Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 10 °C

Слова пра свякроў

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

Як толькі чалавек нараджаецца, яму ўжо наканаваны свой лёс. Лёс з усімі цяжкасцямі і выпрабаваннямі. І часта гэтыя выпрабаванні праследуюць чалавека на працягу ўсяго жыцця. Але ж, нягледзячы на ўсё, трэба жыць, каб заставацца чалавекам.

Вось і мне хацелася б расказаць пра складаны лёс  блізкага для маёй сям’і чалавека — маю свякроўку, другую матулю, бабулю — Марыю Іосіфаўну Карпук.



Маё знаёмства з сям’ёй пачалося ў 1975 годзе, калі я выйшла замуж за яе сына. Гэта доб-разычлівая жанчына з цеплынёй сустрэла мяне, калі я ўпершыню прыйшла да яе дамоў.

Нарадзілася яна ў 1930 годзе ў… Францыі, куды бацькі паехалі ў пошуках лепшай долі на заработкі. І як яна апавядала, потым бацьку называлі ў вёсцы французам. Але ж сям’я не магла доўга жыць на чужыне. Неўзабаве бацькі вярнуліся на радзіму, у свае родныя Сейлавічы.

У гады вайны бацька загінуў, вызваляючы Венгрыю, пакінуўшы сіротамі трох маленькіх дачок. А хутка пасля вайны памерла і маці.

І засталіся тры дзяўчынкі адны. Гадавала іх цётка, у якой не было сваіх дзяцей. Успамінаючы сваё сірочае дзяцінства, юнацтва, са слязьмі на вачах, узгадвае, што прыйшлося і араць, і баранаваць усё самім. Успамінае, як аднойчы, калі аралі поле, конь зубамі адкінуў за вопратку малодшую сястру Гэлю ад сябе (мусіць, надакучылі няўмелыя дзіцячыя рукі, якія вадзілі яго).

Але Бог шкадаваў сірот. Усе яны выраслі, павыходзілі замуж за мясцовых хлопцаў.

Вось і мая свякроўка выйшла за добрага хлопца — Юльяна Іванавіча Карпука, які вярнуўся з вайны інвалідам. Нарадзіла яму двух сыноў.

Праляцелі гады, павырасталі дзеці. Здавалася, можна жыць і радавацца, гледзячы, як падрастаюць унукі. Але ж…

Раптам трагічна загінуў малодшы сын, якому было ўсяго 32 гады, потым ад цяжкай хваробы памёр муж, які доўгі час быў прыкаваны да ложка. А неўзабаве не стала і старэйшага сына…

І вось ужо дзевяць гадоў Марыя Іосіфаўна жыве са мною. Сама яна інвалід першай групы. І так здарылася, што сувязь са знешнім светам у яе — праз газеты. Таму кожны месяц, калі ёй прыносяць пенсію, яна абавязкова выпісвае “Звязду”, “Нясвіжскія навіны“ (раней —   “Чырвоны сцяг”) і чытае іх, якой стомленай ні была б, і мяне знаёміць з навінамі. Нядаўна яна сказала свайму ўнуку: “Я не ведаю, як бы я жыла, калі б не было газет”.

Час ляціць няўмольна. Маёй свякроўцы ўжо 88 гадоў. Бачна, як з кожным днём яна слабее, таму хочацца сказаць: “Вялікі дзякуй, што Вы ў нас ёсць, былі побач у цяжкі перыяд майго жыцця, калі я засталася адна. Жывіце з намі яшчэ доўга, дай вам Бог здароўя. Вы для нас самы блізкі чалавек. І, канешне, чытайце свае любімыя газеты”.

Антаніна КАРПУК,

г. Нясвіж.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!