100 гадоў БССР. Ява і мары Яўгена Здановіча

Поделитесь с друзьями
  •  
  • 53
  • 3
  •  
  •  
  •  

Прычына пагутарыць з кіраўніком адкрытага

акцыянернага таварыства “Грыцкевічы”

Яўгенам Здановічам была важкай. Па-першае,

перад Новым годам яму ўручылі медаль

“За працоўныя заслугі”. Па-другое, 

летась ён пераступіў прыкметны рубеж

у сваім жыцці — 55-годдзе з дня нараджэння.

Па-трэцяе, мінула пяць гадоў, як ён стаў

дырэктарам гэтага сельгаспрадпрыемства.

Па-чацвёртае, сёлета, а дакладней — сёння,

15 лютага,  споўнілася 30 гадоў

з дня вываду  савецкіх войск з Афганістана,

а Яўген Уладзіміравіч — воін-інтэрнацыяналіст,

адслужыў у далёкай  азіяцкай краіне два гады.

З энтузіязмам

Цікава, якія зрухі адбыліся ў ААТ “Грыцкевічы” за час дырэктарства Яўгена Здановіча?

— Раслінаводства ў гаспадарцы і так знаходзілася на належным узроўні. А вось  зрухі больш бачныя ў жывёлагадоўлі, — расказаў Яўген Уладзіміравіч. — Мы значна павялічылі  колькасць буйной рагатай  жывёлы: калі ў 2013 годзе яе было 2805 галоў, у 2014-м — 2869, то ў 2018 г. — 3387. Натуральна, вырасла  шчыльнасць жывёлы на гектар сельгасугоддзяў. А перад галіной раслінаводства паўстала задача  забяспечыць яе дастатковай  колькасцю якасных кармоў. Асноўная грашовая выручка  гаспадаркі (70 %) ідзе ад жывёлагадоўлі, таму ёй і надаём вялікую ўвагу.

Валавая вытворчасць малака тут паступова расла з кожным  годам. У 2013-м яна была крыху  больш за 6500 тон, у 2014-м  перавысіла 7700 тон, а ў 2018-м дасягнула 10294,5 тоны. Надой на 1 фуражную карову ў гэтыя ж гады выглядаў наступным чынам: 5647 кг, 6655 кг і 8579 кг. Павялічылася прывага  маладняку буйной рагатай  жывёлы, амаль у два  разы вырасла валавая прывага.

Медаль “За працоўныя заслугі”
Яўгену Здановічу ўручыў Прэм’ер-міністр
Рэспублікі Беларусь Сяргей Румас

Актыўна працягваецца ўкараненне перадавых тэхналогій. У акцыянерным таварыстве ў канцы 2016 года поўнасцю здалі ў эксплуатацыю новую робатызаваную ферму “Супрунавічы”. Хутка яна выйдзе на праектную магутнасць: цяпер тут штодня рэа-лізуюць 8 тон малака, будуць — 10 тон. Паралельна ідзе мадэрнізацыя іншых ферм. Удасканальваюць тэхналогію на МТФ “Мацылёўшчына”. А  малочнатаварную ферму “Грыцкевічы” перапрафілявалі ў ферму па дарошчванні  і адкорме. Тут будуць вырошчваць  рамонтных цялушак. Летась сто галоў з усіх ферм рэалізавалі  гаспадаркам раёна. Пакупнікі, гаворыць Яўген Уладзіміравіч, засталіся задаволеныя: іх маладыя каровы адрозніваюцца дастойнай прадуктыўнасцю.

Тры-чатыры гады ішло абнаўленне  асноўных сродкаў. Кошт іх падвоіўся. Знос машына-трактарнага парка даходзіў да 80 %, давялося купляць  новую тэхніку. Яе абнавілі  напалавіну. Гэта дало магчымасць своечасова і якасна  выконваць усе тэхнала-гічныя  аперацыі як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі.

Многае зроблена, многае яшчэ трэба зрабіць. Рэзервы для  павышэння прадуктыўнасці жывёлы, аддачы гектара, упэўнены кіраўнік, ёсць. Гэта і  далейшае ўдасканаленне  тэхналогій, і работа з кадрамі. Маецца на ўвазе далейшае  абнаўленне  машына-трактарнага парка: трэба набыць новыя трактары, кормараздатчыкі, пасяўныя агрэгаты. Неабходна давесці да канца перабудову былой МТФ № 1: заканчваюць  будынак, прызначаны для рамонтных цялушак, малочны блок пераабсталююць пад пункт асемянення  цялушак, пабудуюць новы цялятнік і правядуць рэканструкцыю старога.

Работа з кадрамі мае на ўвазе, у тым ліку, і прыцягненне ў гаспадарку маладых  спецыяліс-таў. У апошні час у “Грыцкевічы”  на працу іх прыйшло дзесяць.

— Маладыя, нявопытныя. Вучацца. І я разам з імі вучуся, — расказвае Яўген Здановіч. — Чым можна  заахвоціць чалавека ў вёсцы? Жыллём. Будуем яго. У 2016-м у аграгарадку Грыцке-вічы ўвялі 8-кватэрны двухпавярховы дом. У першым квартале бягучага закончым 2-кватэрны. Заклалі яшчэ адзін 2-кватэрны, дзе наваселлі плануюцца таксама сёлета. Дарэчы, іх будуем на месцы знесеных старых, безгаспадарчых. І вясковыя вуліцы  прыгажэюць.

І сацыяльныя стандарты ў аграгарадку павінны захоўвацца. Летась мы пачалі развіваць у сваім акцыянерным  таварыстве новую сферу — гандаль, адкрылі ў Грыцкевічах магазін і сталовую. Вяскоўцы задаволены, аб’ект запатрабаваны. І я назіраю, з якім  энтузіязмам працуюць там людзі, што атрымалі рабочае месца.

У бягучым годзе ў аграгарадку пасля рамонту адчыніць дзверы яшчэ адзін магазін, які гаспадарка пакуль узяла ў райспажыўтаварыстве ў арэнду. З пачатку лютага пачаў працаваць камбінат бытавога абслугоўвання — таксама аб’ект акцыянернага  таварыства. Можна  атрымаць паслугі цырульні,  адрамантаваць адзенне. 2 лютага сюды наведаліся першыя кліенты. У дадзены  момант даводзяць да ладу лазне-пральны камбінат. На баланс  гаспадаркі перайшлі  сельскі Дом культуры і спартыўная  зала. Яны таксама патрабуюць  рамонту. А яшчэ ў планах — абсталяванне дзіцячай пляцоўкі, упарадкаванне паркавай  зоны. Будзе дзе праводзіць з карысцю вольны час і дзецям, і  дарослым. У планах — рэканструкцыя тэрыторыі каля адміністрацыйнага будынка, рамонт самой канторы. Хочам зрабіць цэнтр аграгарадка прыгожым і сучасным.

— Мне ў дадзеным выпадку што падабаецца: ёсць школа, ёсць дзіцячы сад, — акцэнтуе ўвагу мой суразмоўца. — У школе на пяць гадоў наперад пра-глядаецца напаўненне класаў. У садку свабодных месцаў няма. Гэта надае ўпэўненасць: вёска будзе жыць!

Каб зацікавіць школьнікаў  сельскагаспадарчымі прафесіямі, спецыялісты  сустракаюцца з імі,  расказваюць, арганізуюць экскурсіі на вытворчасць гаспадаркі. Выпускнікі СШ, хто жадае, атрымліваюць накіраванне для паступлення. Хутка  ў “Грыцкевічы” вернуцца пасля  такога навучання маладыя  спецыялісты механізацыі і жывёлагадоўлі.

Паспяхова вырашаць сацыяльныя  пытанні можна, маючы грошы.

— Вось мы іх зарабілі ў апошнія  гады — і ўзяліся за невы-творчыя  аб’екты, — тлумачыць Яўген  Уладзіміравіч. — Наша выручка ў 2018-м амаль у тры разы  перавысіла паказчык 2013-га. Трэба адзначыць, што і зарплата  людзей расце: у 2013-м сярэднямесячная была чуць больш за 414 рублёў, у 2014-м — больш за 568 рублёў, летась перавысіла 907  рублёў.

Усё дасягнутае, новыя планы і іх ажыццяўленне — вынік нястомнай працы калектыву, каманды. Да работнікаў трэба  ставіцца і патрабавальна, і з павагай, неабходна цаніць людзей, упэўнены дырэктар. Ён у людзях цэніць прыстойнасць і адказнасць. І лічыць: трэба і самому быць для  іх добрым прыкладам.

 

Урокі Карчміта

Яўген Здановіч па прафесіі інжынер-механік. Сельскую механізацыю выбраў свядома, бо нарадзіўся і жыў у вёсцы. Бацькі трымалі вялікую хатнюю гаспадарку, даводзілася  шмат працаваць. Усё гэта юнаку было блізка і вядома, а да тэхнікі яго заўсёды цягнула. У 1989 годзе ён скончыў Беларускую сельгасакадэмію. У гэтай жа ўстанове сустрэў  сваю будучую жонку,  і абое былі  размеркаваны пасля вучобы ў Нясвіжскі раён. Наталля Якаўлеўна атрымала накіраванне ў калгас “17 Верасня”, мужу там месца не было і ён паехаў у Сноў, да Міхаіла Карчміта: “Малады спецыяліст. Закончыў вучобу. Шукаю работу”. — “Пакажы дыплом”. Паказаў, але без укладыша, дзе выстаўлены адзнакі. “Пакажы мне ўкладыш”, — патрабаваў Міхаіл Аляксандравіч. За адзнакі маладому чалавеку сорамна  не было — там стаялі амаль усе пяцёркі. І яго прынялі  ў калгас імя Калініна (цяпер — СВК “Агракамбінат Сноў”).

— Работа ў “Снове” вам многа  дала?

— Так. Той узровень  гаспадарання, які заклаў Карчміт у перабудову сельгаспрадпрыемства, той падыход да вырашэння  праблем, адказнасць — гэта ўсё  ад-білася на маёй працы. Вопыт я  атрымаў каласальны.

Працаваў загадчыкам майстэрняў. У той час  іх будавалі новыя, і Міхаіл Аляксандравіч неяк зазірнуў на будоўлю. У яго да мяне было шмат пытанняў: “Што тут будзе?”, “А тут?”, “А як яно бу-дзе падавацца?”, “Дзе будзеце рухавікі рамантаваць?”, “А дзе — акумулятары?”.  Я здзівіўся: “Дык ёсць жа будаўнікі, няхай гля-дзяць”. А ён патрабаваў: “Цяпер за імі  хадзіце, падказвайце. Вам жа  потым эксплуатаваць гэты аб’ект. Не ліквідуеце недаробкі зараз — потым ужо не дагоніце, або будзеце самі ліквідоўваць”. Так я атрымаў сапраўдны ўрок як  спецыяліст: удзельнічайце ў любым працэсе. Усё абдумаў, асэнсаваў, і калі праз  тыдзень  старшыня зноў пацікавіўся справамі на будучых майстэрнях, расказаў яму, як бачу  іх эксплуатацыю. Потым усё будаўніцтва ішло пад маім  кантролем. І сапраўды, калі загадзя ўсё  прадугледзець — якой прадукцыйнай будзе далейшая работа! Што мы ў майстэрні толькі ні рабілі, пачынаючы ад рамонту рухавікоў, паліўнай апаратуры, акумулятараў, нават вакуумных помпаў, і заканчваючы выточваннем  і зваркай дэталей.

У ліпені 2002 года Міхаіл Карчміт прызначыў Яўгена  Здановіча сваім намеснікам. Памятаю, перад гэтым  у адзін з прыездаў нас, журналістаў, у агракамбінат Міхаіл Аляксандравіч  падзяліўся сваімі планамі:

— Прыглядаюся я, прыглядаюся… Бачу ў ім надзейнага памочніка. Сціплы. Адказны. Талковы. Справу ведае. “Афганец”.

Вось за гэтыя рысы і прызначыў Міхаіл Карчміт спецыяліста сваім намеснікам. Праўда, Яўгена Здановіча такая ракіроўка  застала знянацку: “Я ж нічога такога асаблівага не зрабіў. Ад спраў канторы быў далёка. Займаўся сваімі тэхнічнымі пытаннямі”. Што ж, трэба аддаць належнае  Міхаілу Аляксандравічу: у людзях ён разбіраўся, кадры падбіраў умела.

Калі ў маі 2004 года не стала  Героя Беларусі Міхаіла Карчміта, Яўген Здановіч пяць месяцаў выконваў абавязкі старшыні праўлення агракамбіната.

З красавіка 2013 года  ён, зарабіўшы 23-гадовы працоўны стаж у “Снове”, пачаў выконваць абавязкі дырэктара ААТ “Грыцкевічы”, а ў снежні стаў дырэктарам. Чалавек неабыякавы, энергічны, ён упэўнена вядзе  калектыў уперад. За што і адзначаны  медалём “За працоўныя заслугі”.

Сімвалічна, што  наша сустрэча з Яўгенам Здановічам адбывалася 1 лютага, у  дзень 70-годдзя Міхаіла Карчміта. І мой суразмоўца недзе з гадзіну  назад прыехаў са сноўскіх могілак, дзе на раённым узроўні ўшанавалі памяць Героя Беларусі, аддаючы даніну  павагі  таленавітаму кіраўніку,  настаўніку моладзі.

 

… І малая радзіма  ў сэрцы

— Яўген Уладзіміравіч, хто ваш  ідэал у жыцці?

— Бацькі. Маці, Марыя Іосіфаўна, працавала ў адным з калгасаў на роднай Пружаншчыне даяркай, знаходзілася ў ліку перадавых. Цяжкая  ў той час была іх праца. Я параўноўваю: у якіх умовах некалі даяркі працавалі і ў якіх умовах нашы зараз працуюць. Дзве вялікія розніцы. Ды якія дзве?! У тры, у дзесяць разоў адрозненне.

Бацька, Уладзімір Сямёнавіч,  быў добрым майстрам, усё ўмеў. Таму і я люблю сваімі рукамі ўсё рабіць. Напрыклад, свой дом у Снове будаваў сам. Праўда, доўга — цэлых сем  гадоў.

Бацькоўская хата ў вёсцы Масявічы Пружанскага раёна цяпер пустуе. Наведваемся з сёстрамі туды. Часта — не выпадае, але раз у год, на Радуніцу — абавязкова еду на магілы бацькоў. Самотна, канешне. Часам папракаю сябе, што мала іх праведваў, калі яшчэ жылі…

— Што для вас галоўнае ў жыцці?

— Сям’я. Дзеці, унук, якому ідзе  трэці год. Шмат аддаём з жонкай яму ўвагі і любові.

— Аб чым марыце?

— Каб усё добра склалася ў сям’і. Канешне, хвалюешся за  дзяцей, перажываеш.

Што тычыцца нашага сельгаспрадпрыемства — каб было яно самадастатковым, магло абапірацца на ўласныя сілы.

Каб быў мір на зямлі. Сённяшнія падзеі ў свеце, у той жа Украіне, сведчаць: людзі хутка забыліся пра жахі Другой сусветнай вайны.

 

Афган. “Маміны  малітвы  мяне  выратавалі”

Ёсць у біяграфіі Яўгена Здановіча  два асаблівыя гады, пра якія ніколі  не забудзе, не вы-красліць са старонак жыцця. І расказваць пра тыя падзеі ён не  любіць, каб не вярэдзіць душэўнай  раны. А пачынае апавядаць — на сэрцы робіцца цяжка, трывожна, няўтульна. Гэта — пра Афган.

Здымак адлюстроўвае непарушнае некалі славянскае брацтва.
На ім — двое рускіх, двое беларусаў і ўкраінец.
Агульныя для ўсіх пакучае сонца Афгана, высокае чужое неба
над галавой, чужыя непрыветлівыя горы. Агульная небяспека.
І агульная воінская задача, якую паставіла перад імі дзяржава.
Яфрэйтар Яўген Здановіч — на першым плане справа

Яго прызвалі ў армію ў сакавіку 1981-га. Другі год савецкія салдаты ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях у Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан, урад якой  папрасіў дапамогі ў СССР, каб падтрымаць дэмакратычныя сілы. З Гродна, адкуль прызываўся Яўген Здановіч, 14 вагонаў з навабранцамі адправілі на паўднёвы  ўсход нашай велізарнай  тады краіны. Радавы Здановіч трапіў у туркменскую Кушку — самую паўднёвую кропку Савецкага Саюза. Граніца з Афганістанам — побач. Тры месяцы салдат праходзіў навучанне. Але там давалі агульныя веды, а вось калі  трапілі ў Афганістан, пачаўся  падбор ваеннаслужачых па спецыяльнасці. Паколькі ў яго па матэматыцы ў школе заўсёды было “выдатна”, юнак трапіў вылічальнікам  у артылерыю. Кожная батарэя  мела свайго вылічальніка. Разведчыкі дастаўлялі звесткі пра  месцазнаходжанне душманаў, а вылічальнік разлічваў каардынаты, куды страляць артылерыстам. Трэніраваў Здановіча, і даволі жорстка, капітан з нямецкім прозвішчам Ган. Вельмі сур’ёзны быў таварыш, успамінае Яўген Уладзіміравіч. Вымуштроўваў яго на хуткасць і дакладнасць работы на прыборы ўпраўлення агнём (ПУО-1). Каардынаты  нанясення ўдару  па праціўніку можна было  разлічваць яшчэ і па формуле. Яўген Здановіч і гэта ўмеў. Атрымлівалася нядрэнна. У спаборніцтвах на лепшага  спецыяліста-вылічальніка часці ён заняў  першае месца.

Яўген Здановіч захоўвае некалькі фотаздымкаў з афганскай вайны. Але самы дарагі для яго — вось гэты. На зваротным баку картачкі напісана: “Узнагароджваецца радавы Здановіч Я.У. за 1-е месца ў спаборніцтве на лепшага спецыяліста-вылічальніка часці. Камандзір в/ч 85675 падпалкоўнік Котаў”

Вылічальнік — прафесія вельмі адказная. Ад дакладнасці яго разлікаў залежала і жыццё савецкіх салдат. Бо калі памылішся — снарады могуць легчы на пазіцыю сваіх…

— Артылерысты маглі загінуць пры пераездзе, калі б “духі” арганізавалі засаду. Мне пашанцавала, на нас не нападалі. А вось пехацінцы, якія ішлі пасля артабстрэлу на  зачыстку варожых пазіцый, на жаль, часта гінулі. Шкада хлопцаў, — гаворыць Яўген Уладзіміравіч. — Са мной жа выпадак здарыўся такі. Наша калона ноччу мяняла дыслакацыю. Я ехаў у кабіне аўтамашыны, якая везла снарады. Вадзіцель-азербайджанец, Мурадаў, не справіўся з кіраваннем, і машына сарвалася з абрыву. Памятаю толькі, як яна нахілілася… “Ляцелі” мы некалькі дзясяткаў метраў. Калі прыйшоў у сябе, убачыў: уверсе, на горнай дарозе, ідуць машыны. А мы ляжым унізе, у перавернутай. Траўмы, сінякі. Але мы — жывыя. У кузаве знаходзілася 60 рэактыўных снарадаў. Яны не здэтанавалі. Бензін не загарэўся. Кабіна  не сплюшчылася — не дапусціла  спецыяльная канструкцыя. Вось такі шчаслівы зыход…

Мама мая была глыбока  веруючым чалавекам. Можа, яе  малітвы, яе просьбы да Усявышняга і выратавалі мяне ў той вайне.

— Страшна было?

— Страху не было. Вы ведаеце, мы тры месяцы праслужылі ў Кушцы. І там прапаноў-валі заставацца: трэба было ствараць вучэбную базу, абслугоўваць тэхніку. Але з трох вагонаў навабранцаў (а гэта сто чалавек), што прыбылі з Гродна, ніхто не выказаў жадання застацца, усе паехалі ў Афганістан. Мабыць, гэта ў нас гены патрыятызму ад бацькоў, дзядоў. Мы выконвалі свой воінскі абавязак.

Месца дыслакацыі часці, у якой служыў мой суразмоўца, — горад Шынданд, правінцыя Фарах. Гэта на поў-дзень ад горада Герата і на поўнач ад Кандагара. Заходняя частка Афганістана. Тыя навабранцы з Беларусі, якіх цягнік даставіў, у адрозненне  ад Я. Здановіча, ва ўзбекскі Тэрмез, апынуліся ў раёне сталіцы краіны — Кабула.

Цяжар вайны ён раздзяляў з юнакамі з Гродна, Ваўкавыска, Жлобіна і іншых гарадоў. Пасля дэмабілізацыі перапісваліся, падтрымлівалі стасункі. Толькі з  часам захапілі іншыя  падзеі, імкненні, праблемы, сувязь паступова абарвалася. Але  памяць засталася.

І цікавая сустрэча адбылася пазней, калі Яўген Здановіч прыйшоў на працу ў калгас імя Калініна. На мехдвары размовы, роспыты пра  армейскую службу ў мужчын — справа  звычайная. Выявілася, што і Здановіч, і механізатар Аляксандр Шарамета  служылі ў 28-м армейскім рэактыўна-артылерыйскім палку ў Афганістане. Толькі яфрэйтар Здановіч ужо рыхтаваўся  да дэмабілізацыі, перадаваў  свой вопыт моладзі. А сярод маладых хлопцаў, толькі-толькі прыбыўшых з Саюза, і быў наш зямляк са Слабады — Саша Шарамета.

Яўген Уладзіміравіч захоўвае  медаль “Воін-інтэрнацыяналіст”. Пакажа яго ўнуку, калі той  падрасце, раскажа пра  апаленае вайной юнацтва.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Здымкі — з асабістага архіва Я.У. Здановіча.


Поделитесь с друзьями
  •  
  • 53
  • 3
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.