Лірызм, рамантыка і нацыянальны каларыт

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Нясвіж наведаў Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі” (мастацкі кіраўнік — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь народная артыстка Беларусі Валянціна Гаявая).

Ансамбль вядомы не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі, дзе публіка ўспрымае яго на ўра.

З першых хвілін і да апошняга выступлення артысты трымалі непарыўную духоўную сувязь з гледачом. Цымбалы, скрыпка, бас-гітара, баян, гармонік, ударныя краналі сваім гучаннем. Артыстычныя вобразы, міміка, эмоцыі…  Музыканты, вакалісты і танцоўшчыкі спалучаюць у сабе адно цэлае. Яны не проста іграюць на сцэне кожны сваю ролю, яны яе пражываюць, укладваючы часцінку сваёй душы ў кожны эпізод, тым самым несучы людзям радасць і задавальненне, гонар за сваю культуру. Кожны нумар — гэта свайго роду міні-спектакль: адметны, яркі, запамінальны. Фінальныя апладысменты гледачы дарылі стоячы.

Харэаграфічныя пастаноўкі гэтага калектыву спалучаюць у сабе беларускі фальклор, этнаграфію, нацыянальны каларыт, яны прасякнуты лірызмам і рамантыкай.
Танец за танцам, выступленне за выступленнем артысты мянялі касцюмы.
Карагод яркіх вобразаў і колераў вясёлкавым россыпам кружыў на нясвіжскай сцэне…

А каб падрабязней даведацца пра гэту цудоўную канцэртную дзею, пасля яе заканчэння я “нырнула” за кулісы. Як адзначыла галоўны адміністратар харэаграфічнага ансамбля Анастасія Анціпяровіч, 2019 год — юбілейны для “Харошкаў”. Аўтарскі калектыў адзначае 45-годдзе з дня яго стварэння.

— Сёння ў нас дзве падзеі, — расказала мая суразмоўца. — Па-першае, наш калектыў быў задзейнічаны ў здымках дакументальнага фільма ў Нясвіжскім замку, які робіць кінастудыя “Беларусьфільм”. Артысты былі ў касцюмах гістарычнага перыяду — княжацкіх — у футрах, золаце, з галаўнымі ўборамі ў жанчын і мужчын. Вельмі прыгожа. І несвіжане, і госці вашага горада глядзелі з зачараваннем і захапленнем, фатаграфаваліся з намі. Нам вельмі спадабалася сцэна, падрыхтаваная для “Вечароў Вялікага тэатра  ў замку Радзівілаў”. З калектывам мы абмяркоўвалі, што было б вельмі здорава паказаць на гэтай сцэне нашу праграму “Полацкі сшытак”. Па-другое, мы далі сольны канцэрт у Нясвіжскім цэнтры культуры, складзены з лепшых нумароў, што ўвайшлі ў залаты фонд ансамбля.

Далей адміністратар паведаміла, што кожны канцэртны нумар, які адносіцца да пэўнага рэгіёна, павінен паказаць не толькі яго традыцыі, быт, танец, музыку, але і касцюм, які абавязкова мяняецца на кожны нумар. Калі праграма фальклорная, то касцюмы больш традыцыйныя, з рознымі строямі рэгіёнаў. А, напрыклад, гістарычная праграма “Полацкі сшытак” паказвае касцюм княжацкага перыяду Беларусі. І аркестр у тым ліку выступае ў такіх касцюмах.

— У кожную пару года мы ладзім вялікі сольны канцэрт у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, прымеркаваны менавіта да гэтай пары. Зімой — праграма “Зімачка”, вясной  — “Вясна”, дзе адлюстроўваецца падрыхтоўка зямлі да ўраджаю, і так далей. Усё прасочваецца, паказваецца ў танцах, — расказала Анастасія Анціпяровіч.

З задавальненнем артысты прыязджаюць і ў наш палац Радзівілаў, дзе ўдзельнічаюць у дзяржаўных і прыватных мерапрыемствах. У рамках юбілейнай праграмы ў “Харошкаў” на працягу года запланавана 60 канцэртаў па Беларусі, з якіх большую палову глядач ужо ўбачыў, а таксама замежныя гастролі, удзел у дзяржаўных святах і мерапрыемствах. Ансамбль быў задзейнічаны і падчас        II Еўрапейскіх гульняў. Як сказала мая суразмоўца, усё насычана, бурна і прыгожа. У канцы размовы мы абмяняліся ўражаннямі, дзе Анастасія адзначыла:

— Нам было вельмі прыемна выступаць у вашым прыгожым цэнтры культуры, які сабраў поўную залу гледачоў. Мы вельмі рады, што вам спадабалася. Вялікі дзякуй за цёплы прыём!

Ад сябе ж хочацца дадаць: харэаграфічны ансамбль “Харошкі” сваім, не пабаюся гэтага слова, мастацтвам вышэйшай пробы — мовай танцаў, словамі песень адраджае маральна-этычныя каштоўнасці беларускай культурнай спадчыны, вяртаючы нас да духоўных вытокаў. Упэўнена: той, хто бачыў выступленне “Харошкаў”  упершыню, захоча зрабіць гэта яшчэ і яшчэ, каб праз іх творчасць дакрануцца да свайго мінулага, да сваіх каранёў.

Вольга КАНДРУКЕВІЧ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.