Меню
Курс $  3.26 | €  3.55 | ₽100  3.53 |
Погода 5 °C

Ён ніколі не парываў сувязей са сваёй малой радзімай… У Снове ўрачыста адкрылі помнік нашаму знакамітаму земляку

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 1

Чацвёртага снежня ў аграгарадку Сноў, на грамадзянскіх могілках, быў урачыста адкрыты помнік на магіле заслужанага дзеяча культуры Беларусі, ганаровага грамадзяніна горада Нясвіжа мастака Яўгена Іванавіча Ждана. Іменна ў гэты дзень, 4 снежня, два гады  таму ён пайшоў з жыцця. І сноўская  зямля прыняла яго ў сваё лона. Ініцыятарамі збору сродкаў  на помнік сталі мінчане аднакласніца Яўгена Іванавіча па Сноўскай сярэдняй школе Ганна Іосіфаўна Нічыпаровіч (Вайніла), зямлячка Людміла Дзмітрыеўна Бабкоўская (Волкава) і іх другія палавінкі, спадарожнікі жыцця. Іх падтрымалі мясцовыя жыхары, працаўнікі СВК “Агракамбінат Сноў”, сваякі. Арганізацыйнай работай заняўся намеснік старшыні СВК “Агракамбінат Сноў” па ідэалагічнай рабоце Уладзімір Аляксандравіч Слабко.



На ўрачыста-жалобную цырымонію сабраліся аднакласнікі, знаёмыя, суседзі, прадстаўнікі грамадскасці і агракамбіната, прыхільнікі яго творчасці.

Добрыя, цёплыя, шчырыя словы  пра Яўгена Іванавіча сказаў намеснік старшыні агракамбіната Уладзімір Слабко. Ён падкрэсліў, што Яўген Ждан з дзяцінства праз усё жыццё пранёс думку пра сваю малую радзіму, дзякуючы таленту змог працаваць у шматлікіх накірунках мастацтва. І запомніліся словы мастака: “Я хачу ахапіць увесь свет”. Яўген Іванавіч  ездзіў па ўсім свеце, яго карціны знаходзяцца  не толькі ў музеях Беларусі, але і ў прыватных калекцыях у Ізраілі, Японіі, ЗША, Германіі, Францыі, Польшчы. Ён — сноўскі выхадзец, і калі сюды прыязджаюць госці і іх вядуць у школьны музей, то абавязкова  называюць знакамітых землякоў — М.У. Мясніковіча, Р.І. Кліма, Я.І. Ждана і іншых, кім ганарацца. Гэта — прэстыж школы, прэстыж малой радзімы.

Уладзімір Аляксандравіч падзякаваў усім за ўдзел у стварэнні помніка і заклікаў памятаць пра той след, які пакінуў мастак. Айцец Аляксандр, настаяцель Казьма-Даміянаўскай царквы ў Снове, асвяціў помнік і магілу.

 

Нагадаем: Яўген Ждан нарадзіўся ў 1937 годзе на хутары невялікай вёсачкі Тарэйкі, што каля Снова. Маляваў з дзяцінства і марыў быць толькі мастаком. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў у  Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі. Там ён аформіў балеты “Пасля балю” Г. Вагнера, “Бахчысарайскі  фантан” Б. Асаф’ева, “Дон Кіхот” Мінкуса, оперы “Фауст” Ш. Гуно, “Галька” С. Манюшкі, “Іаланта” П. Чайкоўскага, “Рыгалета” Дж. Вердзі. Потым працаваў галоўным  мастаком у Рэспубліканскай дырэкцыі эстрадна-цыркавога мастацтва, галоўным мастаком у Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі. Напрыканцы — кансультантам па арганізацыі беларускіх выставак за мяжой. У 1982 г. Яўгену Іванавічу  было прысвоена званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі.

Яўген Іванавіч ніколі не парываў сувязей са сваёй малой ра-дзімай. Кожны год праводзіў адпачынак у Снове. Родныя мясціны, стасункі з землякамі натхнялі мастака, і нараджаліся новыя вобразы… Так з’явіліся на свет карціны  “Тарэйкаўская Маці Боская”, “Тарэйкаўская мадонна”, “Сноўскія  русалкі”, “Вёска Сноў”, “Тры сасны”, “Сасна і дуб”, “Мой родны кут”, “Нясвіжскі парк”…

Яўген Ждан стварыў у Снове, у кватэры сваёй маці, пасля яе адыходу ў свет іншы, карцінную галерэю і падарыў яе землякам. Вось такі шчодры дар прыпаднёс мастак сваёй малой радзіме! Клопаты пра галерэю ўзяў на сябе СВК “Агракамбінат Сноў”. У галерэі — 110 работ (карцін, рэпрадукцый, афіш), кнігі, альбомы. Тут часта праводзяцца экскурсіі: і гасцям паказваюць, і дзяцей са школы прыводзяць. Музейным наглядчыкам працуе Сафія  Дмухоўская. (Так-так, у штатным распарадку агракамбіната з’явілася вось такая адзінка). Сафія Паўлаўна раней амаль 27 гадоў выкладала ў Сноўскай сярэдняй школе выяўленчае мастацтва, сусветную мастацкую культуру і чарчэнне.

Знакаміты зямляк падарыў свае творы музею Сноўскай СШ і Нацыянальнаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку “Нясвіж”, а таксама Сноўскай, Нясвіжскай і Лысіцкай  цэрквам, адной са школ Мінска і школе на радзіме Элаізы Пашкевіч (Цёткі) на Гродзеншчыне. У фондах Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея, напрыклад, захоўваецца 156  жывапісных і графічных работ Яўгена Іванавіча, 90 асабістых рэчаў.

У 1998 годзе Я.І. Ждану за серыю ікон “Сабор Беларускіх святых” была прысуджана прэмія Прэзідэнта  Беларусі “За духоўнае адраджэнне”. Ён узнагароджаны медалямі  Францыска Скарыны і Саюза мастакоў “За асабістыя заслугі ў галіне  мастацтва”. У 2007 годзе Яўген Ждан стаў ганаровым грамадзянінам  горада Нясвіжа.

Я папрасіла С.П. Дмухоўскую расказаць пра іх  знакамітага земляка, яго творчасць. Цікава, адкуль такі талент у хлопчыка з маленькай вёсачкі, са звычайнай сялянскай сям’і?

— Магчыма, ад маці. Надзея Іосіфаўна і ткала, і прыгожа вышывала — так званым бісерным крыжыкам, вельмі дробненькімі шыўкамі, без канвы, роўненька. Быў у яе густ, адчуванне колераў, адценняў. Калі яе, калгасную звеннявую па льне, запрашалі на Выстаўку дасягненняў народнай гаспадаркі СССР у Маскву, то бралі і  вышытыя ўмелымі рукамі  жанчыны ручнікі (іх, на жаль, назад не вярталі), — расказвае Сафія Паўлаўна. — А талент у хлопчыка заўважыў яго дзядуля Іосіф Фёдаравіч. Купіў яму  алоўкі, фарбы, пэндзлікі. Дзед так і казаў: “Унучак, ты будзеш вялікім  мастаком”.

 

У творчасці Яўгена Іванавіча вылучаецца  некалькі накірункаў: тэатральна-дэкаратыўны, што тычыцца яго непасрэднай працы ў тэатрах, рэлігійны, пейзажны, партрэтны. Дарэчы, у Сноўскай галерэі знаходзяцца рэпрадукцыі ікон 16-і беларускіх святых, падораных Нясвіжскаму храму. А вось “Тарэйкаўская Маці Боская” і “Тарэйкаўская мадонна” тут арыгінальныя. Ёсць у мастака і сюррэалістычныя, абстрактныя работы.

— У Ждана шмат партрэтаў, — працягвае аповед Сафія Паўлаўна. — Мамы, дзеда Іосіфа, землякоў, аўтапартрэты. Асабліва шмат іх маляваў падчас вучобы ў Мінскім мастацкім  вучылішчы імя Глебава і інстытуце.

Адзін пакой кватэры аддадзены пад пейзажныя выявы. Ёсць у Ждана тры работы на тэму Чарнобыля. Адна з іх выстаўлена ў Сноўскай галерэі. Яны маюць глыбокі філасофскі змест: мастак  паказвае надзею на адраджэнне, на тое, што Беларусь устане з попелу. Ён адлюстроўвае свае пачуцці і спа-дзяванні праз вобраз Божай Маці з дзіцем, якіх ахоўваюць анёлы, праз прылады працы, дарогу і храм. Мастак упэўнены: вера дапаможа беларусам справіцца з гэтай бядой. Чарнобыльскія кар-ціны, дарэчы, ён пачаў пісаць праз тры тыдні пасля аварыі на атамнай станцыі. Сярод роспачы і панікі, смяртэльнай барацьбы з чорнай навалай у тым жа 1986-м мастак сказаў сваё важкае слова: Беларусь выжыве, з годнасцю здолее выйсці з трагічнай сітуацыі.

…На чорным мармуры помніка ад удзячных землякоў — аўтапартрэт мастака. Са зваротнага боку помніка — надпіс: “Я выканаў місію, наканаваную мне лёсам. Яўген Ждан”.

Ён ушаноўваў сапраўднае, зрабіўшы велізарны, неацэнны дар будучаму. Дар сваёй  малой ра-дзіме, якую вельмі  любіў, па якой сумаваў.

…Калісьці пасля заканчэння тэатральна-мастацкага інстытута Яўген Ждан працаваў у Рызе. Але ён не прыжыўся ў Латвіі. І вярнуўся ў Беларусь. Казаў: “Я адчуваў сябе чужым. Там — не маё”.

Усё яго — тут. Бо місія была — апяваць родную старонку.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота прадастаўлена прафкамам СВК “Агракамбінат Сноў”  і з архіва рэдакцыі. 

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!