У новы год з добрым настроем, або З палітры зямной красы

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Калі падарожны завітае ў Нясвіж і спытае, як прайсці, напрыклад, у палац, кожны несвіжанін, дарослы ці малы, пакажа дарогу. А калі вы захочаце даведацца, як трапіць на Міхальскую гару ці сядзібу Булгакоў, каб атрымаць сем колераў-адценняў бэзу ад Тэрэзы і Тамаша? Ці павітацца з дубам Якубам або пасядзець каля Зорнага каменя ў ваколіцах Лявонавічаў? Ды памаліцца ў старажытным Дабравешчанскім храме ў вёсцы Кунаса, які  не быў знішчаны ў гады ваяўнічага атэізму дзякуючы мясцовым жыхарам, прайсціся роднымі сцежкамі выбітнога стваральніка беларускай школы Язэпа Шнаркевіча? Тут, згадзіцеся, вам дапаможа не кожны сустрэчны. Ды што там дарогу! Далёка не кожны і чуў пра такія мясцовыя цікавасці. Тым часам, гэта сапраўдныя адкрыцці нясвіжазнаўства, якія прапануе новы каляндар на 2019 год “Невядомая Нясвіжчына”, што папоўніў серыю каляндарных выданняў “Маляўнічая Бацькаўшчына”.

Апроч маляўнічых фатаграфій і “кола дзён” на кожны месяц, тут падаецца кароткае краязнаўчае эсэ і падрабязныя звесткі-каардынаты, як даехаць да той або іншай мясціны. Падказкі, дарэчы, пазначаюць усе бакі свету “невядомай Нясвіжчыны”. Скажам, дуб Якуб — гэта поўдзень, а кунасаўская святыня — то паўночны край раёна. А яшчэ — куды можна даехаць на ровары ці аўто, а куды, калі тое бліжэй, — дайсці пешшу.

 

Гэта пятнаццаты каляндар серыі, якая заснавана журналістам-эколагам і фотамастаком, лаўрэатам прэмій імя Алеся Адамовіча і Генры Форда Валерыем Дранчуком. А пачыналася яна ў 2000 годзе з календара “Нясвіж. Водна-паркавы краявід”.

— Гэта быў самы вялікі ў памерах і надзвычай маляўнічы каляндар, — прыгадвае Валерый Дранчук. — У Мінску яго было не знайсці. Спонсару, які валодаў накладам, было не адбіцца ад замоў. Але прэзентацыю зладзілі ў Нясвіжы, тэматыка абавязвала. І дваццаць асобнікаў пакінулі тут на продаж.

Сёння маем пяты каляндар з прысвечаных Нясвіжчыне. Былі таксама “Графіка травы і лісця” (2003 г.), падрыхтаваны сумесна з Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеем, дзе прадстаўлена алоўкавая спадчына Міхаіла Сеўрука, “Зямля маіх сноў”(2015 г.), прысвечаны творчасці нашага земляка, заслужанага дзеяча мастацтваў Яўгена Ждана, спонсарам якога стаў агракамбінат “Сноў”, а летась карыстальнікі календара даведаліся пра жыццёвы і творчы лёс самадзейнага мастака з Малева, сельскага настаўніка Хведара Вініцкага.

Пра апошні з названых варта сказаць, бадай, як пра самы адметны і своеасаблівы. Не толькі характарам творчасці самабытнага мастака-самавука, але і тым, што выданне стала першым “народным праектам”: на будучы каляндар зрабілі ўнёскі землякі і родныя мастака, да іх далучыліся яшчэ дзясяткі людзей, якія вырашылі падтрымаць ідэю выдаўцоў-краязнаўцаў.

І вось зусім нядаўна адбылася прэзентацыя чарговага выпуску каляндарнай серыі на 2019 год — “Невядомая Нясвіжчына”. Валерый Дранчук яшчэ раз нагадаў усім, што гэта ўжо другі каляндар, які можна лічыць праектам “за свае грошы”. Грошы зноў, як і летась,  збіралі талакой. Да ўдзелу спрычыніліся дзясяткі зацікаўленых людзей. Пэўную колькасць асобнікаў замовілі грамадская арганізацыя “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, а таксама мінская кампанія “Адкрыты кантакт”, якая рэгулярна ладзіць карпаратыўныя вандроўкі па Нясвіжчыне.

Самым дзейным чынам спрычынілася да выдання календара і краязнаўца, старшыня раённай  арганізацыі аб’яднання ТБМ Наталля Плакса. Ёй, дарэчы, і належыць ідэя “выдавецкай талакі” ў стварэнні календароў мясцовай тэматыкі. Наталля Васільеўна лічыць, што “мала самім бачыць і нешта адчуваць, трэба дзяліцца з іншымі”. Сама яна  не раз пабывала ў тых мясцінах, пра якія зараз распавядае каляндар, і нярэдка са сваімі вучнямі, калі яшчэ настаўнічала ў Карцэвіцкай школе. А зусім нядаўна запрасіла ў вандроўку адну мінскую     сям’ю. Маленькі хлопчык пасля знаёмства з дубам Якубам развітваўся з ім, як з лепшым сябрам: “Каб ты, дуб, рос яшчэ вышэйшы, каб галіны твае былі моцнымі, каб да цябе птушкі прыляталі, каб было ў цябе многа-многа жалудоў…”.

— Бярыце прыклад з тых людзей, якія вандруюць па роднай зямлі, маюць да яе вялікую цікавасць. Гэта перадаецца дзецям і становіцца фамільнай традыцыяй, — дадае Наталля Васільеўна. Краязнаўца не губляе надзеі, што некалі, побач з зялёным патрыярхам зашуміць дуброва пад назвай “Дзеці дуба Якуба”.

Заўважу, што старонка з дубам Якубам атрымалася ці не самай маляўнічай у календары.

Аб вартасцях календара пажадалі выказацца амаль усе прысутныя: гісторык Леанід Качановіч, журналістка Раіса Хвір, паэты Нясвіжчыны Алена Шаблоўская і Зоя Кулік, дочкі паэта Івана Гурбана Людміла Асоева і Ларыса Ратомская, былая жыхарка Нясвіжа Валянціна Холадава, захавальнік гісторыі роднага краю Аляксандр Сідаровіч, краязнаўца,  стваральнік музея лёну на Стаўбцоўшчыне Іван Дзявойна,  галоўны рэдактар газеты Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны “Наша слова” Станіслаў Суднік, супрацоўнік кампаніі “Адкрыты кантакт” Валянцін Гладкі, сталыя ўдзельнікі каляндарнай талакі Пётр Кулік, Ала Шчука, Міхась Асмыковіч, Аляксей Сачко і людзі, якія нядаўна замовілі свой удзел, — Адам Скачко, Аляксандра Чурак. Несвіжанін Ігар Шаблоўскі сказаў, што каляндар проста дадае добрага настрою, а настаўніца са шматгадовым стажам і, дарэчы, маці галоўнага спонсара каляндарнага свята Алены Харлеман, Ніла Яўгенаўна Бруй узгадала словы Юліуса Фучыка, яго запавет, каб у гісторыі не было невядомых людзей, бо кожны з іх меў сваё прозвішча, сваё  імя, сваё аблічча. Ніла Яўгенаўна падзякавала В. Дранчуку і Н. Плакса за тое, што яны робяць годную справу ўдзячных нашчадкаў — каб знакамітыя людзі Бацькаўшчыны не заставаліся невядомымі, каб з нашай памяці не сціраліся адметныя падзеі, каб мясціны, што знікаюць з твару зямлі, адраджаліся ці пакідалі свой след.

На апошняй старонцы календара змешчаны імёны першых фундатараў-пакупнікоў. Сярод іх пераважна жыхары Нясвіжчыны, Стаўбцоўскага раёна,  але да справы адраджэння малой ра-дзімы далучыліся і Вікторыя Жукевіч-Дзівота з Польшчы, Алена Харлеман з Германіі. Ім, адарваным ад роднай зямлі, кожнае слова на роднай мове, кожная выява нясвіжскіх краявідаў грэе душу.

Цікава, што каляндар можна скарыстаць не толькі ў 2019 годзе, але і ў 2030, 2041, 2058, 2069-м…

— Цудоўны стымул жыць доўга! — падказваюць нам выдаўцы.

— Цудоўны стымул — набыць каляндар і стаць удзельнікам народнага праекта па захаванні красы і гісторыі Нясвіжчыны, — гэта ўжо раю і я, як уладальніца  календара. Сведчу: ён дорыць не толькі добры настрой, але і веды, надзею, памяць, запрашае ў дарогу кожнага, хто не абыякавы да сваёй радзімы-Бацькаўшчыны.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

г. Нясвіж.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.