З індывідуальным падыходам

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У райвыканкаме адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх пад старшынствам намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Балцянкова. Першае пытанне тычылася разгляду ўведамлення аб адлічэнні па асабістым жаданні з установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі 17-гадовага жыхара аг. Сноў. Ні ў якіх дрэнных учынках хлопец заўважаны не быў, сям’я па месцы  жыхарства таксама характарызуецца добра. Сваё рашэнне пакінуць вучобу ён патлумачыў тым, што памыліўся ў выбары спецыяльнасці і да яе не ляжыць душа. Само па сабе гэта, вядома, не з’яўляецца парушэннем закону, аднак, пакуль чалавеку не споўнілася 18 гадоў, ён застаецца пад кантролем камісіі. Юнаку і яго бацькам было растлумачана: каб лішак вольнага часу не саслужыў маладому чалавеку дрэннай службы, ён павінен звярнуцца ў цэнтр занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, каб вызначыцца з работай, якую ён мог бы выконваць, пакуль не паступіць вучыцца ў другую навучальную ўстанову, або атрымаць накіраванне на курсы ад цэнтра, якія дапамогуць яму набыць пэўную спецыяльнасць.

Другая справа тычылася яшчэ аднаго 17-гадовага юнака, жыхара Нясвіжа, навучэнца Клецкага сельскагаспадарчага вытворчага ліцэя, які ўжо не ўпершыню быў заўважаны ў парушэннях правіл дарожнага руху. Ён другі раз трапіў у поле зроку міліцыі пры хадзьбе па вуліцы ў цёмны час сутак без флікера, а да гэтага яго бацькі былі пакараныя за тое, што іх сын, не дасягнуўшы 16-гадовага ўзросту, сеў за руль матацыкла без права кіравання. Калі на першы раз за парушэнне, звязанае з флікерам, яму вынеслі папярэджанне, то цяпер ён атрымаў штраф у 1 базавую велічыню.

Тройку 17-гадовых фігурантаў завяршыў жыхар г.п. Гарадзея, навучэнец Баранавіцкага дзяржаўнага вытворчага ліцэя машынабудавання. Ён быў заўважаны на вуліцы ў нецвярозым выглядзе. І што самае цяжка зразумелае, набыў ён гэты самы неадпаведны грамадскім маральным нормам выгляд, дзякуючы… роднаму бацьку, які распіваў піва разам з сынам і яго сябрам. Дарослы прыцягнуты да ад-міністратыўнай адказнасці — яго справа разглядалася на адпаведнай камісіі, якая прызначыла нядбайнаму бацьку штраф у 10 б.в. за ўцягненне непаўналетняга ў супрацьпраўную дзейнасць. Улічваючы вельмі добрую характарыстыку, якую даў свайму навучэнцу ліцэй, хлопец атрымаў мінімальны для такога выпадку штраф у 2 б.в.

Акрамя таго, камісія прыняла рашэнне распрацаваць індывідуальную рэабілітацыйную праграму работы з непаўналетнім для прафілактыкі далейшых правапарушэнняў.

Наступным было пытанне аб прыняцці мер уздзеяння да сям’і несвіжан, дастаткова маладых людзей, якім не споўнілася і трыццаці. Аднак за сваю яшчэ не вельмі доўгую біяграфію яны паспелі “вызначыцца” сямейнымі скандаламі і прыхільнасцю да спіртнога. Трывогу забілі суседзі і дзіцячы садок, у які ходзіць старэйшы, 5-гадовы, сын гэтай сямейнай пары. Малодшаму іх сыну толькі 8 месяцаў. Перад прыбыццём на камісію муж і жонка закадзіраваліся, пры разглядзе іх справы дружна абяцалі больш не піць і лепш глядзець дзяцей. Сям’я пастаўлена на жорсткі кантроль і папярэджана, што ў выпадку сігналаў трывогі ад зацікаўленых структур дзеці будуць забраныя ў сацыяльны прытулак, а ў бацькоў будзе паўгода, каб выкарыстаць шанц адумацца і вярнуць дзяцей. Толькі тады гэты шанц будзе апошнім.

Трапіла ў поле зроку камісіі і сям’я з пасёлка Новагарадзейскі, у якой расце чацвёра дзяцей ва ўзросце ад 5 гадоў да 9 месяцаў. Тут сітуацыя яшчэ больш складаная, чым у папярэднім выпадку. Калі першая праблемная сям’я жыве ў сваім доме, то гэта — у трохпакаёвай кватэры, адзін з пакояў якой займае былая жонка гаспадара кватэры, якая пастаянна злоўжывае спіртным. Самі ж бацькі чатырох дзяцей таксама да кадзіравання мелі вялікія праблемы з алкаголем і зараз знаходзяцца пад пільным кантролем адпаведных служб. Шмат пытанняў да іх і з боку медыкаў — адно з дзяцей інвалід, у самага малодшага таксама ёсць значныя праблемы са здароўем. Бацькам дадзены тэрмін у адзін месяц для навядзення парадку ў сям’і і яны папярэджаны аб пастаянным кантролі за імі, як і аб тым, што знаходзяцца “ў групе рызыкі” на адабранне дзяцей.

Апошнім на раённай камісіі па  справах непаўналетніх разглядалася пытанне аб прамежкавых выніках выканання індывідуальных міжведамасных планаў абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, якія прызнаныя ў тым, што патрабуюць дзяржаўнай абароны і былі адабраныя ў бацькоў згодна з Дэкрэтам №18.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.          

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.