У Мінску праходзіць міжнародная канферэнцыя па барацьбе з тэрарызмам

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Міжнародная канферэнцыя высокага ўзроўню “Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстання новых і ўзнікаючых тэхналогій” праходзіць у Мінску 3-4 верасня з удзелам прадстаўнікоў каля 50 краін. Сумеснае мерапрыемства па лініі Беларусь – ААН лагічна прадаўжае міжнародную сустрэчу высокага ўзроўню, якая была праведзена ў Мінску пад эгідай АБСЕ ў кастрычніку мінулага года.

Мэта форуму – абмеркаванне шматбаковых намаганняў і выпрацоўка рашэнняў на глабальным, рэгіянальным і нацыянальным узроўнях па барацьбе з тэрарыстамі і тэрарыстычнымі групамі ва ўмовах большай даступнасці і растучай складанасці выкарыстоўваемых тэхналогій.

Лукашэнка: тэрарызм стаў адной з самых магутных і адчувальных пагроз глабальнай бяспецы

Тэрарызм стаў адной з самых магутных і адчувальных пагроз глабальнай бяспецы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Мінску на міжнароднай канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта тэма вельмі важная для забеспячэння бяспекі кожнай дзяржавы, на якім кантыненце яна ні знаходзілася б. “Тэрарызм стаў адной з самых магутных і адчувальных пагроз глабальнай бяспецы, ён не ведае межаў – ні дзяржаўных, ні маральных. Яго ахвяры – звычайныя людзі, сярод якіх старыя, жанчыны і дзеці. Яго метады – жорсткія і бесчалавечныя. Тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца ў падрыхтоўцы тэрарыстычных атак, развіваюцца са скорасцю сусветнага інфармацыйнага і тэхналагічнага прагрэсу”, – адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка назваў тэрарызм беспрэцэдэнтным выклікам сучаснаму грамадству.

“Выклік, з якім не справіцца паасобку нават самым магутным дзяржавам, якім сілавым патэнцыялам і перадавымі распрацоўкамі яны ні валодалі б”, – сказаў ён.

Прэзідэнт адзначыў словы старшыні Міжпарламенцкага саюза Габрыэлы Куэвас Барон, якая ў час адкрыцця канферэнцыі сказала аб магчымасці пакласці канец тэрарызму. “Так, мы можам пакласці канец гэтаму самаму тэрарызму. Не сёння, не заўтра, не адразу, але толькі пры адной умове – калі мы гэтага захочам. І яшчэ ў канцы яна сказала вельмі правільную рэч, што, вярнуўшыся дадому, усе вы і мы павінны прыкласці максімум намаганняў, каб пакласці канец тэрарызму і будаваць новую планету. Вы, можа, і захочаце будаваць гэту новую планету, але пры адной умове – калі вы пераканаеце нас, перш за ўсё, і нашых калег (уладатрымальнікаў) будаваць гэту новую планету без тэрарызму, сумленна, адкрыта і справядліва”, – падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, надышоў час усім краінам свету аб’яднаць намаганні ў сістэмнай барацьбе з тэрарыстамі і іх саўдзельнікамі, пачаць шырокі міжнародны дыялог. “Неабходнасць у сумеснай каардынацыі намаганняў, думаю, відавочна для ўсіх, перш за ўсё для прафесіяналаў, якія прысутнічаюць у гэтай зале. Безумоўна, галоўная роля ў гэтай місіі належыць ААН. Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай усіх асноўных універсальных дагавораў, распрацаваных пад эгідай ААН. У 2006 годзе мы выступілі за прыняцце Глабальнай контртэрарыстычнай стратэгіі – першага дакумента, які вызначыў агульнасусветны падыход да барацьбы з тэрарызмам”, – сказаў Прэзідэнт.

Лукашэнка заклікае да стварэння антытэрарыстычнага фронту сіламі міжнародных арганізацый

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Беларусь прадаўжае падтрымліваць усе ініцыятывы ў рамках ААН па тэме антытэрору. Умацоўваюцца партнёрскія сувязі ў сферы антытэрору, краіна ўдзельнічае ў абмене спецыялізаванай інфармацыяй і перадавым вопытам, у фарміраванні сеткі каардынатараў па барацьбе з тэрарызмам.

“Маштаб тэрарыстычнай актыўнасці сёння патрабуе выйсці за рамкі адной арганізацыі. Перакананы, што стварэнне з’яднанага антытэрарыстычнага фронту сіламі ААН, АБСЕ, ЕС, АДКБ, СНД, ШАС і іншых міжнародных арганізацый – адзіны правільны спосаб моцна і эфектыўна процістаяць гэтай пагрозе”, – заявіў беларускі лідар.

Ён таксама лічыць, што ідэя аб’яднаць два рэгіёны – АБСЕ і АСЕАН – пад эгідай контртэрарыстычнай канферэнцыі ў Мінску таксама актуальная і своечасовая.

Лукашэнка: Беларусь служыць надзейным фарпостам у выяўленні замежных тэрарыстаў-баевікоў

“Знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, наша краіна служыць надзейным фарпостам у выяўленні замежных тэрарыстаў-баевікоў у пасажырскіх і міграцыйных патоках. Гэтаму садзейнічае развітая пагранічная інфраструктура, шматузроўневая сістэма забеспячэння бяспекі, паспяховы вопыт супрацоўніцтва з кампетэнтнымі органамі іншых дзяржаў і профільнымі міжнароднымі арганізацыямі”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі, на шчасце, няма сістэмных прычын для экстрэмісцкай дзейнасці, заснаванай на рэлігійнай, этнічнай або сацыяльнай нецярпімасці. “Скажу больш: ва ўлад Беларусі і ў мяне асабіста таксама няма зацікаўленасці параджаць тэрарыстычныя групоўкі, фінансаваць іх і ўзбройваць. Думаю, намёк вы зразумелі”, – адзначыў беларускі лідар.

У мэтах умацавання нацыянальнай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі рэзідэнты беларускага Парка высокіх тэхналогій ужо стварылі і прасоўваюць на рынку перадавыя праграмныя прадукты, у тым ліку з выкарыстаннем штучнага інтэлекту.

“Гэта некаму патрэбна” – Лукашэнка аб прычынах прадаўжэння канфлікту ва Украіне

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ёсць зацікаўленыя ў прадаўжэнні канфлікту ва Украіне.  “Чаму не спынілі гэты канфлікт да гэтага часу (5 гадоў прайшло)? Таму што гэта некаму патрэбна!” – падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы пры гэтым адзначыў, што прапановы па мірным урэгуляванні, якія Беларусь прапаноўвала першапачаткова, былі адхілены, канфлікт зацягнуўся.

“Мы ўсе пакутуем з-за канфлікту ва Украіне. Гэта вострая праблема і для мяне ў асабістым плане, і як кіраўніка дзяржавы – суседа Украіны. А калі пачаўся гэты канфлікт, адзін з высокапастаўленых чыноўнікаў пазваніў мне і пацікавіўся, што будзем рабіць, які пункт гледжання Беларусі. Я не хацеў умешвацца ў гэта, ведаючы, што там адбываецца і што з’яўляецца прычынай гэтага канфлікту”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым беларускі бок падрыхтаваў і прапанаваў план канкрэтных мерапрыемстваў, якія павінны былі быць праведзены ў сувязі з канфліктам, што пачаўся. “І дадаў: калі вы адхіліце гэты план, дзе асноўная нагрузка павінна была легчы на Беларусь, я буду лічыць, што Еўропа не хоча, каб гэты канфлікт спыніўся. І што вы думаеце – цывілізаваная Еўропа адхіліла гэты план. Нават у дэталях”, – канстатаваў беларускі лідар.

“І пачалі змагацца за Данбас, за Крым, яшчэ нешта – “нармандскія фарматы”, у тым ліку і ў Беларусі. Я, вядома, з задавальненнем прымаў іх, таму што ведаў, што гэта хоць маленькія крокі, але ў напрамку нармалізацыі там сітуацыі. Паколькі там старыя і дзеці гінулі і нібыта гінуць сёння”, – дадаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што калі пачаўся канфлікт ва Украіне, то ўнутры Беларусі яго многія папракалі: навошта “ўлазіць” у чужы канфлікт. “Па-першае, гэта родныя людзі сутыкнуліся там лоб у лоб. Па-другое, гэта побач з намі. І што мы атрымалі (чаго я апасаўся) – велізарны прыток мігрантаў у першы год: 150 тыс. рынуліся да нас. Еўрапейцы 2 тыс. мігрантаў не могуць падзяліць у моры. Дэмакратычная Еўропа! У моры людзі – дзеці, старыя, якія бягуць ад праблем, што стварылі ў іх на радзіме. Мы (Еўропа. – Заўвага БЕЛТА) іх не прымаем, няхай гінуць у моры, гэта не нашы, – заўважыў Аляксандр Лукашэнка. – А да нас 150 тыс. рынулася не чужых нам людзей. І літаральна праз некалькі дзён я падпісаў указ аб прадастаўленні ім роўных магчымасцей у Беларусі – па жыллі, адукацыі, дзіцячыя сады, школы, ВНУ… І прадаставілі месца працы. Нам страшна было перамалоць гэтыя 150 тыс. для нашай Беларусі з нашымі праблемамі. Вы думаеце, нам нехта дапамог? Не. Але мы ўвогуле і не прасілі гэтай дапамогі”.

Але самае страшнае, прадоўжыў Прэзідэнт, што потым Беларусь была вымушана “закрыць граніцу”. “Са сваімі братамі, блізкімі людзьмі поўнасцю закрыць граніцу (размова пра беларуска-ўкраінскую граніцу. – Заўвага БЕЛТА). Наглуха. Яшчэ больш, чым з Паўночнаатлантычным блокам, які для нас з даўніх часоў нібыта здаваўся ворагам нумар адзін. А сёння са сваімі людзьмі закрылі граніцу наглуха. Таму што пайшоў паток зброі. А там, дзе зброя ў руках у звычайных людзей, і асабліва ў нацыяналістычна настроеных, – чакай тэрарызму. І спакойная Беларусь, не дай бог, можа пажынаць гэтыя плады. І атрымаць тое, для чаго ў нас няма быццам бы падстаў”, – расказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Хто гэта спарадзіў? Адказ на паверхні”, – рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка выступіў з ініцыятывай фарміравання “пояса лічбавага добрасуседства”

“Беларусь ужо больш як 20 гадоў умацоўвае дружалюбныя адносіны з краінамі-суседзямі ў рамках ініцыятывы аб “поясе добрасуседства”, якая апраўдала сябе ў поўнай меры. Магчыма, надышоў час узяць гэту мадэль за ўзор для фарміравання новай ініцыятывы – “пояса лічбавага добрасуседства”, – прапанаваў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, зрабіць гэта можна шляхам заключэння міждзяржаўных і іншых пагадненняў аб забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі. “З нашага пункту гледжання, ключавымі элементамі такіх дамоўленасцей маглі б стаць ідэі лічбавага суверэнітэту і нейтралітэту, якія ў першую чаргу будуць гарантаваць неўмяшанне краін у інфармацыйныя рэсурсы адна адной”, – заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў сістэму эфектыўнага забеспячэння міжнароднай інфармацыйнай бяспекі павінна быць уключана як мага больш дзяржаў. “І я быў бы рады, калі сёння з Мінска мы запусцілі б “хвалю лічбавай бяспекі”, прызначаную ўмацаваць сувязі паміж краінамі, павысіць эфектыўнасць сумеснага процідзеяння тэрарыстычным і іншым пагрозам у кіберпрасторы”, – адзначыў Прэзідэнт.

Лукашэнка бачыць вялікую небяспеку ў спыненні дзеянняў ДРСМД

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што наступствы гэтага кроку могуць быць нават больш небяспечныя за тэрарызм. “Калі мы не спынімся, лічыце, што мы зрабілі першы крок да новай вайны. І дай бог, каб гэта вайна абышлася хаця б без ядзернай зброі”, – сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што процідзеянне тэрарызму – гэта выключна важнае, але не адзінае звяно ў ланцугу ўсеагульных намаганняў па забеспячэнні міжнароднай бяспекі. Набірае сілу дэградацыя сістэмных асноў гэтай бяспекі, якія ствараліся з сярэдзіны мінулага стагоддзя.

“Адной з прычын і вынікам гэтага працэсу стала разбурэнне даверу паміж краінамі. Апошні сумны прыклад – спыненне дзеяння Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці. Чарговае мерапрыемства, і хто яго спарадзіў – ведаеце. І вы, напэўна, разумееце, што праз некалькі гадоў (гэта барацьба пачалася ўжо) мы пачнём змагацца супраць гэтага страшэннага зла – траціць грошы, праводзіць канферэнцыі. І тыя, хто сёння вінаватыя ў парушэнні гэтых дагавораў, яны, магчыма, будуць ініцыятарамі правядзення гэтых канферэнцый. Дык ці не лепш цяпер спыніцца?!” – паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, рэальная магчымасць з’яўлення гэтых узбраенняў у ціхай і спакойнай Еўропе – прамы шлях да росту напружанасці на кантыненце і новага вітка гонкі ўзбраенняў. “Яна пачалася ўжо, прытым ідзе вельмі хутка. У вядучых краінах настолькі фарсіруюць гэты працэс, што ў час выпрабаванняў новай зброі проста дзясяткамі і сотнямі гінуць людзі”, – канстатаваў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што для аднаўлення даверу Беларусь паслядоўна і настойліва развівае ідэю аб неабходнасці аднаўлення шырокага міжнароднага дыялогу – як на рэгіянальным, так і на глабальным узроўні.

“Без усеагульнай гатоўнасці да новага перагаворнага працэсу, які стабілізаваў бы міжнародныя адносіны, мы не можам гарантаваць бяспеку сваім краінам і народам. Неабходны пошук аб’яднальнага парадку дня, новых ідэй, што падзяляюцца шырокім колам дзяржаў і міжнародных арганізацый. Адной з іх, на маю думку, павінна стаць процідзеянне размяшчэнню ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўрапейскім рэгіёне”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь з’яўлялася паўнапраўнай удзельніцай Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці: “Мы не выходзілі з яго, і не маем намеру вырабляць або размяшчаць такія ракеты, калі не будзе пагрозы нашай бяспецы. Пакуль такой сітуацыі няма. Спадзяюся, і не будзе. Заяўляю гэта як кіраўнік дзяржавы, размешчанай у самым сэрцы Еўрапейскага кантынента, дзе ў генах кожнага жыхара жыве памяць аб самых страшных у гісторыі чалавецтва войнах. Яны ўсе пракаціліся цераз нашу зямлю”.

“Перакананы, што дэкларацыя адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе магла б стаць сапраўдным укладам ва ўмацаванне бяспекі. Мы не ідэалісты і бачым усе складанасці, з якімі можа сутыкнуцца гэта ініцыятыва ва ўмовах існуючых супярэчнасцей. Але ж і Дагавор аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, і глабальныя забароны іншых відаў зброі масавага знішчэння таксама калісьці здаваліся немагчымымі”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў перакананне, што сумесныя дзеянні па захаванні дасягненняў ДРСМД на Еўрапейскім кантыненце сталі б важным крокам у глабальным дыялогу па аднаўленні даверу.

Кіраўнік дзяржавы лічыць павярхоўным меркаванне, што калі ў якой-небудзь краіны больш грошай, то яна выйграе ў гонцы ўзбраенняў. “Сёння тэхналогіі так развіты, што не абавязкова ў гэтай гонцы ўзбраенняў быць першым. Сёння нават краіна з сярэднім дастаткам можа вырабіць такую зброю, што гэтым багатым, якія хочуць быць лідарамі ў такой гонцы, мала не падасца”.

Лукашэнка занепакоены пераходам тэрарыстычнай актыўнасці ў “Даркнэт”

Прэзідэнт падкрэсліў, што глабальная сетка цяпер з’яўляецца вялікай зонай рызыкі. Пагрозы, якія фарміруюцца ў кіберпрасторы, маюць транснацыянальны і скрыты характар.

“Адыход злачынцаў у “цёмную сетку”, або, як яе называюць, “Даркнэт”, ускладняе кантроль з боку і дзяржаў, і прыватнага сектара. Тэрарысты актыўна выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі для прапаганды і вярбоўкі новых прыхільнікаў, лічбавыя тэхналогіі – для фінансавага падсілкоўвання. Гэта яшчэ адзін выклік для глабальнага контртэрарыстычнага фронту”, – лічыць Аляксандр Лукашэнка.

“Стварылі гэту добрую “цацку” вялікую і цяпер не ведаем, што з ёй рабіць. А дакладней, ведаем, нават вельмі добра ведаем. Але не хочам рабіць тое, што мы разумеем, і тое, што трэба рабіць. Ствараючы якую-небудзь “цацку”, мы павінны разумець, што калі яна з аднаго боку нясе карысць чалавецтву (а інтэрнэт гэта сапраўды з аднаго боку добра), нам жа трэба было падумаць аб тым, а што можа прынесці дрэннага”, – падкрэсліў беларускі лідар.

Ён дадаў, што, ствараючы глабальную сетку, некаторыя разлічвалі на вялікія выгады ад яе, у тым ліку ў мэтах шпіянажу.

Лукашэнка адзначае штучнае стварэнне буйных тэрарыстычных арганізацый

“Скажыце, хто садзейнічаў стварэнню першых тэрарыстычных арганізацый у шырокім маштабе пасля Другой сусветнай вайны… Помніце вайну ў Афганістане? Мы з’яўляліся адным з бакоў гэтай вайны, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – А вы помніце тую тэрарыстычную арганізацыю, якая была створана ў Афганістане? Успомніце, хто маладзейшы – прачытайце. І хто садзейнічаў гэтаму? Што, простыя людзі – нацыяналісты, у тым ліку якія там ваявалі? Не. Яны не мелі грошай на гэта, у іх не было зброі”.

“Але нехта іх стварыў, узброіў і ў патрэбны момант выкарыстаў. Мы сёння змагаемся супраць гэтых груповак, але ж мы, уладатрымальнікі, паказалі прыклад, як трэба ствараць гэтыя тэрарыстычныя арганізацыі. А потым паспяхова паказалі і цяпер паказваем, калі іх трэба выкарыстоўваць”, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Разам з гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: сёння ўжо нельга сказаць, што ўсе тэрарыстычныя арганізацыі і групы ствараюцца тымі ці іншымі дзяржавамі або іх структурамі. “Проста паказалі прыклад, як гэта рабіць. І цяпер  гэты працэс, які некалі меў кіруемы характар, хаатычны, непадкантрольны нікому. Дык давайце хаця б  бескантрольныя групоўкі, якія хаатычна ўзнікаюць і навучыліся ўжо вельмі хутка зарабляць, калі не ліквідуем, то возьмем пад кантроль”, – дадаў ён.

Лукашэнка выказаўся па праблематыцы забеспячэння “свабоды інтэрнэту”

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяпер асобныя краіны свету азадачаны гэтай праблемай. “Але што маецца на ўвазе пад гэтым тэрмінам? Дзе мяжа паміж свабодай выказванняў або самавыяўлення і бескантрольнымі або беспакаранымі паводзінамі ў сусветнай лічбавай прасторы?” – паставіў пытанне беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што кожная дзяржава адказвае самастойна на пытанні, як сябе паводзіць у лічбавай прасторы, як рэгуляваць інтэрнэт. “У Беларусі, як суверэннай краіны, ёсць уласнае меркаванне на тэму маральных, этычных і прававых межаў свабоды інтэрнэту. Я так свабодна гавару наконт пытання інтэрнэту, таму што ніхто з вас мяне не папракне, што мы хоць у нечым абмежавалі інтэрнэт у Беларусі. Хоць трэба было б. Але пакуль яшчэ не ведаем, як гэта зрабіць так, каб цывілізаванае грамадства зноў не прыняло супраць нас санкцыі. Таму мы пакуль не чапаем інтэрнэт. Справа, час дазваляюць”, – сказаў Прэзідэнт.

“Але паглядзіце на іншыя краіны, як яны разбіраюцца з інтэрнэтам. Гэта таксама яшчэ адна праблема правоў чалавека”, – звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца інтэрнэту, то ў Беларусі ўсе адпаведныя падыходы выкладзены ў прынятай нядаўна нацыянальнай Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі. “Але і ў гэтай тэме без выпрацоўкі агульных правіл, якія будуць прызнавацца ўсімі ўдзельнікамі міжнароднай супольнасці, мы ніколі не зможам дасягнуць жаданых вынікаў па абароне нашых грамадзян”, – упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: Беларусь прадоўжыць рухацца ў напрамку ўмацавання міру і бяспекі ў Еўропе

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з генеральным сакратаром Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Томасам Грэмінгерам.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў кіраўніку АБСЕ за падтрымку ідэі правядзення ў Мінску міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню на тэму процідзеяння тэрарызму. “Мы гэта вельмі цэнім, удзячны за тое, што міжнародныя арганізацыі давяраюць Беларусі правядзенне такіх форумаў. Натуральна, вы павінны гэта разумець, і мы гэта добра разумеем. Нас гэта да многага абавязвае. Мы стараемся адпавядаць таму ўзроўню, ступені даверу, якія атрымліваем ад вас, ад міжнародных арганізацый, у плане рэгіянальнай бяспекі”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён запэўніў, што Беларусь прадоўжыць рухацца ў гэтым напрамку. “Вы ў асобе нашай краіны заўсёды атрымаеце добрага партнёра, на якога можаце абаперціся для ўмацавання міру і бяспекі”, – сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да Томаса Грэмінгера.

Прэзідэнт адзначыў высокі ўзровень супрацоўніцтва паміж Беларуссю і АБСЕ. “У нас склалася ўжо добрая традыцыя абмяркоўваць асноўныя пытанні нашага ўзаемадзеяння ў Еўропе, – сказаў ён. – Вельмі ўдзячны вам, АБСЕ за ацэнку нашай ролі ў плане бяспекі на Еўрапейскім кантыненце”.

У сваю чаргу Томас Грэмінгер падзякаваў беларускаму лідару за магчымасць наведаць Мінск і адзначыў, што гэта ўжо чацвёрты візіт за апошнія 13-14 месяцаў. “Хачу выказаць глыбокую ўдзячнасць за актыўны ўдзел у справе садзейнічання міру і бяспецы, ваша актыўнае супрацоўніцтва з АБСЕ, правядзенне шэрага сустрэч, у тым ліку кантактнай групы (трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. – Заўвага БЕЛТА), садзейнічанне ініцыятывам, якія нацэлены на ўмацаванне міру і бяспекі”, – дадаў ён.

Асобна генеральны сакратар АБСЕ згадаў удзел Беларусі ў дасягненні мінскіх дамоўленасцей (“Мінск-1”) і ўзгадненні комплексу мер па выкананні мінскіх пагадненняў (“Мінск-2”). “Было вельмі прыемна пачуць тое, што вы гаварылі пра “Мінск-2″. Лічу, што нам трэба прадаўжаць дыскусію па гэтым пытанні”, – сказаў Томас Грэмінгер.

Грэмінгер аб “Хельсінкі-2”: цэнім ролю Беларусі як моста паміж Усходам і Захадам

Роля Беларусі як моста паміж Усходам і Захадам каштоўная. Аб гэтым заявіў генеральны сакратар Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Томас Грэмінгер, адказваючы на пытанне аб беларускай ініцыятыве “Хельсінкі-2”.

Томас Грэмінгер адзначыў, што “сапраўды цэніць ролю Беларусі як моста ў сітуацыі, у якой усё яшчэ ёсць вялікія адрозненні паміж Захадам і Усходам, існуе канфлікт у Еўропе”. Паводле слоў генсакратара, у такіх умовах важна было прапанаваць платформу для дыялогу.

“Думаю, што прапанова (аб правядзенні новай нарады АБСЕ ў фармаце “Хельсінкі-2″. – Заўвага БЕЛТА) разлічана на сярэднетэрміновую перспектыву”, – сказаў ён.

Генеральны сакратар АБСЕ прымае ўдзел у міжнароднай канферэнцыі “Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстання новых і ўзнікаючых тэхналогій”. Ён адзначыў актуальнасць форуму і выказаў упэўненасць, што аб’яднанне намаганняў на ўзроўні ўрадаў, грамадзянскай супольнасці, прыватнага сектара, спецыялістаў у сферы высокіх тэхналогій павышае шанцы перамагчы тэрарызм.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.