Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 14 °C

Пад парасонам уласных мараў… Гісторыя адной выставы

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

У СШ № 4 г. Нясвіжа адкрылася выстава мастачкі, жыхаркі Нясвіжскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў Святланы Мікалаеўны Казловіч, якую могуць наведаць усе жадаючыя.

Жыццё ёсць жыццё: непаўторнае, чароўнае, але і непрадказальнае. Святлана Мікалаеўна Казловіч нічым асаблівым у гэтым жыцці не выдзялялася. Нарадзілася яна на Стаўбцоўшчыне. Акрамя Святланы, у сям’і гадаваліся двое сясцёр і брат. Бацьку Святлана не памятае. Яго не стала, калі дзяўчынка была зусім маленькай. Мама працавала ў пякарні, а калі пякарню зачынілі, перайшла на ферму: трэба было адной падымаць на ногі дзяцей.



Святлана закончыла сярэднюю школу, тэхнікум, займалася любімай справай — працавала бухгалтарам.

Жыццё паслала ёй вялікае выпрабаванне — прагрэ-сіруючую мышачную  атрафію. Але жанчына не здавалася. Яшчэ дома Святлана многа вязала — рукавічкі, шкарпэткі, кофты, касцюмчыкі. Гэтай справай  яна і займалася спачатку ў Нясвіжскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, куды трапіла ў 2009 годзе пасля смерці маці.

Пра сваё захапленне — любоў да малявання — успомніла ўжо пазней, калі хвароба падступіла бліжэй.  Узгадала яна пра тое, што калісьці, яшчэ школьніцай, вельмі любіла маляваць. Тады малявала алоўкам, у інтэрнаце пачала маляваць фарбамі — гуашшу і акварэллю. Працавалі толькі кісці рук, але любоў да жыцця і падараваны Богам талент дапамагалі нараджацца цудоўным малюнкам. Вогнішча, да якога хтосьці спяшаецца, каб паспець сагрэцца, зімовыя замалёўкі і  полымя асенняга лісця, прагулка пад парасонам уласных мараў, уяўныя і сапраўдныя сюжэты, якія ўпрыгожваюць не толькі жыццё мастачкі, але і тых, хто бачыць работы Святланы Мікалаеўны.

Да свята Вялікадня ў доме-інтэрнаце ладзілася  яе  персанальная выстава. Любіць мастачка  маляваць іконы і храмы. на пытанне пра адну з работ, дзе знаходзіцца такі храм, адказала, што не ведае, ці ёсць такі храм на свеце. Сама выдумала, сама намалявала. Святлане падабаюцца размовы са святаром, айцом Аляксандрам Данчанкам. Яна пастаянна спавядаецца і прычашчаецца Светлых Хрыстовых тайн.  А неяк і ў храме Узнясення Гасподня пабывала — айцец Аляксандр  з сёстрамі адвезлі.

— Такое адчуванне спакою! Адпачываеш, нішто не трывожыць, — падзялілася яна сваімі ўражаннямі.

Святлана раіць усім не здавацца. Навучыцца цярпець боль такім, які ён ёсць.

У самой мастачкі  гэта атрымалася. Яна працягвае жыць, тварыць, спадзявацца,  паказваючы вялікі прыклад тым, хто, маючы здароўе, не кажучы ўжо пра ўсё астатняе, адчайваецца і лічыць сябе вялікім пакутнікам.

І яшчэ — не здавацца і любіць жыццё Святлане Мікалаеўне дапамагаюць супрацоўнікі дома-інтэрната. З вялікім душэўным уздымам Алена Вікенцьеўна Шэрая і  Алена Аляксееўна Жук гаварылі аб яе мужнасці, аб творчасці, любові да паэзіі.

І вы, шаноўныя, можаце падараваць радасць стваральніцы маляваных сюжэтаў. Бо галоўнае для мастака — увага гледачоў, разуменне таго, што ты нясеш у гэты свет штосьці сваё, непаўторнае, дзякуючы гэтым Богу за падараваныя таленты, выпрабаванні і нерастрачаную любоў да ўсяго існага.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

г. Нясвіж.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!