“Вышэйшы пілатаж” для абаронцаў Радзімы

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У мінулую пятніцу ў раённым цэнтры культуры

прайшоў святочны канцэрт

“У гонар абаронцаў Айчыны, або найвышэйшы пілатаж”,

прысвечаны 23 лютага.

Са святам прысутных павіншавалі ваенны камісар Нясвіжскага і Капыльскага раёнаў падпалкоўнік Андрэй Марозаў, намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Балцянкоў, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў, дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Людміла Вітко. Яны выразілі ўдзячнасць віноўнікам урачыстасці за мірнае неба над нашымі галовамі і за той уклад, які яны сёння ўносяць у абароназдольнасць нашай краіны, у развіццё яе эканомікі, і выказалі ім найлепшыя пажаданні.

На сцэне — народны ансамбль танца “Узорыца”

Увазе прысутных быў прапанаваны цікавы відэафільм аб беларускай арміі.

Увогуле ж арганізатары святочнага мерапрыемства пастараліся, каб яно атрымалася арыгінальным, яскравым і надоўга засталося ў памяці гледачоў. І, мяркуючы па ўсім, ім гэта ўдалося. Тры “сцюардэсы” — вядучыя канцэрта Вольга Александровіч, Юлія Гарбачова і Кацярына Каструбай запрасілі гледачоў на борт уяўнага авіялайнера, які паляцеў у краіну прыгожых, уражваючых песень і захапляльных танцаў.

Гарачымі апладысментамі зала дзякавала за выступленні лепшым артыстам раёна — народнаму ансамблю танца “Узорыца”, мужчынскаму складу народнага вакальнага ансамбля “Забава”, вакальна-інструментальнаму ансамблю “Старыя знаёмыя”, дзіцячаму танцавальнаму калектыву “Онікс”, салістам, дуэтам і ўсім без выключэння ўдзельнікам святочнага канцэрта.

Асобным яскравым сюрпрызам стаў дэбют мужчынскага квінтэта РЦК у складзе Ігара Гарбачова, Івана Буглая, Івана Кухнаўца, Аляксея Абражэя і Сяргея Хвалько. У іх выкананні прагучала незабыўнае “О, мора, мора” на верш Генадзя Казлоўскага, якое ў свой час спяваў сам аўтар музыкі гэтай песні — вялікі Муслім Магамаеў. Шматгалосая падача гэтага твора, распрацаваная кіраўніком народнага ансамбля песні “Млечны шлях” Таццянай Казловай, настолькі кранула залу, што яна літаральна загула ад авацый і воклікаў “Брава!”. Гэта, напэўна, і ёсць галоўная ўзнагарода для тых, хто дорыць свой талент людзям.

Святочны канцэрт завяршыўся песняй “Свята сапраўдных мужчын” у выкананні Ларысы Пархановіч, падчас якой пад дружныя апладысменты гледачоў на сцэну выйшлі ўсе яго ўдзельнікі. Тут віноўнікаў урачыстасці чакаў яшчэ адзін сюрпрыз — артысты запусцілі ў залу папяровыя самалёцікі з віншаваннямі і найлепшымі пажаданнямі ў адрас тых, хто абараняе і абараняў нашу радзіму.  Тыя, хто паспеў іх злавіць, забіралі з сабой як добры напамін пра свята і цудоўны канцэрт, арганізаваны раённым цэнтрам культуры.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.       

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.