Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 7 °C

Cтарадаўні і малады. “Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік ”Нясвіж” адзначыў сваё 25-годдзе

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

Пост опубликован: 14.12.2018

Як мы паведамлялі, у мінулую пятніцу ў Тэатральнай зале палаца Радзівілаў прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 25-годдзю з дня ўтварэння дзяржаўнай установы “Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік ”Нясвіж”.

Яна была створана 3 ліпеня 1993 года пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, і за невялікі з гістарычнага пункту гледжання тэрмін — 25 гадоў — музей-запаведнік “Нясвіж” стаў адным з самых папулярных айчынных музеяў, прадметам гонару не толькі яго работнікаў, але і ўсіх жыхароў Беларусі, якiя захапляюцца яго багатай гісторый і прыгажосцю.



Удзельнікаў і гасцей святочнага мерапрыемства вітаюць дырэктар НГКМЗ “Нясвіж” Сяргей Клімаў і намеснік міністра культуры рэспублікі Беларусь Наталля Карчэўская

З выданнямі серыі прэзентацыйных фотаальбомаў, прысвечаных палацава-паркаваму ансамблю XVI — XIX стст.
у г. Нясвіжы, — іх аўтары, фотамастакі Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч з князем Мікалаем Радзівілам (у цэнтры)

Нягледзячы на пахмурнае снежаньскае надвор’е, што стаяла за вокнамі па-святочнаму прыбранай Тэатральнай залы, урачыстасць атрымалася па-летняму яскравай, шматколернай і цёплай ад шчырых віншаванняў і слоў захаплення, што гучалі з вуснаў выступоўцаў. Узнёслага настрою дадавалі і цудоўныя канцэртныя нумары ў выкананні артыстаў Вялікага тэатра Рэспублікі Беларусь і Беларускага дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, а таксама навучэнцаў Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа.

Работа кіраўніцтва і калектыву музея-запаведніка была ацэнена на самым высокім узроўні: за шматгадовую плённую дзейнасць і значны ўнёсак у захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны намеснік міністра культуры рэспублікі Беларусь Наталля Карчэўская ўручыла дзяржаўнай установе “Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік  “Нясвіж” у асобе яе дырэктара Сяргея Клімава Ганаровую грамату Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. За значны асабісты ўнёсак у развіццё нацыянальнай культуры Сяргей Міхайлавіч таксама атрымаў нагрудны знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіцце культуры Беларусі”. Разам з ім гэту ўзнагароду атрымалі галоўны бухгалтар музея-запаведніка  Станіслава Жук і першы намеснік дырэктара Наталія Жэрка.

Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь за добрасумленную працу і высокі прафесіяналізм былі ўзнагароджаны галоўны захавальнік фондаў Марына Вайтовіч і вядучы спецыяліст па экскурсійнай рабоце Сяргей Чысцякоў.

Выконваючы абавязкі старшыні Нясвіжскага райвыканкама Віктар Худніцкі ўручае касіру Валянціне Сіманавай
Ганаровую грамату Нясвіжскага райвыканкама

Да прысутных звяртаюцца мецэнат выдання “Нясвіж. Палацава-паркавы ансамбль.
Сады і паркі” Аляксандр Паўлоўскі і яго аўтар, старшы навуковы супрацоўнік НГКМЗ “Нясвіж” Уладзімір Каралёнак

Граматы  Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь за высокія прафесійныя якасці і адданасць выбранай справе атрымалі загадчык сектара па навукова-экскурсійнай рабоце “Палацавы ансамбль” Аляксей Буднік, загадчык сектара экскурсійнай і інфармацыйнай дзейнасці Таццяна Скаражонак, намеснік галоўнага бухгалтара Ларыса Галаўко.

Падзяка міністра культуры Рэспублiкi Беларусь была аб’яўлена вядучаму спецыялісту па метадычнай рабоце Марыне Гурынай, вядучаму бухгалтару Святлане Сухадольскай і вядучаму спецыялісту па гаспадарчай дзейнасці Але Чамлай.

Калектыў музея-запаведніка віншуе з 25-гадовым юбілеем князь Мацей Радзівіл

Старшыня ГА “Беларускі фонд культуры” Тадэвуш Стружэцкі падарыў НГКМЗ “Нясвіж” некалькі выданняў фонда, прысвечаных вяртанню Радзівілаўскіх калекцый, і іншыя кнігі

Аб важнасці работы, праведзенай
за 25 гадоў калектывам НГКМЗ “Нясвіж”, гаворыць былы старшыня ГА “Беларускі фонд культуры” Уладзімір Гілеп

Галоўны захавальнік фондаў Марына Вайтовіч была ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь

Ад імя раённай улады з 25-гадовым юбілеем музейную ўстанову павіншаваў выконваючы абавязкі старшыні Нясвіжскага райвыканкама Віктар Худніцкі. Ён узнагародзіў Ганаровай граматай Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта за добрасумленную працу і высокі прафесіяналізм экскурсавода Ларысу Грышкавец і касіра Валянціну Сіманаву.

Асаблівым момантам юбілейнага свята стала прэзентацыя найбольш значных праектаў, падрыхтаваных музеем-запаведнікам да свайго 25-годдзя. Першым быў прадстаўлены міжнародны выставачны праект “Даспехі радзівілаўскага Нясвіжа”.  Ён унікальны тым, што ў ім удалося сабраць асобныя элементы найбагацейшай калекцыі зброі і даспехаў роду Радзівілаў, якая захоўвалася ў Нясвіжскім палацы да пачатку XX стагоддзя. На сённяшні дзень прадметы з гэтай калекцыі прадстаўлены ў такіх найбуйнейшых музеях свету, як Метраполітэн (ЗША), Музей арміі ў Парыжы (Францыя), мастацка-гістарычны музей Вены (Аўстрыя), Брытанскі музей, музей Фітцвіляма Кембрыджскага ўніверсітэта (Вялікабрытанія) і г.д.

У рамках гэтага праекта ў Залатой зале Палацавага ансамбля прадстаўлены артэфакты з калекцый музея Фітцвільяма Кембрыджскага ўніверсітэта, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”. Асаблівае месца ў гэтай экспазіцыі займаюць артэфакты са збору музея Фітцвільяма Кембрыджскага ўнівер-сітэта. Яна будзе экспанавацца да 2021 года.

Пасол Яе Вялікасці Каралевы Вялікабрытаніі ў Рэспубліцы Беларусь Фіонна Гібб, якая непасрэдна аказвала дапамогу ў працэсе арганізацыі выставы, даслала музею-запаведніку Прывітальны адрас, які зачытала вядучая мерапрыемства, салістка оперы Вялікага тэатра Рэспублікі Беларусь, Вольга Кажгаліева.

Вядучы спецыяліст па экскурсійнай рабоце Сяргей Чысцякоў атрымаў Ганаровую грамату Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь, загадчык сектара па навукова-экскурсійнай рабоце “Палацавы ансамбль” Аляксей Буднік — Грамату гэтага ж Міністэрства

Затым было ўзгадана аб тым, што Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” у партнёрстве з навукова-вытворчым таварыствам з абмежаванай адказнасцю “ДКБ ТСП” падрыхтаваў серыю прэзентацыйных фотаальбомаў, прысвечаных аб’екту спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА — Палацава-паркаваму ансамблю XVI — XIX стст. у г. Нясвіжы.

Першая кніга-фотаальбом “Нясвіж. Палацава-паркавы ансамбль”, выдадзеная ў 2015 годзе, атрымала высокую адзнаку Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Дыпламатычных прадстаўніцтваў Рэспублікі Беларусь за мяжой і замежных дзяржаў у нашай краіне, а таксама была адзначана дыпломам і Срэбраным знакам XXV міжнароднага фестывалю “Дойлідства 2017”.

Другое выданне, прысвечанае калекцыі зброі і даспехаў, было адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва і Дыпломам першай ступені нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”.

І вось удзельнікі і госці ўрачыстага мерапрыемства змаглі на свае вочы пабачыць 3-е выданне гэтай серыі, прысвечанае радзівілаўскім садам і паркам. Кніга-фотаальбом “Нясвіж. Палацава-паркавы ансамбль. Сады і паркі”, падрыхтаваная да 25-годдзя музея-запаведніка, стала працягам выдавецкага праекта па папулярызацыі гістарычнай спадчыны Рэспублікі Беларусь і папулярызацыі аб’екта спіса cусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

На першым плане — супрацоўнікі музея-запаведніка вядучы спецыяліст па метадычнай рабоце Марына Гурына (справа), узнагароджаная Падзякай міністра культуры Рэспублiкi Беларусь, і экскурсавод Ларыса Грышкавец, якая атрымала Ганаровую грамату Нясвіжскага райвыканкама

Аб ім гаварылі людзі, якія ўнеслі неацэнны ўклад у ажыццяўленне гэтага праекта — мэцэнат выдання, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь, член Савета дырэктараў Навукова-вытворчага таварыства з абмежаванай адказнасцю “ДКБ ТСП”, доктар ваенных навук, генерал-лейтэнант Аляксандр Паўлоўскі і аўтар кнігі, старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Уладзімір Каралёнак.

25 гадоў — час зусім невялікі нават па мерках чалавечага жыцця, узрост маладосці і станаўлення. Але для Палацавага ансамбля гэтыя 25 гадоў сталі часам набыцця новага жыцця, часам нялёгкай карпатлівай працы па аднаўленні самога будынка і стварэння музейнай экспазіцыі ў больш чым 30 залах.

Пачынаючы з 2012 года, калі для ўсіх гасцей адчыніліся цэнтральныя вароты адноўленага комплексу, палацавы ансамбль прыняў больш за 2,5 мільёна турыстаў. Тут праходзяць міжнародныя выставы і канферэнцыі, балі, канцэрты, вечары Вялікага тэатра оперы і балета, сустрэчы і прыёмы на высокім узроўні, адбываецца цеснае супрацоўніцтва з прадстаўнікамі роду Радзівілаў.

Святочнае мерапрыемства ўпрыгожылі сваімі выступленнямі артысты Вялікага тэатра Рэспублікі Беларусь

Шмат людзей працавала і працуе над тым, каб гэта месца набыло былую веліч і годна трымала славу культурнага цэнтра ўсёй краіны. Доказам плённасці гэтай працы стала ўключэнне ў 2005 годзе Архітэктурна-культурнага комплексу рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

У 2016 годзе музей-запаведнік атрымаў ганаровую прэмію “Еўропа Ностра” ў катэгорыі “Адданая служба”. Журы прэміі адзначыла “манументальную працу, якая была праве-дзена Нацыянальным гісторыка-культурным музеем-запаведнікам “Нясвіж” па стварэнні музея ў нядаўна адноўленым палацы Радзівілаў усяго за некалькі месяцаў…  Здольнасць музея падтрымліваць цікавасць грамадскасці і выбітная лічба ў 400 тысяч наведвальнікаў штогод таксама заслугоўваюць узнагароды”. Такім чынам, ужо сёння Нясвіжскі палацавы ансамбль з’яўляецца турыстычным брэндам Беларусі, а для аматараў гісторыі і мастацтва Еўропы — самым прывабным месцам для наведвання. Гэта ўзор спадчыны вялікай сям’і, прадстаўнікі якой на працягу стагоддзяў аказвалі вялікі ўплыў на ход гісторыі ўсёй Еўропы. Кожны год нашчадкі славутага роду наведваюць Нясвіж, а музей актыўна падтрымлівае сувязі з яго прадстаўнікамі, якiя зараз жывуць у Польшчы, Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі.

І, безумоўна, чвэрць стагоддзя, якую сёлета адзначыў НГКМЗ “Нясвіж”, стане толькі пачаткам новай гісторыі славутых помнікаў Нясвіжа — палаца, Ратушы, касцёла Божага Цела і Слуцкай брамы, пачаткам цікавых адкрыццяў і вяртання рэліквій, пачаткам аб’яднання мінулага і сучаснасці, на аснове якіх і нараджаецца будучыня.

З 25-годдзем цябе, старадаўні і зусім малады музей-запаведнік “Нясвіж”!

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!