У кожнага — свая адказнасць. На мінулым тыдні адбылося чарговае пасяджэнне раённай камісіі па справах непаўналетніх

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

На ім разглядаліся справы аб адміністратыўных  правапарушэннях у адносінах да непаўналетніх і іх бацькоў або законных прадстаўнікоў і даведка на непаўналетняга, якую прадаставіла Нясвіжскае аддзяленне следчага камітэта ў сувязі з узбуджэннем крымінальнай справы.

Што да спраў аб адміністратыўных правапарушэннях у адносінах да непаўналетніх і іх бацькоў або законных прадстаўнікоў, то іх было дзве. Першая  тычылася непаўналетняга жыхара вёскі Высокая Ліпа. Ён быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў г.п. Гарадзея ў нецвярозым стане. Як расказаў парушальнік, сябры падгаварылі яго выпіць моцнага піва пасля дыскатэкі, куды ён адпрасіўся ў маці. Тая патлумачыла, што да гэтага ніколі не заўважала ў сына цягі да спіртнога і была вельмі засмучана тым, што адбылося. Сам хлопец выказаў чыстасардэчнае шкадаванне за свае няправільныя паводзіны і запэўніў камісію, што падобнае больш не паўторыцца. Улічваючы яго добрыя характарыстыкі з месцаў вучобы і жыхарства, камісія прызначыла юнаку мінімальнае пакаранне — штраф у 1 базавую велічыню.

Другой разглядалася справа 16-гадовай несвіжанкі, вучаніцы адной з нясвіжскіх школ, якая трапіла ў поле зроку супрацоўнікаў ДАІ за рулём татавага легкавога аўтамабіля. Сам тата, дарэчы, на той момант быў побач, і, як ён патлумачыў, проста хацеў пазнаёміць дачку з элементарнымі прынцыпамі кіравання аўтамашынай. Дарога праходзіла за межамі горада, была амаль свабоднай ад іншага транспарту, аднак закон ёсць закон — чалавек, які не мае вадзіцельскага пасведчання, можа садзіцца за руль аўто толькі на спецыяльна адведзеных для гэтага месцах — аўтадромах.

Улічваючы выдатныя характарыстыкі самой дзяўчыны і ўсёй яе сям’і, дзе  выхоўваюцца яшчэ трое дзяцей, камісія выкарыстала магчымасць прымяніць у адносінах да яе папярэджанне, тым больш, што бацька школьніцы ўжо атрымаў штраф па лініі ДАІ.

Апошняй была разгледжана даведка на непаўналетняга, якую прадаставіла Нясвіжскае аддзяленне следчага камітэта ў сувязі з узбуджэннем крымінальнай справы. 16-гадовы жыхар аграгарадка Сноў, навучэнец Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа лёгкай прамысловасці, які выхоўваецца ў прыёмнай сям’і, быў прыцягнуты да адказнасці за крадзеж веласіпеда. Ён быў папярэджаны, што ў выпадку яшчэ аднаго правапарушэння будзе накіраваны ў спецустанову для непаўналетніх, дзе яму прыйдзецца забыцца пра сваю мару стаць выдатным футбалістам. Хлопца таксама папярэдзілі, што ён будзе знаходзіцца пад пільным наглядам усіх зацікаўленых структур. У адказ ён запэўніў камісію, што падобнае больш не паўторыцца. Ці так гэта — пакажа час.

А пакуль вы, паважаныя суайчыннікі, чытаеце гэтыя радкі, у вас ёсць час падумаць, ці ўсё магчымае зрабілі вы, каб не стаць героямі падобнага аповеду? А для папярэджання праблем з законам трэба не так і шмат — усяго толькі знаходзіць час, каб гаварыць са сваімі дзецьмі пра тое, што добра і што кепска, пра тое, што іх хвалюе і засмучае. Тады, глядзіш, і патрэба выпіць піва з сябрамі адыдзе на задні план, і іншых праблем з паводзінамі стане нашмат менш…

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.