У Малой выставачнай зале Палацавага ансамбля НГКМЗ “Нясвіж” адкрылася выстава “На адным полі ваяры …”

Поделитесь с друзьями
  • 2
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Яна аб’ядноўвае работы сяброў ГА “Беларускі саюз мастакоў” мастака Ігара Гардзіёнка і скульптара Сяргея Аганава, кожны з якіх — па-свойму цікавы і вопытны творца,      удзельнік і пераможца шматлікіх конкурсаў.

Ігар Гардзіёнак скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “графіка”, з 1992 г. удзельнічае ў мастацкіх выставах. Яго сфера — станкавая і кніжная графіка, жывапіс, дызайн. Ужо 15 гадоў працуе ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дзе выкладае акадэмічныя малюнак і жывапіс. Сярод творчых прац у кніжнай графіцы вылучаюцца трыпціх “Шлях на Грунвальд”, ілюстрацыі да кніг “Адвечныя скарбы Радзімы” У. Мазго, “Скарб бяздонны. Легенды і паданні” М. Мятліцкага і іншыя.

Скульптар Сяргей Аганаў і мастак Ігар Гардзіёнак

Сяргей Аганаў скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “скульптура”. З 2001 г. удзельнічае ў мастацкіх выставах, працуе ў галіне станкавай і манументальнай скульптуры. Сярод яго творчых дасягненняў — помнік па-геройску загінуламу курсанту Дзмітрыю Гвішыяні ў Мінску, скульптурная кампазіцыя “Войт”, прысвечаная атрыманню Мінскам Магдэбурскага права, помнік княжне Анастасіі Слуцкай у Слуцку, помнік Давыду Гара-дзенскаму ў Гродна і іншыя знакавыя скульптурныя кампазіцыі.

Сяргей Аганаў.
“Героям Грунвальда”

У мінулым годзе выстава “На адным полі ваяры …” прайшла ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, і вось зараз яе могуць убачыць і госці Нясвіжскага замка.

Ігар Гардзіёнак.
“Іван Нямера”

Работы, прадстаўленыя на выставе, звязвае агульная тэма — гісторыя Вялікага княства Літоўскага. Паслядоўны шэраг партрэтаў прадстаўляе ўладароў гістарычнай Літвы ад караля Міндоўга да караля Уладзіслава Ягайлы і вялікага князя Вітаўта. Мастак Ігар Гардзіёнак выканаў іх на састарэлых дошках з выкарыстаннем старажытнай тэхнікі ляўкасу ў спалучэнні з элементамі металу. Скульптар Сяргей Аганаў, Чалавек года-2018 у вобласці культуры, дэманструе работы, прысвечаныя тэме абароны сярэднявечнай дзяржавы ад знешніх ворагаў.

На адкрыцці выставы мастакі выказалі спадзяванне на ўмацаванне саюза з даследчыкамі гісторыі.

— Быць культурным чалавекам і пры гэтым не ведаць сваёй гісторыі немагчыма, —  упэўнены Сяргей Аганаў.

Выстава “На адным полі ваяры…” мае вельмі сімвалічную назву — яна расказвае пра нашу агульную спадчыну, якая служыць для мастака і скульптара крыніцай натхнення, і ўвасабляе гістарычныя факты ў яскравых вобразах, пацвярджаючы тым самым, якім плённым можа быць супрацоўніцтва мастацтва і навукі на адным гістарычным полі.

З адкрыццём выставы ў Нясвіжы аўтараў павіншавалі кандыдат мастацтвазнаўства, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна, першы намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” Глеб Отчык, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, загадчык кафедры “Малюнак, акварэль і скульптура” архітэктурнага факультэта БНТУ, прафесар Мікалай Кірэеў, загадчык аддзела гісторыі Беларусі сярэдніх вякоў і пачатку Новага часу Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Васіль Варонін і іншыя зацікаўленыя асобы.

Падчас урачыстага адкрыцця выставы Ігар Гардзіёнак паднёс у дар НГКМЗ “Нясвіж” у асобе намесніка дырэктара музея-запаведніка  Наталлі Жэрка кнігу Міколы Мятліцкага “Скарб бяздонны” з ілюстрацыямі самога мастака. Кніга атрымала Дыплом І ступені ў рэспубліканскім конкурсе на лепшае выданне мінулага года.

Выстава будзе дзейнічаць да 19 мая.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

 


Поделитесь с друзьями
  • 2
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.