Лукашэнка патрабуе забяспечыць падрыхтоўку да школы ўсіх без выключэння дзяцей

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе забяспечыць падрыхтоўку да школы ўсіх без выключэння дзяцей. Аб гэтым ён заявіў, прымаючы з дакладам міністра адукацыі Ігара Карпенку.

“Дзеці ідуць у школу. Самае галоўнае маё патрабаванне ў гэтыя дні – дзеці павінны быць аднолькавымі – яны павінны быць добра адзетыя (я не гавару, што аднолькава адзетыя, але добра адзетыя). Хто танней, хто багацей. Мы багатых не прымусім адзяваць сваіх дзяцей прасцей. Калі яны хочуць адзець неяк палепш (можа, у іх касцюмы будуць з нейкіх імпартных тканін або кашулі нейкія іншыя і гальштукі), гэта іх права. Але ўсе дзеткі павінны быць добра адзетыя, прыйсці з добрымі партфелямі ў школу. Яны павінны мець такія ж падручнікі, як усе дзеці. І гэтак далей”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Таму трэба ў астатнія дні звярнуць асаблівую ўвагу на тых, хто з-за пэўных абставін не можа ўдзяліць дастаткова ўвагі сваім дзеткам. Гэта вось такое чалавечае да вас патрабаванне”, – дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён традыцыйна звяртае ўвагу на пытанні ў школьнай адукацыі. “Дзеці ідуць у школу. Звычайнае патрабаванне. Каб зноў нашы “свядомыя” не палічылі, што Прэзідэнт перадвыбарную кампанію праводзіць і гэтак далей. Я проста хачу, выпадак выдаўся, сказаць, што я ў парламент не збіраюся выбірацца. Таму ніякай перадвыбарнай кампаніі асабіста ў Прэзідэнта няма і быць не можа”, – падкрэсліў ён.

“А тое, што ў краіне парламенцкія выбары, я як кіраўнік дзяржавы (з мяне абавязкі ніхто не здымаў) павінен займацца гэтымі палітычнымі рэчамі. Прынамсі, каардынаваць гэту работу. Ні для каго не сакрэт. Я гэта да таго сказаў, што не хацелася б, каб і гэта сустрэча была аформлена перш за ўсё так званымі свядомымі як перадвыбарная нейкая кампанія. Я заўсёды цікаўлюся сітуацыяй у школах. Прытым публічна гэта раблю ў розных формах”, – дадаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што да Дня ведаў плануе пабываць у школах, каб яшчэ раз акунуцца ў пытанні, якімі жыве гэта сфера. Ён звярнуў увагу, што месцамі ёсць праблема з перапоўненасцю школ і ў гэтым годзе да 1 верасня ўводзяцца ў строй восем школ-новабудоўляў. Недзе не хапае дзіцячых садоў, над вырашэннем гэтай праблемы таксама працуюць. “Дзякуй богу, што не хапае. Мы іх таксама дзясяткамі ўводзім і будзем уводзіць. Толькі б нараджалі. Нам патрэбны дзеці, таму мы павінны забяспечыць іх утрыманне”, – сказаў Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым ён заўважыў, што некаторыя СМІ выдаюць як дасягненне той факт, што ў Беларусі будуюцца адукацыйныя ўстановы, дзе пад адным дахам знаходзяцца дзіцячы сад і школа. Аднак гэта практыка ў краіне ёсць ужо даволі даўно, і кіраўнік дзяржавы лічыць яе правільнай. Такі падыход рэалізаваны ў многіх аграгарадках, вёсках, райцэнтрах. “Мы ўжо 10 з лішнім гадоў гэта робім. І такім шляхам трэба ісці”, – сказаў ён.

У цэлым Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад міністра не справаздачы, а абазначэння праблемных момантаў у той ці іншай сферы адукацыі, ад дашкольнай і да ВНУ. “Мяне цікавяць праблемы з пачаткам навучальнага года ў школах. Зразумела, яны ёсць. Я хацеў бы ведаць, як міністр і Міністэрства адукацыі бачаць гэтыя праблемы”, – абазначыў адно з пытанняў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама падрабязна спыніўся на тэме магчымага ўдасканалення сістэмы паступлення ў ВНУ, нагадаў аб задачы па павышэнні ўзроўню даходаў у адукацыі, закрануў тэму загрузкі вучняў у школах і падкрэсліў важнейшую ролю настаўніка ў беларускім грамадстве. Размова ішла і ад якасці новых падручнікаў, якая часам выклікае крытыку. Усе гэтыя і іншыя пытанні давядзецца комплексна абмеркаваць на вялікай нарадзе з удзелам шырокага кола экспертаў па развіцці адукацыйнай сферы, якая, як чакаецца, адбудзецца ў лістападзе-снежні пасля парламенцкіх выбараў. “У гэтым годзе мы плануем пасля парламенцкіх выбараў, правядзём такое сур’ёзнае мерапрыемства – мазгавы штурм”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

“Вось комплекс пытанняў, якімі я жыву цяпер, у пачатку навучальнага года, і якімі як бацьку мне даводзіцца пастаянна займацца. Я маю магчымасць назіраць за тым, што адбываецца ў школе, у ВНУ. У вялікай сям’і (у маіх дзяцей) ёсць студэнты, у якіх я цікаўлюся, як справы. Прытым я цяпер не стаўлю пад сумненне або нейкую крытыку сістэму (адукацыі. – Заўвага БЕЛТА) у цэлым. Дзякуй богу, у нас хоць невялікая дынаміка, з майго пункта гледжання, але ёсць у станоўчы бок. Але мы не павінны не бачыць недахопы, якія існуюць. У адваротным выпадку потым нам будзе складаней іх пераадольваць. Я хачу, каб вы звярнулі ўвагу ў сённяшнім дакладзе менавіта на  недахопы, на чым трэба сканцэнтраваць увагу”, – сказаў Прэзідэнт.

“Галоўнае – не балы, а веды” – Лукашэнка не выключае ўдасканалення сістэмы паступлення ў ВНУ

“Я, вядома ж, чытаю, бачу і чую, мяне інфармуюць, што ў нас не ўсё ў парадку з паступленнем у ВНУ. Да гэтага часу крытыка цэнтралізаванага тэсціравання. Крытыкуюць новую нейкую методыку (вы прыдумалі) па падліку гэтых балаў. Хоць галоўнае – не балы, а веды. Усе павінны разумець, і бацькі ў тым ліку, калі ў дзіцяці ёсць веды, то па якіх балах і шкалах не лічы, яны ўсё роўна паступяць у ВНУ. Калі ведаў няма, ніякія балы не дапамогуць”, – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Скажу адкрыта, што я апошнім часам, паслухаўшы многіх бацькоў (ды і ў мяне хапае вучняў у маёй вялікай сям’і, я гэтым цікаўлюся), пачынаю ўжо задумвацца, атрымліваючы вялікі аб’ём інфармацыі, што нам, магчыма, давядзецца недзе ўдасканальваць, мякка кажучы, сістэму паступлення ў ВНУ. Больш за ўсё мяне хвалюе тое, што абітурыент, які марыць заўтра стаць студэнтам, не здае экзамены твар у твар з экзаменатарам, з выкладчыкам ВНУ або іншых навучальных устаноў”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт прыгадаў час, калі сам вучыўся ў ВНУ, і адзначыў, што наўрад ці пры тэсціраванні яго рэзультат быў бы лепшым, чым пры асабістай гутарцы з выкладчыкам. Пры гэтым ён сам і іншыя студэнты з сельскай мясцовасці за гады вучобы змаглі значна прыбавіць і перасягнуць па ўзроўні ведаў многіх гараджан. “Мы даганялі ўсіх гарадскіх, старанна працавалі. І на выпуску я з адзнакай здаваў усе экзамены, са мной не маглі гараджане канкурыраваць, як са многімі такімі ж хлопцамі і дзяўчатамі”, – расказаў беларускі лідар.

“Але я баюся прымаць рашэнне, каб не памыліцца. Да гэтага трэба ўважліва адносіцца. Таму што паступаюць лепшыя дзеці з лепшых сем’яў (у пераважнай большасці). Я не баюся гэта сказаць. Там, дзе бацькі непакоіліся ўсю школу – 11 гадоў, каб дзіця паступіла ў ВНУ. Яны ўсякім чынам падтрымлівалі яго. Я гэта бачу на сабе, аналізуючы і работу ў нядрэннай школе, супастаўляючы ўзровень вучняў. Мы можам пры паступленні ў ВНУ пакрыўдзіць вось гэту частку сем’яў, якія нясуць асноўную нагрузку ў грамадстве, з’яўляюцца вельмі ўплывовымі людзьмі і вызначаюць атмасферу нашага грамадства і цяпер, і ў будучым. Таму мяне вельмі насцярожвае тое, што адбываецца сёння ў сістэме адукацыі пры паступленні дзяцей у ВНУ”, – сказаў Прэзідэнт.

“Яшчэ раз падкрэсліваю: я не прымаю цяпер ніякіх рашэнняў, таму што ў мяне недастаткова інфармацыі”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што гэта і іншыя пытанні трэба будзе комплексна абмеркаваць і прыняць рашэнне на нарадзе па развіцці сферы адукацыі. “Мы павінны сур’ёзна вярнуцца да пытанняў адукацыі. І на гэтай нарадзе мы павінны перш за ўсё заслухаць ваша бачанне, справаздачу Міністэрства адукацыі і іншых, хто займаецца адукацыяй, аб тым, якая сітуацыя складваецца: школы, ВНУ, падручнікі, арганізацыя сістэмы адукацыі, фінансаванне. Усе пытанні мы павінны на ўзроўні Прэзідэнта разгледзець. І пажадана, калі неабходна, прыняць рашэнне, аж да цэнтралізаванага тэсціравання, як удасканальваць яго”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён дадаў, што ведаў і вопыту прымянення ЦТ ужо хапае, відаць існуючыя недахопы. “Не трэба іх замоўчваць. Трэба прымаць рашэнне”, – упэўнены Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка абазначыў прыкладныя тэрміны правядзення нарады ў лістападзе-снежні бягучага года, па меры гатоўнасці абмеркаваць адпаведныя пытанні. “Трэба гэту размову пачынаць знізу. Мы збяром у Прэзідэнта людзей, якія вызначаюць аблічча нашай адукацыі. Хутчэй за ўсё, не з падачы Мінадукацыі. Нейкую частку на нараду запрасіце вы, але большая частка будзе запрошана па іншай форме, каб ішла дыскусія. Павінны быць альтэрнатыва, каб былі розныя пункты гледжання. Мы іх павінны супаставіць і прыняць адпаведныя рашэнні. Гэта не павінна быць для птушачкі нейкая паказушная нарада”, – сказаў Прэзідэнт.

“Можа, лепш яе правесці пасля парламенцкіх выбараў, каб нас зноў не абвінавацілі ў тым, што пад парламенцкія выбары мы праводзім гэту вельмі важную нараду, якая вызначыць аблічча нашага грамадства ў будучым”, – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка патрабуе не перагружаць дзяцей дамашнімі заданнямі

“Па нагрузках у школе я ўжо гаварыў: нам трэба рабіць так, каб дзеткі, асабліва ў школах, атрымлівалі веды на ўроках, а дашліфоўвалі пры выкананні дамашніх заданняў. У ВНУ – зусім іншая справа. Там іншая справа, таму што там чалавек прыйшоў на свой профіль. Ён да гэтага схільны, яму лягчэй будзе вучыцца, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – А тут у вучня ўсё – ад матэматыкі да гуманітарных, тэхнічных прадметаў. Няма такіх дзяцей, якія ва ўсіх гэтых навуках аднолькава разбіраюцца”.

“На гэта таксама трэба звяртаць увагу і не перагружаць дзяцей, асабліва дома. Не трэба, каб яны 5-6 гадзін адпрацавалі ў школе, і яшчэ столькі ж дома. Гэта ненармальна. Мы калечым дзяцей”, – падкрэсліў беларускі лідар.

Настаўнік з’яўляецца цэнтральнай фігурай у беларускім грамадстве – Прэзідэнт

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што часам настаўнікі скардзяцца, што іх нібыта прымушаюць пісаць і запаўняць тыя ці іншыя паперы, займацца іншымі работамі, акрамя як правядзеннем урокаў. “Я да гэтага дваяка стаўлюся. Там, дзе трэба зняць лішняе ад настаўнікаў – усялякія справаздачы, самасправаздачы – гэта факт. Але настаўнік не павінен забываць, што яго прызванне такое, што яго месца работы не толькі ў школе. Ён наогул цэнтральная фігура ў нашым грамадстве. Гэта чалавек, які мае веды. І ён разам з урачом, асабліва ў малых, сярэдніх гарадах, вёсках, аграгарадках – галоўная зорка і свяціла. Яны павінны несці веды людзям, яны выхоўваюць людзей, таму стагнаць у тым плане, што “ах, нам цяжка”, не трэба”, – сказаў Прэзідэнт.

“Дзяржава, я ў тым ліку, вельмі разлічвае на настаўнікаў. Без настаўніка мы нішто наогул, таму што няма на каго абаперціся ў гэты рыначны час, акрамя настаўніка. Асабліва ў вёсках, малых гарадах”, – дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Настаўнік павінен атрымліваць як мінімум сярэднюю зарплату – Прэзідэнт

 

“Не забывайце, мы дамовіліся, што настаўнік павінен атрымліваць як мінімум сярэднюю зарплату”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў і пра задачу павышаць узровень даходаў нізкааплатных катэгорый работнікаў, у тым ліку ў дашкольнай адукацыі. “Мы іх павінны падцягваць вышэй. Таму што работа вельмі цяжкая, асабліва ў дзіцячым садзе. Няхай яны там паядуць, яшчэ нешта, але гэта ўсё роўна не забяспечвае іх аплатай – той аб’ём работы, тая якасць і тая адказнасць. Трэба зарплаты ў іх падцягваць”, – адзначыў беларускі лідар.

“Вядома, трэба загружаць. Я не спрачаюся. Але трэба плаціць дастойную заработную плату. Я звяртаў увагу прэм’ер-міністра на гэтыя пытанні”, – дадаў Прэзідэнт.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.