Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 7 °C

Калі прафесія і хобі супадаюць

Нясвіжскія навіны 4 года назад 0 0

Пост опубликован: 01.02.2020

Трэнер ДЮСШ Нясвіжскага райвыканкама Сяргей Гапановіч — чалавек, улюбёны ў сваю справу. Любоў да спорту перадалася яму ад бацькі Вячаслава Аляксандравіча, які шмат гадоў выкладаў фізічную культуру ў СШ №1 г. Нясвіжа, дзе вучыўся і мой суразмоўца.

— Я яшчэ ў школе пастаянна ўдзельнічаў у спаборніцтвах па розных відах спорту — і гульнёвых, і па лёгкай атлетыцы, і адчуваў, што спорт — гэта маё, — гаворыць Сяргей Вячаслававіч. — Таму прапанова бацькі паступіць у Гродзенскі фізкультурны тэхнікум мне спадабалася. Пасля тэхнікума прыйшоў працаваць у сваю родную школу і завочна паступіў ва ўніверсітэт фізічнай культуры, атрымаўшы спецыяльнасць “Настаўнік фізічнай культуры. Трэнер па спартыўных гульнях”. Затым давялося папрацаваць у трэцяй Нясвіжскай школе і, калі ў ДЮСШ з’явілася месца трэнера, я перайшоў туды.

Сярод усіх відаў спорту, якія былі падуладныя майму суразмоўцу, перамог баскетбол. Менавіта гэта захапляльная гульня, якая патрабуе імгненнай рэакцыі, стратэгічнага мыслення і спрыту, стала яго спецыялізацыяй і ў тэхнікуме, і ва ўніверсітэце.

Калі ў 2014 г. у Нясвіжскай СШ №1 адкрыўся спартыўны клас (зараз іх тры), педагагічны талент Сяргея Вячаслававіча аказаўся вельмі дарэчы. Зараз ён не толькі вядзе ў гэтай школе фізкультуру, але і з’яўляецца

класным кіраўніком у 6 “А”, што, дарэчы, вельмі падабаецца вучням — з новым класным была хутка знойдзена агульная мова. І ў школе, і на спаборніцтвах настаўнік побач з дзецьмі, і яны адчуваюць яго зацікаўленасць і падтрымку.

Любоў да спорту і сапраўдны спартыўны характар уласцівыя і вучням майго суразмоўцы. Так, выпускнік спартыўнага класа Ягор Ярмольчык выступаў за зборную нашай краіны на чэмпіянаце Еўропы ў Босніі-Герцагавіне. Цяпер ён заканчвае Мінскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Яго вучаніца Вольга Громік зараз гуляе ў вышэйшай лізе, у мінулым годзе разам з камандай стала сярэбраным прызёрам на чэмпіянаце Беларусі па баскетболе. У мінулым годзе падпісаў кантракт з Брэсцкім гандбольным клубам яго вучань Уладзіслаў Ігнатчык.

Сяргей Вячаслававіч таксама адзначыў, што выпускнікам спартыўнага класа зусім неабавязкова ісці ў спорт. Ёсць такія, што ставяць сваёй мэтай паступленне, напрыклад, на фізіка-матэматычныя спецыяльнасці, і спорт тут ніяк не перашкаджае. Наадварот, уплывае толькі ў лепшы бок — і на здароўе, і на здольнасці да вучобы, і на дысцыплінаванасць. У жыцці вельмі важна ўмець размяркоўваць свой час, а юныя спартсмены з маленства прывучаюцца памятаць і пра ўрокі, і пра трэніроўкі, і пра дапамогу бацькам, і ўсё гэта паспяваць. Амаль усе выпускнікі спартыўнага класа паступаюць у ВНУ. Ёсць і такія, што хочуць паступаць менавіта на трэнера.

— Для мяне гэта асаблівая радасць, — усміхаецца мой суразмоўца. — Пасля 30 гадоў работы ўжо хочацца бачыць надзейную змену.

Дарэчы, справы з маладой зменай вельмі нядрэнныя — сямейную любоў да спорту і дзяцей пераняла і дачка Сяргея Вячаслававіча Кацярына. Закончыўшы Нясвіжскі каледж імя Якуба Коласа, яна зараз вядзе ўрокі фізічнай культуры ў Навасёлкаўскай СШ. Працуючы, набыла вышэйшую адукацыю ў Мазырскім педуніверсітэце па спецыяльнасці “Настаўнік фізічнай культуры”. Да гэтага трэніравалася ў свайго бацькі, ездзіла на спаборніцтвы, была сярэбраным прызёрам чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па баскетболе.

— Вось так у нас і павялося, — падвёў вынік свайго аповеду мой суразмоўца. — Мяне падштурхоўваў і падтрымліваў мой бацька, да мяне прыйшла займацца мая дачка. Мне падабалася, як працаваў з дзецьмі мой бацька, захацелася, каб і ў мяне гэта атрымалася, напэўна, і Каця, гледзячы на нас, прыняла рашэнне звязаць жыццё са спортам. А мой сын Максім у пацвярджэнне таго факта, што юныя аматары спорту ідуць і ў іншыя сферы дзейнасці, паступіў вучыцца ў БНТУ на інжынера. Але і там са спортам не развітаўся — працуе суддзёй на дзіцячых і дарослых спаборніцтвах па баскетболе.

Прыходзяць да мяне набрацца вопыту і навучэнцы нашага каледжа, хутка прыйдзе на пераддыпломную практыку мой былы вучань, а зараз студэнт універсітэта фізічнай культуры Яўген Салавей. Яшчэ адзін мой вучань — Эдуард Кемен — зараз трэніруе мінскіх “Цмокаў”.

Сярод самых памятных перамог сваіх выхаванцаў Сяргей Вячаслававіч назваў сярэбраныя медалі на чэмпіянатах рэспублікі. І хочацца верыць, што самыя вялікія дасягненні трэнера і яго вучняў яшчэ напера-дзе, таму што інакш не можа быць у чалавека, у якога прафесія супадае з захапленнем, дзякуючы якому юнае пакаленне несвіжан выходзіць у дарослае жыццё са спартыўнай загартоўкай і моцным характарам.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!