Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 8 °C

…Вясёлкавыя кветкі маладосці…

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 2

Пост опубликован: 08.03.2019

* * *

Шчасце цвiце медунiцамi,

Спевам птушыным узнесена,

Бавiцца з бору крынiцамi

Ды зiхацiць смехам весела.

Шчасце звiнiць калыханкамi,

Матчынай мовы над дзеткамi,

Стужкамi ды маляванкамi,

Ды, аж да зорачак, — кветкамi.

У працы штодзённай замешаны,

Хлеб паспявае да ранiцы.

Пахне наўкол — свежаспечаны,



Пыхкае пад даматканiцай.

Як у жыццi поўна радасцi

Кожнай хвiлiнкай!

Спелiць яно, аж да старасцi,

Колас сям’i мнагадзетнае.

I, як пяшчотна ўсмiхаецца,

Быццам завея, сiвая ўся,

Мацi, бо йзноў нараджаецца

Ў родзе вялiкiм, — дзiця яшчэ.

Круцiцца кола няспыннае

У карагодзе мiж зор-нябёс,

Бо мы шануем айчыннае —

Вышыты ўзорамi лёс.

 

* * *

Нет памяти — на лица и фамилии,

Но помню я, как ярко пахнут лилии…

Друзья щебечут о своём, насущном,

А мне их разговор сдаётся скучным.

Мне интереса нет в нём ни на грош!

— Ну что ж ты так невесело живёшь,

— Не потешаешься

над глупостью других?..

Я правда не хочу смеяться с них.

Учила в детстве бабушка меня:

— Не смейся, чистоту свою храня.

Поверь, дитя, —

до вечера всплакнёшь,

Коль над другими суд произнесёшь.

…Никто не учит к Богу приходить,

Так вот в трёх соснах

будем и бродить.

Но — расцветёт улыбкою дитя,

На маму глядя, глазками блестя.

Нет умысла греха в улыбке той.

О, человечество! Ты сердце успокой,

Не распаляясь на других людей,

И будет мирно на планете всей!..

Алена ШАБЛОЎСКАЯ.

 

***

Прысвячаецца Дзімітрыю

Леанідавічу Пятровічу

Урассыпную — кніжкі на стале.

Позiрк — прастадушны i яскравы.

Кнiжкi ён падпiсвае, але —

Тым, каму ўвесь лёс яго цiкавы.

Ён — заслаўскi хлопец, беларус,

Постаццю заметны i магутны.

А яшчэ — адметна, без прымус,

Льюцца словы,

голас — добра чутны.

Вось — настаўнiкаў бы нам такiх

Па жыццi сваiм сустрэць даволi!

I каб шчыра памяталi iх,

I малiлiся б аб iх мiжволi.

Чырванее з-пад яго пяра,

Асыпае фарбамi вясёлка…

Пачаткоўцам ён пайшоў з двара

Вёскi, дзе блiшчыць раса на золку.

Людзi пройдуць мiма. Прыгажосць

Не кранецца зайздраснага сэрца.

Мо, Пятра нашчадак ён. I — госць

Сёння ў нас. Гасцiнна нам жывецца!

Людзi так цi гэтак бавяць час,

А паэту — проста не сядзiцца

На канапе, i каб бачыць нас,

Яму трэба ў цягнiчок садзiцца.

I мiнаюць вёрсты за акном,

За халоднай лютаўскаю шыбай…

Без паэтаў — проста мы жывём,

З iмi —  бачым раптам свае хiбы…

 

СУСТРЭЧА

Кастусю Жуку

Круціцца зямлі адвечны глобус.

Ад жыцця не дзенешся нідзе.

Сядзеш у прапылены аўтобус.

Зноў дарога ў Затур’ю вядзе.

Прывітае вёска не як госця,

А свайго да скону жыхара,

Песняй пеўня прывітае голасна,

Звонам — у калодзежы — вядра.

Выкурыш няспешна цыгарэту —

I прастуеш з маці на клады.

Шэпчуцца вясковыя кабеты:

«Пасівеў, глядзіце, малады…»

А на сэрцы сумна і няміла,

Свет як быццам той — і ўжо не той:

Бацькава  і братава магілы

Сустракаюць вечнай нематой.

Віктар ТРУСЕВІЧ.

А я еду дадому

А я еду дадому,

Як там — мне невядома,

На радзіме далёкай

Не чакаюць мяне.

Ды дарога ўсё шырай,

Сэрца — птушкай бы ў вырай…

Зрок да кожнай сцяжынкі

Праз аконца ільне.

А я еду дадому,

Мне дарога вядома,

Бо малая радзіма —

Гэта з намі  заўжды.

Там, дзе першыя крокі, —

Небасхіл больш высокі,

І цябе яна кліча —

Не спыняюць гады.

А я еду дадому,

Бог пасцеле салому,

Каб лягчэй сіраціне

Перажыць знак бяды.

Сэрца камнем грукоча,

Яно выскачыць  хоча…

Вёска, родная хата,

Мой прыпынак. Сюды!

Лідзія НАВУМАВА.

 

Да беларусаў

Беларусь. Радзіма. Маці.

Словы тры, а як адно.

Вымаўляю іх з прыдыхам,

I агортвае цяпло.

Уяўляю краявіды:

Белы бусел, жаўрукі

I блакіт нябёс, валошкі

I рамонкі ля ракі.

I ручай вясновы ў полі,

На раллі паважны грак,

Дзьмухаўцы, нібы вяснушкі,

На бярозцы белай шпак.

Гудуць пчолы ранкам золкім

Ў вёсцы, дзе бацькоўскі дом,

Дзе пасля дажджу вясёлка,

Будзіць конік пад акном.

Беларусь, мая Радзіма!

Мая родная зямля!

Цябе буду шанаваць я,

Бо, як Маці, ты адна!

Таццяна БУРДЗЮК.

 

***

Адкуль узяўся чалавек?

Пытанне не прастое.

I хто яму адмераў век

Уладнаю рукою?

Канца развагам не відно,

I тут не да спакою,

Навука выдае адно,

Рэлігія — другое.

Спрачаюцца каторы век,

Не ўсё, відаць, так гладка,

Адкуль узяўся чалавек?

Загадка, брат, загадка…

 

Коласу

Ізноў перачытваю Коласа,

Душой успрымаю высновы

Чароўнага, мілага голасу,

Мелодыі роднае мовы.

I з кожным радочкам на сэрца

Такая лагода лажыцца,

Бы ў цуда адчынена дзверца,

Бы гэта не ява, а сніцца.

Здаецца, што дзед з леснічоўкі

Мне думкі даверыў свае,

Які ён і хітры, і лоўкі,

Якія ён песні пяе.

I хочацца слухаць і верыць,

Куды яго сцежкі вялі,

Нічым гэты талент не змерыць.

Усе мы ад «Новай зямлі».

 

Глабальнае

пацяпленне

Ужо не хапае цярпення,

Сыходзяць дажджом каляды.

Глабальнае пацяпленне,

А горад чамусьці не рады.

I хто нам адкажа за гэта,

Ну як яно далей будзе?

Зіма стане цёплым летам,

Прырода віноўна ці людзі?

Сумуюць ля ганка лыжы,

I санкі стаяць на прыколе.

Паглядзіш — і думка праніжа:

Ды ім бы у белае поле,

Прабегчы па свежаму снегу,

Да лесу лыжнёю прамою,

Стаміцца ад хуткага бегу,

Нацешыцца шчырай зімою,

Надыхацца  свежым паветрам,

Каб радасць аж захапіла,

I пройдзеных кіламетраў

Да новай зімы хапіла.

Аляксандр РАМАНЧУК.

Усходняму

Я лавіла цябе, быццам сонейка,

Што блішчыць на азёрнай

вадзе,

Толькі, як тыя пырскі халодныя,

Пралятаў ты скрозь пальцы мае.

 

Я лавіла цябе, быццам зорачку,

Што з нябёсаў уночы ляціць,

Хаця, праўда, ніколі, ніхто яшчэ

Тую зорку не здолеў злавіць.

 

І як памяць пра цуда нязбыўнае

Хай ляціць да нябёсаў тваіх

Гэты даўні і чысты, як ісціна,

Развітальны мой лёгкі уздых.

 

Можа, зловіш яго і адчуеш

Дотык даўні рукі трапяткой,

Можа, ўспомніш далёкую, тую,

Больш ніколі не быць мне якой.

 

…Ноччу чэрвеньскай

цёмнае неба,

Рэдка знічкі мільгаюць па ім.

Тою рэдкай шчасліваю знічкай

Праляцеў ты у небе маім.

Соф,я ЛЮБАНЕЦ.

 

Весеннее

Едва весна окрепшими лучами

Согреет где-то первые цветы,

И яркий свет прольется

между нами,

Я знаю то, что этот лучик — ты.

Дни повторятся

снова новым светом.

Победою над властью темноты.

И в этом мире, добротой согретом,

Есть часть твоей

душевной теплоты.

И, как порыв весеннего

ненастья,

Взбодрит вдруг сад,

цветущий за окном,

так в жизнь мою впорхнуло

наше счастье,

Не оставляя больше

теплый дом.

И в этом необузданном

пространстве

Не появилось повода ни в чем,

Чтоб упрекнуть тебя

в непостоянстве —

Заметить взгляд,

застывший на другом.

Коснувшись рук

горячими губами,

Три слова обнажатся на устах.

Пусть те слова

не будут лишь словами,

А отраженьем радости в глазах.

И пусть года,

растраченные где-то,

Покрылись серебристой

сединой,

Ты для меня зимою

будешь — летом.

А осенью — останешься весной.

Аляксандр ГУРБАН.

Любоў

У жыцці любоў, як скрыпка,

Струны мае і смычок.

То гучыць шчымліва, зыбка,

То ўздымае да аблок.

 

На зямлі натхняе неба,

Ды замова ёсць адна:

Так іграць умела трэба,

Каб не лопнула струна.

 

Цвіце

 на падаконніку

герань

Цвіце на падаконніку герань

У хаце той, дзе я бываю зрэдку.

Не перайшлі ў мінулым

неўпрыкметку

Паміж сяброўствам

і каханнем грань.

Прыгожая і стройная, як лань,

Казала ты, вясёлая суседка:

«Герань — мяшчан

правінцыяльных кветка!

Ты мне адну, купальскую,

дастань».

 

Я не дастаў…

Прыносяць іншым госці

Вясёлкавыя кветкі маладосці.

Жыццёвы век заснежыла зіма,

Краса твая не слепіць,

як маланка, —

І ты герані пестуеш сама,

Любоў мая — самотная

мяшчанка.

Мікола МАЛЯЎКА.

 

Чысціня

прыроды

Падарунак жанчынам —

пралеску —

Прыпаднесла прырода ізноў,

Ад душы і ад чыстага сэрца,

З дабрынёй, без ніякіх умоў.

Яна добрая, мілая, шчодрая,

У любую пару з чатырох.

Зберажом чысціню тваю,

родная,

Дапаможа у гэтым нам Бог.

 

Ідзе вясна

Ўсё прачынаецца і ажывае,

К сонцу імкнецца трава.

Птушак чародкі ізноў

прылятаюць,

Ціўкаюць звонка: вясна!

Скора падыме галоўку

падснежнік,

Смелы сябрук халадоў,

Кветак паляна, як сонейка веснік,

Верне ў дзяцінства  нас зноў.

Дожджык вясновы нас зноў

зачаруе,

У кропельках — водар вясны.

І хто вясною як след папрацуе,

Будзе мець дар ад зямлі.

Вольга ЖЭРКА.

 

***

Сёння прывіды ў спратах душы

нешта вынайшлі, нешта знайшлі.

Можа, добрае, можа, і не:

штосьці здарыцца, штосьці міне.

 

Я глядзеў, што прынеслі яны —

ў светлых мроях,

праз дзіўныя сны.

Я не думаў, што ўсё гэта ёсць

мая вера, надзея і злосць.

 

Я пакіну найлепшае, што

мне давала заўсёды цяпло.

А найгоршае збуду, звяду,

лёс аспрэчу, прагнаўшы бяду.

 

***

Абдымай часцей сваіх любімых,

не чакай пакуль настрой агорне сум:

падары чароўную краіну,

дзе ніколі не бывае чорных дум.

 

Як між вамі тоіцца абраза —

ты ніколі на каханых не крыўдуй!

І забудзь усё!.. Усё адразу!

Што яшчэ не даравалася — даруй.

 

Не шкадуйма слоў для самых

родных:

для матуль, каханых,

дзетак і сяброў!

Помні — у жыцці

ёсць верагоднасць,

што імгненне

не паўторыцца ізноў…

 

***

З адлігаю ранняю

самотна

стаяў разгублена і  слухаў

цвірчанне-спевы раўчукоў.

 

***

Час ідзе. Не будзе спыну.

Ты прыпынку не чакай:

сёння  — люты, заўтра — май

будзе гнаць і біць у спіну.

 

***

Я моўчкі да цябе прыйду —

сам з сабою пазмагацца.

Хацеў бы збегчы —

                                      не збягу,

і не змагу, тым больш, застацца…

 

***

Цяжкім, хворым,

неспакойным сном

правальваюся ў прадонне.

 

***

Нішто не вечна:

каханне, рэчы, людзі,

час, жыццё…

Ці будзе вечнай

вечнасць?

 

***

Разбітай кропляю дажджу,

аб асфальт ці аб жалеза,

адзін даўно ў траве ляжу,

лаўлю чароўны водар бэзу.

 

***

Не маючы большасці —

можна мець Большае;

не маючы Большага,

мушу мець Лепшае.

 

***

Ні дня не праходзіць

без адкрыцця.

Здзіўляцца ўсяму,

як тое дзіця.

Хваляю біцца аб рыфы жыцця

да забыцця…

                           забыцця…

                                                 забыцця…

 

***

Бывае, ад болю так сцягне нутро,

што вельмі карціць пачуць

мне адказ:

няўжо сапраўды гэта Час

выбраў нас?

Ці гэта мы самі абралі яго?

 

***

Тут запрыкмеціў я на днях —

прайшоўшы зноў той самы шлях

па супярэчлівых слядах —

няпраўды колькі на вушах!

Жах! Жах! Жах!

Андрэй КОЗЕЛ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!