«Сучасны бібліятэкар — свайго роду ўніверсал», — Людміла ВІТКО расказала нашаму карэспандэнту пра развіццё бібліятэк Нясвіжчыны

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Сёння бібліятэкі Нясвіжчыны — гэта не проста інфармацыйная тэрыторыя, гэта тэрыторыя культуры і зносін. І як бы ні мяняліся часы, галоўнай іх задачай было і застаецца — імкнуцца быць сучаснымі, камфортнымі, цікавымі, карыснымі і запатрабаванымі мясцовым насельніцтвам. Аб сённяшнім стане ў бібліятэчнай сферы раёна “НН” расказала дырэктар Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы Людміла ВІТКО:

— Бібліятэчным абслугоўваннем насельніцтва ў раёне займаецца 21 бібліятэка, у тым ліку 18 сельскіх і 2 гарпасялковыя.

Чытачамі раёна з’яўляецца каля 18 тысяч чалавек, з іх 4806  — дзеці.

— Людміла Іванаўна, скажыце, калі ласка, як напаўняюцца бібліятэчныя фонды?

— Якаснае папаўненне інфармацыйных рэсурсаў — фундамент эфектыўнасці дзейнасці бібліятэкі.  Фонд  бібліятэк раёна  налічвае больш за 270 тыс. твораў друку і іншых інфармацыйных рэсурсаў, даступных шырокаму колу карыстальнікаў. Штогод  паступае больш за 70 назваў перыядычных выданняў. Даручэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб накіраванні на камплектаванне фондаў бібліятэк сістэмы Міністэрства культуры не менш 12 % сродкаў ад сумы бюджэтнага фінансавання на ўтрыманне бібліятэк Нясвіжскага раёна выконваецца.

—  Зараз шмат гавораць пра інфармацыйныя тэхналогіі.

— Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя П. Пранузы больш за 10 гадоў працуе ў рэжыме двух тэхналогій, працягваючы ажыццяўляць традыцыйную бібліятэчную дзейнасць і актыўна асвойваючы і ўкараняючы інфармацыйныя тэхналогіі. На сённяшні дзень камп’ютарызавана 20 бібліятэк або 95 % ад агульнай колькасці, дзе функцыянуе 49 камп’ютараў, у тым ліку ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы — 29. 16 бібліятэк маюць выхад у інтэрнэт і электронную пошту.

Актуальнай формай пазастацыянарнага абслугоўвання жыхароў аддаленых і маланаселеных вёсак раёна з’яўляецца бібліёбус, які  абслугоўвае 15 маршрутаў  у 27 населеных пунктах. Каля васьмі гадоў бібліятэкары развозяць кнігі па Нясвіжскім раёне. Хочацца ад-значыць месцы, дзе асабліва рады кнізе: вёскі Асмолава,  Качановічы, Малева і Саска Ліпка. Тым, хто не мае магчымасці выйсці з хаты з-за сталага ўзросту, бібліятэкары прыносяць кнігі дадому.

— Хутка будзе 10 год, як райбібліятэка адзначыла наваселле…

— У кастрычніку 2018 года споўніцца 10 гадоў,  як жыхары горада атрымалі ў падарунак новы сучасны будынак бібліятэкі, а мы — тыя, хто ў ім працуюць, вельмі добрую базу для станоўчай і шматграннай работы. Так, нам вельмі пашанцавала ў гэтым плане. Вялікая, прасторная, утульная, сучасная бібліятэка стала месцам культурнай асветы для кожнага яе наведвальніка. Калі ўзяць сярэднестатыстычную лічбу наведванняў у год, то можна палічыць, што за гэтыя гады бібліятэку наведала каля 450 тысяч чалавек, якія прымалі ўдзел у выставах, конкурсах, гульнях, акцыях, канферэнцыях, сярод іх — і нашы чытачы.

Даўнімі нашымі сябрамі, лепшымі чытачамі і актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў бібліятэкі з’яўляюцца В.С. Хілько, Н.А. Чалевіч, Н.С. Юшкевіч, В.Т. Саакян, Л.І. Ніцыеўская, С.В. Лях, Н.І. Яраш, вучні школ горада, студэнты Валерыя Цяляпіна, Аліна Камлач, Вікторыя Шчэпта, Ульяна Сідорка, Іван Кузняцоў, Марыя Чыстап’ян, Уладзіслаў Долмат, Веніямін Ясянчук і многія-многія іншыя.

Таксама хочацца адзначыць і тыя сем’і, дзе чытаюць усе. Гэта сям’я Сікорскай Валянціны Антонаўны і сям’я Казака Паўла Якаўлевіча.

У 2015 годзе раённай бібліятэцы было прысвоена імя беларускага паэта-земляка, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, ганаровага грамадзяніна г. Нясвіжа Паўлюка Пранузы. Гэта ганарова і адказна… Мы актыўна  пазіцыяніруем  імя  паэта, праводзячы  мерапрыемствы рознага накірунку. Так,  з 2016 года калектыў бібліятэкі арганізаваў правя-дзенне штогадовага раённага фестывалю паэзіі яго імя. У рамках III юбілейнага фестывалю, прысвечанага 100-годдзю з дня нараджэння паэта, прайшлі тэатральныя пастаноўкі, прысвечаныя жыццю і творчай дзейнасці Паўлюка Пранузы, конкурсы юных чытальнікаў “Чытаем Паўлюка Пранузу”, рэаліці-шоу “Шанс для нявыдадзеных кніг”, дзе аб’ядноўваюцца як маладыя паэты, так і старэйшае пакаленне.

Хачу адзначыць і тое, што  пасля таго, як бібліятэка стала насіць імя Паўлюка Пранузы,  мы віртуальна пасябравалі з многімі  бібліятэкамі замежжа. Так, мы дзяліліся матэрыяламі жыцця і творчасці Паўла Пранузы з  Валгаградскай абласной універсальнай навуковай бібліятэкай імя Максіма Горкага, дзе ў маі 2018 года  праходзіў літаратурны вечар, прысвечаны пісьменніку.   А зусім нядаўна прыйшло запрашэнне з Таліна (Эстонія) прыняць удзел у Міжнародным конкурсе “Стихи Павла Пронузо в рисунке”, прымеркаваным да 100-годдзя  Паўла Кузьміча.  Вельмі ганарымся тым, што нашага  знака-мітага земляка ведаюць  і ў іншых краінах свету.

— Вялікае месца ў рабоце бібліятэк займаюць аматарскія аб’яднанні і клубы па інтарэсах. 

— Так. Пры бібліятэках раёна працуюць 32 клубы: раённае літаратурна-музычнае аб’яднанне “Валошкі”, гасцёўня для людзей сталага ўзросту “Ясь І Яніна”, сямейны клуб “Згода”, “МЫ — САМІ”, “Непаседы”, “Дыялог”, клуб па духоўным выхаванні падлеткаў “Ноеў каўчэг” пры райбібліятэцы, а таксама “Отрада” Сноўскай сельскай бібліятэкі, “Юнона” Гарадзейскай гарпасялковай бібліятэкі, “Благовест” Ланскай інтэграванай сельскай бібліятэкі.

 — Шмат мерапрыемстваў ладзіцца з падтрымкай зацікаўленых арганізацый.

— Так, словы падзякі сёння я выказваю гарадскому маладзёжнаму цэнтру, раённаму цэнтру культуры, упраўленню па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама, Нясвіжскаму дзяржаўнаму каледжу імя Якуба Коласа, Нясвіжскаму гісторыка-краязнаўчаму музею, Нясвіжскай дзіцячай школе мастацтваў, Нясвіжскаму благачынню за тое, што, дзякуючы сумеснай рабоце, нашы мерапрыемствы заўсёды цікавыя, яркія і змястоўныя.

Неад’емнай часткай дзейнасці Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Пранузы ў апошнія гады з’яўляецца міжнароднае супрацоўніцтва. Першыя крокі ў гэтым кірунку былі зроблены два гады таму, калі былі падпісаны Пагадненні аб супрацоўніцтве з бібліятэкамі Польшчы, Літвы і Латвіі. У бягучым годзе раённая бібліятэка працягнула супрацоўніцтва з бібліятэкамі-партнёрамі больш цесна.

— Чым прывабліваюць чытачоў бібліятэкі раёна?

— Многія бібліятэкі маюць сваю адметнасць і непаўторнасць у рабоце з чытачом. Так, пры Ланскай інтэграванай сельскай бібліятэцы працуе клуб духоўнага выхавання “Благавест” і адзіная ў раёне “Батлейка” з паказам спектакляў духоўнай і свецкай тэматыкі. Сноўская сельская бібліятэка цесна супрацоўнічае з мясцовай школай, у Гарадзейская гарпасялковай дзіцячай бібліятэцы актыўна дзейнічае праект “Героі казак у госці да нас”, у якім у гульнёвай форме мэтана-кіравана і сістэмна праходзіць навучанне бяспечнай жыццядзейнасці дзяцей.  Бібліятэкары раёна прымаюць удзел у розных конкурсах раённага, абласнога і рэспубліканскага маштабу.

Так, бібліятэкар Сейлавіцкай інтэграванай сельскай бібліятэкі Людміла Юрашчык сёлета заняла 2 месца ў рэспубліканскім конкурсе “Лепшы па прафесіі сярод моладзі, якая працуе ў аграгарадках” за арганізацыю сацыякультурнай дзейнасці, накіраванай на ўсебаковае развіццё моладзі і падрастаючага пакалення.

— Якая яна — праца бібліятэкара?

— Праца бібліятэкара — асаблівая. Яна патрабуе не толькі любові да сваёй прафесіі, але і глыбокіх ведаў. Жыццё прымушае бібліятэкара быць завадатарам, няспынным рухавіком. Ён збіральнік, захавальнік і праваднік чалавечай думкі. Сучасны бібліятэкар — свайго роду ўніверсал. Пры састаўленні бібліяграфіч-нага спіска — карпатлівы вучоны, праводзячы масавае мерапрыемства — драматург, рэжысёр, артыст, а таксама пісьменнік, псіхолаг, педагог, дызайнер.  Акрамя гэтага, ён павінен умець арыентавацца ў біблітэчных фондах і каталогах,  валодаць прафесійнымі навыкамі, неабходнымі для абслугоўвання чытачоў. Так, адна справа, калі чытач ведае, якая кніга яму патрэбна, а другая — калі просіць, каб  кнігу яму параілі (што бывае часцей за ўсё),  зыходзячы з яго інтарэсаў, зацікаўленасцей. І тут галоўная задача — не памыліц-ца, а даць такую кнігу, каб, прачытаўшы яе з захапленнем, чалавек  вярнуўся да нас ізноў.

Напярэдадні прафесійнага свята я выказваю словы падзякі ўсім сваім калегам за штодзённую карпатлівую працу, за захаванне нацыянальнай спадчыны, за ня-зменна высокі ўзровень забеспячэння нашых чытачоў інфармацыяй. Асаблівыя словы падзякі ў гэты дзень — ветэранам працы, людзям, якія ўсё жыццё прысвяцілі бібліятэчнай справе:   Аляксандры Канстанцінаўне Гапановіч, Ядвізе Іосіфаўне Шкраба, Ганне Іосіфаўне Суднік,  Ларысе Мікалаеўне Нядзілька, Валянціне Міхайлаўне Гуцько, Наталлі Антонаўне Богдан, Галіне Антонаўне Галабурда, Аліне Іванаўне Печкаровай, Юліі Сцяпанаўне Станавой, Людміле Хрысанаўне Жытушка і  іншым. Моцнага ўсім здароўя, дабрабыту і шчасця. Няхай наша праца заўсёды карыстаецца заслужанай павагай і знаходзіць дастойны водгук у сэрцах удзячных чытачоў.

— І Вас, Людміла Іванаўна, са святам! Хай кожны дзень чытачы наведваюць храм кнігі, з   удзячнасцю ставяцца да супрацоўнікаў бібліятэк, з павагай — да кнігі.

“НН”.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.