У Жодзіне адбылося абласное свята, прысвечанае Дню Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У горадзе аўтамабілебудаўнікоў — Жодзіне — адбылося абласное свята, прысвечанае Дню Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У мерапрыемствах прыняла ўдзел прадстаўнічая дэлегацыя Нясвіжскага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Ломскім.

Старт урачыстым мерапрыемствам далі мітынг і ўскладанне кветак да манумента ў гонар савецкай маці-патрыёткі Анастасіі Купрыянавай.

Адкрываючы абласны парад Перамогі ў Жодзіне, старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ісачанка, у прыватнасці, адзначыў: “Ужо ў першыя дні вайны па ўсёй краіне разнеслася вестка пра подзвіг нашага земляка Мікалая Гастэлы, які пратараніў сваім самалётам варожую калону. Людзі былі ўзрушаны подзвігам 14-гадовага партызанскага разведчыка Марата Казея. Народ памятае пра подзвіг бясстрашнай партызанкі-падпольшчыцы Людмілы Чалоўскай. У кожным населеным пункце ў нас ёсць свае героі. Жыхары Жодзіна беражліва захоўваюць памяць пра землякоў — партызанаў і падпольшчыкаў, якія змагаліся з акупантамі. Бо аплакваць сваіх родных у часы ваеннага ліхалецця прыйшлося амаль кожнай нашай сям,і. Мы ніколі не забудзем тых, хто цаной неймаверных пакут, цаной жыцця заваяваў для нас свабоду і незалежнасць. Сёння да нас на ўрачыстасць запрошаны нашы слаўныя ветэраны, адзначаныя баявымі ордэнамі і медалямі, высокімі ўзнагародамі мірнага часу. Прыміце ад нас, дарагія землякі, нізкі паклон за тое, што абаранілі родную зямлю. За тое, што ў гады цяжкіх нястач адрадзілі яе да новага, светлага жыцця. Дзякуючы вам мы сёння можам мірна працаваць і гадаваць дзяцей, жыць у цудоўнай, суверэннай краіне — Рэспубліцы Беларусь”.

На святочнай трыбуне абласнога свята

Святочнае шэсце

Магутныя “БЕЛАЗЫ” — гонар краіны

Адбыўся ваенны парад войскаў Барысаўскага гарнізона, якім камандаваў начальнік Барысаўскага гарнізона генерал-маёр Андрэй Жук. Прайшоў парадны разлік афіцэраў кіравання Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання. У калонах — баявыя машыны пяхоты, зенітна-ракетныя комплексы, артылерыйскія ўстаноўкі і рэактыўныя сістэмы залпавага агню. Таксама адбылося паказальнае выступленне воінаў сіл спецыяльных аперацый.

Парад працягнула праходжанне тэхнікі, якая выкарыстоўваецца ў народна-гаспадарчым комплексе краіны, у тым ліку тэхніка ДТСААФ.

Свае дасягненні прадэманстравала сумеснае закрытае акцыянернае таварыства “БелДжы” — беларуска-кітайскае сумеснае прадпрыемства па зборцы кітайскіх легкавых аўтамабіляў GEELY.

Таксама парадам прайшлі машыны адкрытага акцыянернага таварыства “БелАЗ” – упраўляючая кампанія холдынга “БелАЗ-Холдынг” — найбуйнейшага сусветнага вытворцы кар’ерных самазвалаў вялікай і асабліва вялікай грузападымальнасці.

Выступаюць народны інструментальны ансамбль “Нясвіжскія лыжкары” …

… і ўзорны ансамбль “Аношкаўскія музыкі”

У святочным парадзе прынялі ўдзел грамадскія аб’яднанні Мінскай вобласці. У тым ліку — прафсаюзы. Прафсаюзны рух рэспублікі адзначае сёлета сваё 115-годдзе, а зарадзіўся ён менавіта ў Мінскай вобласці. Мінская абласная арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” налічвае ў сваіх шэрагах больш за дваццаць сем тысяч чалавек і паўтары тысячы пярвічных арганізацый. Таксама прайшлі калоны Кампартыі, Беларускага саюза жанчын, Беларускага фонду міру, Мінскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Прайшла ўпершыню і калона журналістаў, пісьменнікаў і бібліятэкараў, дарэчы, адна з самых маляўнічых —  шарэнгі прадстаўнікоў творчых саюзаў упрыгожвалі не толькі традыцыйныя сцягі і шары, але і фота, сімвалічныя пёры і кніга з гімнам Беларусі, а самае галоўнае — узнагароды за нялёгкую журналісцкую і пісьменніцкую працу. За імі рухаліся святочныя калоны валанцёраў, спартсменаў і моладзі.

Асабліва варта адзначыць вялікую цікавасць жодзінцаў да мерапрыемства — увесь горад назіраў за тым, што адбываецца, і цёпла вітаў удзельнікаў мерапрыемства.

Завяршыў параднае шэсце моладзевы флэш-моб. У неба ўзнялося пано з шароў у выглядзе дзяржаўнага сцяга — як сімвал міру, свабоды і незалежнасці.

Урачыстасці працягнуліся на адкрытых пляцоўках каля будынка Палаца культуры ААТ “БелАЗ”. Выстава ваеннай тэхнікі, стралковай зброі, тэматычныя экспазіцыі, фотазоны, салдацкая каша і многае іншае — для жыхароў і гасцей горада падрыхтавалі насычаную праграму.

Яркім фіналам свята стаў канцэрт з удзелам лепшых калектываў вобласці. Звыш 15 тысяч чалавек прыняло ўдзел у абласным свяце.

 Дзмітрый ЯШЧАНКА.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.