Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 13 °C

Рабочая паездка Прэзідэнта ў Салігорскі раён

Нясвіжскія навіны 4 года назад 0 0

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў 26 чэрвеня з рабочай паездкай Салігорскі раён. У Салігорску кіраўнік дзяржавы сустрэўся з актывам Мінскай вобласці, а затым наведаў прадпрыемства «Белкалій-Мігаа».

У час рабочай паездкі Прэзідэнту далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці Мінскай вобласці і Салігорскага раёна, фінансава-гаспадарчай дзейнасці «Беларуськалія», рэалізацыі інвестпраекта па будаўніцтве на пляцоўцы салігорскага прадпрыемства завода па вытворчасці нітрату калію.

Лукашэнка: развіццё Мінскай вобласці ў многім вызначае развіццё краіны

Развіццё Мінскай вобласці ў многім вызначае развіццё краіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з актывам рэгіёна.

«Сталічны рэгіён — не проста аснова. Патэнцыял, які вы маеце, па сутнасці ўяўляе сабой зменшаную копію эканомікі нашай краіны. У вас ёсць усё. Прадстаўлены ўсе галіны, усе віды і формы гаспадарання», — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што тым не менш былі гады, калі Мінская вобласць была ў ліку адстаючых. «І хлусні, і прыпісак, чаго тут толькі не было. Дзякуй богу, за апошнюю пяцігодку мы неяк выраўнаваліся. Думаю, што вы не спыніцеся і пры ўсіх турбулентных абстаноўках будзеце рухацца наперад», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка пра «Беларуськалій»: у свой час прапаноўвалі прадаць яго, але я рады, што мы гэтага не зрабілі

«Беларуськалій» — гэта нацыянальны здабытак, гордасць, адзін са стаўпоў беларускага экспарту, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

«У свой час мне прапаноўвалі прадаць яго. Вы гэта помніце. Але я рады, што мы гэтага не зрабілі. Я тады ўстанавіў забаронную цану — $35 млрд, вядома, нам ніхто не мог заплаціць. Цана была жорсткая — хочаце, купляйце, 50 працэнтаў — папалам дзяліце, купляйце», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт задаў рытарычнае пытанне, навошта прадаваць гэта прадпрыемства, калі яно функцыянуе нармальна, выконвае ўсе пастаўленыя задачы.

«Было няпроста. Людзі старэйшыя помняць, як нашы гарнякі «пешшу па бездарожжы крочылі на сталiцу». Помніце, і каструлямі барабанілі, і талеркамі. Я тады быў дэпутатам Вярхоўнага Савета, — успомніў кіраўнік дзяржавы. — А не хапала шмат чаго, калі я сутыкнуўся з гэтым пытаннем. Але, як сказаў губернатар, мы працу, занятасць і зарплату паставілі тады ў аснову нашай палітыкі. Хоць і зарплату не было з чаго плаціць».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час прадпрыемства было фактычна падзелена на сферы ўплыву, дзе розныя групы мелі долю і гандлявамі на міжнародных рынках, тым самым канкурыруючы адзін з адным і збіваючы цану. «Здаецца і прадавалі калійную соль, а грошай не было. Першае рашэнне, якое я тады прыняў, — жалезабетонна настаяў на тым, каб усё, што здабывае ваша прадпрыемства, прадавалася па адным канале. Гэта было маё першае знаёмства з вашымі праблемамі», — расказаў Прэзідэнт.

Потым яшчэ шмат чаго было зроблена для развіцця прадпрыемства, у тым ліку па лініі імпартазамяшчэння, укаранення айчынных тэхналогій і абсталявання. Калійную галіну будуць развіваць і ў далейшым, у прыватнасці новыя радовішчы, а гэта ў сваю чаргу дае імпульс бліжэйшым населеным пунктам.

«Усе нашы «альтэрнатыўшчыкі» крычаць: «Пераменаў, пераменаў!» Зразумела, перамены заўсёды патрэбны, але ніхто не кажа, якія перамены. Зарплата будзе вялікай, але ніхто не кажа, за кошт чаго. Але я вам павінен сказаць шчыра: я — дзяржаўнік, я не належу да людзей, якія гатовы сёння на кавалкі парэзаць і падзяліць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён акцэнтаваў увагу на тым, што ў Беларусі людзі хочуць жыць справядліва. І калі зрабіць наадварот, то будзе бяда, якая прывядзе да «майдана». «Нельга нахіляць людзей, каб яны страцілі ўсякую надзею», — адзначыў беларускі лідар.

Аналагічны падыход, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка, і ў адносінах да іншых вялікіх, вядомых у свеце прадпрыемстваў, напрыклад, такіх як БЕЛАЗ. «Гэта велізарнае дасягненне і гонар краіны — рабіць такую тэхніку», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: мы ў Беларусі не сталі ламаць тое, што было

«Мы ў Беларусі не сталі ламаць тое, што было. Захоўваючы патэнцыял з савецкіх часоў, мы прырастаем новым. Гэта значыць, мы не пайшлі на перамены і рэформы дзеля таго, каб усё дашчэнту зламаць, а потым, маўляў, мы пабудуем. Можна было гэта зрабіць. Але для гэтага патрэбны не сотні мільярдаў долараў, а, можа, трыльён долараў. Такіх грошай у нас няма, ды і ні ў адной іншай такой краіне. І нікому не верце, што заваляць грашамі і з верталёта яшчэ будуць скідваць», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад: на тэрыторыі Мінскай вобласці з удзелам кітайскіх сяброў рэалізуюцца два праекты, якія маюць стратэгічнае значэнне для краіны. Па-першае, гэта Кітайска-беларускі парк «Вялікі камень», які прызначаны стаць адным з ключавых пунктаў ініцыятывы «Пояс і шлях» у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. «Тонкая хімія, біятэхналогіі, электроніка, машынабудаванне, новыя матэрыялы. У гэтых сферах ляжыць не толькі новая якасць эканомікі Мінскай вобласці, але і істотнае павышэнне канкурэнтаздольнасці нашай краіны», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адно прадпрыемства — Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя. «Гэта самыя высокія тэхналогіі. Глыбокую перапрацоўку збожжа з атрыманнем амінакіслот ажыццяўляюць лічаныя дзяржавы свету. Гэты праект цалкам укладваецца ў напрамкі развіцця на наступную пяцігодку — якасць, экспарт, імпартазамяшчэнне», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб прадпрыемствах, якія дасталіся з савецкага перыяду, Прэзідэнт згадаў БЕЛАЗ, дзе цяпер робяць самую сучасную кар’ерную тэхніку. «Зусім няшмат дзяржаў, якія вырабляюць гэтыя аўтамабілі. Мы сёння трымаем практычна 30 працэнтаў рынку такіх аўтамабіляў. Мы першымі стварылі супераўтамабіль грузападымальнасцю 450 т. Я кіраваў гэтым аўтамабілем: дзіўна, не складаней, чым «Мерседэсам». Гэта сапраўды вялікае дасягненне і гонар краіны — вырабляць такую тэхніку. Цяпер ужо ўзяліся за наступнае пакаленне — беспілотныя тэхналогіі. З расіянамі разам мы гэта робім, і гэта будучыня нашага аўтамабілебудавання. Паводле маёй інфармацыі, выпрабаванні праходзяць ужо», — расказаў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, за апошнія гады ў сталічным рэгіёне арганізавана серыйная вытворчасць легкавых аўтамабіляў, будзе пашырацца лінейка, павышацца лакалізацыя, і ў гэтым таксама стаяць вялікія задачы ў галіне імпартазамяшчэння. Яшчэ адна новая вытворчасць — «Штадлер Мінск», якая выпускае чыгуначную тэхніку.

«У нас яшчэ вялікая паляна неасвоеных ідэй. І нават не ідэй, а вядомых у свеце тэхналогій. І ў гэтым напрамку нам трэба рухацца, паглыбляцца. У гэтым нашы асноўныя інвестыцыі. І самае галоўнае: у нас ёсць людзі — кадры, якія гэта разумеюць і могуць гэта рабіць», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што некаторыя прапануюць масава пусціць у Беларусь міжнародныя карпарацыі, у якіх ёсць рынкі і грошы, каб яны, фактычна, скупілі айчынныя прадпрыемствы. Прэзідэнт упэўнены, што такі падыход сябе не апраўдае. «Ніколі такога не было, не ашчаслівяць», — сказаў ён.

Лукашэнка: час сёння патрабуе імклівага руху наперад

«Расслабляцца ні ў якім разе нельга. Сёння час патрабуе імклівага руху наперад з выразным разуменнем мэт і перспектыў сталічнага рэгіёна. Гэта не дзяжурная фраза. Крызіс — гэта не толькі бяда, але і час магчымасцей. Мы павінны вось гэты складаны час выкарыстаць так, каб ускочыць куды-небудзь у новыя рынкі, што адкрыліся, і зачапіцца там. Не зачэпімся — будзе вельмі цяжка. Чаго б нам ні каштавала, нам трэба рваць наперад», — падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, кіраўніцтву ўрада, Нацыянальнага банка пастаўлена жалезная задача — усё, што ёсць, кінуць у вытворчасць, каб зачапіцца на рынках. «Вось і ўся рэформа. Не да раскошы цяпер. Мы вельмі «ўманціраваны» ў міжнародныя вытворчыя ланцужкі, экспартна арыентаваная краіна», — сказаў Прэзідэнт.

«Нам трэба ў гэты перыяд нічога не разбурыць, выратаваць нашу дзяржаву, эканоміку, абараніць людзей і хаця б на 5 працэнтаў рушыць наперад. Зробім гэта — пяцігодку пражывём спакойна, мірна, без усякіх узрушэнняў. Гэта для нас сёння галоўнае», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Як кажуць у народзе, спраўдзілася» — Лукашэнка аб сваім прагнозе ва ўмовах пандэміі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае, што збываюцца яго прагнозы адносна развіцця сітуацыі ў свеце на фоне прынятых у краінах мер па процідзеянні пандэміі.

«Я вам гаварыў: усе закрыюцца, а мы ў гэты час павінны ціхенька вырабляць сваю прадукцыю, каб яе потым паставіць (на замежныя рынкі. — Заўвага БЕЛТА)», — сказаў Прэзідэнт.

У гэтым плане ён звярнуў увагу на цікавую сітуацыю, якая складваецца, напрыклад, у ААТ «Беларуськалій». «Ведаю, у Галаватага (генеральны дырэктар ААТ «Беларуськалій» Іван Галаваты. — Заўвага БЕЛТА) сёння праблема па вытворчасці, як мяне інфармавалі. Сёння рынак адкрыўся, ёсць куды пастаўляць. І, паводле маёй інфармацыі, сёй-той пачынае ўжо ў цябе бурчаць: шмат работы, загрузка, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — А я сам сабе думаю: дзякуй богу, што ў калійшчыкаў шмат работы і ў адной краіне свету крыўдзяцца на тое, што шмат работы».

«Людзі з каструлямі ходзяць, барабаняць па ўсёй планеце: «Дайце работу, есці няма чаго!» А памятаеце, я гаварыў: пандэмія пройдзе, жраць што будзем? Груба сказаў, каб вы запомнілі. Вось яно ўсё, як кажуць у народзе, спраўдзілася», — сказаў на заканчэнне кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: я хачу, каб у кожнага беларуса быў кавалак зямлі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе грамадзян на набыццё і развіццё сваіх загарадных участкаў.

«Мы будзем аднаўляць так званыя неперспектыўныя вёскі і хутары. Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло: пандэмія паказала нам — у каго ёсць куток на зямлі, той ні на якую заразу не хварэе. Таму я хачу, каб у наступнай пяцігодцы мы вызначылі тыя незабудаваныя кавалкі зямлі, якія ў нас ёсць у вёсках, аграгарадках. Там, дзе ёсць неперспектыўныя плошчы. Трэба іх аддаць людзям», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Я хачу, каб кожны беларус меў гэты кавалачак зямлі. Для таго, каб ён быў здаровы. І гэты кавалак зямлі — гэта будзе на вагу золата», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён заклікаў, каб кожны скарыстаўся хоць найменшай магчымасцю набыць участак зямлі, нават калі  цяпер няма сродкаў пабудаваць там дом. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ў перспектыве гэта будзе правільнае рашэнне, будзе, куды выехаць з сям’ёй і адпачыць за горадам.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што і за мяжой, у прыватнасці расіяне, ужо зразумелі, што Беларусь — гэта спакойная, ціхая краіна, дзе можна жыць не толькі ім, але і іх дзецям. «Чаму ў нас дарагія кватэры ў Мінску… Масквічы рынуліся проста ў Беларусь. Яны грошы не лічаць, калі купляюць у Мінску і іншых гарадах кватэры», — адзначыў Прэзідэнт.

«Мы вельмі шмат жылля будуем для чаргавікоў. Сутнасць у тым, каб сваім даць кватэры. А ўжо ўсё астатняе — элітнае жыллё… Калі ласка, няхай прыязджаюць масквічы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!