Паклапоцімся разам

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

На чарговым пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу  Беларусі ўнесены змяненні і дапаўненні ў закон “Аб мясцовым  кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”. Іх прадстаўляў дэпутатам міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі  Аляксандр Церахаў. Ён пракаменціраваў: “Праектам прадугледжана магчымасць і паўнамоцтвы мясцовых  органаў улады прыцягваць юрыдычных і фізічных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў для добраўпарадкавання і падтрымання санітарнага парадку на тэрыторыях, якія прылягаюць да афіцыйна дадзеных ім участкаў зямлі. Фактычна ўдакладняецца гэта норма, якая была раней замацавана ў гэтым законе”, паведамляюць СМІ.

Што і казаць: пытанне вельмі слушнае і актуальнае — усю восень працаўнікі калектываў, жыхары шматпавярховых дамоў і дамоў індывідуальнай забудовы наводзілі і наводзяць парадак на сваіх тэрыторыях і прылеглых да іх участках.

Але ж далёка не ўсе праяўляюць свядомасць. Ёсць такія грамадзяне, якія чакаюць, каб хтосьці  прыбраў насупраць іх дамоў. Вось, напрыклад, у вёсцы можна  назіраць такі малюнак: трактары, выязджаючы з поля на  вуліцу, часам выносяць  пратэктарам колаў камячкі  гразі. На грунтовым пакрыцці яны, лічы, не бачны, а вось на асфальце вельмі кідаюцца ў вочы. Адны жыхары гэтай  вуліцы бяруць шуфель і венік і прыбіраюць насупраць сваёй сядзібы, а іншыя падымаюць гвалт: “Чаму засмечана?”, “Хто прыбярэ?”, “Ай , як усё дрэнна!”.

Памятаецца, як раней трактары вазілі са сціртаў у полі салому да фермаў. Цюкоў і рулонаў яшчэ не было, салому грузілі на прычэпы навалам. Канешне, яна часам жменькамі звальвалася па дарозе. Калі заканчваўся рабочы дзень, гаспадары сядзіб зграбалі тыя саломіны, каб ветрам іх не разносіла, не пры-бівала да платоў, наогул, каб нічога лішняга і непатрэбнага  не ляжала пры дарозе і на ёй. Клапаціліся аб прыгажосці. І цяпер вельмі многія — клапоцяцца. Чалавек акуратны аб чысціні і парадку  заўсёды патурбуецца сам. А для тых, хто не лічыць гэта  сваім абавязкам, апошні зацвярджаецца заканадаўча.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.