У цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы ў рамках усебеларускай акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі!” адбылося ўрачыстае ўручэнне пашпартоў юным грамадзянам Нясвіжчыны, лепшым вучням школ раёна.
Пасля адкрыцця мерапрыемства, якое адзначылася выкананнем дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, да юных грамадзян раёна звярнуўся старшыня райвыканкама Аляксандр Ломскі. Ён павіншаваў іх з важнай падзеяй у жыцці кожнага чалавека і адзначыў, што яны атрымліваюць пашпарты ў год, які з’яўляецца вельмі знакавым і для Нясвіжчыны, і для краіны ў цэлым. У студзені 2020 года наш раён адзначыў 80-годдзе з дня ўтварэння, і ў хуткім часе сёлета мы будзем адзначаць 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта наша свяшчэнная памяць, наша гісторыя, наш боль.
— Магу з упэўненасцю сказаць, што быць грамадзянінам — вялікая адказнасць як перад грамадствам, так і перад самім сабой, — адзначыў Аляксандр Зіноўевіч. — Вы, маладыя, — апора нам, старэйшаму пакаленню, стваральнікі будучыні, і тое, якой ёй быць, поўнасцю залежыць ад вас.
Старшыня райвыканкама таксама пажадаў юным жыхарам Нясвіжчыны быць актыўнымі ва ўсіх аспектах жыцця, смела ісці да абранай мэты і весці за сабой іншых. Завяршаючы сваю прамову ён запэўніў, што кіраўніцтва раёна заўсёды падтрымае добрыя пачынанні маладых.
Аляксандр Ломскі і дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы Людміла Вітко ўручылі пашпарты вучням СШ № 4 г. Нясвіжа Андрэю Герасімовічу і Яне Дарафей, СШ № 1 г. Нясвіжа — Ксеніі Крывашэй і Анастасіі Шыманскай, СШ № 3 — Віталю Мысліцкаму і Яне Сцефановіч, а таксама гімназістам Ганне Жалняркевіч і Марку Туролю.
Эстафету ўрачыстых уручэнняў перанялі дырэктар Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь Алена Жураўлёва і першы сакратар Нясвіжскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Кавешнікава. З іх рук атрымалі галоўны дакумент грамадзяніна вучні трэцяй нясвіжскай школы Лізавета Ганжа і Анге-ліна Хандрыка, вучаніца Сноўскай СШ Дар’я Ждановіч, Ліпскага НПК д/с-СШ — Паліна Вашкевіч і Дзіяна Антановіч, Салтанаўшчынскага НПК д/с-СШ — Святлана Юнкевіч, Аношкаўскага НПК д/с-СШ — Таццяна Гесь.
Усе навучэнцы — адказныя, працавітыя і па-свойму таленавітыя маладыя людзі: яны спаборнічаюць у алімпіядах па вучэбных прадметах і даследчых работах, навучаюцца музыцы і іншым відам мастацтва, актыўна ўдзельнічаюць у школьных мерапрыемствах.
Ад іх імя да прысутных звярнулася вучаніца СШ № 3 г. Нясвіжа Ангеліна Хандрыка. Яна запэўніла, што маладое пакаленне зробіць усё магчымае, каб квітнеў наш родны Нясвіж і разам з ім — уся Беларусь.
Уручэнне пашпартоў стала для герояў дня сапраўды знакавым і запамінальным. Падчас яго яны не толькі атрымалі свой самы першы ў жыцці дакумент з рук вядомых усёй Нясвіжчыне людзей, але і пазнаёміліся з цікавай гісторыяй з’яўлення самога паняцця аб пашпарце, пра што расказаў вядучы мерапрыемства Аляксей Абражэй.
Прыемна адзначыць, што нашы дастойныя юныя грама-дзяне былі адзначаны з нагоды Дня Канстытуцыі не толькі на раённым узроўні. Так, за два дні да раённага ўручэння з рук кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігара Сергіенкі атрымаў пашпарт вучань СШ № 3 г. Нясвіжа Данііл Плаўсюк. У гэты ж дзень у Камітэце дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь самы галоўны дакумент грамадзяніна вучню СШ № 4 г. Нясвіжа Андрэю Кабарыху ўручыў старшыня камітэта Леанід Анфімаў. 12 сакавіка ў лік лепшых вучняў вобласці, якія атрымалі пашпарты ад старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандра Турчына, увайшла гімназістка Валянціна Цар.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.