“Раёнцы” — 80! Пра гэта паведамляла газета “Чырвоны сцяг” 8 і 11 сакавіка 1945 года

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Дзяржаўная дапамога многадзетным мацерам

Клопаты аб дзецях і мацярах з’яўляюцца адной з важных задач Совецкай дзяржавы. Ахоў-ваючы інтарэсы маці і дзіцяці, дзяржава аказвае вялікую матэрыяльную дапамогу цяжарным жанчынам і мацерам на ўтрыманне і выхаванне дзяцей. Вялікія сродкі затрачваюцца на ўтрыманне дзіцячых кансультацый, ясляў, садоў.

Толькі па нашаму Несвіжскаму раёну, з пачатку вызвалення раёна ад нямецкіх захопні-каў многадзетным мацярам выплачана дзяржаўнай дапамогі 315.341 рубель. Многадзетная маці Бруй Аляксандра, з вёскі Студзёнкі, Гарадзейскага сельсовета, якая мае 9 дзяцей, атрымала за гэты час дзяржаўнай дапамогі 8.133 рублі, Залеская Вера, з вёскі Баяры, Ліпаўскага сельсовета, маючы 10 дзяцей, атрымала 4.500 рублёў і многа другіх.

3 многадзетных маці: Вашынкевіч Анна і Ражанкова Настассія, з вёскі Піткевічы, Лы-сіцкага сельсовета і Залеская Вера, з вёскі Баяры, Ліпаўскага сельсовета прадстаўлены да прысваення ганаровага звання „Маці-гераіня” з уручэннем ордэна „Маці-гераіня”, 7 мацярэй да ўзнагароджання ордэнам „Мацярынская слава” I ступені, 10 мацярэй да ўзнагароджання ордэнам „Мацярынская слава” II ступені, 20 мацярэй да ўзнагароджання ордэнам „Мацярынская слава” ІІІ ступені, 4 мацеры — медаллю „Медаль мацярынства” I ступені, 1 маці — медаллю „Медаль мацярынства” II ступені.

Русак Надзежда, з вёскі Затур’е, Юшавіцкага сельсовета, маці семярых дзяцей узнагароджана ордэнам „Мацярынская слава” III ступені.

Многа мацярэй не ведаюць куды звярнуцца за дапамогай, як аформіць дакументы. Задача сельскага актыва растлумачыць мацерам, дапамагчы аформіць дакументы, каб многадзетная маці змагла атрымаць дапамогу.

 

Абавязацельствы трактарыстаў Рудаўскай МТС

У адказ на Загад таварыша Сталіна да 27 гадавіны Чырвонай Арміі калектыў Рудаўскай МТС узяў на сябе абавязацельства: працаваць яшчэ лепш, каб сваёй працай наблізіць жаданы час перамогі над ворагам.

Трактарысты абавязаліся выканаць планавую норму выпрацоўкі на кожны трактар на 150 процантаў. Трактарыст Пракоф’еў Віктар абавязаўся на газагенератарным трактары выканаць норму на 200 процантаў.

 

СОВЕЦКАЯ ЎЛАДА НАДЗЯЛЯЕ ПРАЦОЎНАЕ СЯЛЯНСТВА ЗЯМЛЁЙ

У 1939 годзе, калі насельніцтва Заходніх абласцей БССР было з’еднана ў адзіную беларускую сям’ю, совецкая ўлада бясплатна надзяліла беззямельнае і малазямельнае сялянства зямлёю. 13.600 гектараў атрымалі сяляне нашага раёна лепшай зямлі, якая раней належыла памешчыкам, асаднікам і апрацоў-валася батракамі. У раёне было арганізована 18 калгасаў на землях памешчыкаў і асаднікаў. Радасна і заможна жыло сялянства.

Нямецкія акупанты адабралі ад сялян зямлю, якой яны былі надзелены совецкай уладай. На адабраных землях яны сялілі сваіх каланістаў, звярнулі зямлю кулакам. Нямецкія захопнікі зруйнавалі нашы калгасы. На іх землях яны зрабілі панскія маёнткі, дзе батракамі працавалі быўшыя калгаснікі.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў совецкая ўлада аднавіла правы сялян на карыстанне зямлёй.

У раёне адноўлена тры калгасы, соўгас, вопытная станцыя. Каля 4.000 гектараў зямлі звернута беззямельным і малазямельным сялянскім гаспадаркам.

Але значная частка зямлі яшчэ не звернута сялянам. Па рашэнню Урада ў Заходніх абласцях БССР праводзіцца зараз зямельная рэформа, гэта значыць, на-дзел зямлёй беззямельных і малазямельных сялян за кошт зямель быўшых маёнткаў і ўрэзкаў зямлі ў заможных гаспадарках, у якіх плошча перавышае ўстаноўленыя прадзельныя нормы землякарыстання.

Для хутчэйшага правядзення гэтага важнага мерапрыемства совецкай улады на вёсцы, пры сельскіх советах створаны зямельныя камісіі, якія, абапіраючыся на бедняцкі актыў, павінны закончыць даную работу да 1 красавіка, з тым, каб селянін, атрымаўшы зямлю, змог своечасова яе засеяць.

Многія сельскія советы правялі дакладны ўлік беззямельных і малазямельных гаспадарак, правялі вялікую растлумачальную работу сярод сялян.

85 заяў аб надзяленні зямлёй паступіла ад сялян Сноўскага сельсовета, 55 заяў ад сялян Ліпаўскага сельсовета, 25 — Быхаўскага сельсовета. У гэтых сельсоветах днямі будзе закончан на-дзел сялян зямлёй.

Аднак у многіх сельсоветах зямельныя камісіі бяздзейнічаюць, як, напрыклад, у Ланьскім сельсовеце (старшыня таварыш Жук), Леонавіцкім (старшыня таварыш Вараненка), Навасёлкаўскім (старшыня таварыш Кісель) і іншых.

Зямельныя камісіі пры сельсоветах павінны шырока разгарнуць палітыка-масавую работу сярод малазямельнага і беззямельнага сялянства, растлумачыць ім, што яны атрымоўваюць лепшую зямлю за кошт абрэзкаў многазямельных сялян, атрымоў-ваюць яе назаўсёды і бясплатна.

Да канчатковага тарміну правядзення гэтай работы засталіся лічаныя дні. Старшыні сельсоветаў павінны зразумець, што ўсякая зацяжка будзе пагражаць  зрыву веснавой пасяўной кампаніі.

Аляксеяў,

Заг.РайЗА.

 

Усё для  хутчэйшай  перамогі

Сяляне вёскі Жанкавічы Казлоўскага сельсовета сабраліся на сход, прысвечаны Загаду Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Маршала Совецкага Саюза таварыша Сталіна.

Пасля чыткі Загада з газеты слова бярэ дапутат сельскага совета селянін   Бубен, які заявіў: „Таварыш   Сталін   сказаў, што перамога   не    прыходзіць сама. Яна  здабываецца ў цяжкіх баях і ва ўпорнай працы. І мы павінны працаваць, не шкадуючы сіл, аддаць усё для фронта і нашых родных воінаў”. Тут жа на сходзе сяляне абавязаліся: выканаць датэрмінова абавязковыя пастаўкі дзяржаве па малаку, мясу. Усім працаздольным выехаць у лес і ў бліжэйшыя дні закончыць план нарыхтоўкі і вывазкі лесу.

Шаніна.

Фота фрагмента
газетнай старонкі

(Стылістыка, арфаграфія  і пунктуацыя арыгіналаў  захаваны).

 

Аб ратным і працоўным подзвігу жанчын

Да 8 сакавіка 1945 года Цэнтральны Камітэт Усесаюзнай  Камуністычнай Партыі (бальшавікоў) выдаў пастанову “Аб міжнародным жаночым дні — 8 сакавіка”. Яна была надрукавана і ў раённай  газеце “Чырвоны сцяг”.

У пастанове падкрэсліваецца, што савецкія жанчыны сваёй самаадданай працай  набліжаюць перамогу над фашызмам. Яны замянілі на вытворчасці  мужоў, бацькоў, сыноў,  братоў,  што ваявалі з ворагам, авалодалі прафесіямі, якія лічыліся мужчынскімі. На  ваенных заводах, электрастанцыях, нафтавых промыслах, на  чыгунцы і рачным транспарце, у сельскай гаспадарцы жанчыны праяўлялі ў працы  сапраўдны гераізм, каб Чырвоная Армія была забяспечана неабходнай колькасцю ўзбраення і боепрыпасаў, прадуктаў харчавання.

Услаўляліся жанчыны-маці, якія вырасцілі доблесных воінаў, што прайшлі баявы гістарычны  шлях ад Сталінграда да  подступаў да Берліна.

Дзясяткі тысяч жанчын  узялі на выхаванне дзяцей, якія  страцілі бацькоў, і акружылі іх мацярынскай ласкай. Неацанімую дапамогу аказвалі жанчыны, даглядаючы раненых. Тысячы жанчын-донараў давалі сваю кроў для выратавання жыцця франтавікоў.

На франтах Вялікай Айчыннай сярод сувязістаў, снайпераў, зенітчыкаў, лётчыкаў было нямала прадстаўніц жаночага  полу, выдатных майстроў сваёй  справы. Санітаркі, медсёстры, урачы ратавалі жыццё раненых.

Да завяршэння вайны заставалася два месяцы. Але ж яны былі вельмі цяжкімі, вельмі крова-пралітнымі. Вораг аказваў жорсткае супраціўленне. Таму ад савецкіх людзей патрабаваліся яшчэ большыя намаганні, яшчэ большае напружанне сіл — і на франтах, і ў тыле.

ЦК ВКП(б) заклікаў усе партыйныя арганізацыі правесці Міжнародны жаночы  дзень як масавую палітычную кампанію, накіраваную на далейшае ўзмацненне  дапамогі Чырвонай Арміі  для хутчэйшага і канчатковага разгрому гітлераўскай Германіі.

 

…І баі агульнага значэння

Газета “Чырвоны сцяг” за 11  сакавіка 1945 года адкрываецца аператыўнай зводкай за 7 сакавіка ад савецкага  інфармбюро аб справах на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

Так, войскі 2 Беларускага  фронту 7 сакавіка з боем  авалодалі важнымі  апорнымі пунктамі абароны немцаў на подступах да Данцынгу, а таксама 200 іншымі населенымі пунктамі гітлераўскай Германіі. Войскі 1 Беларускага фронту штурмам  авалодалі  важнымі апорнымі пунктамі  абароны ворага на подступах да Шчэціна і занялі яшчэ больш за 50 іншых населеных пунктаў.

Войскі 2 Украінскага фронту, у цяжкіх умовах горна-лясістай мясцовасці ў паласе Карпат, занялі ў Чэхаславакіі горад Банска Шцяў-ніца — моцны апорны пункт нямецкай абароны, а таксама населеныя пункты Саса, Бабіна, Калпахі, Годруша, Гвоздніца. У Венгрыі, на паўночным усходзе і поўдні ад возера Балатон, нашы войскі вялі баявыя дзеянні супраць значных сіл пяхоты і танкаў праціўніка.

За 6 сакавіка на ўсіх франтах было  падбіта і знішчана 149 нямецкіх танкаў. У паветраных баях і агнём зенітнай  артылерыі збіта 29 самалётаў праціўніка.

Акрамя буйных аперацый, у шэрагу месцаў ішлі баі мясцовага значэння…

“Чырвоны сцяг” чытала

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 

 

 

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.