Вечар школьных сяброў

Поделитесь с друзьями
  •  
  • 63
  • 2
  •  
  •  
  •  

Мінулая субота стала асаблівым днём для вельмі многіх жыхароў нашага раёна — яны атрымалі магчымасць хоць на некалькі гадзін акунуцца ў бесклапотнае дзяцінства і юнацтва, сабраўшыся пад дахамі родных школ, дзе іх чакалі настаўнікі і сябры-аднакласнікі.

Менавіта такім — узнёсла-шчырым, захапляльным і хвалюючым — атрымаўся і вечар сустрэчы з выпускнікамі ў Карцэвіцкай СШ, якой, дарэчы, сёлета 1 верасня споўніцца 45 гадоў.

Па традыцыі, асаблівая ўвага была нададзена юбілейным выпускам, якія сёлета адзначалі ад 40 да 5 гадоў пасля заканчэння школы. У якімсьці з іх прыйшло больш выпускнікоў, у якімсьці — менш, але пра кожны была падрыхтавана прыгожая, арыгінальная відэапрэзентацыя, у кожным узгадваліся класны кіраўнік і першы настаўнік, а былыя вучні не толькі хваляваліся да слёз, дзелячыся ўспамінамі аб школьных гадах, але і, як, напрыклад, выпускнік 1994 года Раман Татур, разважалі пра станаўленне асобы чалавека ў школьныя гады і давалі наказ цяперашнім вучням.

Асобным момантам святочнай сустрэчы стала ўшанаванне настаўнікаў — ветэранаў педагагічнай працы, якія аддалі школе і дзецям не адзін дзясятак гадоў. На сцэну ўздымаліся былыя дырэктары Карцэвіцкай СШ Аляксандр Іосіфавіч Сідаровіч і Ніла Яўгенаўна Бруй, настаўнікі-прадметнікі: замежнай мовы — Уладзімір Дзмітрыевіч Бруй, геаграфіі — Уладзімір Уладзіміравіч Парэйка, рускай мовы і літаратуры — Людміла Сяргееўна Купцова.

Кожны з іх звярнуўся да сваіх былых вучняў і да ўсіх прысутных у зале па-бацькоўску мудра, заклікаўшы іх заўсёды, што б ні здарылася, заставацца добрымі людзьмі і сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны, патрыётамі Беларусі, якімі па праве можа ганарыцца родная зямля.

Акрамя таго, Н.Я. Бруй з вялікай павагай узгадала імя першага дырэктара новазбудаванай Карцэвіцкай СШ Анатоля Цітавіча Яўзрэзава, які ўсяго за адзін год зрабіў новую школу ўзорам таго, якой і павінна быць сапраўдная школа — асяроддзем культуры, інтэлігентнасці і прыгажосці: школьны двор аздобіла каштанавая алея, у якой колькасць дрэў адпавядала колькасці першых выпускнікоў, быў закладзены першы ў раёне дэндрарый з рэдкімі пародамі дрэў і кустоў, школьны сад, зроблена і іншая карысная работа, а вучні з першых дзён знаходжання ў школе прызвычайваліся ўкладваць сваю працу ў навакольную прыгажосць. Вельмі цікавым быў аповед пра гэтага чалавека, добрая слава якога перажыла яго самога.

Прыемна, што сёлета настаўнікі-ветэраны, класныя кіраўнікі юбілейных выпускаў, былі ўшанаваныя асаблівым чынам: Н.Я. і У.Дз. Бруй, чые класы ў гэтым годзе адзначаюць 40-годдзе выпуску са школы, Л.С. Купцова, класны кіраўнік 35-гадовага выпуску, У.У. Парэйка — 30-гадовага, атрымалі Лісты падзякі ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму Мінскага аблвыканкама, якія ім са словамі найвялікшай удзячнасці пад дружныя апладысменты залы ўручыла дырэктар школы А.В. Гесь.

На вялікі жаль, час няўмольны, і настаўнікі адыходзяць з жыцця, назаўсёды пакідаючы сваіх вучняў. Ім — тым, хто сеяў у дзіцячых сэрцах добрае, разумнае, вечнае, была прысвечана спецыяльная відэапрэзентацыя, а іх памяць ушанавана хвілінай маўчання.

Напэўна, ніхто не паспрачаецца з тым, што настаўнікі аддаюць дзецям не толькі веды, але і часцінкі саміх сябе. І, мяркуючы па ўсім тым, што назіралі госці вечара ў Карцэвіцкай СШ, часцінкі гэтыя вельмі таленавітыя, таму што музычныя падарункі, якія дарылі прысутным у зале цяперашнія вучні школы і яе выпускнікі, нікога не пакінулі раўнадушным. Юныя артысты на сцэне ўкладвалі ў свае выступленні ўсю душу, а тыя, для каго яны стараліся, не шкадавалі далоняў для апладысментаў.

Цудоўным фінальным акордам вечара стаў прыгожы школьны вальс, на які выпускнікі запрасілі сваіх настаўнікаў. Гэты танец стаў для ўсіх іх сімвалам юнацтва і незабыўных школьных гадоў, сімвалам надзеі на новую сустрэчу.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  • 63
  • 2
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.