У Нясвіжы ва ўрачыстай абстаноўцы ўзгадалі воінаў-інтэрнацыяналістаў і адзначылі 30-годдзе з дня вываду савецкіх войск з Афганістана

Поделитесь с друзьями
  • 2
  • 26
  • 3
  •  
  •  
  •  

У мінулую пятніцу ў Нясвіжы адбыліся

мерапрыемствы, прысвечаныя Дню памяці

воінаў-інтэрнацыяналістаў і 30-годдзю вываду

савецкіх войск з Афганістана.

Старшыня Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Ломскі
ўручае юбілейны медаль “30 гадоў вываду савецкіх войск
з Афганістана” Фёдару Парфёнаву

Яны пачаліся з  мітынгу, прысвечанага гэтай даце. Ён прайшоў на вельмі сімвалічным месцы — Алеі мужнасці і адвагі, якая з’явілася ў нашым горадзе ў мінулым годзе. Сюды сабраліся воіны-інтэрнацыяналісты з усяго раёна і  прадстаўнікі грамадскасці розных прафесій і ўзростаў, каб аддаць даніну павагі салдатам, якія годна выканалі свой воінскі абавязак удалечыні ад Радзімы.

Воінаў-інтэрнацыяналістаў вітае ваенны камісар Нясвіжскага і Капыльскага раёнаў падпалкоўнік Андрэй Марозаў

Пасля ўрачыстага адкрыцця мітынгу, якое,  па традыцыі, азнаменавалася Дзяржаўным гімнам, першым да прысутных звярнуўся старшыня Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Ломскі.

— Сённяшняя дата ў календары не святочная, — адзначыў ён у сваім выступленні. — Як нікому іншаму, вам, паважаныя воіны-інтэрнацыяналісты, у поўнай меры прыйшлося паспытаць пакут і гора, роспачы і цяжкасцей. Вы сумленна выканалі свой воінскі абавязак, не здрадзіўшы ні прысязе, ні баявому братэрству, стаўшы прыкладам гераізму, стойкасці і самаахвярнасці. Яскравае сведчанне гэтаму — вашы баявыя ўзнагароды.

Ад імя раённай улады Аляксандр Зіноўевіч выказаў шчырае спачуванне родным загінуўшых і пажадаў усім воінам-інтэрнацыяналістам моцнага здароўя, міру і дабрабыту.

Пасля кіраўніка раёна слова меў удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане, старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Яўген Бабкоў. Ён узгадаў аб тым, што амаль трэцяя частка ўраджэнцаў Нясвіжчыны, якія неслі службу ў гэтай далёкай краіне, была ўзнагароджана баявымі ордэнамі і медалямі, і гэта нямала. Савецкія воіны выканалі свой абавязак да канца і з разгорнутымі сцягамі, па загадзе свайго ўрада, пакінулі поле ваенных дзеянняў непераможанымі.

Яўген Сцяпанавіч таксама ад-значыў, што ў Беларусі, як ні ў адной другой суседняй краіне, на дзяржаўным узроўні шануецца памяць аб воінах-афганцах.

Тое, што гэта памяць пераходзіць з пакалення ў пакаленне, пацвердзіла выступленне навучэнца Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа Аляксея Гурэцкага. Ён запрасіў ветэранаў афганскай вайны часцей прыходзіць у госці да моладзі.

— Нам ёсць пра што пагаварыць, — слушна заўважыў юнак.

Ускладаюцца кветкі да памятнага каменя на Алеі мужнасці і адвагі

Падчас мітынгу на Алеі мужнасці і адвагі

У памяць аб земляках, якія загінулі, была аб’яўлена хвіліна маўчання, а ў знак удзячнасці і пашаны да памятнага знака былі ўскладзены кветкі.

Пасля мітынгу ўрачыстыя мерапрыемствы працягнуліся ў кінатэатры “Салют”. Тут герояў дня прывітаў ваенны камісар Нясвіжскага і Капыльскага раёнаў Андрэй Марозаў.

Ён адзначыў, што воіны-інтэрнацыяналісты з’яўляюцца прыкладам для юнага пакалення ў выхавані патрыятызму і мужнасці і пажадаў ім і іх сем’ям міру і росквіту.

Каля выставы Нясвіжскага гісторыка-края-знаўчага музея — воіны-інтэрнацыяналісты Георгій Клюеў, які прыехаў на ўрачыстае мерапрыемства з пасёлка Ударны, і несвіжанін Яўген Аксак, удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане ў 1987 -1988 гадах, узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”

Ганаровае права ўскласці вянкі на магілы воінаў, якія загінулі, было прадастаўлена старшыні раённага савета ветэранаў
Генадзю Пашкоўскаму, удзельнікам вайны ў Афганістане Пятру Зудаву і Івану Маркевічу

Нагадаем, што за мужнасць і гераізм, якія былі праяўлены ў перыяд ваенных дзеянняў у Афга-ністане, 86 ваеннаслужачых са складу Абмежаванага кантынгенту савецкіх войск былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, з іх 28 — пасмяротна. Больш за 200 тысяч воінаў-інтэрнацыяналістаў было ўзнагароджана ордэнамі і медалямі СССР.

У дзень урачыстасці ўзнагароды ізноў знайшлі сваіх герояў: Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў устаноўлены юбілейны медаль “30 гадоў вываду савецкіх войск з Афганістана”, які быў уручаны ўсім ветэранам афганскай вайны. Медаль Уладзіміра Слысенкі (пасмяротна) атрымала яго сястра Таццяна Гаргун.

Памятнае фота адной з груп узнагароджаных

Для ўдзельнікаў урачыстага мерапрыемства іграе
ансамбль скрыпачоў Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў

Пасля ўзнагароджання ганаровае права ўскласці вянкі на магілы воінаў, якія загінулі, было прадастаўлена старшыні раённага савета ветэранаў Генадзю Пашкоўскаму, удзельнікам вайны ў Афганістане Пятру Зудаву і Івану Маркевічу.

А для тых, хто застаўся ў зале, сваё майстэрства падарылі артысты калектываў аматарскай творчасці ўстаноў культуры раёна. У іх выкананні прагучалі цудоўныя вакальныя і інструментальныя творы, у якіх апяваліся самыя чыстыя чалавечыя пачуцці і свет без вайны, нянавісці і жорсткасці, у якім хочацца жыць усім нам.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.


Поделитесь с друзьями
  • 2
  • 26
  • 3
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.