Паэзія: сузор’е талентаў. Паэты з міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў наведалі Нясвіж

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Край мой любы, на свеце адзіны!

Сэрца б’ецца мацней і мацней,

Не знайсці мне за морам Айчыны,

Каб была за цябе даражэй.

( З верша Алы Ярмак

“Край мой любы”.)

Аўтар верша родам з Беларусі, жыве ў Мінску, а жыццё складвалася так, што давялося быць у Літве і Расіі. Але незабыўныя сцежкі маленства, бацькоўская ікона ў родным доме заўжды суправаджалі яе дарогі.

Нядаўна яны прывялі творчага чалавека ў Нясвіж, разам з ёй прыехалі паэты Тамара Кавальчук і Мікалай Герасімаў, усе яны з’яўляюцца членамі Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў. Гасцей сустракала старшыня нясвіжскай гарадской суполкі Таварыства беларускай мовы Зоя Кулік. А прынялі іх гасцінна ў Доме палякаў. За “салодкім” сталом адбылася зацікаўленая размова з людзьмі слова, прысутныя паслухалі іх вершы. Спачатку азнаёміліся з біяграфіямі гасцей, а яны даволі своеасаблівыя. У прыватнасці,  бацька Алы Ярмак родам з Заходняй Беларусі. Дачка засталася вернай беларускай мове, хаця маці яе была з Сібіры. Ала вучылася ў Вільнюскім універсітэце, выкладала потым у школе рускую мову і літаратуру. Таму творчасць яе, можна сказаць, двухмоўная, што толькі падкрэслівае яе таленавітасць і прыгажосць. Асабліва кранальна прагучалі вершы пра маму, пра няспынны бег гадоў. На яе верш “Гады-журавы” светлагорскі кампазітар Аляксей Сушанкоў напісаў песню.

Не менш цікавай аказалася жыццёвая і творчая сцяжына Мікалая Герасімава, які нарадзіўся ў Навагрудку, рана застаўся без бацькоў, жыў у прытулку. Служыў на ваенна-марскім флоце, быў на Кубе, бачыў Фідэля Кастра.   А ў 1957 годзе ў Маскве, на Міжнародным фестывалі моладзі і студэнтаў, убачыў юнакоў з вострава Свабоды і падбег да іх павітацца. Для беларуса гэты шчаслівы момант застаўся ўспамінам на ўсё жыццё. Давялося жыць у Літве, дзе ствараўся творчы альманах на рускай, літоўскай і польскай мовах. Пазней выйшаў зборнік “Сузор’е”, у які ўвайшлі паэтычныя і празаічныя творы дваццаці аўтараў з Беларусі і Літвы. У другім альманаху геаграфія пашырылася: 33 аўтары з розных краін, у тым ліку з Амерыкі, Ізраіля, Польшчы і іншых. Яго выдаўцы — Мікалай Герасімаў, яго жонка Ала і паэтка Тамара Кавальчук.  Усе затраты яны ўзялі на сябе. Вось што значыць бескарысны энтузіязм адданых творчасці людзей! Цяпер рыхтуецца да выпуску кніга “Легенды і рэаліі ВКЛ” у садружнасці з краязнаўцай Зояй Кулік.

Тамара Кавальчук ужо другі раз наведала Нясвіж,  яна — аўтар шасці кніг. Родам  з Нароўлі, маці полька, бацька — украінец, а дачка лічыць сябе беларускай. Палюбіла ўсёй душой свой родны край і яго мілагучную мову, піша і на рускай. Падрыхтавала творы для  кнігі ўсіх узростаў “Буслік”, якая хутка вый- дзе ў свет. Лірыка паэткі кранае душу. У яе актыве — верш пра каханне Барбары Радзівіл і Жыгімонта Аўгуста, напісаны пад уражаннем наведвання замка Радзівілаў і яго легендаў. Тамара Кавальчук з’яўляецца і прыхільніцай Полацкага аб’яднання паэтаў. Яна знаходзіць цудоўныя вобразы і параўнанні, таму з-пад пяра выходзяць выдатныя радкі. Яна перадала адзін свой зборнік у Нясвіжскую райбібліятэку, другі — у Дом палякаў.

Трое творчых людзей пастаянна сустракаюцца з чытачамі. Летась, напрыклад, творчых вечарын было 30. Пабывалі ў гімназіі №1 г. Мінска, у Мар’інай Горцы, Чэрвені, бібліятэках Янкі Купалы і Якуба Коласа, у Навагрудку з нагоды дня нараджэння Адама Міцкевіча і ў іншых месцах. І ўсюды адчувалі зацікаўленасць слухачоў, чулі словы шчырай удзячнасці за прыемныя моманты сустрэч. У сярэдзіне кастрычніка адбылася цікавая паездка ў Каўнас, на        6-ы Міжнародны фестываль духоўнай паэзіі. Запрасіла іх туды доктар гуманітарных навук Эляна Суодзене.

Наперадзе паэтаў чакаюць новыя творчыя здабыткі і цікавыя падарожжы, без якіх нельга ўявіць жыццё інтэлектуальных таленавітых энтузіястаў.

Раіса ХВІР,

г. Нясвіж.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.