Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.47 |
Погода 11 °C

За малако — грошы, за цяля — збожжа і сена

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

Пост опубликован: 25.01.2017

Васіль Чычко

Васіль Чычко

Каторы год запар у Сейлавіцкім сельскім Савеце збіраюць  найбольшую ў раёне колькасць лішкаў малака ад насельніцтва і прадаюць яго дзяржаве. Як паведамілі “НН” у раённым Савеце дэпутататў, у 2015-м яго было там сабрана  532 тоны базіснай тлустасцю — па 4881 кілаграму на карову. Летась закупілі 449,3 тоны — па 5760 кг на карову. Трэба адзначыць, што, дзякуючы высокай тлустасці, колькасць здадзенага  малака ў заліковай вазе перавышае яго фізічную вагу.



Аб тым, як арганізаваны закуп лішкаў малака, аб людзях, якія гэтым  непасрэдна займаюцца, я папрасіла  расказаць старшыню Сейлавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Васіля Рыгоравіча ЧЫЧКО:

— На канец 2016 года ў прыватным сектары сельсавета налічвалася 78 кароў. Прытым, некаторыя вяскоўцы трымаюць больш чым па адной карове. Напрыклад, у Валянціны Мікалаеўны Андрыенка з Затур’і і Аляксандра Канстанцінавіча Раўгейшы з Юшавіч іх па тры. У Вольгі Канстанцінаўны Навоша з Сейлавіч — пяць.

Гэтыя малаказдатчыкі і з’яўляюцца перадавікамі. У 2016 годзе Валянціна Мікалаеўна здала  25953 кг малака і заняла першае месца па сельсавеце. Раней у яе былі 2,3-е месцы. Гаспадыня ўшчыльную занялася паляпшэннем прадуктыўнасці сваіх рагуль. І выйшла ў лідары. На другім месцы — Вольга Канстанцінаўна, якая прадала 22643 кг. На трэцім — Аляксандр Канстанцінавіч (19698 кг). Як бачым, і тут спаборніцтва дае добры плён.

На зборы лішкаў малака ў нас заняты адзін малакавоз, за рулём якога — вадзіцель Віталь Станіслававіч Суднік. І малаказборшчыца Анжэла Леанідаўна Сухаверх, якая  аддала справе дзесяць гадоў. Лабарантам працуе Аляксандра  Міхайлаўна Таратута. Яна  вызначае тлустасць малака, яго шчыльнасць.

Здараліся выпадкі, калі ў малацэ былі антыбіётыкі. Мы правялі з людзьмі гутаркі, растлумачылі, што, калі лечаць кароўку, то не павінны здаваць малако. У адваротным выпадку страцяць грошы за прадукцыю, якую вернуць з перапрацоўчага прадпрыемства.

Стандарты апошнім часам памяняліся, сталі больш жорсткімі. У Клецкім філіяле ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат” кантроль прыёму сыравіны вядуць строгі. І вяскоўцы самі сталі  больш клапаціцца пра якасць малака, што здаюць дзяржаве. Бо грошы губляць ніхто не хоча, яны — добрая падмога ў гаспадарцы. Адны расходуюць іх на рамонт дома, другія — на добраўпарадкаванне сваёй сядзібы, трэція  купляюць патрэбныя рэчы, дапамагаюць дзецям, унукам.

Грошы за малако  выплачваем рэгулярна, за кожныя 10 дзён здачы. Дарэчы, у гэтым годзе пераходзім на залічэнне іх на картачкі. У магазінах, паштовых ад-дзяленнях устаноўлены тэрміналы, думаю, з аплатай за тавары і паслугі праблем у людзей не ўзнікне.

— Якія ўмовы ствараюць мясцовыя сельгаспрадпрыемствы для вядзення вяскоўцамі асабістых падсобных гаспадарак?

— Для выпасу адведзеныя культурныя пашы. Наладжаны іх неабходны догляд: траву падкормліваюць удабрэннямі, нястраўленыя яе рэшткі  падкошваюць.

Акцыянерныя таварыствы “Юшавічы”, “Сейлавічы” і “Агракамбінат Нясвіжскі”, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, стараюцца зацікавіць вяскоўцаў у здачы маладняку буйной рагатай жывёлы.

Напрыклад, у ААТ “Юшавічы” за здадзенае цяля даюць 2 рулоны сена, а збожжа — з разліку 23 кілаграмы за 1 кг жывой вагі бычка і 25 кг за 1 кг жывой вагі цялушачкі.

Летась вяскоўцы здалі  на фермы сельгаспрадпрыемстваў 75 галоў маладняку буйной рагатай жывёлы.

— Падсобная гаспадарка — гэта яшчэ і свінні, свойская  птушка…

— На канец 2016 года на прыватных падворках налічвалася 819 свіней. Трымаць іх не дазваляецца, у сувязі з пагрозай занясення афрыканскай чумы свіней, жыхарам вёскі Кунаса, дзе знаходзіцца свінаферма  ААТ “Сейлавічы”. І вяскоўцам, якія працуюць на свінаферме. Астатнія могуць гадаваць парсючкоў, свінаматак. Было б здароўе і жаданне.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.                                        

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!