Меню
Курс $  3.26 | €  3.55 | ₽100  3.53 |
Погода 6 °C

Да 120-годдзя Уладзіміра Жылкі на беразе Ушы усталявалі на маляўнічым валуне памятную пліту

Нясвіжскія навіны 4 года назад 0 0

27 мая, у дзень 120-годдзя Уладзіміра Жылкі, на гарадзейскім беразе Ушы за зонай адпачынку “Ціхая затока” сабралася невялікая грамада. Кожны з прысутных, урачысты і годны, адчуваў святочнасць моманту, вартасць сваіх старанняў дзеля памяці пра паэта. Задуманае здзейснілі!

Прыжываюцца, адольваючы сухмень, карэняцца ў скупаваты дол маладыя дубкі. Іх пасадзілі год таму падчас акцыі “100 дубоў для Жылкі”. А сёлета, акурат пад юбілейную дату, усталявалі на маляўнічым валуне памятную пліту. Яна нагадвае пра слыннага земляка, яго 120-гадовы юбілей ды тужлівую “лілею між балот” — улюбёны вобраз Жылкі.

Дзеля ўшанавання памяці паэта выдаткавалі свае ахвераванні сябры раённай арганізацыі ТБМ, жыхары Гарадзеі і Нясвіжа. Добры і вельмі дарэчны ўнёсак у калектыўную справу зрабіла кіраўніцтва і прафкам Гарадзейскага цукровага камбіната. Мелася спрыянне і падтрымка старшынь Гарадзейскіх (пасялковага і сельскага) выканаўчых камітэтаў.

Гарадзея — частка сусвету паэта: тут ён вучыўся, тут жылі і жывуць яго родзічы, на гарадзейскіх могілках займеў вечны спачын яго дзед Ануфрый. Таму з’яўленне тут “Каменя Жылкі” вельмі натуральнае. Гэта першы акцэнт у нясвіжскай мемарыялізацыі імя паэта і годны матыватар падарожнічаць далей, да яго Макашоў. Удзельнікі той святочнай сустрэчы так і зрабілі.

Як у Гарадзеі, так і ў Макашах чыталі вершы каля помніка і хаты, у якой нарадзіўся паэт, падсаджвалі новыя дубкі. Разважалі пра творчую спадчыну Жылкі, яшчэ дасёння напоўніцу не сабраную і не данесеную да нашчадкаў, землякоў, сённяшніх школьнікаў. Сяброўскія прамовы-развагі былі пераважна пра будучыню — пра перспектывы музея паэта і раённага Свята паэзіі ў Макашах, пра наданне адной са школ ці бібліятэк імя Жылкі. Верылася, што усё так і будзе, абавязкова будзе! Залітыя шчодрым сонцам Макашы адгукаліся суладным птушыным шчэбетам ды згодна ківалі духмянымі галінкамі бэзу.

Год Жылкі працягваецца. Дарога да паэта нікому не зачынена. Хто ідзе па ёй, той ідзе да адвечна роднага, нацыянальнага — сваёй мовы, паэзіі, культуры.

Наталля ПЛАКСА,

старшыня раённай арганізацыі

ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!