Прымайце віншаванні! 223 работніка жывёлагадоўчай галіны Нясвіжчыны атрымалі падарункі

Поделитесь с друзьями
  •  
  • 18
  •  
  •  
  •  
  •  

На працягу трох месяцаў крочыла па сельскагаспадарчых прадпрыемствах Нясвіжскага раёна рэспубліканская прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод”. Падарункі атрымалі 223 работніка жывёлагадоўчай галіны.

Раённы камітэт прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу за гэты перыяд наведаў усе малочнатаварныя фермы і жывёлагадоўчыя комплексы раёна. Разам з прадстаўнікамі абласнога камітэта і старшынямі пярвічных арганізацый яны віншавалі лепшых працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў.

З кветкамі і падарункамі — працаўніцы МТФ “Дольны Сноў”

Сярод іх і работнікі СВК “Агракамбінат Сноў”. Падзякаваць аператарам машыннага даення, якія па выніках мінулага года надаілі ад каровы звыш 10 тысяч кілаграмаў малака, загадчыкам фермаў і іх памочнікам за працу, стараннасць, дасягненне значных вытворчых паказчыкаў прыйшлі старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Святлана Антончык і кіраўніцтва гаспадаркі — старшыня праўлення Мікалай Радаман, галоўны заатэхнік Уладзімір Мітронь і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Уладзімір Слабко. Падзячныя лісты, каштоўныя падарункі і кветкі атрымалі 33 работнікі МТФ “Новы Сноў”, МТК “Сычы” і МТФ “Дольны Сноў”.

Аператара машыннага даення МТК “Сычы” Вольгу Коўшык узнагароджвае старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Святлана Антончык і старшыня праўлення СВК “Агракамбінат Сноў” Мікалай РадаманАператары машыннага даення МТФ “Новы Сноў” са старшынёй раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Святланай Антончык (справа)

— Менавіта ад працы жывёлаводаў залежаць прывагі і надоі, дабрабыт гаспадаркі. Сноўская прадукцыя сёння карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і попытам. Яе добра ведаюць не толькі ў нашай краіне, экспартуецца яна ў Расійскую Федэрацыю i Казахстан, — адзначыў старшыня праўлення Мікалай Радаман. —  Якасны прадукт, канешне ж, атрымліваецца з якаснай сыравіны. Напрыклад, усё малако ў нашай гаспадарцы даўно ідзе толькі класам “экстра”. А імёны работнікаў МТК “Сычы” ўпісаны ў гісторыю агракамбіната залатымі літарамі. 11 212 кілаграмаў малака — такі ўдой ад каровы тут удалося дасягнуць у мінулым годзе, гэта лепшы паказчык у рэспубліцы. Маючы прадукцыйнасць дойнага статка сусветнага ўзроўню, перад намі стаіць задача захаваць жывёлу, атрымаць максімальную рэнтабельнасць. На высокую эканамічную эфектыўнасць вытворчасці накіроўваю ўсіх сваіх спецыялістаў. Напрыклад, рэнтабельнасць вытворчасці малака на комплексе “Сычы” складае каля 50 %. Будучыня за якаснай, высокарэнтабельнай прадукцыяй. Таму яшчэ раз усім нагадваю аб няўхільным выкананні ўсіх тэхналагічных нормаў.

Кіраўнік падзякаваў працаўнікам жывёлагадоўчай сферы гаспадаркі, пажадаў усім моцнага здароўя, упэўненасці ў заўтрашнім дні і каб праца прыносіла задавальненне.

— Акцыя “Наш жывёлавод” перш за ўсё прысвечана людзям, якія штодня працуюць на карысць сваіх арганізацый і ўсяго раёна ў цэлым, — падкрэсліла Святлана Антончык. — У кожнай гаспадарцы працуюць зладжаныя, падрыхтаваныя каманды спецыялістаў. Дзякуючы ім Нясвіжскі раён заўсёды годна выглядае на ўзроўні вобласці і рэспублікі. А ўвага і шчырыя словы высокай ацэнкі іх працы, спадзяюся, стануць добрым стымулам для дасягнення высокіх паказчыкаў. Бо жывёлагадоўля — адна з найбольш працаёмкіх галін у сферы аграпрамысловага комплексу. Тут працуюць людзі адмысловага складу. Іх заслужана называюць карміцелямі, таму што кожны з нас штодня карыстаецца вынікамі іх цяжкай і адказнай працы, часам пазбаўленай выхадных і святаў. Таму падчас такіх мерапрыемстваў вялікая ўвага таксама надаецца стварэнню для работнікаў належных санітарна-бытавых умоў. З гэтай мэтай сёлета сельскагаспадарчым арганізацыям было перададзена 22 мікрахвалёвыя печы і 45 электрачайнікаў для камплектавання пакояў для прыёму ежы.

Усяго ж на акцыю ўшанавання перадавікоў жывёлагадоўлі Нясвіжчыны было накіравана 11 734 рублі, з якіх 11 203 рублі выдзеліў райкам прафсаюза, 81 рубель — абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, 450 рублёў выдаткавалі пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі сельскагаспадарчых арганізацый раёна.

Аксана ГРОХ.

 

 

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  • 18
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.