Таццяна Высоцкая: «Каб дзеці выраслі дастойнымі людзьмі, патрэбны ўзаемапавага і агульныя погляды»

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Да Высоцкіх я завітала вечарам, калі дома пасля працы, школы, дзіцячага садка сабраліся ўсе члены сям’і. Не было толькі старэйшага сына Уладзіслава, ён ужо дарослы і жыве асобна. Пазнаёміўшыся з гаспадарамі і дзецьмі, якія дружна малявалі за сталом у невялікім акуратным пакойчыку, мы з мамай Вольгай Аляксандраўнай накіраваліся пагутарыць на кухню, а тата Рыгор Валянцінавіч стаў падаваць дзецям гарачую вячэру. І вось, калі гарталі старонкі сямейных альбомаў, завязалася наша размова.
— Пра тое, што ў мяне будзе шматдзетная сям’я, я і не думала, — гаворыць гаспадыня. — Але калі пазнаёмілася са сваім будучым мужам, то мне захацелася мець двух сыночкаў і дзвюх дачушак. І каб двое з іх былі падобныя на мяне, а двое — на мужа. Ну, а атрымалася так, як ёсць: у нас пяцёра дзяцей. Мы з Рыгорам абое са шматдзетных сямей. У маіх бацькоў было сямёра, а ў мужавых — трое. Таму любоў да дзяцей у нас узаемная. Старэйшы сын, Уладзіслаў, ужо дарослы, працуе ў Расіі, сам зарабляе на жыццё. Малодшыя вельмі яго любяць і сумуюць па ім.
Другі сынок, Яўген, вучыцца ў 7 класе — СШ № 4 г. Нясвіжа. Ён самы старэйшы ў сям’і пасля Уладзіслава і ганарыцца тым, што яму могуць даручаць важныя справы. Стараецца быць добрым прыкладам для малодшых і вельмі непакоіцца, калі яны яго часам не слухаюць. Яўген цікавіцца пінболам, валейболам, камп’ютарам, удзельнічаў у алімпіядзе па нямецкай мове. У будучым хоча быць праграмістам.
Сын Дзяніс — вучань 3 класа. Наведвае школьны тэатральны гурток “Агеньчык”, яму падабаецца ляпіць з пластыліну. Хлопчык займаецца ў спартыўным класе і любіць плаванне.
Дачушка Ксенія ў гэтым годзе стала першакласніцай. Яна вельмі старанная, добра вучыцца, ахвотна пазнае ўсё новае, малюе, глядзіць мультфільмы пра понікаў. А чатырохгадовы Максімка наведвае сярэднюю групу дзіцячага садка. Ён таксама любіць маляваць, гуляць, глядзець мульцікі. А яшчэ ён даводзіць пачатую справу да канца. Калі я прапанавала сфатаграфавацца, ён некалькі разоў папрасіў: “Пачакайце, я дамалюю”.
Усе дзеці дапамагаюць бацькам па гаспадарцы: памыць посуд, падмесці ў пакоі, вымыць люстэрка, прыбраць траву ў агародзе, пакапаць градку. А калі нехта адмаўляецца, мама прыдумляе ім маленькія бонусы.
У гутарцы я назіраю, з якой любоўю і пяшчотай характарызуе кожнае дзіця Вольга Аляксандраўна, як беражліва, з гонарам за іх маленькія дасягненні перакладвае ў папачцы ўзнагароды — дыпломы, граматы, пералічваючы, каму і за што іх уручылі.
Бацькі сур’ёзна і адказна адносяцца да сваіх абавязкаў, прывіваюць дзецям самыя лепшыя чалавечыя якасці, вучаць дабрыні, справядлівасці, адказнасці, ніколі не браць чужога, быць дружнымі і звяртацца па дапамогу. Бо сям’я, як адзначыла гаспадыня, — гэта першыя людзі, хто дапаможа і падтрымае.
— Каб сям’я была згуртаванай, каб дзеці выраслі дастойнымі людзьмі, патрэбна, каб была ўзаемапавага, агульныя погляды на выхаванне дзяцей, — лічыць мама.
Нягледзячы на працу (Вольга Аляксандраўна працуе ў дзіцячым садку, а Рыгор Валянцінавіч у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях), на тое, што шмат часу займае будаўніцтва новага дома, на які сям’і выдаткавалі крэдыт, бацькі стараюцца ўдзяліць час і на прагулку ў парк з дзеткамі, і памаляваць разам, дапамагчы зрабіць падзелку ў садок. Мама любіць парадаваць блізкіх салодкай выпечкай: пірагамі, кексамі, піражкамі з капустай. Ёй падабаецца чытаць, вязаць кручком, займацца модульным арыгамі, але на гэта не заўсёды хапае часу. Тата любіць парыбачыць, а яшчэ яны абое захапляюцца фатаграфіяй. І ўсе разам адзначаюць дні нараджэння з падарункамі і вялікім тортам, які пячэ Вольга Аляксандраўна. На будучае жадаюць хутчэй дабудаваць вялікі дом, у якім будзе ўсім цёпла і ўтульна, дзе будзе пахнуць духмянымі пірагамі, дзе будуць панаваць любоў і павага адзін да аднаго, здароўе і шчасце. А яшчэ сям’я вельмі хоча набыць новы прынтар, каб рабіць прыгожыя сямейныя фота.
Вольга КАНДРУКЕВІЧ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.