Паважаныя людзі ў раёне – аб слаўнай гісторыі краіны, традыцыях народа і здабытках  нашай дзяржаўнасці

Поделитесь с друзьями
  •  
  • 8
  • 1
  •  
  •  
  •  

15 сакавіка 1994 года дэпутаты прынялі Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Мінула чвэрць стагоддзя з таго часу. Вырасла цэлае пакаленне людзей, што жывуць па гэтым Асноўным  Законе нашай дзяржавы. Працуюць, вучацца,  ствараюць сем’і, гадуюць дзяцей,  ажыццяўляюць свае мары. Маладыя,  амбіцыйныя, творчыя, энергічныя… З новымі светапоглядамі, з новымі прыярытэтамі. Разам з тым, ёсць жыццёвыя каштоўнасці, якія  застаюцца актуальнымі  заўсёды. Гэта — павага да гісторыі і традыцый народа, павага да здабыткаў  нашай дзяржаўнасці: незалежнасці, суверэнітэту і міру.

Пра гэта сёння і нагадваюць нашы суразмоўцы, паважаныя ў раёне людзі.

 

Уладзімір  Несцеравіч ДРАЖЫН, ганаровы грамадзянін горада  Нясвіжа, былы намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь.  У 1990 — 1995 гадах быў народным дэпутатам і прымаў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы Канстытуцыі:

— Гэта быў пераломны этап для нашай краіны, эканоміка і палітычныя працэсы былі вельмі складанымі. У гэтых умовах нам неабходна было стварыць закон, які б адказваў патрабаванням жыцця кожнага чалавека ў Беларусі. У працэсе стварэння галоўнага дакумента ўдзельнічалі не толькі дэпутаты. Мясцовыя органы ўлады, працоўныя калектывы, творчая інтэлігенцыя — усе зрэзы нашага грамадства былі ў стваральнай працы. І нягледзячы на тое, што ў складзе Вярхоўнага Савета была і апазіцыйна настроеная частка дэпутатаў, усё ж, калі мы прыйшлі да фінальнай часткі галасавання за Канстытуцыю, у нас не было супярэчнасцей. Абсалютная большасць народных дэпутатаў прагаласавала “за” (з выступлення падчас адкрыцця выставы, прысвечанай 25-годдзю прыняцця Канстытуцыі, у Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці — Аўт.).

 

Міхаіл Іванавіч ГЛЕБАЎ, былы брыгадзір паляводчай брыгады ААТ “Лань-Нясвіж”,  кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага   Сцяга:

 

— Роднай гаспадарцы я аддаў 45 гадоў жыцця. Разам з механізатарамі, вадзіцелямі, паляводамі,  іншымі спецыялістамі пастаянна імкнуўся да таго, каб багацела наша зямля. Мы доўгі час жылі па Савецкай Канстытуцыі, арыентаваліся на тагачасныя агульнапрынятыя  нормы і традыцыі. Вельмі  цяжка стала ў канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў, калі распаўся Савецкі Саюз, спынілася вытворчасць, калі людзі проста ледзь выжывалі.

Але паступова наша маладая незалежная  дзяржава станавілася  на ногі. І значную ролю ў яе  развіцці, у фарміраванні дзяржаўнасці  адыграла Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, прынятая 15 сакавіка 1994 года. Яна стала гарантам стабільнасці, упэўненага развіцця народнагаспадарчага комплексу краіны, руху наперад. І мірнага суіснавання, што вельмі важна.

У мяне — трое дарослых дзяцей. Маю 6 унукаў, чакаем сёмага. Радуюць трое праўнукаў: аднаму — пяты гадок, другому — тры, трэцяму — год. Хачу, каб усе яны жылі ў спакоі і дастатку, каб выбралі прафесіі па душы, жылі годна і шчасліва на роднай беларускай зямлі.

 

Міхаіл Міхайлавіч ЧЫРКО, слесар па  рамонце паліўнай апаратуры ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс”, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, кавалер ордэна “Знак Пашаны”:

— Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь дае нам правы, свабоды і  гарантыі іх рэалізацыі. Чалавек мае права на жыццё, на самастойнае вызначэнне адносін  да рэлігіі. Моладзі гарантуецца права на яе духоўнае,  маральнае і фізічнае  развіццё, права на адукацыю. Мы маем права на працу і адпачынак.

Я сваю магчымасць працаваць выкарыстоўваю спаўна. 19 лістапада мінулага года  споўнілася 50 гадоў, як прыйшоў у Нясвіжскую райсельгастэхніку слесарам па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі. З 1972 года і да цяперашняга часу даводжу да ладу паліўную апаратуру. Зразумела, за гэты час тэхніка змянілася, значыць, адрозніваецца ад ранейшай і тэхналогія рамонту. Таму адначасова вучуся ўсяму новаму, каб захаваць сваю высокую кваліфікацыю, забяспечыць належную якасць работы. А мне ўжо 74-ы год. Прыемна, што майстэрства і веды  запатрабаваныя.

Хачу падкрэсліць, якую каштоўнасць мы зараз маем  у жыцці — мір. Спакойна  прагульваемся па вуліцах, ездзім  адпачываць на прыроду. Вось, напрыклад, я люблю збіраць грыбы і лавіць рыбу. А такое ж не ўсюды ёсць на зямлі. У некаторых краінах ідзе вайна, гінуць людзі,  разбураюцца паселішчы.

Вядома, цяжкасці ў нас  былі і ёсць, бо дзяржава — маладая, вучыцца жыць у суверэнітэце і згодзе з суседзямі. А ў свеце няма палітычнай стабільнасці, ад чаго ў  многім залежыць і наша Беларусь.

Таму трэба ўсім, асабліва моладзі, якой — ствараць будучае, быць больш актыўнымі, энергічнымі, зацікаўленымі, калі хочаце — апантанымі высокімі мэтамі, добрымі справамі.

Дзеля росквіту Беларусі.

Падрыхтавала Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ. 

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  • 8
  • 1
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.