Беларускі пісьменнік Уладзімір Ліпскі расказаў шмат цікавага пра гісторыю нясвіжскага камсамола

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Вірлівае камсамольскае жыццё на Нясвіжчыне 60-х гадоў мінулага  стагоддзя атаясамліваецца з цікавым, неардынарным чалавекам — Уладзімірам Сцяпанавічам Ліпскім. Вядомы  беларускі пісьменнік 40 гадоў рэдагуе дзіцячы часопіс “Вясёлка”. Дарэчы, 2 снежня з нагоды такой  знамянальнай даты ў Мінску ў Тэатры юнага гледача  адбудзецца  яго творчы літаратурны вечар.

А шлях Майстра ў публіцыстыку і літаратуру, нагадаю, ляжаў праз Нясвіжчыну. У 1960 — 1964 гадах Уладзімір Ліпскі працаваў на Гарадзейскім цукровым заводзе, у 1964 — 1967 гг. — у раённай газеце “Чырвоны сцяг”. А ў 1967-1968 гг. — першым сакратаром Нясвіжскага райкама камсамола. Уладзімір Сцяпанавіч пастаянна падкрэсліваў і падкрэслівае: “Нясвіжчына — мае крылы”. З 1968 па 1976 год ён працаваў ужо ў апараце ЦК ЛКСМБ.

У лютым 1968 года Уладзімір Ліпскі  прымаў мяне ў камсамол у Нясвіжскім райкаме (будынак яго тады знахо-дзіўся на вуліцы Ленінскай).

І вось на днях, напярэдадні святкавання 100-годдзя ВЛКСМ, я набрала  яго мінскі нумар тэлефона, папрасіла Уладзіміра Сцяпанавіча крышку ўспомніць  нясвіжскія камсамольскія будні і акрэсліць: што даў яму камсамол.

— Камсамол у маім жыцці — гэта нейкая пэўная вышыня. Праца ў камсамоле адкрыла вочы, дапамагла па-сур’ёзнаму разабрацца ў жыцці. Але такія бытавыя нязручнасці не выклікалі ніякага дыскамфорту. Камсамол мяне акрыліў, навучыў глядзець моладзі ў вочы, зазіраць у душу.

Першым сакратаром Нясвіжскага райкама камсамола я працаваў два гады, але ж і дагэтуль быў  актывістам: выпускаў “Камсамольскі пражэктар”, удзельнічаў у розных мерапрыемствах, — расказаў Уладзімір Сцяпанавіч. — Стаўшы на чале раённай камсамольскай арганізацыі, вырашыў у першую чаргу пабываць у кожнай  “пярвічцы”, лічы, у кожнага  камсамольца: то ў даяркі, то ў сям’і шматдзетнай. Шукаў адказы на  розныя пытанні. Напрыклад: а чаму ён (ці яна) не камсамолец (не камсамолка)? Ведаў жыццё людзей, іх лёсы, іх радасці і праблемы. У маім  кабінеце вісела карта раёна, і па ёй я складаў маршруты вось такіх сваіх паездак. Гэта мне вельмі дапамагло потым як пісьменніку, як рэдактару часопіса.

Праўда, часцяком, позна вяртаючыся з такіх паездак, начаваў у райвыканкаме — дамоў, у пасёлак цукровага камбіната, дабрацца не было на чым. Але такія бытавыя нязручнасці не выклікалі ніякага дыскамфорту. Жыццё сапраўды было багатае на падзеі, хацелася шмат зрабіць, змяніць свет да лепшага. Падчас працы на Гара-дзейскім  цукровым заводзе ў 22 гады я быў абраны старшынёй прафсаюзнага  камітэта. Стараўся асвятляць  нашы камсамольскія справы ў газетах “Знамя юности”, “Чырвоная  змена”. Многае з таго, што тады хвалявала і было перажыта, увайшло ў маю  першую кніжачку публіцыстыкі “Райкомаўскія будні”. Я яе і цяпер беражліва захоўваю.

Уладзімір Сцяпанавіч са смехам пачаў успамінаць, як яны, моладзь, арганізавалі  ў Нясвіжы факельнае шэсце ў гонар  юбілейнай даты камсамола. А старшыня  гарадскога Савета народных дэпутатаў Уладзімір Пятровіч Гуль  усхвалявана ўшчуваў іх: “Спаліце Нясвіж!”. Або якім  шматлюдным быў у райцэнтры  камсамольскі парад, прысвечаны  другой значнай даце!

Энергічнасць, крэатыўнасць — як цяпер бы сказалі — маладога лідара, неабыякавасць яго да  розных праяў жыцця была заўважана. Уладзіміра Ліпскага з Нясвіжа забралі на працу ў ЦК ЛКСМБ. “Колькі там дакладаў напісаў, колькі прац падрыхтаваў! Начаваць у кабінеце і там даво-дзілася…” — успамінае Уладзімір Сцяпанавіч.

Камсамольская работа сапраўды кіпела. Колькі розных добрых спраў было на рахунку юнакоў і дзяўчат! Пяцігодкі выконвалі меней чым за чатыры гады, будавалі новыя  гарады, заводы і фабрыкі, пракладвалі чыгуначныя магістралі, асвойвалі цалінныя землі, вырошчвалі збажыну, садзілі  сады і ляталі ў космас… І словы “патрыятызм”, “любоў да Радзімы” былі такімі шчырымі, такімі ўзнёслымі. Моладзь жыла ідэямі, увасабляла іх у жыццё, будавала светлае заўтра.

Разгортваю кніжку нарысаў Уладзіміра Ліпскага “Высокія зоркі”. Вось як аўтар  апісвае свята моладзі ў сталіцы рэспублікі:

“Святкавалі юбілей Ленін-скага камсамола.

У той дзень на Цэнтральную плошчу Мінска сабраліся пасланцы беларускай моладзі з усіх раёнаў рэспублікі.

Маляўнічыя транспаранты.

Мора кумачовых флагаў.

Кветкі.

Музыка.

Тысячы, дзесяткі тысяч юнакоў і дзяўчат ідуць зладжаным маршавым крокам па Ленінскім праспекце. А ўперадзе — Чырвоны сцяг рэспубліканскай камсамольскай арганізацыі. Яго нясе зграбны, плячысты хлопец на выцягнутай руцэ.

Бач ты! Гэта ж быў Вася Нікіценка! Як ён тады чаканіў крок! Сабраны ўвесь. Горды! Дзіва што! Такое даверылі!..”

Вось яно — галоўнае. Гордасць. Гордасць за краіну, за яе гераічных людзей, што ў ваенных віхурах адстаялі мір і свабоду, за яе  працавітых людзей, што стваралі і зараз ствараюць багацце дзяржавы.

У творчым набытку Уладзіміра Ліпскага — амаль 70 кніг. Апошняй убачыла свет “Мая Беларусь”, сказаў мне пісьменнік. Хацелася б хутчэй  узяць яе ў рукі, пачытаць. Падзяліўся Уладзімір Сцяпанавіч і тым, над чым працуе зараз: гістарычная тэма. Ён з задавальненнем уздымае пласты культуры, пласты асобаў, вядзе “раскопкі” ў наслаенні стагоддзяў і лічыць:

— Мы яшчэ не адкрытыя. І мы  маленькімі крокамі ідзём да стасункаў сусветнай супольнасці, каб пра нас ведалі.

І ўпэўнены:

— Гэтая цяга да глыбінь — яна ў мяне адтуль, з камсамольскіх часоў, з той ідэйнай загартоўкі.

У Палацы Рэспублікі адбудзецца ўрачыстасць, прысвечаная 100-гадоваму юбілею ВЛКСМ. Запрошаны на яе і заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, кавалер  ордэна Францыска Скарыны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, вядомы беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч Уладзімір Ліпскі. Прыйдзе на спатканне са сваім юнацтвам. А можа, ён і не расставаўся з ім, са сваім юнацтвам?! Бо камсамол — не проста ўзрост. Гэта — лёс. Калі ідэі проста фантаніруюць, баявы задор, няўрымслівасць, маладая энергія, жаданне шукаць, тварыць, пісаць, памножаныя на мудрасць, б’юць праз край у душы чалавека паважанага ўзросту.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.