі ручнік — усё гэта заўсёды знаходзіла і знаходзіць водгук у творчых, рамантычных душах…

20 гадоў мінула з тае пары. Вырасла новае, маладое пакаленне хлебаробаў. Маладыя людзі, беручы добры прыклад з бацькоў, са старэйшых таварышаў, упэўненай рукой трымаюць  сёння штурвал камбайна ці руль аўтамабіля і ўпісваюць новыя старонкі ў гісторыю Нясвіжчыны. Вось, напрыклад, у 98-м удзел у рэспубліканскіх дажынках браў і Валянцін Міклашэвіч з агракамбіната “Сноў” (ён 35 гадоў адпрацаваў вадзіцелем у гаспадарцы да выхаду на пенсію). А сёлета мы з гонарам называем імя яго сына Дзмітрыя Міклашэвіча, які ў тым жа “Снове”  ставіць новыя рэкорды на жніве і сёлета выйшаў на першае месца ў раёне на перавозцы збожжа ад камбайнаў.

Свята на Ратушнай плошчы

— Дзімка ў нас малайчына, — задаволены Валянцін Іванавіч. — Дастойна працягвае  сямейную дынастыю. Яго дзядуля, мой бацька Іван Канстанцінавіч, таксама працаваў шафёрам у нашым калгасе, ездзіў на аўтама-білі “ЗІЛ”, перавозіў збожжа.

Залатымі снапамі, велічальнымі песнямі ў гонар  нястомнага хлебароба ўваходзяць у наша жыццё дажынкі. Кожны год яны звіняць па сінявокай Беларусі, як звініць цяжкае, налітае калоссе на збожжавай ніве.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Здымкі з архіва рэдакцыі

 і фондаў Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага

музея.

 

 

ДАЖЫНКІ

Не раз пад Нясвіжам

быў вораг разбіты,

Мужык жа мясцовы

быў лёсам забыты,

Яго рабавалі чужыя салдаты,

Як правілі тут

Радзівілы-магнаты.

Цяпер жа прыгожы

наш горад-музей

Для нашых унукаў

і нашых дзяцей.

Блішчаць тратуары

і нават сцяжынкі.

Тут справілі ўсёй Беларусі

 дажынкі.

Былі ў нас госці і з Мінска,

і з Брэста.

Для ўсіх іх хапіла і ежы, і месца.

Мы ведаем: слаўны

Нясвіжчына край,

Тут Прэзідэнт,

завітаўшы на свята,

Уручаў падарункаў

працоўным багата.

I ў гэтым заслуга,

шаноўныя, ваша.

Няхай жа квітнее

рэспубліка наша!

 

1998 г.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!