Снаўчане ставяць новыя задачы. І вырашаюць іх

Поделитесь с друзьями
  •  
  • 4
  •  
  •  
  •  
  •  

Як мы раней паведамлялі, сярод прадпрыемстваў, якія сёлета па выніках работы за 2018 год занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару, — СВК “Агракамбінат Сноў”. Мы пацікавіліся ў снаўчан, як яны расцэньваюць сваю перамогу і над якімі задачамі працуюць зараз. Трэба, дарэчы, нагадаць, што гэта сельгаспрадпрыемства адзначана такім чынам на рэспубліканскім  узроўні сёмы раз.

Мікалай РАДАМАН, старшыня СВК “Агракамбінат Сноў”, член Савета Рэспублікі:

— Канечне, пачуццё гонару за свой калектыў перапаўняе. Гэта — пашана, павага, прызнанне на дзяржаўным узроўні. Мы сапраўды дасягнулі пэўных поспехаў. Летась атрымалі 8,5 мільёна долараў чыстага прыбытку. Але галоўная мэта — не валавыя паказчыкі. З кожным годам трэба паляпшаць якасць жыцця людзей, падымаць культуру і эфектыўнасць сельгасвытворчасці. Агракамбінат  “Сноў” — шматпрофільнае  прадпрыемства. Працуюць 1900 чалавек. Сярэдняя зарплата  за 4 месяцы бягучага года  перавысіла 1000 рублёў. Працуем з плюсам і па мясу, і па малаку. Хаця з нашым надоем 10,5 тысячы кілаграмаў малака ад каровы гэта складана, але плюсуем кожны дзень. Займаемся пытаннямі дыверсіфікацыі экспарту, у тым ліку — у Кітай і Грузію. Каб больш актыўна прадаваць сваю прадукцыю за мяжу, трэба зніжаць затраты. Вось такія задачы і вырашаем.

Анастасія РОЎДА, загадчык МТК “Сычы”:

— Узнагарода прыемная. Для таго і працуем. Усе — спецыялісты і радавыя рабочыя. Гэта — вынік агульных намаганняў. Радуе, што ў агульным поспеху  гаспадаркі ёсць важкі ўклад калектыву нашага малочнатаварнага комплексу, а гэта 56 чалавек. Летась на адну фуражную карову мы надаілі па 10922 кілаграмы малака. Сёлета возьмем 11-тысячны рубеж. Комплекс “Сычы” лідзіруе сярод вытворцаў малака. Калегі стараюцца нас дагнаць — разгорнута такое дзейснае спаборніцтва. Зараз, у маі, за суткі доім у сярэднім па 34 літры малака ад каровы. Самая высокапрадуктыўная жывёліна дае да 75 літраў. Ёсць у нас карова-ветэран  па мянушцы Анна пад нумарам 10124 — у яе 12-я лактацыя. Гэта вельмі важна: выкарыстоўваем  увесь яе патэнцыял. Прывяла яна за гэтыя гады 6 бычкоў і 6 цялушачак, дала  амаль 144 тоны  малака. Такая доўгажыхарка на фермах нашай гаспадаркі  адзіная.

Хацелася б адзначыць людзей, што працуюць на комплексе. Гэта, па-першае: звяно па ўзнаўленні  статка: урач-гінеколаг Аляксандр Гарох, заатэхнік-селекцыянер Алена Дамашэвіч і тэхнік-асемянатар Наталля Калянковіч. Па-другое, ёсць у нас выдатная змена аператараў машыннага даення: Наталля Сайко, Наталля Вялічка, Алена  Чудук, Надзея Беляковіч. Дарэчы, На-дзея Барысаўна адпрацавала  35 гадоў, і сёлета ёй прысвоілі  званне “Ганаровы работнік СВК “Агракамбінат Сноў”. Многае залежыць і ад рабочых, што даглядаюць жывёлу, і ад механізатара Рустама Ліпніцкага, які раздае кармы дойнаму  статку. Шмат дапамагаюць нам галоўны заатэхнік агракамбіната Уладзімір Мітронь і галоўны ветэрынарны ўрач Мікалай Грыцэнка.

Выдатны калектыў!

Штодня мы адпраўляем з комплекса 28 тон малака: 26 — на Мінскі малаказавод, 2 — у свой перапрацоўчы цэх. Усё малако ідзе “экстрай”.

Механізатар Яўген ВЯЛІЧКА:

— Сёлетняя засушлівая вясна  прымушала трывожыцца за  далейшы лёс ураджаю. Але за  адзі-наццаць гадоў, што я працую механізатарам, здараліся больш складаныя абставіны, таму  будзем спадзявацца, што ўсё  складзецца добра, што гаспадарка будзе са збожжам, буракамі, бульбай і травяністымі кармамі для жывёлы. Для гэтага робіцца ўсё неабходнае.

Мой уклад у агульную справу калектыву агракамбіната — якасная сяўба. Рапсу, свірэпіцы, рэдзькі, шматгадовых траў, пшаніцы. Вясной —  ячменю і кукурузы. Працую на энерганасычаным трактары МТЗ-3522.

Падрыхтаваўшы як след касілку КМР-9, выйшаў на касьбу свірэпіцы. Яшчэ на касьбе былі заняты механізатары Ігар Главаля, Аляксандр Грынаш і мой брат Андрэй Вялічка. Падборам травяністай масы займаліся Дзмітрый Заяц, Аляксей Заяц, Андрэй Дамінікоўскі.

Але ж мы — не вузкія  спецыялісты. Калі патрабуецца, можам замяніць таварыша на іншай рабоце. Галоўнае — выконваць яе якасна. Марка СВК “Агракамбінат Сноў” таго патрабуе.

Гутарыла Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ


Поделитесь с друзьями
  •  
  • 4
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.