“Напэўна, Нясвіж — добры горад”, — Алена Максімчык аб тым, як трапіла на Нясвіжчыну і засталася тут жыць

Поделитесь с друзьями
  •  
  • 3
  •  
  •  
  •  
  •  

На Нясвіжчыну выпускніца  Столінскага сельскагаспадарчага  тэхнікума, ураджэнка Лунінецкага раёна Алена Максімчык трапіла ў 1986 годзе. Ёй, уладальніцы “чырвонага” дыплома, на  размеркаванні далі права першай выбіраць месца работы. У нашых краях  дзяўчына раней ніколі не была, але ведала, што ў Нясвіжы ёсць санаторый. Падумала: “Напэўна, Нясвіж — добры горад”, і ўзяла сюды накіраванне, а  дакладней — у калгас “Беларусь” (цяпер — ААТ “Грыцкевічы”). Старшыня калгаса Іван Ільіч Кузьміч сустрэў маладога спецыяліста  ветліва: “Так, нам людзі патрэбны”. І Алену прызначылі другім эканамістам, паколькі мела спецыяльнасць “планаванне сельскай гаспадаркі”. Вяла яна пытанні працы і зарплаты.

Праўда, адразу пасля прыезду ўзнікла цяжкасць з пошукам прыватнай кватэры. Засмуцілася, дайшло нават да слёз. Калі падзялілася з кіраўніком гаспадаркі сваёй праблемай, сказала з горыччу: “Адпрацую ў вас тры гады і паеду дамоў”. Іван Ільіч супакоіў дзяўчыну, даручыў сваім работнікам тэрмінова дапамагчы ёй уладкавацца з жыллём.

— Ехала на тры гады, а затрымалася на 32, — расказвае Алена Аляксееўна. — А наогул, я Івану Ільічу вельмі  ўдзячна. Ён адносіўся па-бацькоўску, клапатліва. Калі я ў 1987 годзе  выходзіла замуж, ад праўлення  прыпаднеслі цудоўны  падарунак — аднапакаёвую кватэру ў двухпавярховым калгасным доме. Праз год атрымалі двухпакаёвую.

Алена Леўшык — падчас
міжрэгіянальнага восеньскага кірмашу ў Нясвіжы

З будучым мужам Сяргеем Леўшыкам  дзяўчына пазнаёмілася тут жа, у Грыцкевічах. Хлопец быў родам з Бабаевіч Клецкага раёна, прыехаў  сюды ў госці да брата. І сустрэў Алену,  каравокую брунетку. (Гэта яна пазней стала бландзінкай і што ёй так-сама пасуе). Вяселле згулялі ў маі. Кажуць, для жаніцьбы трэба пазбягаць гэты месяц, маўляў, усё жыццё будзеш мучыцца. Ня-праўда. Калі ёсць каханне, павага, узаемапаразуменне, калі  сапраўды сышліся дзве палавінкі аднаго цэлага — будзе шчасце ў сям’і. Сям’я Леўшыкаў — таму  прыклад. Сяргей Іванавіч — механізатар, выдатна ўпраўляе  складанай тэхнікай. У калектыве яго паважаюць. Яны выгадавалі дачку і сына. Вікторыя закончыла гістарычны факультэт БДУ, потым яшчэ асвоіла банкаўскую справу  ў дзяржаўным эканамічным універсітэце. Сёлета яна падарыла бацькам унучку Варачку. Так што ў маёй суразмоўцы — новы статус, бабулі. І як прыемна глядзець на такую бабулю — маладую, прыгожую, энергічную! Сын Аляксандр мае дыплом  педуніверсітэта імя Максіма Танка (фізіка,  інфарматыка). Пасля службы  ў арміі пайшоў працаваць у  Нясвіжскі раённы аддзел  унутраных спраў. Ён — участковы інспектар, старшы лейтэнант  міліцыі.

У 1994 годзе Алена Аляксееўна з мужам атрымалі дом  сядзібнага тыпу, з часам змаглі яго  выкупіць, прыватызаваць. Адным словам, пусцілі на  грыцке-віцкай зямлі моцныя карані. І,  акрамя паўсядзённай працы ў калгасе, не цураліся вялікіх клопатаў па хатняй гаспадарцы.   23 гады трымалі карову. А свіней і птушку  гадуюць і зараз. Каля хаты — кветнік, агарод, цяпліца, ёсць дзе  прыкласці рукі Алене Аляксееўне.

Зараз яна працуе спецыялістам па ідэалагічнай рабоце і касірам, а таксама з’яўляецца старшынёй  прафсаюзнага ка-мітэта адкрытага акцыянернага таварыства “Грыцкевічы”. Жывая, актыўная, амаль дзесяць гадоў назад была ў ліку ініцыятараў  стварэння вакальнай групы “Суседзі” пры Грыцкевіцкім  СДК і стала яе актыўным удзельнікам. Гэтак жа актыўна ўдзельнічае і ў міні-тэатры “Люстэрка жыцця”, які ўжо носіць званне “народны”. Пастаянныя рэпетыцыі  адымаюць нямала часу. Толькі Алене Аляксееўне сцэна даспадобы. Прытым да кожнага канцэрта сельскія артысты рыхтуюць новы рэпертуар.

Вось і 17 лістапада, напярэдадні Дня работнікаў  сельскай гаспадаркі, яны выступяць у сваім СДК. Тут сабяруцца хлебаробы “Грыцкевіч”. Да свята ўсім будзе выдзелена грашовая прэмія. Дырэктар сельгас-прадпрыемства Яўген  Здановіч павіншуе калектыў з прафесійным  святам, раскажа коратка пра здабыткі 2018 года, назаве  прозвішчы лепшых працаўнікоў, акрэсліць задачы на будучае. І разам са сваімі  калегамі прыме віншаванне Алена Леўшык.

Напрыканцы нашай размовы я спытала ў Алены Аляксееўны, якой стала для яе грыцкевіцкая зямля: проста сваёй  ці можа — роднай?

— Хутчэй за ўсё — ужо другое. Я ў 15 гадоў паехала са сваёй  малой радзімы, там у мяне  нікога няма, езджу толькі  на магілы родных. Дзякую лёсу, што закінуў мяне сюды. Грыцкевіцкая зямля, сапраўды, стала роднай. Хачу, каб наша  гаспадарка жыла і квітнела, каб пра яе ведалі.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Іны ВАСІЛЕВІЧ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  • 3
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.