… Іду на балкон. Па граблі і венік. Час прыбірацца

Поделитесь с друзьями
  •  
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

З адабрэннем прачытала ў “раёнцы” за 17 сакавіка заметку “Не заставайцеся ўбаку!” кіраўніка Ланскага сельвыканкама Таццяны Шумоўскай, змешчаную пад рубрыкай “За чысціню і парадак”. Аўтар заклікае жыхароў актыўна ўзяцца за добраўпарадкаванне тэрыторый, навядзенне парадку на зямлі. Вельмі своечасова, актуальна і пераканаўча.

Талакой, падчас суботнікаў, мы прыбіраем вакол звычайна два разы ў год — вясной і восенню. Але кажуць: чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць. Смецяць жа некаторыя ўсюды і многа. Таму даводзіцца месці і грэбці часцей. Азірніцеся, выйшаўшы на вуліцу. Тут — акуркі ўздоўж тратуара і пад балконамі, там — засохлае каліва пустазелля, якое не вырвалі восенню. А па зялёным газоне вецер ганяе розныя паперкі, на ім валяюцца сухія галінкі грэў.

Ідучы ў гарадскі парк, прагульваючыся па прыгожай набярэжнай Бернадзінскай сажалкі, бачыш, як гэтую прыгажосць псуе смецце, што боўтаецца ў вадзе, прыбітае хвалямі да зараснікаў рагозу і чароту. Згадзіцеся: такое суседства ніяк не ўпісваецца ў ідылічны малюнак з прыгожымі, гордымі птушкамі — лебедзямі, якія ўсю зіму правялі побач з намі. Каля будынкаў на праезджай частцы вуліц месцамі ляжыць пясок, якім пасыпалі асфальт і плітку зімой, яго таксама трэба змесці. Так што рукі ёсць дзе прыкласці. За працу, сябры!

У святочны сакавіцкі дзень я апынулася на вуліцы Беларускай у райцэнтры якраз тады, калі імправізаваную гандлёвую пляцоўку бліжэй да вечара пакінулі апошнія прадаўцы кветак. Скажу шчыра: я жахнулася. Там, дзе былі гандлёвыя месцы, валялася ўсялякае смецце: акуркі, абгорткі, зялёныя паломаныя сцяблінкі і чырвоныя пялёсткі “памерлых” цюльпанаў. Зразумела, што назаўтра раніцай рабочыя ЖКГ змялі і вывезлі гэты сметнік. Але ж ці да твару было яго пакідаць тым, хто сам прапаноўваў людзям прыгажосць?!

Навядзенне парадку на зямлі — не акцыя аднаго дня. Гэта пастаянная карпатлівая работа кожнага з нас — жыхара, работніка офіса ці магазіна, установы ці прадпрыемства.

… На вуліцы пацяплела. Іду на балкон. Па граблі і венік. Час прыбірацца.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ, г. Нясвіж.


Поделитесь с друзьями
  •  
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.