Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 8 °C

II Еўрапейскія гульні стартавалі ў Беларусі

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

II Еўрапейскія гульні адкрыліся ў Мінску. Яны пройдуць па 30 чэрвеня. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту. Беларускія спартсмены (221 атлет) выступяць ва ўсіх відах праграмы. Для Беларусі II Еўрапейскія гульні — значная не толькі спартыўная, але і культурная падзея. Удзельнікі і балельшчыкі форуму змогуць убачыць паказы ў Верхнім горадзе, выставы вядомых беларускіх мастакоў і музычныя шоу.



Беларусь атрымала права правядзення II Еўрапейскіх гульняў на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў у кастрычніку 2016 года ў Мінску. Упершыню Еўрапейскія гульні адбыліся ў 2015 годзе ў Баку, дзе беларуская каманда была прадстаўлена 151 спартсменам у 24 відах спорту. 48 з іх сталі прызёрамі Гульняў, заваяваўшы 43 медалі, у тым ліку 10 залатых, 11 сярэбраных і 22 бронзавыя.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 чэрвеня правёў двухбаковыя сустрэчы з высокімі замежнымі гасцямі, якія прыбылі на адкрыццё II Еўрапейскіх гульняў. У іх ліку лідары Малдовы, Грузіі, Сербіі, Босніі і Герцагавіны, прэм’ер-міністр Расійскай Федэрацыі, кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі Расійскай Федэрацыі, дзяржаўны міністр па гандлёвай палітыцы міністэрства знешняга гандлю Вялікабрытаніі.

У гэты ж дзень кіраўнік дзяржавы правёў урачыстую вячэру для кіраўнікоў дзяржаў, урадаў, высокіх гасцей у гонар адкрыцця Гульняў. Пасля завяршэння мерапрыемства Прэзідэнт Беларусі і замежныя госці адправіліся на цырымонію адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў.

Лукашэнка ў Палацы Незалежнасці прыняў высокіх гасцей II Еўрапейскіх гульняў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 чэрвеня прыняў у Палацы Незалежнасці высокіх замежных гасцей, якія прыбылі ў краіну на адкрыццё II Еўрапейскіх гульняў.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстай вячэры для кіраўнікоў дзяржаў, урадаў, высокіх гасцей у гонар адкрыцця

II Еўрапейскіх гульняў, Прэзідэнт чарговы раз падзякаваў ім за прыезд у Беларусь. «Я перш за ўсё хачу падзякаваць усім вам за тое, што вы ў сваім шчыльным графіку знайшлі час, каб прыехаць у Беларусь. Для нас гэта вельмі ганарова, для нас гэта выгадна са многіх пазіцый, у тым ліку і камерцыйных, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Свет цяпер камерцыялізаваны, таму ўсе глядзяць з гэтага пункту гледжання. Ведаюць, што калі вам спадабаецца ў Беларусі, то аб гэтым даведаюцца, пачуюць вашы родныя, блізкія, бізнес-колы».

Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што замежныя госці адчуюць хараство беларускай зямлі і шчырасць народа, павязуць з сабой добрыя ўспаміны.

«Самае галоўнае — я хацеў бы, каб вы акунуліся ў душэўную цеплыню нашага беларускага народа. Многія, і я перш за ўсё, лічаць, што ў Беларусь камфортна прыязджаць. Можна адпачыць, паразмаўляць, і да вас практычна ўсе паставяцца з вялікім разуменнем і ўвагай», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Сярод высокіх гасцей на ўрачыстай вячэры ў Палацы Незалежнасці прысутнічалі Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон, Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч, старшыня Прэзідыума Босніі і Герцагавіны Міларад Додзік, старшыня ўрада Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Мядзведзеў, кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі РФ Рамзан Кадыраў.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі міжнародных алімпійскіх структур, уключаючы прэзідэнта Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янеза Качыянчыча.

Былі запрошаны і кіраўнікі розных інтэграцыйных аб’яднанняў: старшыня Калегіі ЕЭК Тыгран Саркісян, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, старшыня Выканаўчага камітэта — выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў. Сярод высокіх гасцей урачыстай вячэры таксама старшыня парламента Азербайджана Актай Асадаў, міністр канцылярыі прэм’ер-міністра Венгрыі Гергей Гуяш, дзяржаўны міністр па гандлёвай палітыцы Вялікабрытаніі Джордж Холінгберы.

Лукашэнка аб’явіў ІІ Еўрапейскія гульні адкрытымі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка аб’явіў ІІ Еўрапейскія гульні адкрытымі.

Прэзідэнт пажадаў усім атлетам паспяховых выступленняў, трэнерам — вытрымкі і цярплівасці, балельшчыкам — яркіх уражанняў.

«Няхай агонь, як і нацыянальны беларускі сімвал — «папараць-кветка», сагрэе нашы сэрцы святлом дабра, натхніць на высакародныя здзяйсненні ў імя міру на Зямлі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: быць ля вытокаў стварэння Еўрапейскіх гульняў — гонар для Беларусі

«Вось і надышоў час яркіх перамог. На гасціннай беларускай зямлі мы адкрываем ІІ Еўрапейскія гульні», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы вітаў удзельнікаў спаборніцтваў, гасцей Мінска і ўсіх, хто сочыць за адкрыццём спаборніцтваў, адзначыўшы, што гісторыя Еўрапейскіх гульняў яшчэ толькі пачынаецца.

«І мы рады, што Беларусі выпаў гонар быць ля вытокаў стварэння гэтага грандыёзнага праекта. Мы шчаслівы, што ёсць магчымасць пазнаёміць вас, нашых гасцей, з сапраўднай Беларуссю — прыгожай, гасціннай і ўтульнай. Вы пераканаецеся, што тут жывуць самыя шчырыя і добрыя людзі, што наша дружалюбнасць — не проста ветлівасць, а рыса характару, стан душы. Вы ўбачыце, што талерантнасць і адносіны, пабудаваныя на ўзаемным даверы і павазе, — гэта спосаб жыцця беларусаў. І мы дорым усё гэта вам!» — падкрэсліў Прэзідэнт.

У бліжэйшыя 10 дзён, дадаў ён, спартсменам і балельшчыкам давядзецца акунуцца ў атмасферу незвычайнага запалу пачуццяў, убачыць захапляючую барацьбу за медалі і пуцёўкі на Алімпійскія гульні, стаць сведкамі неверагодных дасягненняў і нараджэння новых зорак сусветнага спорту.

Лукашэнка: змагацца за тытул самай магутнай дзяржавы трэба толькі праз спорт

«Давайце разам на карысць чалавецтва перанясём усе сучасныя палітычныя баталіі на спартыўныя пляцоўкі. Давайце толькі так, праз спорт, будзем змагацца за тытул самай магутнай дзяржавы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прадстаўляць сваю краіну на Еўрапейскіх гульнях — вялікі гонар і велізарная адказнасць для кожнага з атлетаў. Іх перамога, падкрэсліў ён, стане нацыянальным здабыткам, асабісты рэкорд — прадметам гонару ўсяго народа.

«А мы ўсе разам, жыхары 50 дзяржаў — удзельніц ІІ Еўрапейскіх гульняў, будзем шчыра захапляцца пераможцамі, радавацца за тых, хто заслужана падымаецца на п’едэстал, віншаваць іх і дзякаваць за эмоцыі, падораныя яркімі выступленнямі. Такія моманты аб’ядноўваюць народы, а значыць, вялікая алімпійская місія прадастаўляць арэну для мірнага сумленнага саперніцтва атлетаў і дзяржаў заўсёды будзе актуальнай і запатрабаванай», — упэўнены Прэзідэнт.

Цырымонія адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў прайшла на мінскім стадыёне «Дынама»

Цырымонія адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў адбылася на мінскім стадыёне «Дынама».

На цэнтральнай сцэне размясціліся Прэзідэнцкі аркестр і Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І.Жыновіча пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна.

У ложы ганаровых гасцей за цырымоніяй назіралі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янез Качыянчыч, а таксама замежныя госці, уключаючы кіраўнікоў дзяржаў, якія прыбылі на адкрыццё II Еўрапейскіх гульняў.

Дзяржаўны сцяг Беларусі вынеслі 14 дзяцей у стылізаваных нацыянальных касцюмах шасці абласцей краіны: Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай, сёмая пара сімвалізуе Мінск. У якасці музычнага суправаджэння гучала інструментальная версія песні «Беларусія» знакамітай групы «Песняры».

Дзеці перадалі сцяг салдатам роты ганаровай варты. Сцяг краіны — гаспадыні II Еўрапейскіх гульняў падняты пад дзяржаўны гімн Беларусі.

Адной з галоўных падзей цырымоніі стала запальванне агню II Еўрапейскіх гульняў.

На мінскім стадыёне «Дынама» запалены агонь II Еўрапейскіх гульняў

Факел на стадыён унеслі беларускія алімпійскія чэмпіёны Дар’я Домрачава, Аляксей Грышын, Максім Мірны, Юлія Несцярэнка, Раман Петрушэнка і Надзея Скардзіна, Дзмітрый Даўгалёнак, якія і запалілі агонь II Еўрапейскіх гульняў у Мінску.

Эстафета «Полымя міру» стартавала 3 мая ў Рыме і за 50 дзён пераадолела больш за 7 тыс. км. Факел Гульняў на шляху ў Мінск быў падняты на вышэйшую кропку Еўропы гару Манблан. «Полымя міру» сустракалі ў Славеніі, Аўстрыі, Венгрыі, Чэхіі, Славакіі і Польшчы. У Беларусі агонь пабываў у Брэсцкай, Гродзенскай, Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Мінскай абласцях.

У Мінску эстафета знаходзілася з 17 чэрвеня. За гэты час агонь Гульняў пабываў у самых знакавых месцах беларускай сталіцы: на плошчах Дзяржаўнага сцяга, Перамогі і Кастрычніцкай, буйнейшых прадпрыемствах горада, каля Нацыянальнай бібліятэкі.

Афіцыйная назва чашы агню II Еўрапейскіх гульняў на стадыёне «Дынама» — Чаша квітнеючай папараці (The Fern Flower Cauldron). Гэта мадэрнізаваная чаша маскоўскай Алімпіяды 1980 года, упрыгожаная узорам з алюзіяй на папараць. Сімвалічна, што ў эстафеце агню 1980 года, як і ў час цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў, прыняў удзел знакаміты беларускі барэц Аляксандр Мядзведзь.

Польшча правядзе ІІІ Еўрапейскія гульні

Польшча прыме III Еўрапейскія гульні, якія пройдуць у 2023 годзе. Такое рашэнне прынята 22 чэрвеня ў Мінску на Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў.

Арганізатары Гульняў-2023 плануюць, што спаборніцтвы лепшых атлетаў Старога Свету пройдуць у Кракаве.

Такім чынам, Польшча прыме эстафету ад Мінска, у якім у гэтыя дні праходзяць II Еўрапейскія гульні. У іх прымаюць удзел больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін, якія разыгрываюць узнагароды ў 15 відах спорту.

Першыя Еўрапейскія гульні прайшлі ў чэрвені 2015 года ў сталіцы Азербайджана — Баку.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!